«Паўночныя Афіны» адраджаюцца?

№ 6 (315) 18.06.2009 - 18.07.2009 г

Напачатку нагадаю факты, без якіх размова пра тэатр будзе няпоўнай. Больш як 40 гадоў таму на аснове аркестра навучэнцаў музычнай вучэльні імя Міхала Клеафаса Агінскага быў створаны Маладзечанскі сімфанічны аркестр. Тры дзесяцігоддзі таму яго мастацкім кіраўніком і дырыжорам стаў Рыгор Сарока — энтузіяст, асоба сапраўды харызматычная і надзвычай абаяльная.

Перадгісторыя

/i/content/pi/mast/19/373/48.jpg 
 "Яўгеній Анегін". Сцэна са спектакля.
Сёння калектыў мае велізарны рэпертуар — спіс выкананага ўражвае і «профі», і аматара. Аркестр актыўна супрацоўнічаў з самымі вядомымі беларускімі кампазітарамі, ладзіў канцэрты разам з салістамі оперы, музычнага тэатра, філармоніі. І шмат вандраваў у замежжы — у Польшчы, Германіі, Чэхіі, Галандыі, Францыі. Згадзіцеся, такі прадстаўнічы гастрольны спіс мае не кожны прафесійны калектыў, які рэпеціруе і канцэртуе штодня. Думаю, ідэя стварыць маладзёжны музычны тэатр, да якой у рэшце рэшт прыйшоў кіраўнік аркестра, — з тых, што, так бы мовіць, «лунаюць у паветры». Бо акрамя аркестра ў вучэльні існуе хор і ёсць шмат вакальна адораных педагогаў і студэнтаў.

На адкрыццё трэцяга ў краіне музычнага тэатра і адначасова прэм’еру «Іаланты» Чайкоўскага маладзечанцы запрасілі вясной 2007-га. Тады ў Палацы культуры сабраліся не толькі мясцовыя меламаны, але і, без перабольшання, увесь сталічны бамонд. Роўна праз год, вясной 2008-га, маладзёжны музычны тэатр прэзентаваў наступную прэм’еру — оперу Вердзі «Травіята». Паказу на роднай сцэне папярэднічаў маштабны канцэрт у сталічнай філармоніі, які прайшоў з аншлагам. На ім былі прадстаўлены і ўрыўкі з новай пастаноўкі. І вось — «Яўгеній Анегін».

«Анегін»

З нагоды «Іаланты» айчынная крытыка неаднойчы заўважала: для дэбюту твор выбраны надзвычай дакладна. І таму, што маладых па ўзросце герояў спявалі маладыя артысты. І таму, што магутны жыццесцвярджальны пафас оперы пераконваў у перамозе кахання.

Але выбар «Анегіна» — таксама дакладны. Як вядома, першая пастаноўка оперы была ажыццёўлена ў 1879-м, сіламі менавіта навучэнцаў Маскоўскай кансерваторыі. І толькі потым спектакль пайшоў у імператарскім тэатры. Згадаем радкі Чайкоўскага, напісаныя падчас працы над партытурай: «Думаю, яна (опера) асуджана на няўдачу і няўвагу масы публікі. Змест няхітры. Сцэнічных эфектаў ніякіх. Музыка пазбаўлена бляску і траскучай эфектнасці. “Анегін” на тэатры не будзе цікавы! Але опера напісана шчыра. І на гэта ўскладаю ўсе надзеі. Для “Анегіна” трэба вось што. Спевакі сярэдняй рукі, якія разам з тым будуць добра іграць. Пастаноўка патрэбна не шыкоўная, але строга адпаведная духу часу. Хоры павінны быць не статкам авечак, як на імператарскай сцэне, а людзьмі, якія ўдзельнічаюць у дзеянні... Але галоўнае, пры пастаноўцы ў кансерваторыі не будзе той пошлай, забойнай руціны, без якой не абыходзіцца казённая пастаноўка».

Некарэктна параўноўваць плён працы акадэмічнага тэатра, якому больш за 75 гадоў, з творчым вынікам працы калектыву, які дэбютаваў пазалетась, але, як ні дзіўна, маладзечанскі «Анегін» у пэўных ракурсах выйграе — дзякуючы агульнай свежасці ўражання і захопленасці ўсёй пастановачнай групы і выканаўцаў. Захопленасці і шматграннымі вобразамі Пушкіна, і трапяткой музыкай Чайкоўскага. У геніяльную партытуру аркестр пад кіраўніцтвам дырыжора Рыгора Сарокі паглыбляецца з эмацыйным напалам, чуласцю, з відавочнай асалодай і нават самазабыццём! З пачцівасцю і піетэтам. З імпэтам і страснасцю, без якіх увасабленне «Анегіна» немагчымае.

