Марыус Міндаўгас Дэніс: «Карціны нібы дзённыя сны…»

№ 7 (316) 20.07.2009 - 20.08.2009 г

Апошняе дзесяцігоддзе ў літоўскім мастацтве прайшло пад знакам імклівай змены крытэрыяў і пластычных выяўленняў. За гады незалежнасці побач з афіцыйнымі з’явілася шмат прыватных галерэй. У іх, поруч з прадстаўнікамі «новага мастацтва», дэманструюць свае работы майстры сярэдняга пакалення, якія сёння найбольш актыўна займаюцца творчасцю. Сярод іх твораў вобразным сімвалізмам, выразным каларытам, экспрэсіўнай формай вылучаюцца графіка і жывапіс Марыуса Міндаўгаса Дэніса.

 

Яго колеравыя фантазіі стылёвыя, надзвычай эмацыянальныя. Мастак мае ўласны творчы почырк і погляд на сусвет, яго працы адметныя буяннем сакавітых фарбаў, напружанай кампазіцыяй, жывым подыхам прыроды. Марыус Міндаўгас Дэніс шчодры на гучныя акорды, ён не прымае шэрасці, спакою, млявасці. Але і не перабольшвае кантраснасць колеравых спалучэнняў, змякчае напружанне паўтонамі, ценямі. Пры гэтым упэўнена і смела абагульняе форму.

 

Відавочна, што мастак ставіцца да станковай карціны як да складанага візуальнага аб’екта. Ён карыстаецца такімі кампазіцыйнымі прыёмамі (рытм, святло, прастора), дзякуючы якім найбольш выразна выяўляецца пластыка прадметаў. Водгулле магутнага «сезанаўскага» адлюстравання жыцця адчуваецца ў патаемнай глыбіні яго карцін. Менавіта гэтая агульнасць «каранёвай сістэмы» жывапісу Марыуса Міндаўгаса Дэніса, з прынцыповымі кодамі трансеўрапейскай мастацкай культуры дае адчуванне далучанасці яго творчасці да сусветных працэсаў. Стылістыка некаторых карцін выклікае асацыяцыі з творамі сімвалістаў. Аднак і тут устойлівая карцінная плоскасць ператварае работы Міндаўгаса ў самастойную каштоўнасць, незалежны мастацкі мікрасусвет, які жыве па ўласных мастацкіх законах.

 

Прыцягальнасць вашых работ -- у іх балансаванні паміж дакладнасцю формы, сюжэта і абстрагаванасцю раскрыцця гэтай формы. Пры гэтым ведаю, што вы сталы ўдзельнік і арганізатар многіх жывапісных пленэраў у Літве. Часта выязджаеце на прыроду, але многія карціны малюеце па ўласных уражаннях, у цішыні майстэрні...

-
/i/content/pi/mast/20/380/21.jpg
З серыі "Дзённыя сны". 2000-2009.
- Я не прызнаю натурных замалёвак і эцюдаў. Які сэнс у тым, каб паўтараць тое, што ўжо да цябе нашмат выразней было зроблена прыродай? Імкнуся знайсці вобраз: бяру кроплю сонца, мазком вызначаю дыханне ветрыку, дадаю шолах травы або шум птушыных крылаў. Усё гэта спалучаю, перамешваю, і атрымліваецца -- часам нават нечакана для мяне -- хвалюючы, сімвалічны, пластычны жывапісны вобраз... Я называю свае палотны «Дзённыя сны». Людзей пішу вельмі рэдка, іх прысутнасць разбурае атмасферу язычніцкай таямнічасці, ірэальнасці відарысаў наваколля.
Асяроддзе -- змярканне, вечар, туман, сонца на досвітку, імжа -- становіцца для мяне не матэрыяльным, фізічным, а духоўным прадметам для развагаў. Адну сваю карціну я назваў «Калі чайкі будуць падаць пялёсткамі ад кветак». Прасякнутыя паэзіяй не толькі назва гэтага палатна, але і вобраз -- крылы белых чаек закрываюць ад гледача саміх птушак. Вецер трапечацца ў іх пер’ях. Птушыныя крылы падобныя на арэол святла над вадой. Такая алегорыя дапамагае мне зрабіць карціну далёкай ад ілюстратыўнасці, пазбегнуць «люстэркавага» падабенства выявы і натуры. Скапіраваць прыроду лепш за мяне зможа фотаапарат. А маляваць трэба тое, што адчуваеш.

Выставы, якія цягам гэтага года адкрываюцца ў Вільнюсе, дэманструюць такую разнастайнасць канцэпцый і кірункаў, што міжволі губляешся, спрабуючы вызначыць, што ж яно сабой уяўляе, сучаснае літоўскае мастацтва?

