ПАДЗЕІ І ТЭНДЭНЦЫІ

№ 5 (314) 21.05.2009 - 21.06.2009 г


art-скрыжаванні

Балет як элемент шчасця

/i/content/pi/mast/18/365/14.jpg 
Сцэна з балета "Лебядзінае возера". Андрэй Увараў (Зігфрыд). 
У абноўленым будынку Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё Года культуры Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр Расіі прывёз візітоўку — «Лебядзінае возера».

Ажыятаж узнік задоўга да прыезду масквічоў. Хоць самыя дарагія білеты каштавалі больш за 130 тысяч, іх раскупілі імгненна. Тлумачэнне? Опера Вялікага тэатра прыязджала да нас больш як 30 гадоў таму, а балета за гэты час — не салістаў, а ўсёй трупы! — здаецца, і не было.

Чым уразіў і ўзрушыў спектакль? Музыкай Чайкоўскага, рэдакцыяй Юрыя Грыгаровіча і партыяй Адэты-Адыліі ў выкананні прымы Вялікага тэатра Святланы Захаравай. У масквічоў іншае прачытанне партытуры (аркестр — наш, дырыжор — Павел Клінічаў з Вялікага тэатра). Асобныя нумары пераманціраваны, тэмпы «ссунуты», яны больш імклівыя, што надае хрэстаматыйным фрагментам нечаканую свежасць.

Пабудова спектакля, дынамічная і кампактная (дзве дзеі, чатыры карціны), адлюстроўвае рускі характар, ментальнасць больш дзейсную і актыўную. Наша «Лебядзінае» — алегарычная казка, разлічаная шмат у чым на дзяцей. Маскоўскае — філасофская пластычная містэрыя, разлічаная на дарослых. У нашай пастаноўцы больш элегічнасці, задуменнасці, у маскоўскай — глыбіні, драматызму, нават трагічнасці. І не толькі таму, што Грыгаровіч адмовіўся ад аптымістычнага фіналу.

Драматургічны вузел (Прынц — Злы геній — Адэта) завязаны ў спектаклі гасцей больш туга. Зігфрыд — у белым, Злы геній — у чорным; Адэта — у белым, Адылія — у чорным. Узнікае сістэма адлюстраванняў і множнасці люстэркаў. Злы геній успрымаецца як двайнік Зігфрыда, ягоны цень, або як лялькавод ці «чорны чалавек». Белыя лебедзі прачытваюцца як мары, як памножанае ўвасабленне астральнага цела, як прывіды, што ўзнікаюць ва ўяўленні прынца.

Грыгаровіч адмовіўся ад многіх сцэн, абавязковых у ранейшых пастаноўках. Няма бутафорыі, лукаў, арбалетаў, галін дрэў, буры, крылаў Злога генія. Прынц не выпраўляецца на паляванне. Адэту яму паказвае… Злы геній — спакушаючы марай, ідэалам, фантастычнай прыгажосцю. Пасля будзе спакушаць яе двайніком, Адыліяй. Сцэна, што ідзе перад па-дэ-дэ, пастаўлена на мяжы геніяльнасці. У апошняй сцэне харэограф уводзіць чорных лебедзяў — барацьба Дабра і Зла, Святла і Змроку набывае зрокавае ўвасабленне...

Сцэнічнае вырашэнне Захаравай партыі Адэты-Адыліі вышэй за ўсе магчымыя ўхвалы і палкія эпітэты. У яе неверагодна выразная і экспрэсіўная пластыка, вельмі мяккія кісці рук. Масквічы прадэманстравалі такі ўзровень тэхнікі і танцавальнай культуры, да якога нам яшчэ імкнуцца. Майстэрства мае шмат складнікаў. Расія збірае таленты з неабсяжных тэрыторый. Вялікі і Марыінскі тэатры заўжды былі першымі сцэнамі, куды траплялі лепшыя з лепшых.

«Культура — гэта элемент шчасця», — прамовіў міністр культуры Расіі Аляксандр Аўдзееў перад пачаткам «Лебядзінага возера». Цудоўна, што мы мелі магчымасць да шчасця дакрануцца. Але чаму ж яго было так мала?! Ці ўбачым у бліжэйшы час яшчэ балетныя спектаклі Вялікага тэатра?

Таццяна МУШЫНСКАЯ

Музыка

Bach–collegium у Магілёве

/i/content/pi/mast/18/365/15.jpg 
Хор і аркестр магілёўскай капэлы.
З поспехам прайшоў у Магілёве V фестываль музыкі Баха Bach–collegium. Першы канцэрт фэсту ладзіўся ў касцёле Святога Станіслава. У выкананні арганісткі Ксеніі Пагарэлай, лаўрэата міжнароднага конкурсу, салісткі канцэртнай залы Сафійскага сабора Полацка, натхнёна прагучалі многія творы славутага кампазітара. Арыгінальнай праграмай вылучаўся канцэрт аркестра і хору Магілёўскай гарадской капэлы, паказаны ў зале Мастацкага музея імя Паўла Масленікава: гучалі манументальная кантата Magnificat для салістаў, хору і аркестра, Брандэнбургскі канцэрт № 1 і 3-я аркестравая сюіта.

