Чырвоная лінія сіняга колеру

№ 6 (315) 18.06.2009 - 18.07.2009 г

Сіні колер — рэч незвычайная. Толькі згадайце: «Я паехаў у Францыю таму, што там нават звычайная кансьержка разумее хараство сіняга колеру». Так сказаў Марк Шагал, і гэтая думка мне падабаецца, бо мастацтва тут найлепшая прычына для прыняцця важных рашэнняў. Далей — болей...

 

/i/content/pi/mast/19/370/34.jpg 
 Паралелі. акварэль. 2006.
/i/content/pi/mast/19/370/34-.jpg 
 Карыятыды. Акварэль. 2002.
/i/content/pi/mast/19/370/35.jpg 
 Паверхі прыроды. Змешаная тэхніка. 2002.

«Які ж ён сіні, гэты апельсін!» — выбухнуў свету Поль Элюар, а грузінскі паэт Нікалаз Бараташвілі вырашыў: «Блакітнага не аддам». Мастак Васіль Васільеў з захапленнем распавядаў пра знанага армянскага творцу, які ў імпэце правёў па галаве алейным пэндзлем, — маўляў, падабаецца яму гэты блакітны. «Вось гэта ўчынак, вось гэта мастак!» — трызніў Васільеў пра тую блакітную лысіну. Калі ўсё гэта вас не пераконвае, можна звярнуцца і да афіцыйных даных: паводле нядаўніх апытанняў, сорак адсоткаў насельніцтва Амерыкі і амаль уся Еўропа любімым колерам абралі менавіта сіні. «Трымаецца» толькі адна Іспанія, якая прагаласавала за чырвоны. Можна смела перафразаваць знакаміты выраз: не проста колер, а сіні колер — гэта ўсё.

Мова колеру з’яўляецца найбольш архаічным сродкам уздзеяння на наш эмацыянальны стан. Праўда, да панавання сіняга чалавецтва прыйшло паступова, і гэты шлях быў вельмі няпросты. Сіні даволі доўга недаацэньвалі, мастацтва пачынала з белага, чорнага, жоўтага і чырвонага. Так вызначылі старажытныя грэкі. У старажытным Рыме сіні быў колерам варвараў: верагодна таму, што германцы, каб быць падобнымі да прывідаў, фарбавалі свае твары шэра-блакітнай фарбай. Сінявокіх жанчын рымляне лічылі вульгарнымі, а мужчын — не надта разумнымі і грубымі. Затое ў Егіпце сіні ўспрымалі як колер замагільнага свету, а ён лічыўся вышэйшым за рэальны.

Чалавечыя мовы захавалі няпростую гісторыю сіняга. Так, у латыні слова «сіні» не мае дакладнага вызначэння — гэты колер аб’ядналі з шэрым і блакітным. У Бібліі яго згадваюць рэдка, у адрозненне ад каштоўнага каменя сапфіру. Чаму — незразумела. Зранку па сінім колеры неба першабытны чалавек бачыў, што скончылася ноч, што доўжыцца жыццё. Яно было немагчымае і без вады. Бясконцасць, вечнасць, ісціна, вера і вернасць, цнатлівасць, духоўнасць — гэткія асацыяцыі выклікае сіні ў шматлікіх старажытных культурах. У іудаізме сіні колер атаясамліваюць з міласэрнасцю, а ў будызме — з мудрасцю. Згодна з еўрапейскай народнай традыцыяй, сіні азначае вернасць, а ў Кітаі — адукаванасць і шчаслівы шлюб. Існавала простая і вельмі сур’ёзная праблема: чалавек не ведаў, як атрымаць сіні колер, гэтаму вучыліся вельмі доўга. У гісторыі мастацтва тэхнічныя вынаходніцтвы былі вельмі важнымі. Нездарма ж Лявон Тарасевіч даводзіць студэнтам, што імпрэсіянізм пачаўся з простай рэчы: вынайшлі фарбы ў тубах. Мастакі выйшлі маляваць на вуліцы, і гэта змяніла бачанне.

