Гульні з сярэднявечнай рэальнасцю

№ 6 (315) 18.06.2009 - 18.07.2009 г

У Італіі ў горадзе Сан Бенедэта-дэль-Тронта выйшла надрукаваная ўручную славутая паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Наборам тэксту, вырабам паперы з няроўнымі рванымі краямі — на ўзор колішніх рамеснікаў, дызайнам вокладкі з неафарбаванага казінага пергаменту займаўся італьянскі майстар-друкар Джуліяна Якамучы. А гродзенскі графік Юрый Якавенка зрабіў для кнігі адзінаццаць мініяцюр. Наклад выдання — 150 асобнікаў, кожны з якіх алоўкам падпісаў аўтар ілюстрацый; на ажыццяўленне праекта выдаткавана 30 тысяч еўра. Гэтыя грошы ахвяравалі сам мастак і яго сябры, усяго шэсць чалавек. Калекцыйная вартасць кнігі ацэнена ў 3500 еўра.

Прэзентацыя «Песні пра зубра» адбылася ў Мінску ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва падчас адкрыцця выставы Alfabet, адным з удзельнікаў якой быў Юрый Якавенка. Па экземпляры кнігі атрымалі Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Юрый Якавенка вырашыў таксама зрабіць каштоўны падарунак свайму гораду — дошкі, з якіх друкаваліся афорты для кнігі, будуць захоўвацца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Выданне паэмы, як гэта і задумваў у свой час Мікалай Гусоўскі, будзе перададзена ў Ватыкан.

/i/content/pi/mast/19/368/26.jpg 

Паэт. Афорт. 2008.

/i/content/pi/mast/19/368/27.jpg 

Род Медзічы. Афорт. 2008.

 /i/content/pi/mast/19/368/27-.jpg

 Барысфен. Афорт. 2008.

 /i/content/pi/mast/19/368/27=.jpg

 Раць. Афорт. 2008.

 /i/content/pi/mast/19/368/28.jpg

 Род Ягелонаў. Афорт. 2008.

 /i/content/pi/mast/19/368/28-.jpg

 Арда. Афорт. 2008.

 /i/content/pi/mast/19/368/29.jpg

 Паляванне. Афорт. 2008.

Кожны народ па-свойму адкрывае і ўвекавечвае нацыянальныя багацці — творы, якія старажытныя грэкі называлі помнікамі або паэмамі жыцця. Вяртанне з небыцця гэтых бессмяротных стварэнняў чалавечага генія нярэдка стымулюе змены ў гістарычным мысленні народаў і спрыяе разуменню нацыяй свайго ўкладу ў сусветную культуру. Адзін з найвыдатнейшых паэтаў-лаціністаў эпохі Адраджэння Мікалай Гусоўскі, аўтар паэмы «Песня пра зубра», атрымаў сусветную славу і сапраўднае прызнанне толькі праз чатыры стагоддзі пасля смерці. Яго паэтычны талент не быў запатрабаваны сучаснікамі ні ў Еўропе, ні на радзіме. У 1980 годзе ў сувязі з 500-годдзем Мікалая Гусоўскага UNESCO ўключыла яго ў сусветны каляндар. «Песня пра зубра» папулярызавала гісторыю і культуру Беларусі, саюз еўрапейскіх народаў перад небяспекай турэцка-татарскага нашэсця, ухваляла свабодную, мужную, дзейную асобу, нацыянальны патрыятызм, рэнесансна-ўтапічную, але ўзвышаную канцэпцыю гарманічных адносінаў чалавека, грамадства і прыроды. Паэма, напісаная элегічным дыстыхам (двухрадкоўем, утвораным спалучэннем гекзаметра і пентаметра), нібыта высветліла некранутасць лацінскага пласта старабеларускай літаратуры.