Спектакль стаўся першай рэжысёрскай работай вядомага спевака Алега Мельнікава. Засвоіўшы і праспяваўшы (ды неаднойчы) усе басовыя партыі ў пастаноўках нашай оперы, ён хутчэй за ўсё адчуў, што яму цесна ў рамках прафесіі. Цяпер Алег Мельнікаў авалодвае сакрэтамі опернай рэжысуры ў нашай Акадэміі музыкі. Цікава, што яго кандыдатуру прапанаваў Рыгору Сароку Уладзімір Экнадыёсаў, вядомы выканаўца і рэжысёр оперных спектакляў, пастаўленых у Маладзечне. Мельнікаў увасобіў «Анегіна» ў рэалістычнай манеры, без «наваротаў», якія ў працы з маладымі выканаўцамі, думаю, былі б недарэчнымі. Для яго гэта першая поўнаметражная опера.

Можна вітаць ахвотнае супрацоўніцтва з маладзечанцамі прызнаных калектываў і творцаў. Падчас пастаноўкі «Іаланты» тэатр оперы пазычыў касцюмы галоўных герояў. Танцавальныя сцэны ў «Травіяце» ставілі Віктар Саркісьян і Вольга Лапо, вядомыя ў балетным свеце асобы. Сцэнаграфію дзвюх апошніх прэм’ер рабіў вядомы мастак Дзмітрый Мохаў. Аддаю належнае фантазіі і густу сцэнографа, разумею клопаты мастака-пастаноўшчыка, якому трэба «апрануць» шматлюдны спектакль у гістарычнае адзенне 1-ай паловы ХІХ стагоддзя. Ведаю, што фінансавыя цяжкасці не дазволілі рэалізаваць многія ідэі. І ўсё-такі заўважыла б, што інтэр’еры і ўбранне памешчыцкай сядзібы, якая знаходзіцца, па словах Таццяны Ларынай, «в глуши забытого селенья», не павінны супадаць з інтэр’ерамі і ўбраннем велікасвецкага палаца Пецярбурга. Інакш зрушваюцца сэнсавыя акцэнты. Што для пакоя Таццяны занадта, тое для Пецярбурга выглядае не дужа багата. І навошта старэйшай з сясцёр Ларыных выпраўляцца ў сталіцу, калі сям’і і тут выдатна? Іерархія тагачаснага грамадства ў мастацкім вырашэнні оперы ўвасоблена не зусім дакладна.

Крыху пра артыстаў

 /i/content/pi/mast/19/373/49.jpg
 "Іаланта". Сцэна са спектакля.
Самы час сказаць пра выканаўцаў. Наталля Шыбко, лаўрэат міжнароднага конкурсу «Убельская ластаўка», у «Іаланце» пераканаўча прадставіла галоўную партыю. Зразумела, пушкінская гераіня — вобраз непараўнальна больш складаны. Хоць бы па аб’ёме музычнага матэрыялу. Шыбко свабодна адчувае сябе і ў вакальным, і ў акцёрскім планах. Упэўнена праводзіць найскладаную сцэну пісьма, дзе пачуцці гераіні, яе душэўны і псіхалагічны стан змяняюцца шмат разоў. Увогуле пастаноўку больш правільна было б называць «Таццяна Ларына». (Так, дарэчы, меркаваў зрабіць і Чайкоўскі, бо меў да гераіні велізарную сімпатыю і не надта спагадліва ставіўся да Анегіна.) Гераіня Шыбко пераконвае прыхаванай эмацыйнай глыбінёй, сарамлівасцю і адначасова экзальтацыяй. Розныя псіхалагічныя грані вобраза выяўляе спявачка ў розных сцэнах і жыццёвых сітуацыях. Прыроджанае высакародства дазваляе ёй без асаблівых намаганняў, натуральна ўвайсці ў іншае па сацыяльным статусе асяроддзе (апошнія карціны оперы).

Анегін Андрэя Саўчанкі, маладога спевака, які скончыў два курсы
 /i/content/pi/mast/19/373/51-.jpg

Наталля Шыбко (Таццяна). 

