ДАЛІКАТНЫ РЭНЕСАНС І ЎРАЧЫСТАЕ БАРОКА

№ 6 (315) 18.06.2009 - 18.07.2009 г

Выстава «Алтарны жывапіс Беларусі XVIII–XIX стагоддзяў» была прысвечана сямідзесяцігадоваму юбілею Нацыянальнага мастацкага музея. У яго залах неаднаразова паказваліся шэдэўры праваслаўнай культуры, і гэта заўжды мела вялікі рэзананс.

/i/content/pi/mast/19/374/52.jpg 
 Ферэтрон "Святая ў вянку". Дошка, ляўкас. ХVІІІ стагоддзе.

Новы выставачны праект рыхтаваўся на працягу некалькіх сезонаў. З трыццаці трох прадстаўленых работ дзесяць дэманстраваліся ўпершыню, астатнія экспанаваліся вельмі рэдка. Частка твораў, у асноўным жывапіс на палотнах, была літаральна адроджана рэстаўратарамі.
На адным з іх, які адлюстроўвае раскрыжаванне Хрыста, пад пацямнелым лакам была знойдзена пазнака года стварэння — 1806. Каб зразумець важнасць падзеі, варта згадаць, што беларускае сакральнае мастацтва ў асноўным ананімнае. З аднаго боку, майстры прытрымліваліся тайнага правіла: «рукой іканапісца водзіць Бог». Другой прычынай з’яўляецца малая колькасць захаваных помнікаў.

Алтарны жывапіс Беларусі мала вывучаны спецыялістамі. У ХI–XV стагоддзях яго развіццё адбывалася на візантыйскай іканаграфічнай аснове. У гэты час мяжа, якая аддзяляла сакральнае месца ва ўсходняй частцы храма ад прасторы, дзе малілася паства, ператварылася ў праваслаўнай царкве ў шмат’ярусны іканастас, абразы для якога пісаліся паводле канонаў.

У Вялікім княстве Літоўскім мірна суіснавалі розныя этнасы і канфесіі. Таму і ў царкоўным мастацтве з другой паловы XIV стагоддзя перапляталіся дзве хрысціянскія традыцыі: усходняя (праваслаўная) і заходняя (каталіцкая). Шлюб князя Ягайлы і польскай прынцэсы Ядвігі яшчэ больш узмацніў уплыў каталіцкай царквы на традыцыйна праваслаўных беларускіх землях. На працягу XV і ў пачатку XVI стагоддзяў на паўночным захадзе Беларусі былі пабудаваны першыя касцёлы, а ў перыяд контррэфармацыі ў XVІІ стагоддзі гэты працэс ахапіў усю краіну. Адначасова мясцовыя майстры засвойвалі еўрапейскія стылі, якія прыходзілі з Польшчы, Германіі, пазней — непасрэдна з Італіі. Мастацтва Рэнесансу стала адной з крыніц фарміравання беларускай школы іканапісу новага часу. У адрозненне ад праваслаўнага храма, каталіцкі ўпрыгожваўся некалькімі алтарамі, што звязана з асаблівасцямі каталіцкага абраду: у час літургіі таямніца еўхарыстыі адбываецца на вачах у вернікаў.

Першыя алтары ўяўлялі сабой стол — сімвал Тайнай вячэры — для прыгатавання святых дароў. У раманскую эпоху алтары сталі асобнай структурай. У беларускіх храмах XV–XVI стагоддзяў яны былі выкананы на ўзор гатычных створкавых складняў, дзе жывапіс спалучаўся са скульптурай і дэкаратыўнай разьбой. Рэнесансныя алтары былі падобныя на трыумфальныя аркі або порцікі. Барочныя цэрквы XVІІ–XVIІІ стагоддзяў мелі шмат’ярусныя разныя іканастасы, а касцёлы — вялікія алтарныя комплексы.

