Рымантас Дыхавічус: «Хараство знікае… Як уратаваць хараство?»

№ 7 (316) 20.07.2009 - 20.08.2009 г

Дваццаць два гады таму ў Савецкім Саюзе быў упершыню выпушчаны эратычны фотаальбом «Кветкі сярод кветак». Яго аўтар, знакаміты літоўскі мастак Рымантас Дыхавічус, апублікаваў здымкі аголеных натуршчыц на фоне прыроды, парушыўшы ўсе тагачасныя эстэтычныя табу. Гэтае выданне і сёння лічыцца ўзорам фотаграфікі вышэйшага класа, гімнам юнацтву, яго квітнеючай прыгажосці і марам.

Рымантас Дыхавічус мае, напэўна, усе магчымыя для фотамастака тытулы, узнагароды, прэміі. Ён заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы, лаўрэат Урадавай прэміі, сябра АFIAP -- Міжнароднага саюза фотамастакоў. Графік па адукацыі, скончыў Акадэмію мастацтваў у Вільнюсе, некалькі дзесяцігоддзяў працаваў у выдавецтвах і рэдакцыях, аформіў і праілюстраваў больш за дзвесце выданняў. Аўтарскія выставы Рымантаса Дыхавічуса адбыліся ледзь не ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах. Сёлета ў красавіку вядомы літоўскі творца прадстаўляў свае работы ў мінскай галерэі «Мастацтва».

/i/content/pi/mast/20/381/23.jpg
У апошнія гады Рымантас Дыхавічус актыўна ўдзельнічае ў выдавецкіх праектах. Яго календары «Талентам і сэрцам» візуальна прадстаўляюць шматгранны свет мастакоў Літвы, міжнародны часопіс
Baltic art прэзентуе творчасць сучасных балтыйскіх і расійскіх мастакоў. За выданне альбома «Паўночная Асеція -- Аланія» Дыхавічусу было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў гэтай рэспублікі. Плёнам працы на выдавецкай ніве сталі таксама манаграфіі аб творчасці знакамітых літоўскіх мастакоў Антанаса Кмеляўскаса і Шарунаса Саўкі, альбом, прысвечаны мастацтву беларускага графіка Юрыя Якавенкі.

 

На выставе ў Мінску быў прадстаўлены цыкл новых фотакарцін, дзе галоўнай гераіняй зноў стала жанчына ў яе дзівосных пераўтварэннях. Ці можна лічыць гэта працягам вашых рамантычных вышукаў -- толькі ў больш абагульненай, метафарычнай, сімвалічнай форме?

-- Дваццаць гадоў таму, калі з’явіліся мае першыя работы, я не разважаў аб перспектывах -- проста рабіў паэтычныя, высакаякасныя фотаздымкі, якія здзіўлялі замежных экспертаў. А сёння многія творы прадумваю, хачу, каб глядач не проста здзівіўся, захапіўся, але і зразумеў, што хараство знікае. У сучаснай фатаграфіі жаночае цела груба і непрыхавана эксплуатуецца. Я ж перажываю і баюся за лёс цнатлівасці. Надышоў той час, калі прыгажосць не ратуе свет, а сама мае патрэбу ў паратунку.

Серыі вашых работ фармальна адносяцца да жанру «ню». Жанр гэты быў асвоены даўно, ледзь не з моманту нараджэння фатаграфіі. Зроблена безліч адпаведных здымкаў. Здавалася б -- ці варта займацца такой тэматыкай? Ці не лепш звярнуцца да чагосьці іншага?

-- І сапраўды -- нас у жыццёвай прасторы акружае такая колькасць жахлівых, натуралістычных выяўленняў чалавечага цела і яго фрагментаў, што хоць каравул крычы. Варта падысці да любога прылаўка з газетамі і часопісамі, як кінецца ў вочы гэткая «прыгажосць» -- вульгарная, без адзнак высакароднасці, яна проста зневажае эстэтычнае пачуццё. Гэта што датычыць формы, а па змесце такія здымкі -- проста ўздзеянне на фізіялогію і нічога больш. Так што, як бачым, надышоў час крызісу жанру.