-- Карціна не самая аптымістычная. Я рызыкую не надта памыліцца, калі скажу: заняпаду няма, але няма і ўзлёту. Гэта вынік шматлікіх эксперыментаў, якімі займаюцца сёння маладыя літоўскія творцы. Іх пошукі не вядуць да адкрыцця. Безумоўна, з’яўляецца шмат новых імёнаў, але мастакам, як правіла, складана арыентавацца ў цяперашнім жыцці, яны не ведаюць, як стаць сугучнымі сваёй эпосе, і з галавой акунаюцца ў канцэптуальныя шуканні, якія далёка не заўсёды выкліканы моцнымі перажываннямі. Яны часта паўтараюць тое, што ўжо некалькі дзесяцігоддзяў таму было вядома Еўропе. Сапраўднае, вечнае павінна ісці ад душы, а не ад розуму. Не магу ўсур’ёз успрымаць стваральнікаў «авангарднага» мастацтва, чые намаганні нярэдка маюць адкрыта кан’юнктурны характар, бо яны атрымліваюць датацыі дзяржавы. Пішуць праекты, абгрунтаванні, артыкулы. Запалу хапае на год-два. Потым яны як творчыя асобы знікаюць, а вынікі іх дзейнасці ў лепшым выпадку выклікаюць пытанні...

Так і труба, пастаўленая сёлета над ракой Нярыс скульптарам Уладасам Урбанавічусам у межах мерапрыемстваў «Вільнюс -- культурная сталіца Еўропы, справакавала спрэчкі?

-- Вось сапраўды недарэчны твор. Нават гараджане пачалі выступаць супраць такога сучаснага мастацтва. Калі б гэтая труба была зроблена з бліскучых якасных матэрыялаў, каб несці хоць нейкую эстэтыку або, прынамсі, не псаваць гарадскі ландшафт, я зразумеў бы гэткую правакацыйную форму, а так… Зрэшты, гэта не адзіны канцэптуальны арт-аб’ект на вуліцах Вільнюса. Але звычайна авангардныя скульптуры зроблены больш дасканала, з фантазіяй, гумарам. Справа тут не ў форме выяўлення -- яна можа быць самай рознай. Гаворка ідзе пра тое, што мастак у манументальным мастацтве, у скульптурнай пластыцы, як і ў жывапісе, павінен выдаваць прадукт. І прадукт гэты мусіць быць якасным, прафесійным, дасканалым.

Зусім нядаўна мастацтвазнаўца Элона Лубітэ ўвяла тэрмін «ціхі мадэрнізм» -- як вызначэнне таго вальнадумнага кірунку, што заўжды існаваў побач з «афіцыйным» мастацтвам Літвы. Яго прадстаўнікі не віталі эпатаж, імкнуліся захаваць у сваёй творчасці нацыянальную ідэнтычнасць, індывідуальны почырк. Яны дэгераізавалі свае тэматычныя кампазіцыі, раскрывалі шэрыя будні звыклага існавання «маленькага чалавека». Цяпер, напэўна, такога падзелу не існуе?

-
/i/content/pi/mast/20/380/21-.jpg
З серыі "Дзённыя сны". 2000-2009.
- Мы жывем ў час свабоды творчага самавыяўлення. Няма афіцыйных і неафіцыйных кірункаў, ёсць мастацтва прафесійнае і аматарскае, таленавітае і спрэчнае... Што датычыць мастакоў старэйшага пакалення, то ўсе яны, незалежна ад колішніх прыярытэтаў, выдатныя малявальшчыкі, выхаванцы моцнай акадэмічнай школы, прыхільнікі нацыянальнага, традыцыйнага мастацтва, і гэта дазваляе ім у сваіх палотнах адгукацца на праблемы, якія хвалююць людзей, ствараць цікавыя сюжэты і змястоўныя кампазіцыі. Бывае, хтосьці пачынае супастаўляць творчасць лепшых прадстаўнікоў літоўскага мастацтва з дзейнасцю сённяшніх аўтараў салонных карцінак. Мне гэта не зразумела. У работах сталых мастакоў я бачу майстэрства і віртуознасць, якія не маюць нічога агульнага з рамесным капіраваннем, а глядач праз гэтыя работы атрымлівае магчымасць спазнаць свет, які сышоў у небыццё, але застаецца цікавым і прыцягальным сваёй неразгаданай таямніцай.

Ды я і сам спрычыніўся да акадэмічнай сістэмы навучання. Скончыў тут у Вільнюсе мастацкую школу, паступіў у Акадэмію мастацтваў на дызайн, але вытрымаў там толькі два гады. Перавёўся на графіку. Пасля заканчэння вучобы шмат гадоў з захапленнем афармляў кнігі. Іх у мяне больш за трыццаць. Маю прызы і ўзнагароды, адну з іх атрымаў на конкурсе «Мастацтва кнігі» ў Мінску ў 1980-х гадах.

Школа літоўскай графікі была адметнай з’яваю ў савецкім мастацтве. Яе вылучала інтэрпрэтаванне традыцый народнага мастацтва, заснаванае на метафарычнасці, дэкаратыўнасці...