Спецыялісты ў галіне сакральнага мастацтва пашыраюць паняцце алтарнага жывапісу, улічваючы не толькі яго функцыю, але і мастацкія задачы і формы ўвасаблення. Пасля Брэсцкай уніі 1596 года кананічныя царкоўныя абразы пачалі змяняцца пад уплывам заходнееўрапейскіх навацый. Яшчэ раней, пасля захопу туркамі ў 1453 годзе Канстанцінопаля, праваслаўныя беларускія майстры ўспрынялі класічныя ўзоры іканаграфіі праз прызму творчасці майстроў Крыта, Балкан, Сербіі. У гэты час ішоў складаны працэс фарміравання нацыянальнай мастацкай школы, дзе вялікую ролю адыгрывалі густы дэмакратычнага асяроддзя. У сакральных беларускіх абразах ёсць свецкія рысы: апавядальнасць, падкрэсленая эмацыянальнасць, фалькларызацыя біблейскіх і евангельскіх сюжэтаў, што, па сутнасці, ператварае ікону ў рэлігійную карціну.

 /i/content/pi/mast/19/374/53.jpg
 Ікона "Пакланенне пастухоў". Дошка, ляўкас. ХVІІІ стагоддзе.
 /i/content/pi/mast/19/374/53-.jpg
 Ікона "Багародзіца Адзігітрыя Снежная". Дошка, ляўкас. ХVІІІ стагоддзе.
Узорам гэтага можа быць выява пераноснага алтара-ферэтрона «Багародзіца Замілаванне з прадстаячымі святымі» XVIІІ стагоддзя для каталіцкага храма, упершыню прадстаўленага гледачам на выставе пасля складанай рэстаўрацыі. Аўтар па-майстэрску перадаў жывы і непасрэдны характар дзіцяці, кранальны клопат маці, душэўную блізкасць персанажаў. Па эмацыянальным уздзеянні гэты твор набліжаецца да «Багародзіцы Замілаванне» 1656 года з пастаяннай экспазіцыі музея. На бакавых створках, завершаных крыжамі, намаляваны апосталы — заснавальнікі хрысціянскай Царквы: Пётр з ключамі і Павел з мячом. Такая кампазіцыя была характэрная для хрысціянскага мастацтва позняга Сярэднявечча і ранняга Адраджэння і мела назву «Sacra Conversazione», або «Святая гутарка». Абраныя святыя з’яўляліся апекунамі пэўнага храма. Для беларускага алтарнага жывапісу такія помнікі — вялікая рэдкасць. Дарэчы, у праваслаўных храмах таксама былі абразы, які адыгрывалі ролю ферэтронаў. Напрыклад, двухбаковы вынасны абраз «Цуд Георгія аб зміе. Святы Ануфрый» 1748 года, прадстаўлены ў экспазіцыі.

Ферэтрон «Святая ў вянку» XVIII стагоддзя дэманстраваўся на выставе ўпершыню. Гэта жаночая пагрудная выява ў авальнай дэкаратыўнай раме, умацаванай на пастаменце. Па баках яе — галоўкі анёлаў, у навершы абрамлення — карона княжацкага тыпу. Адзенне святой упрыгожана жамчужным шытвом, накідка прышпілена дэкаратыўнай брошкай, на грудзях — медальён з лацінскай манаграмай Ісуса Хрыста, што сведчыць аб каталіцкім паходжанні твора. Аналагічны прынцып абрамлення прысутнічае ў гравіраваных партрэтах другой паловы XVII стагоддзя, у знакамітых жывапісных «партрэтах у вянку» XVIIІ стагоддзя, на якіх увасоблены прадстаўнікі роду князёў Радзівілаў, у скульптурных надмагіллях. Раслінны арнамент на раме падобны да ўзораў драўлянай разьбы, што сустракаецца ў творах беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вянок з кветак з’яўляецца атрыбутам некаторых святых, у тым ліку Даратэі, Агнэсы, Цэцыліі. Вобраз у ферэтроне з тонкімі, правільнымі рысамі твару захоўвае пэўную ступень ідэалізацыі, але відавочна створаны пад уплывам распаўсюджанага ў той час жанру свецкага партрэта.