нашай Акадэміі музыкі, пераконвае менш. З вакальным бокам складанай партыі выканаўца справіўся. Але жыццёвага і артыстычнага вопыту яму відавочна не стае. Праўда, вобраз, створаны Пушкіным і Чайкоўскім, шматгранны, няпросты, шмат у чым загадкавы. Невыпадкова Анегіна імкнуцца спяваць выдатныя барытоны многіх краін. Сярод бачаных мной — Юрый Мазурок, Дзмітрый Хварастоўскі. У Мінску партыю пераканаўча ўвасабляе Уладзімір Громаў. Нядаўна ў Расіі выпушчаны аўдыёдыск з раманам у вершах Пушкіна, дзе Анегіна чытае Канстанцін Хабенскі. Словам, герой і па сёння прывабны і таямнічы. Таму, што ў ім ярка выяўлены мужчынскі пачатак і харызматычнасць?

Грэмін у Анатоля Сіўко, навучэнца 1-га курса Акадэміі музыкі, аказаўся нечаканым і надзіва абаяльным. Ён не «стары муж», як звычайна бывае ў акадэмічных тэатрах, дзе партыю спяваюць 60-гадовыя басы, а хутчэй 35-ці — 40-гадовы генерал, герой Барадзінскай бітвы. З маладой і абсалютна шчаслівай усмешкай спявае ён знакамітую арыю «Любви все возрасты покорны...». Такому Грэміну — верыш! Так што маладзечанская Таццяна ў рэшце рэшт не памылілася ў выбары спадарожніка жыцця. Пры такім раскладзе характараў Анегін успрымаецца хутчэй як памылка маладосці, жаданне эмацыйнай і экзальтаванай дзяўчыны бачыць героя ў асобе, якая ім не з’яўляецца.

/i/content/pi/mast/19/373/50.jpg 
Юрый Балацько (Ленскі), Юлія валяк (Вольга). 
Для ўдзелу ў прэм’еры маладзечанцы запрасілі шэраг славутых спевакоў акадэмічнай оперы. Яны выконвалі партыі другога плана. Сярод іх літаральна зіхацеў вобраз няні, створаны Наталляй Рудневай. (Вядомая спявачка выканала ў оперы, здаецца, усе мецца-сапранавыя партыі — Вольгі, Ларынай, няні.) А праца над характарам гэтага персанажа пачалася даўно — яшчэ ў опернай студыі кансерваторыі пад кіраўніцтвам рэжысёра Яўраева. Дэталёва прадуманы ў Рудневай кожны нюанс. Не толькі фарбы голасу, але і паходка, рухі, кожны крок — усё пераканаўча стварае вобраз сапраўды старой і стомленай жанчыны.

Віктар Стральчэня — спявак, які заўсёды тонка ўвасабляе самыя розныя градацыі камічнага (бо належыць да катэгорыі артыстаў, якія могуць выклікаць бурны смех у зале нават нічога не робячы на сцэне). Ягоны француз Трыке дадаў адметныя фарбы да абмалёўкі правінцыйнага дваранскага асяроддзя. Тэнары (лірычныя і драматычныя) належаць да самых запатрабаваных у оперы галасоў. Іх заўсёды мала, заўсёды не стае. Уладзімір Дзмітрук, які ў папярэдніх прэм’ерах спяваў закаханых герояў, а значыць галоўныя тэнаровыя партыі — Вадэмона і Альфрэда Жэрмона, — вучыцца цяпер у Пецярбургскай кансерваторыі. Таму на ролю Ленскага быў запрошаны Юрый Балацько, саліст оперы. На маю думку, ён акцэнтуе не столькі рамантычныя якасці героя, колькі лірычныя. Рэальнасць яго Ленскі не надта бачыць, часцей пакутуе ад беспрычыннай рэўнасці. Яна ў рэшце рэшт і становіцца прычынай ракавой дуэлі.

Нязвыклай аказалася Ларына, гаспадыня маёнтка і маці дарослых дочак. Звычайна яе малююць амаль равесніцай няні, таксама старой і не надта цікавай жанчынай. Але ж у Расіі ў першай палове ХІХ стагоддзя выходзілі замуж дастаткова рана. Таму Ларынай 40, самае большае 45 гадоў. У інтэрпрэтацыі Маргарыты Васілевіч яна яшчэ маладжавая, па-свойму свецкая, хоць, магчыма, і крыху абмежаваная. Арыгінальную версію вобраза Вольгі прапанавала Юлія Валяк, студэнтка Акадэміі музыкі, вучаніца Рудневай. Скажу шчыра, такая Вольга, магчыма, была самай пераканаўчай з усіх, каго даводзілася бачыць раней. Вольга — «круцёлка», нястомны сангвінік, заўсёды рухавы, ажыўлены і... недалёкі. Прывабная сваёй жыццярадаснасцю, яна стварае асаблівы кантраст з задуменнай і маўклівай Таццянай.

А працяг будзе?