І ўсё ж такі мне не верыцца, што тэма вычарпана, што выяўляць на фатаграфіі цела, асабліва жаночае, можна толькі з утылітарнымі мэтамі. Верны звычцы «эстэтызаваць прастору», я заўжды ставіў перад сабой задачу -- пакінуць у сваіх мроях-візіях інтрыгу пачуццёвасці дзесьці на перыферыі. Мае работы павінны распавядаць аб іншым і выклікаць складаныя эмоцыі -- адчуванне містычнасці і таямнічасці метамарфозаў жаночага цела і прыроднага асяроддзя.

Вы расказваеце пра тое, што выяўлялі як фотамастак. А вось як вы гэта рабілі чыста тэхнічна?

/i/content/pi/mast/20/381/24.jpg
Адзін летні дзень. Фотаграфіка. 2005.
-- Мае першыя здымкі былі чорна-белыя, і ад гэтага яны не станавіліся менш выразнымі. Я здымаў іх на працягу некалькіх гадоў. Фатаграфаваў так, каб максімальнымі паўтонавымі расцяжкамі перадаць пластыку фігуры. Не мною адкрыта, што ландшафт чалавечага цела дзівосна нагадвае прыродны. Углядаючыся ў лініі і аб’ёмы, святло і цені, фрагментуючы імі жаночае цела, я імкнуўся ўключаць у кадр толькі тое, што працавала на ідэю: перадаць натуральнае адзінства форм усяго існага на Зямлі. Я і сам быў заварожаны прыгажосцю і дасканаласцю сваёй мадэлі. Яе сілуэт, заліты святлом, то зліваўся з марскімі хвалямі, то вырастаў нібы палявая кветка сярод лугу, то здаваўся вытачаным з дрэва -- і я занатоўваў гэтую прыгажосць, толькі злёгку рэжысіруючы і выкадроўваючы з прасторы самыя выразныя часткі. Здымка вялася «на адным дыханні», амаль неўсвядомлена, і я не задумваўся, чаму такім або іншым чынам выбудоўваю пэўны фрагмент. Потым адзнятае аддрукоўвалася без аніякіх маніпуляцый у лабараторыі. Калі сёння паказваю тыя здымкі дваццацігадовай даўніны, многія не вераць, што гэта было зроблена без умяшальніцтва ў негатыў і пазітыў.

Пазней тэхніка маіх работ ускладнілася. На змену фотаздымку прыйшла фотаграфіка, якая дазваляе камбінаваць, супастаўляць, уключаць у выяву ілюзіі і метафары. Памятаю, аднойчы мне ў рукі выпадкова трапіў вялізны ліст. На прасвет я ўбачыў яго пражылкі, ажурную сетку ліній -- сілуэт ліста нечым нагадваў жаночае цела. Чаму б не параўнаць адну выяву з другой, падумалася мне. Так нарадзілася знакамітая работа, дзе празрысты ліст, нібы святлопранікальны веер, злёгку прыкрывае крохкую дзявочую спіну і заварожвае вытанчаным паўтарэннем яе абрысаў. Адзін з маіх апошніх цыклаў называецца «Скульптурныя візіі». Здаецца, у іх я, як скульптар, з прасторы, фігур і рэчываў матэрыялізую новую форму, якой можна надаць рознае гучанне...

Вы звычайна выстаўляеце серыі фотаработ. Чаму? Лічыце, што адзін моцны фотаздымак не можа даць поўнага ўяўлення пра ідэю, якую хацелі б выказаць?

