Простыя гісторыі пра дні птэрадактыля

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Дзве прэм’еры Беларускага маладзёжнага тэатра, відавочна, аб’ядноўвае іх жанр -- камедыя. Толькі ў адным выпадку яна -- лірычная, а ў другім набывае форму «жывога анекдота». Сутнасць жа застаецца нязменнай -- смяшыць і павучаць. Аднак спектаклі падзялілі між сабой гэтыя абавязкі. Так, «Дзень птэрадактыля» ў пастаноўцы Яўгена Іўковіча смешыць, а «Меў бы я залатыя горы...» («Вельмі простая гісторыя»), увасоблены Мадэстам Абрамавым, нібыта павучае.

Зусім не камедыя?

«Меў бы я залатыя горы...»
(«Вельмі простая гісторыя») Марыі Ладо.
Рэжысёр Мадэст Абрамаў.
Мастак Аляксандр Касцючэнка.

У п’есе Марыі Ладо «Вельмі простая гісторыя» закранаюцца -- або, больш дакладна, робіцца спроба закрануць -- тэмы вельмі сур’ёзныя: тут і забароненае каханне, і пытанне абортаў, і чалавечая няздольнасць паразумецца. Усё гэта актуальна і непакоіць многіх, можна сказаць, што з гэтымі праблемамі людзі сутыкаюцца штодня. Відавочна, што драматург, а потым і рэжысёр, не змаглі маўчаць. Мабыць, таму і з’явіўся на свет -- у выглядзе лірычнай камедыі -- спектакль «Меў бы я залатыя горы…» па п’есе «Вельмі простая гісторыя». Ды толькі на спектаклі Маладзёжнага тэатра непазбежна ўзнікае пытанне: ці варта чарговы раз гаварыць аб тым, пра што і так сказана дастаткова, зблытваючы ўсе ніці ў агульнай сюжэтнай канве ды яшчэ праецыруючы падзеі на жыццё свойскіх жывёл?
 /i/content/pi/mast/2/37/p.18_1.jpg
 Сцэна са спектакля
Жывуць сабе ў хляве Карова Зорка (Ганна Лавухіна), Кабыла Сястрычка (Раіса Сідорчык) і Свіння (Наталля Анішчанка). А да іх часам зазіраюць Сабака Здаравяк (Сяргей Шаранговіч), Певень (Юрый Баранаў), закаханая парачка -- Даша (Наталля Дуванава) і Аляксей (Дзяніс Майсейчык), а таксама п’яніца Сусед (Сяргей Журавель). Усё як мае быць, усё добра, ды толькі Даша нечакана зацяжарала. Далей застракацелі падзеі: заручыны, імкненне Дашы зрабіць аборт, забойства Свінні, жаданне жывёл уратаваць немаўля, самазабойства суседа і, нарэшце, нараджэнне дзіцяці. І ўсё гэта -- разам з песнямі, высвятленнем адносін між людзьмі і уваскрэсеннем Свінні. Што смешнага ўбачыў ва ўсім гэтым рэжысёр, не ведаю. Але атрымалася нейкая «каша» з кавалачкамі няпраўды.
У выніку пытанняў без адказаў больш чым дастаткова. Па-першае, драматург, відаць, не ведае, што, паводле хрысціянскага вучэння, самазабойца не можа трапіць у рай. Да таго ж ён сцвярджае, што калі памірае чалавек, на зямлі штораз нараджаецца новае жыццё, а памерлы становіцца анёлам-ахоўнікам нованароджанага. У нашым выпадку ахоўваць нованароджанае дзіця прызначаны самазабойца-Сусед. Ды ўзнікае блытаніна, бо герой Сяргея Жураўля пакінуў свет задоўга да нараджэння сваёй унучкі, і, паводле логікі драматурга, не ён мусіў стаць яе анёлам-ахоўнікам. І ўсё ж цуды, як бачым, зрэдчас здараюцца… Можна меркаваць, што ўсе гэтыя недакладнасці аўтар дапускае, каб падкрэсліць жаданне чалавека выратаваць «новае жыццё». Толькі нават пры самых высакародных намерах не варта забывацца пра «сродкі». Мала распавесці пра нейкую праблему, трэба распавядаць так, каб хацелася слухаць. На жаль, ні драматургу, ні рэжысёру гэтага зрабіць не ўдалося.
 /i/content/pi/mast/2/37/p.18_2.jpg