Узоры сакральнага жывапісу XVIII–XIX стагоддзяў сведчаць пра іканаграфічную і стылёвую разнастайнасць і разам з тым блізкасць іканапісу і алтарных карцін храмаў розных канфесій. Іх аб’ядноўвае арыентацыя на лепшыя творы заходнееўрапейскага мастацтва ў спалучэнні з самабытным характарам мясцовага менталітэту і лакальных традыцый.

«Багародзіца Адзігітрыя» — адна з найбольш распаўсюджаных выяў у праваслаўі і каталіцызме. На выставе прадстаўлена «Багародзіца Адзігітрыя Снежная» XVIII стагоддзя — паўтор святыні рымскай базілікі Санта Марыя Маджорэ. Адметнасць абраза ў тым, што Марыя трымае дзіця і хустачку ў левай руцэ. Са з’яўленнем гэтай іконы звязана паэтычная легенда. Багаты рымскі патрыцый, які не меў нашчадкаў, вырашыў укласці сродкі ў будаўніцтва храма, але доўга не мог выбраць месца. Аднойчы ў сне яму з’явілася Дзева Марыя і загадала пачаць узвядзенне царквы там, дзе раніцой выпадзе снег. І сапраўды, 5 жніўня 352 года снежным контурам быў вызначаны план на Эсквілінскім пагорку Рыма. Храм пабудавалі за два гады, у ім захоўваўся цудатворны абраз, які прывезла ў Рым святая Алена. Копіі «Багародзіцы Адзігітрыі Снежнай» былі прывезены на землі Рэчы Паспалітай манахамі ордэнаў дамініканцаў, кармелітаў, езуітаў. Паходжанне работы, якая зараз захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі, невядомае. У 1964 годзе яе перадалі з Наўгародскага музея-заказніка. Прыналежнасць беларускаму мастацтву пацвярджаецца тым, што ў царкве горада Іванава Брэсцкай вобласці знаходзіцца аналагічная па кампазіцыі і памерах ікона.

«Маці Божая Чэнстахоўская» — таксама вельмі распаўсюджаны абраз, які шмат капіравалі як каталікі, так і праваслаўныя. Цудатворная ікона знаходзіцца ў кляштары, ёй прысвечаным, у Польшчы на Яснай гары. На выставе быў паказаны адзін са спісаў XVIII стагоддзя. Гарманічныя прапорцыі фігур, падоўжаны авал твару, насычаная каларыстычная гама сведчаць аб высокім мастацкім узроўні іконы. Беларускі майстар упрыгожыў фон разным залачоным арнаментам, якога няма ў арыгінале. Гэта характэрны прыклад уплыву нацыянальных традыцый на кананічны ўзор.

У XVIII стагоддзі, з росквітам стылю барока, класічныя схемы напоўніліся новым зместам, набылі дынамічныя формы, экспрэсію. Манументальны абраз Багародзіцы Адзігітрыі (Мінскай), якая карануецца анёламі, — спісак XVIII стагоддзя. Паводле падання, сама цудатворная ікона была знойдзена ў 1500 годзе на водах ракі Свіслач, а раней знаходзілася ў Дзесяціннай царкве Кіева, разбуранай у 1240 годзе. Прадстаўлены ў экспазіцыі больш позні варыянт твора мае вытанчаны малюнак, які перадае духоўную дасканаласць, стрыманую эмацыянальнасць персанажаў. Стылістыка работы дазваляе гаварыць аб умелым спалучэнні далікатнай рэнесанснай манеры з урачыстым барочным пачаткам. Дакладна выкананы разны пазалочаны фон складанага малюнка ўзбагачае колеравае рашэнне іконы і нагадвае аб Царстве Нябесным — Вышнім Іерусаліме, апісаным у Адкрыцці Іаана Багаслова.