-- Дасканаласці рэдка ўдаецца дасягнуць у адным лісце. Заўжды застаюцца пэўныя павароты, нюансы, якія могуць дапоўніць тэму, расставіць акцэнты. З іншага боку -- хочацца проста доўжыць імгненне, зноў і зноў любавацца натурай. Тут, праўда, аўтара падсцерагае небяспека самапаўтораў. Часам вялікіх намаганняў каштуе спыніцца: завяршыць серыю і паставіць кропку.

Ваш першы альбом «Кветкі сярод кветак» з’явіўся ў 1987 годзе на Міжнародным кніжным кірмашы ў Маскве -- на стэндзе літоўскай літаратуры. Сенсацыйнасць гэтай падзеі была проста неверагоднай! Гэткай жа, зрэшты, як і ваша папулярнасць, што цалкам зразумела: да таго альбома тэма «ню» была забаронена для адкрытага дэманстравання. Якім шляхам вы ішлі да сваёй вядомасці?

-- Жыццё не песціла радаснымі момантамі, асабліва ў дзяцінстве. Маленькім хлопчыкам разам з бацькамі быў высланы ў Сібір. Там памерла мама. Пазней вярнуўся ў Літву, стаў студэнтам, але жыў у падвалах, на гарышчах, у чыгуначных вагонах. Аднак гэта не знішчыла ўва мне імкнення да прыгажосці, якую хацелася знайсці і занатаваць.

Шчыра кажучы, фатографам я станавіцца не збіраўся. Трыццаць гадоў таму фатаграфію лічылі не мастацтвам, а проста тэхнічным сродкам занатавання выявы для пашпарта, для газетнага рэпартажу... Нават калі я захапіўся фотаздымкамі, некалькі гадоў не рашаўся расказаць пра гэта сябрам. Бо ў адказ мог бы пачуць: «Лянуешся або забыўся як маляваць?»

Я скончыў у Каўнасе мастацкую школу як жывапісец. На абароне дыплома выкладчыкі, паглядзеўшы малюнкі і накіды, якія я выставіў разам з дыпломнай карцінай, параілі паступаць у Акадэмію мастацтваў на графіку. Прапанова зацікавіла, хоць я і не ведаў, ці спадабаецца мне майстэрства чорна-белай лініі. Сёння не шкадую, што засвоіў гравюру, акварэль і малюнак. Падчас вучобы даведаўся пра такія незвычайныя тэхнічныя магчымасці і тонкія эстэтычныя правакацыі, якія былі недаступныя жывапісцам.

Калі ж у вашым жыцці ўзнікла фатаграфія?

/i/content/pi/mast/20/381/25.jpg
З серыі "Мроі-візіі". Лічбавы друк. 2007.
-- Пасля заканчэння Акадэміі пайшоў працаваць у выдавецтва, і там мне трэба было не толькі ілюстраваць кніжкі, але і выконваць чыста журналісцкія функцыі, а менавіта -- рабіць фотаздымкі для аздаблення выданняў. Да таго ж, яшчэ падчас студэнцтва я трапіў у этнаграфічную экспедыцыю, адкуль прывёз шмат здымкаў, якія захоўваюцца цяпер у маім архіве: старыя вёскі, могілкі, людзі, якіх ужо няма...
Калі накапіліся тысячы плёнак, вырашыў іх сістэматызаваць. І раптоўна ўбачыў, што ў гэтай бясконцай масе выяўляюцца пэўныя тэмы, прачытваюцца пейзажы. Сярод іншага -- чыстая форма (я яе называю «прыгожае нішто»), гэткія дзівосныя крышталі, якія даюць падставы для нечаканых асацыяцый. Так з’явіліся мае фатаграфічныя фантазіі. «Візіі» -- назва апошняга альбома, які я прэзентаваў нядаўна на Франкфурцкім кніжным кірмашы. Думаю, гэта мая апошняя работа ў фотаграфіцы. Хачу выйсці з гэтай сферы. Дапамагаю сябрам у выдавецкай справе. Мае календары прапагандуюць літоўскае нацыянальнае мастацтва. Шмат малюю, засумаваў па пэндзлях і фарбах.