Цыкл афортаў Юрыя Якавенкі істотна і прынцыпова адрозніваецца ад папярэдніх варыянтаў ілюстравання «Песні пра зубра». Мастак імкнуўся пазбегнуць прамых асацыяцый з тэкстам, ягонай задачай было выявіць уласнае ўспрыманне асобы аўтара, спалучыць яго жыццёвы шлях, філасофію, светапогляд, якія знайшлі адлюстраванне ў літаратурным творы, з выяўленчай асацыятыўнай мовай уласных работ, якія шмат у чым судакранаюцца з эстэтыкай рэнесансу і маньерызму. Трагічная непрымірымасць канфліктаў, напружанасць поз, нязвыклыя эфекты, звязаныя з памерамі і перспектывай, выкарыстанне вычварна-фантастычных тэм — усё гэта было характэрна для мастацтва высокага Адраджэння, у якім ужо адчувалася прадвесце барока. Адсюль у афортах Якавенкі (пры незвычайнай агульнай гармоніі кожнай кампазіцыі, заключанай у форму круга) гэтая яркая экспрэсіўнасць вобразаў, неверагодная колькасць дробных дэталей, чаргаванне якіх нагадвае змены музычнага тэмпу, пэўная мудрагелістасць і ўскладненасць структуры. Усё гэта выдатна стасуецца са стылёвымі прыярытэтамі мастака, якія выразна выяўляюцца ва ўпадабаных ім у апошняе дзесяцігоддзе формах малой графікі.

Юрый Якавенка — найбольш таямнічы і неспазнаны мастак Гродзеншчыны. Немагчыма абыякава прайсці міма яго твораў, не паддаўшыся амаль непераадольнаму жаданню спасцігнуць схаваны сэнс выяў, інтэрпрэтаваць складаныя повязі магічных істот, якія жывуць у загадкавым свеце яго графічных лістоў. Карункавыя штрыхі і фактуры адмысловага сучаснага мастака-гравёра спалучаюцца тут з дэталямі сярэднявечча: элементамі з мініяцюр, вычварнымі істотамі гатычнай эпохі, алегорыямі, метамарфозамі і фантазіямі. Мастак упэўнена маніпуліруе сімваламі і сэнсамі, сплятае святло і цені, штрыхі і фактуры афорта, мецца-тынты або акватынты.

Мініяцюры да паэмы Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» — гэта гістарычныя і сэнсавыя асацыяцыі, якія не адлюстроўваюць непасрэдна змест літаратурнага твора. Гэта своеасаблівая гульня ў аналогіі і метафары, дзе асновай мастацкага мадэлявання свету становіцца пераасэнсаванне калізій і спляценняў лёсаў еўрапейцаў у XVI стагоддзі. Як і Гусоўскі, мастак не можа цалкам пазбыцца магічна-цудадзейнага ўплыву паданняў, язычніцкіх міфаў, заклёнаў. І калі ў тэксце яны з’яўляюцца праз россып прыказак, прымавак, то ў ілюстрацыях становяцца знакавай сістэмай, распрацаванай ненавязліва для глядацкага ўспрымання з дапамогай сэнсавых акцэнтаў кожнай з работ (напрыклад, жорсткі завіток пяра, які рэфрэнам праходзіць праз увесь цыкл). Афорты нібыта аб’яднаны ў адну гарманічную экспазіцыю. Здаецца, аўтар з упартасцю сапраўднага археолага збірае аскепкі нейкага пазачасавага «Архіпелага» (менавіта так называлася яго дыпломная работа; яна ж, здаецца, задала тон усёй далейшай творчасці) са схаваных у калектыўнай бессвядомай чалавечай памяці ведаў аб мінулым нашага свету, аб зніклых культурах, забытых намі продках, іх рэлігіях — аб усім неразгаданым і вечным. Невыпадкова падобныя ўспаміны ў выглядзе цьмяных — а таму трывожных і таямнічых — вобразаў усплываюць у час нашых сноў на мяжы святла і ценю, быцця і вечнасці.

Юрыю Якавенку ў сваіх работах удаецца зрабіць пазнавальнымі гэтыя мроі, спалучыць зыбкую тканіну асабістых перажыванняў са знакавымі кодамі розных культур. Часта аўтар наўпрост звяртаецца да сярэднявечнага містыцызму. Часам гэта прамое цытаванне, адлюстраванне свету, сканструяванага з гістарычных сімвалаў, таямнічых знакаў, масак звяроў, загадкавых чалавечых твараў. Кожная работа выразная, лаканічная, але пластычная мова твораў пры гэтым не мінімалізаваная, у ёй спалучаюцца вытанчаная вязь дэталей і фармальная пластыка фону. Усе кампазіцыі прасякнуты адчувальнай самаіроніяй сучаснага чалавека, які з асаблівай вастрынёй усведамляе, што рэальнасць сёння застаецца гэткай жа недасканалай, як і чатыры стагоддзі таму. І толькі мастак можа дазволіць сабе гуляць з ёю: увасабляць і разбураць на паперы сусветы...