«Сінія» складанасці ў Еўропе доўжыліся ажно да Сярэднявечча. З чырвоным жа ўсё было наадварот: ён сімвалізаваў багацце, і чым больш быў інтэнсіўны, тым лепш. У чырвонае апрануліся святары высокага сану — кардыналы і папы. Усё змянілася толькі тады, калі мастакі навучыліся атрымліваць сінюю фарбу з лазурыту, кобальту і індыга. Блакітны амаль адразу робіцца колерам Дзевы Марыі. Нябёсы, якія ў мастацтве напачатку былі чорнымі і белымі, сталі сінімі. Мора, якое раней на гравюрах было зялёным, пасінела. Гэты колер уваходзіць у моду і лічыцца сімвалам каралеўскай улады і шляхетнага паходжання.

Сіні стаў улюбёным колерам вялікага Гётэ, які звязваў з ім такія катэгорыі, як пастаянства, упартасць, настойлівасць, самаадданасць, вернасць, захапленне сваёй справай, сур’ёзнасць, заглыбленасць, стрыманасць. Ён лічыў, што сіні менш за іншыя колеры звяртаецца да нашых пачуццяў, а больш — да нашай душы. Гётэ сцвярджаў: «Мы з асалодай глядзім на сіні таму, што ён не падаўляе, а кліча нас за сабой».

Сіні — адзін з улюбёных колераў папулярнага сёння фэн-шуй. Ён належыць элементу вады і мае мноства адценняў: ад пяшчотнага адцення возера і ракі — сіняга і зялёнага — да глыбокага індыга акіяна. Блакітны разам з белым ствараюць адчуванне бясконцага шчасця ў месцы, дзе яны ўжываюцца.

ХХ стагоддзе прынесла новую хвалю мастакоўскай цікавасці да сіняга. Аляксандр Родчанка ў 1921 годзе наладзіў сумесную выстаўку беспрадметнага жывапісу «5×5=25», дзе сам праэкспанаваў творы з аналітычным раскладаннем жывапісу на чыннікі: лінію, форму і тры асноўныя колеры, з якіх утвараецца ўвесь спектр. Яго творы называліся «Лінія», «Клетка», «Чысты чырвоны колер», «Чысты жоўты колер» і «Чысты сіні колер». Ён пісаў, што на выстаўцы гэтыя якасці ўпершыню абвешчаны ў мастацтве. Аматарам сіняга быў і Васіль Кандзінскі: «Схільнасць сіняга колеру да глыбіні настолькі моцная, што ён робіцца інтэнсіўным менавіта ў глыбокіх тонах і дзейнічае больш «характэрна», больш пранікнёна. Чым глыбейшы сіні колер, тым настойлівей ён кліча чалавека ў бясконцасць, абуджае ў ім памкненне да чысціні і, нарэшце, да звышпачуццёвага. Сіні — гэта тыпова нябесны колер. Калі ён становіцца больш цёмным, то набывае адценне нечалавечага суму. Ён — як працяглае заглыбленне ў сур’ёзнае, а там няма і не можа быць канца». Але далей за ўсіх у «сіняй» улюбёнасці пайшоў французскі неададаіст Іў Кляйн. Першую ў свеце манахромную выстаўку ён зрабіў у 1955 годзе — праэкспанаваў творы толькі аранжавага колеру. З сінім жа колерам Кляйн звязваў свае «касмічныя» адчуванні. Ён лічыў, што менавіта сіні найбольш адэкватны для выяўлення абстрактных рэчаў, бо ў прыродзе ён належыць мору і небу, а і тое і другое ёсць бездань. Кляйн нават патэнтуе сваё любімае адценне сіняга — у мастацтве яно зараз і існуе як «Міжнародны Сіні Кляйна № PB29, CI-77-0007». Для беларускай мастачкі Вольгі Сазыкінай Кляйн стаў адным з натхняльнікаў вельмі цікавага праекта: на ярка-сіняй самаробнай паперы мастачка прарошчвала зёлкі, якія вырасталі чамусьці блакітныя.