Да графікі вяртацца не збіраецеся?

-- Графіка -- як скрыпка: трэба іграць кожны дзень з ранку да вечара. Толькі тады будзе сапраўдны вынік. Калі гэтага няма, рука страчвае цвёрдасць і адчуванне лініі. Аднак я раблю шмат замалёвак, у мяне маса эскізаў. А вось да станковых работ я, мабыць, ніколі не вярнуся. Дарэчы, у Літве графікай займаюцца адзінкі. Гэты від мастацтва лічыцца трошкі архаічным. Але мне такое стаўленне здаецца надуманым, калі майстар прафесіянал, яго работы заўжды будуць актуальнымі.

Ці не таму адзін з альбомаў вы прысвяцілі творчасці беларускага графіка Юрыя Якавенкі?

-- Юрый мне сімпатычны як чалавек і як творца, нястомны ў сваёй працы. Ён пачынае ранкам і шчыруе да ночы. На яго руках, там, дзе трымаюць аловак, першы раз у жыцці ўбачыў мазалі... Гэта варта павагі. Якавенка -- выдатны майстар лініі. Віртуознасць і мікраскапічнасць -- рэдкае спалучэнне. Дадайце да гэтага нацыянальны каларыт і сярэдневяковую містычнасць... Дарэчы, я ў захапленні ад работ беларускіх мастакоў, з якімі давялося пазнаёміцца. Гэта і скульптурная пластыка Уладзіміра Панцялеева, і жывапіс Валянціны Сідаравай...

Ці можаце вы сказаць, што ў літоўскім грамадстве ўкаранілася ўяўленне аб фатаграфіі як самастойнай з’яве мастацтва?

-- Праблема ў тым, што мастацтва ў нас многія гады ўспрымалася як з’ява музейная. У гэтым сэнсе мастацкай фатаграфіі «не пашчасціла», яе не збіралі музеі і калекцыянеры. Фатаграфія прысутнічала як дакументальны матэрыял у гістарычных экспазіцыях. Была «не зусім» мастацтвам. Сітуацыя пачала змяняцца толькі ў 1990-х. Цяпер у Вільнюсе адкрываецца ўсё больш фотавыстаў, маладыя мастакі хутка становяцца знакамітымі ў сваёй краіне і ў Еўропе... Я выкладаў на першым курсе фотамастакоў, арганізаваным пры Акадэміі мастацтваў у Каўнасе. Многія выпускнікі цяпер ужо самі вядомыя творцы, маюць сваіх вучняў.

Лічыцца, што мастацкая фатаграфія павінна быць чорна-белай...

-- Манахромнасць -- гэта відавочная перадумова для пераходу да ўмоўнасці. Аднак ствараць іншую рэальнасць можна і з дапамогай колеру, фотаграфікі. Зрэшты, такое меркаванне нарадзілася таму, што лічбавае фота стала сёння агульнадаступным, зручным, арыентаваным на стандарт.

Да таго ж многія забываюцца, што няма таго «цуда-фотаапарата», які дапаможа зрабіць геніяльныя здымкі. Можна ўсё жыццё правесці ў пошуку такой тэхнікі, набываючы ўсё новыя камеры, а вартых увагі здымкаў так і не адбудзецца. Калі гаворка ідзе аб прыкладной фатаграфіі, то, каб выжыць у канкурэнтнай барацьбе, трэба быць на належным тэхнічным узроўні. Аднак мастаку практычна ўсё роўна, якая камера ў яго руках. Яго задача -- знайсці творчае рашэнне. Ракурс, ідэю, тэму, яе пластычнае ўвасабленне. Галоўнае, каб у рабоце не ўзнікла стэрыльнасці, якую нараджае тэхнічная бездакорнасць, але была недаказанасць, сэнсавая гульня, містычнасць. А яшчэ прыгажосць, якая нагадвае аб крохкасці, тленнасці і безабароннасці нашага свету.

Наталля ШАРАНГОВІЧ