Першая работа цыкла называецца «Паэт». Мастак стварае вобраз Міколы Гусоўскага, удумлівага і вытанчанага паэта, чалавека з правільным рымскім профілем, хвалістымі валасамі, пачуццёва прыплюшчанымі вачамі. Яго постаць хаваецца ў мяккіх складках тканіны, а рэзка закручаная лінія аддзяляе рэальнасць вобраза ад пазачасавага акружэння. Ці такім быў паэт у жыцці? Гэтага ніхто не можа сказаць. Нашчадкі не ведаюць дакладна ні месца нараджэння, ні месца пахавання Гусоўскага. Не вызначана тая частка беларускай зямлі, якая дала свету геніяльнага паэта. Але несумненна: паэт з Гусава — чалавек з дэмакратычных слаёў, які добра ведаў народныя звычаі, легенды. Зварот Гусоўскага на схіле гадоў да першапачатковага вымаўлення свайго прозвішча таксама ўскосна пацвярджае яго беларускае паходжанне. «Г» у напісанні прозвішча паэта фрыкатыўнае, не выбухное: «Hussovianus, Hussowski», а не «Gussovianus». Такое вымаўленне адпавядае фанетычнаму складу, асаблівасцям беларускай мовы.

Мікалай Гусоўскі, магчыма, нарадзіўся ў сям’і збяднелага паляўнічага, рана пачаў дапамагаць бацьку, меў магчымасць наведваць ускраіны краіны. Для літаратуры яго адкрыў Эразм Вітэліус, сакратар велікакняскай канцылярыі, які стаў сябрам і мецэнатам будучага паэта. Ён дапамог яму атрымаць адукацыю ў адной з кафедральных або царкоўна-прыходскіх школ Беларусі, а пасля паглыбіць свае веды ў Вільні, Польшчы і Італіі. Не выключана, што Гусоўскі вучыўся ў Кракаўскім і Балонскім універсітэтах. У дакументах Балонскага ўніверсітэта абазначаны «Dominus Nicolaus Albinus Polonus Lithuanus», які стаў магістрам рыторыкі і доктарам філасофскіх навук у 1519–1520 гадах.

Наступны этап біяграфіі паэта звязаны з Італіяй, з родам Медзічы. Гэтай тэме прысвечаны і афорт мастака. На ім — загадкавы твар чалавека, які асядлаў нябачнага каня. Жорсткія рысы адбіліся ў люстэркавых даспехах. Хто гэта — Ларэнца Медзічы або яго сын Джавані, які стаў папам Львом Х? Дакладна можна зазначыць, што выяўлены мастаком чалавек упарты, цынічны, народжаны для ўлады.

У 1518 годзе Гусоўскі ў складзе пасольства Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага прыехаў у Італію. У Еўропе пра землі літвінаў і палякаў хадзіла шмат неверагодных чутак. Адна з іх — пра бізонаў (так называлі там зуброў) гіганцкіх памераў — дайшла да папы Льва Х, якому сан не перашкаджаў апекаваць таленты, збіраць карціны, чучалы экзатычных жывёл. На аўдыенцыі ў папы польска-літоўскі пасол Вітэліус даведаўся пра ягонае жаданне бачыць набітую сенам шкуру «экзатычнага прадстаўніка звярынага свету Поўначы» ў калекцыі Ватыкана. Пасол накіраваў віленскаму ваяводу Радзівілу прашэнне здабыць шкуру па магчымасці самага буйнога зубра, а свайго сакратара і сябра Мікалая Гусоўскага абавязаў прадставіць папе апісанне жывёлы.

У Італіі Гусоўскі пражыў з 1518 да пачатку восені 1523 года. У яго было дастаткова часу, каб спазнаць краіну, яе мову і мастацтва. У гэтай «калысцы Адраджэння» канчаткова сфарміравалася творчая індывідуальнасць паэта. У Рыме ён быў на піку паэтычнага ўздыму і напісаў свой лепшы твор. Аднак папа Леў Х памёр у 1521 годзе, так і не паспеўшы пабачыць свайго «паўночнага звера» і прачытаць ужо напісаную на лацінскай мове «Песню пра зубра» Мікалая Гусоўскага. Новы папа Андрыян VI не дапускаў да сябе вучоных, мастакоў, паэтаў. Ён быў заняты барацьбой з ерасямі, а не паляваннем і літаратурай.