/i/content/pi/mast/19/373/51.jpg 
 Андрэй Саўчанка (Анегін).
Энтузіязм тых, хто працаваў над трыма спектаклямі, сапраўды пераконвае. Кожная прэм’ера — «Іаланта», «Травіята», «Анегін» — рабілася падзеяй культурнага жыцця не толькі горада Маладзечна, але і ўсёй беларускай музычна-тэатральнай прасторы. Але, шчыра кажучы, шкада, што вынікам велізарных намаганняў агромністага калектыву (аркестр, хор, салісты) становяцца ўсяго некалькі паказаў пэўнага спектакля. Пасля апошняй прэм’еры, калі пастаноўка абмяркоўвалася прафесіяналамі, неаднойчы выказвалася думка, што Маладзечанскі музычны тэатр ужо «дарос» да таго, каб мець афішу, каб яго штат быў пашыраны. Бо зробленыя спектаклі і можна, і трэба вазіць на гастролі на краіне.

У планах маладога калектыву — аднаактовая опера «Алека» (мяркуецца, што цэнтральную партыю праспявае Анатоль Сіўко). У перспектыве і праца над стварэннем арыгінальнай оперы, прысвечанай Міхалу Клеафасу Агінскаму, чыё імя носіць вучэльня. Падмурак ёсць: у драматычным тэатры горада ідзе спектакль «Фантазія ля мінор», у якім увасоблены вобраз гэтага творцы. Згоду на ўдзел у праекце даў вядомы кампазітар Алег Залётнеў. Гэта абнадзейвае!

Але ёсць падставы і для неспакою: на колькі яшчэ оперных прэм’ер хопіць імпэту ў Сарокі і яго паплечнікаў? Вядома, без апантанасці ў мастацтве нічога не адбудзецца. Але вынік можа быць непараўнальна больш важкім, калі сур’ёзным грунтам для энтузіязму выступяць фінансавая падтрымка, штатны расклад і ўласная афіша. Некалі Міхал Клеафас Агінскі марыў, каб ягоны маёнтак Залессе, што знаходзіцца недалёка ад Маладзечна, зрабіўся «паўночнымі Афінамі», дзе квітнее мастацтва. Плён дзейнасці маладога музычнага тэатра пераконвае, што традыцыі Агінскага адраджаюцца і набываюць сілу.

 Таццяна Мушынская

гутарка ў антракце

Алег Мельнікаў: «Усё ёсць у партытуры!» 

На працягу многіх гадоў у мяне назапасілася мноства ўражанняў, звязаных з операй «Яўгеній Анегін». Калі ты вакаліст, дык вучыш найперш сваю партыю. Усё жыццё спяваў Грэміна, прычым спектакляў і Таццян — не пералічыць! Выконваў партыю ў розных гарадах, часта на фестывалях «Ірына Архіпава прадстаўляе...», дзе збіраецца сапраўды зорны склад вакалістаў.

Выдатна, што яшчэ заспеў пакаленне майстроў надзвычай высокага ўзроўню, бо пашчасціла выступаць у спектаклях разам з Марыяй Біешу, Уладзімірам Атлантавым. Штодзённыя кантакты з такімі асобамі надзвычай узбагачаюць, яны змяняюць тваё ўласнае стаўленне да музыкі, кампазітараў, пэўных партый.

Яшчэ ў 1980-я гады, калі я вучыўся ў Адэскай кансерваторыі і спяваў у тэатры, давялося падчас фестываляў шмат працаваць са знакамітым рэжысёрам Барысам Пакроўскім. Рэпетыцыі ў Пакроўскага праходзілі гэтак жа інтэнсіўна, як спектаклі. Дэталёва «разбіралі» паводзіны героя, кожны жэст і паварот галавы. Адэскі тэатр заўжды быў «варотамі» ў Расію, а пазней  у Савецкі Саюз. Туды прыязджалі знакамітыя італьянскія спевакі, дырыжоры экстра-класа.

Але адна справа, калі ўспрымаеш спектакль як спявак, і зусім іншая — погляд рэжысёра. Давялося бачыць розныя трактоўкі «Анегіна». Як толькі не інтэрпрэтавалі галоўнага героя! Адзін з выканаўцаў на працягу спектакля іграў ролю... разбэшчанага жыгала. І гэта падавалася надзвычай пераканаўчым! Калі трактоўка апраўданая паводзінамі, яна цікавая. Вядома, можна класічны сюжэт прачытаць «актуальна»: апрануць Анегіна і Ленскага рокерамі, выкаціць на сцэну матацыклы. Вось яны прыехалі ў велізарны асабняк, дзе і адбываецца дзеянне... Але нашмат цікавей адчуць атмасферу таго часу, зразумець, што людзей хвалявала, чым яны жылі і дыхалі, што ў іх на душы...