Марк Шагал па-сапраўднаму любіў сіні колер (гл. пачатак артыкула). Знакавым для яго можна назваць і чырвоны, бо палаючы дамок на яго творах — гэта сімвал роднага дома. Агмень спрыяў яго з’яўленню на свет, і мастак праз гэта адчуваў сябе асобай надзвычайнай. Чым была абумоўлена яго ўлюбёнасць у сіні, які мастак літаральна піў нагбом?.. Рэкамі і азёрамі, якіх тут безліч?.. Дзвіной, недалёка ад якой знаходзіўся бацькоўскі дом і дзе на мосце, паводле яго ўспамінаў, адбылася першая сустрэча з Бэлай?.. Сінім колерам беларускіх барочных абразоў, што ён бачыў у зніклых сёння тамтэйшых бажніцах?.. Так або іначай, але Шагал быў шчыра закаханы ў сіні, любіў яго спалучэнні з золатам, чырвоным, аранжавым, ярка-ружовым. Менавіта за яго сіні колер мастачка Антаніна Фалей у тыя цудоўныя часы, калі ў яе яшчэ толькі пачынала «ставіцца вока», адным з першых з вялікай мастацкай масы вылучыла Шагала. За гэты сіні колер, што гучыць у жывапісца як звон, ён і сёння ёй падабаецца. Таму сваю персанальную выстаўку яна прысвяціла Марку Шагалу і назвала яе «Чырвоная лінія сіняга тону».

Трэба адзначыць, што выставак, прысвечаных колеру, ладзіцца не шмат. Маюцца на ўвазе не проста «персаналкі» мастакоў, якіх супольнасць залічыла ў каларысты. Гаворка ідзе пра свядомае даследаванне прасторавай колеравай драматургіі, пра экспазіцыі, якія ставяць «колеравыя» пытанні і адказваюць на іх. Можна згадаць, напрыклад, нізку выставак «Чырвоны колер у мастацтве», што некалькі гадоў запар экспанавалася ў расійскай сталіцы, ці праект «ХЭ» Руслана Вашкевіча, дзе за вонкавай лёгкасцю сюжэта былі прыхаваны самыя сур’ёзныя пытанні: «Што ёсць колер сёння?», «Што ёсць колер для нас і для мяне?», «Дзе колер пачынаецца і дзе ён знікае?»... Гэткія ж пытанні ставіць і згаданая вышэй экспазіцыя Антаніны Фалей.

/i/content/pi/mast/19/370/36.jpg 
 Айсберг. "Уздоўж цячэння". Акварэль. 2004.
Выстаўка прадумвалася да дэталей. Па-першае, мастачка рыхтавалася да вернісажу менавіта ў Музеі Марка Шагала, бо пераканана, што экспанавацца тут — прэстыжна. Яна наўмысна падгадала праект пад 2009-ы, бо гэта юбілей: 90-я ўгодкі знакамітай шагалаўскай Мастацкай вучэльні. Як ужо згадвалася, выстаўка прысвечана менавіта Марку Шагалу. У яе адметны храналагічны дыяпазон — 12 гадоў, што азначае цыкл, паўнату, завершанасць і праз гэта — скіраванасць да новага. Тут экспанаваліся творы маленькія і вялікія, зробленыя спецыяльна да выстаўкі ці падабраныя пад канцэпцыю. Усё настолькі прадумана і дакладна, што экспазіцыя па-сапраўднаму ўражвае цэласнасцю і вытанчанасцю. У выставачных залаў Музея Марка Шагала вельмі дынамічная прасторавая форма, якая змушае ў экспазіцыі засяродзіць увагу на важных месцах, што і вызначыла шляхі яе фарміравання.

Прысвячэнне выстаўкі знанаму мастаку Антаніна Фалей разумела не як далучэнне да трыумфальнага планетарнага шэсця постшагалаўскай пластыкі. Яе праект не толькі магчымасць (як пры любой творчай справаздачы) запытаць у сябе самой: «А хто я ёсць?» — ёй хацелася зрабіць гэта ў «прысутнасці» любімага Шагала, каб атрымаць дакладны адказ. Бо ў прысутнасці вяршынь можна суаднесці з імі ўласны маштаб. Гэта патрабуе рашучасці і шчырасці, але, верагодна, надышоў такі час.