«Чума» — гэты графічны ліст прысвечаны эпідэміі, якая адбылася ў Рыме ў 1522 годзе. Мастак прыпадобніў хваробу да каметы, што падае на зямлю. Чалавечы твар каметы поўніцца жахам і болем. Лінія пасярэдзіне — свайго кшталту падзел: па адзін бок знаходзіцца чалавек, які баіцца непазбежнай смерці, па другі — бясконцыя прасторы сусвету. У пэўным сэнсе афорт з’яўляецца адлюстраваннем рэальнай гісторыі. Чума прымусіла рымлян звяртацца з малітвамі да Хрыста, пасля да язычніцкіх багоў, прыносячы ім у ахвяру чорных быкоў. Гусоўскі быў уражаны і расчараваны дысгармоніяй хрысціянскага горада. Ён не меркаваў сустрэць тут дзікунства: паэт пражыў у Італіі пяць гадоў, захапляўся яе багатай культурай, светлымі ідэямі часу, еўрапейскім узроўнем эліты краіны… Неўзабаве памёр яго сябра Вітэліус, і Гусоўскі застаўся без сродкаў для існавання. Ён вярнуўся на радзіму.

Мяккі паэтычны профіль маладой прыгажуні, вытанчаныя карункі адзення, бляск шоўку на галаве — такой убачыў Юрый Якавенка каралеву Бону Сфорца з роду Медзічы. Падобнай яна, магчыма, здавалася і паэту, удзячнаму ёй за дапамогу ў выданні «Песні пра зубра». Пісьмовыя крыніцы сведчаць, што насамрэч каралева не была рамантычнай асобай. Яна была шчодра адорана эканамічным мысленнем, спрытам, смеласцю і прагнасцю да грошай. Але калі ў 1523 годзе Гусоўскі вырашыў надрукаваць сваю паэму ў Кракаве, спрыяла яму менавіта каралева Бона. У прысвячэнні Гусоўскі заклікаў яе дапамагаць таленавітым людзям навукі і мастацтва. Бона Сфорца сапраўды была апякункай гуртка шляхетных паэтаў. Але самога Гусоўскага, чалавека невысокага сацыяльнага паходжання, яна трымала на адлегласці.

У лісце «Арда» мастак паказвае татара-мангольскае нашэсце ў выглядзе трохгаловага міфічнага сабакі Цэрбера, ахоўніка варот Пекла. Разяўленыя злосныя пашчы, ногі, падобныя на мячы і коп’і, — гэты вобраз жудаснай істоты надзіва выразна выглядае на знарок спрошчаным фоне. Гусоўскі, абвяргаючы распаўсюджаны ў XVI стагоддзі на Захадзе міф аб «ідылічнай дзікасці» ўсходніх славян і літоўцаў, паказаў свой край чытачу як еўрапейскі фарпост барацьбы з золатаардынцамі, тэўтонцамі і туркамі.

«Паляванне» — ці не найважнейшы ліст серыі ілюстрацый. На ім у складаным спляценні астральных знакаў і віртуозна закручаных ліній прачытваецца галава зубра. Яна нечым нагадвае твар чалавека — задуменнага і адасобленага ад падзей, бо ён над імі ўжо не ўладар. «Мы — яшчэ натоўп», — пісаў Гусоўскі. Мастак, як і паэт, паказаў зубра рухальнай сілай гісторыі: велізарны звер, які на сваёй спіне цягне скрозь вякі народ. Гэта перадае пазіцыю самога Гусоўскага, які выдатна валодаў майстэрствам палявання, аднак прызнаваўся, што ахвотна застаўся б убаку, калі б не лічыў ганьбай адставаць ад сяброў. Невыпадкова ён з захапленнем апісаў самога звера, але без асаблівых эмоцый перадаў сцэны палявання. Зуброў забівалі не столькі дзеля мяса, колькі для трэніроўкі і спаборніцтва ваяроў, для пацехі князёў. Доблесцю лічылася здабыць звера жывым, даставіць у лагер, выпусціць і на вачах уладара закалоць коп’ямі. Каранаваныя асобы любілі назіраць забойства зубра ў лесе — на спецыяльных памостах. Усё было даведзена да дасканаласці, да паэтычнага абгрунтавання. Але з яго не вынікае, што ўсё гуманна: фінал бітвы быка з матадорам на арэне, ахвярапрынашэнне ў каталіцкім Рыме ў час чумы або паляванне ў лясах Вялікага княства Літоўскага. Зубр для Гусоўскага — сімвал, які спалучае мінулае і будучыню. Паляванне на яго асацыюецца з пастаяннай вайной. А забойства зубра падобнае да забойства радзімы.