Класічнаму вызначэнню тэрміна «алтарны жывапіс» у свядомасці большасці гледачоў адпавядае сакральны жывапіс Італіі, Іспаніі, Францыі, краін Усходняй Еўропы, які ўяўляе сабой карціны на рэлігійную тэматыку, дзе дзеянне разгортваецца ў інтэр’еры або на фоне пейзажа, нагадвае жанравую сцэну. Творы, выкананыя па ўзорах заходнееўрапейскага жывапісу, вядомы ў беларускім мастацтве з другой паловы XVI стагоддзя. Напрыклад, ікона «Пакланенне вешчуноў», якая захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Даследчыкі адзначаюць яе блізкасць да твораў майстроў Паўночнага Адраджэння, у прыватнасці, Лукаса Кранаха. Аднак не менш цікавым з’яўляецца і «Пакланенне пастухоў» XVIII стагоддзя, прадстаўленае на выставе. Кампазіцыйнай асновай для сюжэта стала гравюра богаслужэбнага зборніка, выданага ў Антверпене ў 1673 годзе. Дзеянне разварочваецца на фоне строгай архітэктуры, што кантрастуе з прасветленым станам людзей, якія сузіраюць немаўля. Мастак карыстаецца заходняй схемай, але па-свойму інтэрпрэтуе змест, надзяляючы персанажаў цёплымі, душэўнымі адносінамі да дзіцяці. Тэма «пакланення» саступае месца ўсеагульнай радасці, надзеі і любові. Фалькларызацыя вобразаў, апавядальнасць выдаюць руку мясцовага майстра.

Па ўзорах італьянскага жывапісу выкананы два творы на сюжэт «Дабравешчання» XVIII стагоддзя, прадстаўленыя на выставе ўпершыню. Дзея разгортваецца ў адкрытай прасторы, на фоне пейзажа. Архангел Гаўрыіл, які спусціўся з нябёсаў на воблаке, працягвае Марыі кветку, а другую руку накіроўвае ўверх, да Святога Духа. Дзева Марыя чытае кнігу, на першым палатне — седзячы, на другім — укленчыўшыся. Першая карціна мае надпісы кірыліцай, што азначае — твор напісаны для праваслаўнага храма. Другая належала польскаму калекцыянеру Томашу Зялінскаму. Аўтар другога «Дабравешчання» валодае прыёмамі пабудовы кампазіцыі, па-майстэрску перадае глыбіню прасторы. Эмацыянальны стан дзейных асоб выяўлены ў стрыманых жэстах і падкрэслена насычаны каларытам твора. Характэрнай рысай карціны з’яўляецца яркі пафас і пэўная тэатральнасць, што адпавядае барочнаму стылю.

Пасля аслаблення Рэчы Паспалітай і яе падзелаў беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, што карэнным чынам змяніла вектар развіцця культуры. Мастакі адарваліся ад заходнееўрапейскіх тэндэнцый, але гэта актывізавала мясцовыя фальклорныя традыцыі, дапамагло захаваць патэнцыял народнай творчасці.

Прыкладам алтарнага жывапісу, які адлюстроўваў эстэтычныя густы спрадвечных насельнікаў гэтых абшараў, з’яўляецца твор «Святая Марыя Магдаліна» XIX стагоддзя. Работа вызначаецца выразнасцю форм, жывой апавядальнасцю, імкненнем невядомага аўтара раскрыць сэнс сюжэта праз максімальную колькасць прадметаў-сімвалаў.