/i/content/pi/mast/19/370/37.jpg 
 Чатыры ўзроўні. Калаж. 2008.
На выстаўцы — жывапісныя і графічныя пошукі, калажы, любімыя водараспушчальныя фарбы, палатно, папера. Творы балансуюць паміж актуальным мастацтвам і дэкаратывізмам, але апошні вельмі стрыманы, шляхетны. Работы маюць назвы, што вельмі важна для мастацтва гэткай накіраванасці, бо дае гледачу падставу для асацыяцый: «Зямное прыцяжэнне», «Мроі», «Паверхні прыроды», «2000 гадоў прайшло», «Рэха», «Блакітная постаць», «Дыханне маці»... Назвы твораў, так бы мовіць, «прыродна-рамантычныя», яны ўзмацняюць эмацыянальнае і эстэтычнае ўздзеянне экспазіцыі. Выяўленчасць адчуваецца так непасрэдна і настойліва, што міжволі ахоплівае жаданне адшукаць нейкі важны прыхаваны сэнс. Ён ёсць — вельмі інтымны, вельмі складаны, які так і застанецца прыналежным самой Антаніне Фалей, бо адкрытасць яе твораў — далікатная, трапяткая, разлічаная на лагічнае вербальнае тлумачэнне. «Пульсуючая» экспазіцыя цалкам адпавядае гэтаму ўнутранаму стану твораў. Сіні існуе разам з колерамі-спадарожнікамі як нешта няўлоўнае, што адначасова прысутнічае і як празрыстая атмасфера. Ён свеціцца на поўную моц; каля цёмна-карычневага і прыглушана-аранжавага, вохрыстага абуджаецца да вібрацыі, — а як пры гэтым выглядае карычневы!.. Яго празрыстасць пераўтварае залатое ў нешта шчыльнае, матэрыяльнае, ён злёгку чырванее ад зялёнага, а прысутнасць побач спакойных ружова-ліловых тонаў канчаткова пазбаўляе яго матэрыяльнай сілы.

Сувязь з шагалаўскай творчасцю, якую шукаеш найперш таму, што яна закладзена ў канцэпцыю выстаўкі, вельмі вытанчаная і далікатная. Гэта ставіць экспазіцыю ў шэраг выдатных мастацкіх падзей апошняга часу. Творы ў сярэдзіне другой залы мастачка звязвае са знакамітай шагалаўскай «Прагулкай», дзе Бэла лунае над віцебскім краявідам і толькі рука мастака ўтрымлівае яе ў бачнай зямной прасторы. Яркая сукенка шагалаўскай каханкі некалі настолькі ўразіла Антаніну, што сёння творца паспрабавала выявіць свае ўражанні ад гэтага ружовага лунання. Верагодна, гэтая лёгкасць колеравага спалучэння вельмі падабалася і самому аўтару, бо праз некалькі гадоў пасля напісання «Прагулкі» Шагал вяртаецца да гэтага твора. Ён робіць тое, што сёння можна вызначыць як аўтарскі рымейк: у якасці дэкаратыўнага пано з назвай «Прывітанне Луначарскаму», памерам 3х2 метры, гэты твор упрыгожваў Віцебск падчас знакамітага святкавання Першай Кастрычніцкай рэвалюцыйнай гадавіны.

Уражанні мастачкі ад знакамітых шагалаўскіх вітражоў у Майнцы можна ўбачыць у каларыце і пластычнай пабудове калажа «Чатыры ўзроўні», таксама размешчанага ў другой зале. Надалей гэтае ўражанне ўзмацняецца да адчування ўсплёску эмоцый. Лагічны рух прыводзіць нас да вялізнага блакітнага спектра ў трэцяй зале; з пэўнага моманту гэты блакіт, бачны праз дзвярны праём, кліча да сябе.

Гэтая тонкая і па-сапраўднаму прыгожая выстаўка вартая самых шчырых кампліментаў, але экспазіцыя трэцяй залы прадстаўляецца апошнім моцным акордам. Улічаны вагавыя і фактурныя якасці колераў, гарызантальная, жывая, імклівая энергія перамяжоўваецца з плаўна цякучай, пульсуючай. Нават характэрныя штрыхаваныя лініі графікі Антаніны Фалей падаюцца блізкімі шагалаўскай манеры маляваць, драпаць, даруйце, «як курыца лапай», і ўспрымаюцца разам як вясёлы птушыны розгалас.

Выстаўка атрымалася. Першая выстаўка мастачкі, якая не крочыць услед за сусветнай знакамітасцю, а паводзіць сябе, як належна: са сваім «ідзе да зорак». У творах Антаніны Фалей знікаюць межы паміж жанрамі, бо саступаюць месца адзінству, а колер прысутнічае ў гульні форм, станаў, прасторы. Чароўная рэч, усё ж такі, гэты сіні... Нездарма знакаміты выкладчык-каларыст заклікаў: «Уважліва вывучайце сіні колер. Памятайце, што ў ім заўжды прысутнічае Боская сіла».

ларыса міхневіч