-- Нельга сказаць, што літоўская графіка знікла як з’ява. Звялося кніжнае ілюстраванне. Выдавецтвы амаль цалкам перайшлі ў прыватныя рукі. Іх уладальнікам, якія рупяцца найперш аб прыбытку і скарачэнні выдаткаў, стала нецікава запрашаць да супрацоўніцтва мастакоў, выплачваць ім ганарары. Яны выкарыстоўваюць клішэ з выявамі розных герояў, якія масава выпускаюць у Амерыцы. Менавіта гэта прымусіла большасць кніжных графікаў заняцца станковымі работамі або ўвогуле пераарыентавацца на жывапіс. Я цяпер таксама працую ў тэхніцы камп’ютэрнай графікі. Прычым свае малюнкі, а таксама і пастэлі, пераводжу на спецыяльных станках на тканіну. Адбываецца своеасаблівая сублімацыя мастацтва і тэхналогій. Спачатку робіцца адбітак на паперы, а пасля ён ужо пры вельмі высокай тэмпературы (як пры абпале керамікі) накладваецца на тканіну. Машыны, неабходныя для такога друку, ёсць у Швецыі, Фінляндыі і Эстоніі. Каштуе гэты працэс вельмі дорага. Але і эфект яркасці, свячэння фарбаў атрымліваецца неверагодны. Дарэчы, такія карціны не мнуцца, іх можна мыць у пральных машынах. І яны, у адрозненне ад звычайных прынтаў, не страцяць з часам сваёй каляровасці..

Аднак сёння вы займаецеся ў асноўным алейным жывапісам?

-- У апошнія гады я адышоў ад канкрэтнасці асобнай тэмы і сюжэта. Адмовіўся ад акцэнтавання прадмета, пераключыў увагу на перадачу імпрэсіяністычнай лёгкасці. Эксперыментую: спрабую выявіць паветранае асяроддзе праз аднастайны насычаны колер, схапіць стан атмасферы, у эскізнай манеры зафіксаваць уласныя перажыванні. Занатоўваю зменлівасць фарбаў, асвятлення, каб мае жывапісныя палотны набылі рухомасць, пачуццёвасць. Люблю працаваць з фактурамі на палатне. Плоскасці пранізваю лініямі пэндзля, каб паверхня нібыта ўскіпала, драбілася.

Вашы работы звычайна вялікія па фармаце...

-- Гэта ад таго, што ў мяне, напэўна, занадта многа энергіі. Адзін са сваіх праектаў я назваў «Акварыум». Зробленымі ў тэхніцы камп’ютэрнай графікі друкаванымі палотнамі з адлюстраваннем блакітных разводаў я спрэс пакрыў усе сцены, а таксама столь пакоя. У кожнага наведвальніка складвалася амаль рэальнае, фізічнае ўражанне, што ён -- рыбіна ў прасторы, абмежаванай сценкамі, з-за якіх з ім назірае хтосьці магутны і недасягальны. Аднак такія праекты -- для мяне не галоўнае ў творчасці, бо гэта -- майстэрства розуму, а я люблю мастацтва адчуванняў. Таму я перастаў займацца графікай. Калі ты некалькі дзён запар працуеш над адным лістом, пачуцці знікаюць. Застаецца майстэрства -- няхай і вельмі вытанчанае, дасканалае. А вось палёту, эмоцый, недагаворанасці няма. Гэта як проза і паэзія. У прозу ўдумваешся, а паэзію перажываеш інтуітыўна.

І пры такім тэмпераменце вы пайшлі вучыцца на графіку?

-- Там студэнтам дазвалялі вельмі вольна эксперыментаваць, не прытрымлівацца зададзенай тэматыкі. Але пры гэтым ад нас патрабавалі кожны дзень прыносіць новы твор. Дзе б ты ні быў, малюй. А тыя, што вучыліся на аддзяленні жывапісу, былі ад пачатку закладнікамі афіцыйнага стылю.

Ці значыць гэта, што менавіта графіка навучыла вас разняволенасці, дапамагла вашай вобразнай мове стаць такой пластычнай?

-
/i/content/pi/mast/20/380/22.jpg
Светлавое шоу. Камп'ютэрная графіка. 1996-1997.
- Мае настаўнікі навучылі мяне галоўнаму -- маляваць. Ужо ў 1990-х мастацкая школа ў Літве пачала разбурацца. Новыя выкладчыкі, прыхільнікі амерыканскага досведу, увялі ў праграму замест кампазіцыі і малюнка -- канцэпт. На жывапісе вучылі студэнтаў прыбіваць да стулаў боты і называлі гэта чыстай творчасцю, пратэстам супраць усяго навязанага акадэмічнай школай. На мой погляд, гэта проста абсурд, прычым усвядомлены. Мастацтва для вельмі вузкага кола людзей. Але мне гэта нават выгадна. Пасля галерэй, паглядзеўшы на канцэптуальныя творы, людзі вяртаюцца да мяне. І купляюць мае жывапісныя фантазіі.

Увогуле ў Літве шмат жывапісцаў. Многія дакладна перадаюць форму, колеры, каларыт, аднак далёка не ўсе маюць індывідуальны почырк. Мала ведаць азбуку, трэба яшчэ ўмець яе выкарыстоўваць. Толькі тады ты станеш індывідуальнасцю ў мастацтве. І пабачыш свае «Дзённыя сны».

Гутарыла Наталля Шаранговіч.