Князь Вітаўт — адзін з герояў паэмы Гусоўскага. Вялікаму князю ў багатых даспехах прысвечана работа Юрыя Якавенкі «Паядынак». Вітаўт не мячом, а рукамі разрывае жахлівую гідру, Цэрбера, які прарваўся праз усе перашкоды. Мастак не імкнуўся ўвасобіць партрэтнае падабенства. Вобраз князя, абаронца радзімы, збіральны для яго. Вітаўт — адважны воін і мысліцель, сапраўдны чалавек эпохі Адраджэння. Яго, героя Грунвальдскай бітвы, які адышоў у іншы свет сто гадоў таму, адзінага з усіх правіцеляў княства натхнёна праслаўляе і ўхваляе ў сваёй паэме Гусоўскі, з болем гаворачы пра міжусобныя войны князёў-сучаснікаў.

У працяг тэмы зроблены наступны ліст «Раць», дзе твары воінаў відавочна падобныя, але ў кожным з іх прысутнічае свой імпульс, настрой. Гэта ўжо не безаблічны натоўп, гэта войска Вялікага княства Літоўскага, якое магло абараніць родную зямлю ад арды і ўсмірыць непрыяцеля. Зусім іншыя эмоцыі перададзены ў партрэце мужы каралевы Боны — памаўзлівага караля Сігізмунда Старога, дзе мастак гратэскна перабольшыў некаторыя рысы характару героя. «Салодкая» памяць пра караля, які захапляўся паляваннем, меў незвычайную сілу (ламаў падковы, рваў канаты), вылучаўся спакойнай разважлівасцю, а на схіле гадоў ажаніўся з маладой італьянскай княжной, доўга жыла на Беларусі.

Барысфен — антычная назва ракі Днепр, па якой праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Таму невыпадкова ў аднайменным графічным лісце спалучаны антычны сасуд, падобны на рыбіну з чалавечым тварам, і галава быка, якая ляжыць на калясніцы ў выглядзе рымскага моста. Мастак падкрэслівае, што «Песня пра зубра» стваралася для еўрапейскіх чытачоў, эстэтычныя густы якіх былі выхаваны на ўзорах старажытнагрэчаскай і рымскай літаратур.

«Дзева» — апошняя работа ілюстрацыйнага цыкла. Панна Марыя паказана зусім юнай дзяўчынай. Нават складанае адзенне не хавае яе чыстай прыгажосці. Сэрца, прабітае мячом, — герб Дзевы, літары «IMR» — абрэвіятура лацінскага «Беззаганная Марыя Каралева». Зуброў знішчыла прырода чалавека. Мікалай Гусоўскі, які разумеў гэта і адчуваў сэрцам, усклікнуў: «Дзева Марыя!» У яго словах былі адчай, пратэст, прасвятленне. Чалавек рэлігійны, Гусоўскі і багатварыў, і заклікаў Дзеву да турбот аб «усіх істотах зямных», разам з якімі ён будзе маліцца. Ён ставіў чалавека і жывёл на адну прыступку светабудовы. Калі апошнія змоўкнуць і свет перастане звінець, дык нашто адзінокаму чалавеку малітва? Будзённасць абрыне душу ў цемру. І тут не дапамогуць ні адукацыя, ні культура, ні багацце.

Паэт Мікалай Гусоўскі жыў у Беларусі і Італіі на зыходзе Адраджэння. Мастак Юрый Якавенка — чалавек ХХІ стагоддзя. Але іх вобразнае мысленне мае шмат кропак сутыкнення. Ні паэт ні мастак не імкнуліся штучна стварыць вобраз цэльнай і гарманічнай асобы. Яны звярталіся да рэаліяў сучаснага ім свету, шукаючы ў гэтым надзею і падтрымку.

наталля шаранговіч