У выяўленчым мастацтве Марыя Магдаліна атаясамліваецца з вобразам жанчыны, якая памазала ногі Хрысту ў час вячэры ў Сімана-фарысея. Традыцыя лічыць, што менавіта з Марыі Хрыстос выгнаў сем злых духаў, пасля чаго яна стала ягонай паслядоўніцай. У творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея святая Марыя Магдаліна прадстаўлена на фоне пейзажа, у маленні. Яе акружаюць сімвалічныя прадметы: разгорнутая кніга, чэрап, металічны сасуд для духмяных рэчываў, жамчужныя каралі. Злева знаходзіцца распяцце. Ля локця біч — увасабленне раскаяння. Нягледзячы на анатамічныя хібы і недакладнасці ў перспектыве, аўтар пераканальна перадаў перажыванні святой Магдаліны, выкарыстаў складаную колеравую палітру, падкрэсліў выразнасць мастацкага вобраза. Работа створана ў час росквіту класіцызму, але ў стылёвых адносінах — гэта помнік позняга барока пераходнага перыяду. Спецыялістамі заўважана, што змена мастацкіх стылей выклікае актыўнае адраджэнне традыцыйнай культуры, а тэрытарыяльныя падзелы абвастраюць нацыянальныя пачуцці. Алтарная карціна «Святая Марыя Магдаліна» — яскравае сведчанне фарміравання новага вобразнага ўспрымання сакральнага мастацтва.

Незвычайны лёс у прадстаўленай на выставе карціны «Святая Канстанцыя», выкананай каля 1825 года. Цалкам верагодна, што яе аўтар — знакаміты беларускі мастак Ян Дамель. Святая з’яўляецца заступніцай Канстанцыі Чудоўскай, з роду князёў Радзівілаў. У нясвіжскім касцёле Божага Цела знаходзіцца мармуровы алтар з жаночай фігурай на саркафагу. Яго апісаў Уладзіслаў Сыракомля ў пачатку ХІХ стагоддзя ў знакамітых нататках «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах»: «Направа — алтар тонкай работы, пачатку нашага стагоддзя; у алтары — абраз пэндзля Дамеля з выявай святой Канстанцыі ці Гелены з крыжам, у даўнейшых строях; а далей, на багата аздобленай, з каляровага мармуру труне — белая, майстэрскай работы статуя заплаканай жанчыны. Гэта — надмагільны помнік Канстанцыі Радзівіл, дачкі клецкага ўладальніка маярату, троцкага ваяводы Юзэфа, якая была замужам за Чудоўскім. Гэта павінен быць алтар, але касцельнае кіраўніцтва, ці то знайшоўшы ўборы святой Гелены на абразе занадта сучаснымі, ці то, як кажа паданне, рысы святой былі на ёй узяты з твару князёўны, на грабніцы якой стаяў алтар, не дазволіла яго асвяціць». З часам карціну перавезлі ў Нясвіжскі замак, дзе яна была змешчана ў капліцы. Яе верагодны аўтар Ян Дамель атрымаў адукацыю ў Віленскім універсітэце на кафедры жывапісу. Вучыўся ў вядомых майстроў Францішка Смуглевіча і Яна Рустэма. З 1822 года жыў і працаваў у Мінску. Вядома, што ён пісаў творы на рэлігійную тэматыку, выконваў роспісы ў касцёлах, партрэты, працаваў над стварэннем манументальнага палатна аб адступленні французаў праз Бярэзіну ў 1812 годзе. Адзнакі стылю класіцызму выразна праявіліся ў карціне «Святая Канстанцыя». Строгія прапорцыі фігуры, прычоска і адзенне, якія нагадваюць антычныя, у аднолькавай ступені вызначаюць як час, калі жыла святая Канстанцыя, дачка імператара Канстанціна Вялікага, так і стылёвы накірунак «ампір», характэрны для пачатку ХІХ стагоддзя. Твор выкананы на высокім мастацкім узроўні і можа параўнацца з лепшымі ўзорамі школы віленскага класіцызму.

Сакральныя карціны беларускіх майстроў, прадстаўленыя на выставе «Алтарны жывапіс Беларусі XVIII—XIX стагоддзяў», былі выкананы ва ўмовах жывога мастацкага працэсу, абумоўлены канкрэтнай гістарычнай сітуацыяй. Узаемасувязь канфесійных традыцый, якія здаўна склаліся на землях Беларусі, дазволіла мастакам захаваць духоўнае адзінства і не страціць нацыянальнай своеасаблівасці.

алена карпенка