 Н.Анішчанка ў ролі Свінні


На сцэне гавораць, гавораць, гавораць, ды за гэтым -- зместавая пустата. Акцёры робяць адчайныя спробы ажывіць свае персанажы, зрабіць іх больш цікавымі. Вось Ю.Баранаў стварае ярка-камедыйны вобраз Пеўня: самаўлюбёнага, баязлівага і эксцэнтрычнага. Акцёр, здаецца, адным рухам броваў, поглядам і хадой выклікае смех у зале. На жаль, толькі гэты смех сведчыць пра нейкую рэакцыю публікі. У тым, што адбываецца на сцэне, дзіўным чынам адсутнічае дзеянне. Адны словы.
Нават каханне Дашы і Аляксея, прызначанае, паводле разліку рэжысёра, узбадзёрыць гледачоў, выяўляецца зноў-такі толькі ў словах. Праўда, спачатку героі крыху абдымаюцца, а пасля крыху распранаюцца, ды на гэтым дэманстрацыя страсці і кахання заканчваецца.
Марна шукаць падтэксты, унутраныя перажыванні, моцныя пачуцці, бо яны ў герояў проста адсутнічаюць. Гаспадыню, маці Дашы, у выкананні Алены Хрысціч увогуле можна не заўважыць. Яе з’яўленне на сцэне не толькі нічога не змяняе -- увогуле не мае сэнсу. Канфлікт між бацькамі закаханых выбудаваны гэтак жа схематычна, як і ўсе ўзаемаадносіны ў спектаклі. Акцёры статычныя. Якімі іх героі з’яўляюцца ў першых сцэнах, такімі і сыходзяць у апошніх, хоць за гэты час адбываецца нямала важных падзей.
Дзеяння мала, смешнага яшчэ менш, вось і атрымліваецца, што гледачы пабывалі не на камедыі, а на лекцыі пра шкоду абортаў і пра тое, што да жывёл трэба ставіцца добра, бо яны нашмат лепшыя за нас... Ды хто ж таго не ведае? ...

І не зусім анекдот

«Дзень птэрадактыля» Юрыя Куліка.
Рэжысёр Яўген Іўковіч.
Мастак Сяргей Антонаў.
 

Калі публіка ўсё ж хацела пасмяяцца, то пайсці варта было на спектакль «Дзень птэрадактыля» Ю.Куліка. У адрозненне ад «Вельмі простай гісторыі», п’еса Ю.Куліка не закранае «глабальных» праблем, затое гумар у ёй прысутнічае. Усім вядомы барадаты анекдот пра тое, як аднойчы муж вяртаецца дадому і застае жонку з палюбоўнікам, становіцца фонам для разгортвання дзеяння. Сама гісторыя развіваецца імкліва. Муж
/i/content/pi/mast/2/37/p.19_1.jpg 
Д.Бойка (Ігар), Т.Новік (Таццяна)
Павел (Іван Шчатко) наважыўся павесіцца, «палюбоўнік» Ігар (Дзмітрый Бойка) выпадкова зайшоў да аднакласніка, жонка Таццяна (Таццяна Новік) сабрала чамаданы, паштальён Вася (Юрый Баранаў) падвергся жорсткаму допыту з боку раўніўца-мужа, былая аднакласніца Пашы Іра (Юлія Сурмейка) нечакана прыйшла ў госці. З усяго гэтага вынікае мноства кур’ёзных сітуацый, якія дасціпна ўвасабляюцца акцёрамі і робяць пастаноўку надзвычай жывой і энергічнай.
У тым, што спектакль смешны, -- заслуга акцёраў, якія ствараюць на сцэне яркія вобразы. Павел ў выкананні І.Шчатко палка кахае сваю жонку і раўнуе яе. Ён рахманы і крыху няўклюдны, выклікае ўсмешку і замілаванне. Ігар у трактоўцы Д.Бойкі -- не зусім упэўнены ў сабе чалавек, які спрабуе схаваць свае комплексы за маскай героя-палюбоўніка.
Усе камічныя сітуацыі акцёры прайграюць так, што не смяяцца проста немагчыма. Да прыкладу, у сцэне, калі Паша з Ігарам «катуюць» выпадковага госця Васіля. Прымаючы яго за палюбоўніка Таццяны, яны прывязваюць небараку да крэсла і спрабуюць «выбіць» з яго праўду. Муж з ружжом, аднакласнік з камерай і паштальён з жахам у вачах -- усе разам ствараюць выключную па напале страсцей і збегу недарэчнасцей сцэну.
Музычнае афармленне А.Бачылы найлепшым чынам раскрывае рэжысёрскую канцэпцыю. Мелодыі і песні, што суправаджаюць дзеянне, надаюць спектаклю адценне весялосці і бестурботнасці. Лёгкую і іранічную атмасферу падтрымліваюць і мізансцэны, дасціпна выбудаваныя рэжысёрам і азартна разыграныя акцёрамі. Увогуле, усё атрымалася да такой ступені смешна, што выйшла за межы абазначанага пастаноўшчыкамі жанру. Здаецца, гэта не проста «жывы анекдот», а паўнавартасная і паўнаважкая камедыя.
Дарэчы, цяпер часта можна пачуць нараканні на тое, што ў рэпертуарах тэатраў пераважае «лёгкі жанр», спектаклі, закліканыя забаўляць і весяліць публіку. Калі ўжо так сталася, дык адпаведна ўзнікае пытанне: якімі ж павінны быць падобныя пастаноўкі: анекдатычнымі або лірычнымі, смешнымі або павучальнымі? Думаю, адказ зразумелы: галоўнае, каб яны былі цікавымі. Каб глядач -- ці задумаўся ён пасля спектакля над узнятымі ў ім праблемамі, ці проста пасмяяўся ад душы -- захацеў бы яшчэ раз прыйсці ў гэты тэатр і ў гэтую залу.

 Ірына КАСТЫЛЯНЧАНКА
Фота Андрэя Спрынчана.