На мой погляд, Чайкоўскі ўзмацніў канфлікт твора Пушкіна. Як рэжысёру мне хацелася пранікнуць у характары герояў. Падчас працы над «Анегіным» адкрыў для сябе шмат надзвычай цікавага ва ўзаемаадносінах персанажаў. Опера — гэта музычны тэатр, і ў сваёй працы я заўсёды адштурхоўваюся ад музыкі. Чаму кампазітар менавіта так вядзе мелодыю і так будуе музычны сказ? А калі ў партытуры Чайкоўскага пэўных тэм няма, навошта яны мне як рэжысёру? Класіка ёсць класіка, і якіясьці эксперыменты над ёй непажаданыя.

Падсвядома я заўсёды думаў пра рэжысуру. Усё жыццё не саромеўся вучыцца. Шмат чытаў пра ранейшыя пастаноўкі «Анегіна». Але за зыходны пункт браў найперш музыку. Бо, на мой погляд, у партытуры ёсць усё! Шукаў інтанацыі, слухаў іх... Памятаю, калі ў нашым тэатры ставілася опера Сяргея Картэса «Візіт дамы», музычным кіраўніком спектакля з’яўляўся Генадзь Праватораў. Кожнаму спеваку ён так дакладна патлумачыў вобраз, што рэжысёр па сутнасці і не быў патрэбны. Заставалася толькі «геаграфія» — мізансцэны. Праватораў тлумачыў вобраз менавіта праз музыку! Гэта здавалася фантастычным...

Пастановачны склад «Анегіна» аказаўся надзвычай цікавым. З самага пачатку мы дакладна ведалі, што робім. Акрэслілі мастацкія мэты і задачы. Энергія музычнага кіраўніка і дырыжора спектакля Рыгора Сарокі проста незвычайная! Хацелі зрабіць спектакль класічны — у лепшым сэнсе. Дзмітрый Мохаў мае каласальны вопыт, бо быў мастаком больш як двухсот спектакляў. У сілу абставін не ўсё атрымалася, як планавалася. З-за крызісу шмат згубілі ў сцэнаграфіі. Маёнтак Ларыных задумваўся мастаком больш цікава. Дом з балконам, сад старэйшы і гусцейшы... У працэсе пастаноўкі зразумелі, што грошай не хапае...

Я ўсведамляў свае задачы, разумеў, які спектакль стаўлю. І акрэсленыя мэты імкнуўся ажыццяўляць. Заўсёды быў перакананы: опера — гэта тэатр, а голас — толькі сродак выразнасці. Якім бы прыгожым ён ні быў, вуха прызвычайваецца да яго праз 10 хвілін. Слухачу цікава: што ты робіш на сцэне, якую драматургію вобраза ўвасабляеш? Выканаўцы, на маю думку, досыць арганічныя. Усё-такі ў спектаклі маладзёжны склад. Пастаноўка выйграе, калі ў артыста няма вялікай узроставай дыстанцыі з героем, якога ён спявае.

Умовы працы аказаліся даволі суровымі. Дэкарацыі паставілі ледзь не напярэдадні прэм’еры. З хорам можна было займацца толькі на вялікай сцэне Палаца. Мы туды выйшлі ўсяго за 10 рэпетыцый да першага паказу. Прычым не ўсіх спевакоў удавалася сабраць з-за розніцы ў раскладах маладзечанскіх і мінскіх вакалістаў. Але на рэпетыцыях усталявалася надзвычай добразычлівая атмасфера.

Опера называецца «Яўгеній Анегін», але вобраз Таццяны музычна выпісаны больш ярка і моцна. Ён вельмі шматгранны, бо эмацыйны стан гераіні ўвесь час змяняецца. Калі ўзяць сцэну пісьма, дык там ёсць і афект, і экзальтацыя. І нават галюцынацыі, як у Барыса Гадунова... Дэталёва працавалі над вобразам з Наталляй Шыбко, выканаўцай партыі Таццяны. Нямала ўвагі надавалася натуральнасці сцэнічных паводзін маладых артыстаў. Бо жэст — рух душы. Калі пражываеш пэўны эмацыйны стан, жэст атрымліваецца арганічным.

Вельмі спадзяемся, што тэатр у рэшце рэшт зробіцца дзяржаўным. Магчыма, абласнога падпарадкавання... Каб праца над новымі пастаноўкамі ішла ўвесь час.