Падчас закрыцця фестывалю ў абласным драматычным тэатры адбылася доўгачаканая сустрэча магілёўскіх слухачоў з Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь (пад кіраўніцтвам Пятра Вандзілоўскага), які выканаў 3-і і 4-ы Брандэнбургскія канцэрты, 2-ю сюіту, Канцэрт для дзвюх скрыпак з аркестрам і інш.

Магілёўская капэла рыхтуе праграму да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама сумесны канцэртны праект з вядучымі салістамі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета — выхадцамі з Магілёўшчыны. Да наступнага Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» калектыў капэлы рыхтуе выкананне буйнога вакальна-інструментальнага твора Гендэля — араторыі «Страсці паводле Іаана».

Вольга МАРОЗАВА.

Вальс, вальс, вальс!

/i/content/pi/mast/18/365/15-.jpg 
Таццяна Траццяк і Уладзімір Пятроў у праграме "Вечар вальса".
Дырыжор Алег Лясун і рэжысёр Галіна Галкоўская згадалі, што ў знакамітых операх, балетах, аперэтах велізарная колькасць любімых арый і дуэтаў, папулярных танцавальных і аркестравых нумароў пабудавана менавіта на вальсавых мелодыях. Так узнікла асобная праграма з назвай «Вечар вальса».

Першую дзею, дзе дамінавала руская музыка (Чайкоўскі, Хачатуран, Свірыдаў, Глінка), дапоўненая фрагментамі з твораў Гуно, Пучыні і Леанкавала, Галкоўская пабудавала як «Баль у Ларыных», або «Рускі баль». Прычым яго вядучымі з’яўляліся галоўныя героі оперы «Яўгеній Анегін»: Таццяна Ларына, Ленскі, Трыке.

Другая дзея была акрэслена як «Маскарад у графа Арлоўскага» (адзін з герояў аперэты «Лятучая мыш»), або «Венскі баль». Тут пераважала заходнееўрапейская класіка, фрагменты з аперэт Штрауса, Кальмана, шлягеры Афенбаха і Дунаеўскага. Вядучымі аказаліся Сільва і Эдвін, граф Арлоўскі і Фіялка Манмартра.

Пераканана, што праекты, у цэнтры якіх аказваюцца папулярныя музычныя жанры, варта доўжыць, насычаючы структуру новымі фрагментамі. Такія вечарыны проста асуджаны на глядацкі і слухацкі поспех!

Т.М.

выставы

Без кан’юнктуры

/i/content/pi/mast/18/365/16-.jpg 
Мікалай Аўчыннікаў. На узвышшы Навагрудка. Акварэль. 1988. 
Работы маладзечанскага мастака Мікалая Аўчыннікава, які прадставіў сваю персанальную выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі, вылучаюцца яркай дэкаратыўнасцю, але разам з тым прыцягваюць унутраным святлом, глыбокімі філасофскімі развагамі аб роднай зямлі.

«Яго акварэльныя лісты выходзяць за межы камернага жанру, імкнуцца да эпічнасці, — зазначае дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў. — Здаецца, што мастаку цесна ў звыклых памерах, таму ён абірае вялікія фарматы, што тэхнічна больш складана.

Гавораць, што творы адлюстроўваюць душу. Гледзячы на работы Аўчыннікава, прыходзіш да высновы: аўтар у жыцці і творчасці здолеў пазбегнуць кан’юнктуры. Мастак неабыякавы да гісторыі свайго народа, ён занепакоены станам помнікаў архітэктуры і імкнецца сваімі работамі адкрыць людзям цудоўную спадчыну продкаў».

Эзатэрычны жывапіс

/i/content/pi/mast/18/365/16--.jpg 
Віктар Васюкевіч. Далёкае святло. Алей. 2007. 
Жывапісец Віктар Васюкевіч характарызуе сваю творчасць як «спробу матэрыялізаваць гук». Адпаведна і выставу ў галерэі Vilnius ён назваў «Колерамузыка». Аднак гэта не канцэптуальны праект, хутчэй, выніковая выстава, якая дазваляе прасачыць творчую эвалюцыю аўтара. У карціне дваццацігадовай даўніны «Тэхнакратыя», дзе прыродныя ландшафты знітаваныя з геаметрычнымі пабудовамі, адчуваецца ўплыў экуменічнага сімвалізму і мазаічнасці Аляксандра Кішчанкі. Некалькі пазнейшых прац — «Касмадром», «Інфармацыя», «Тэлескоп» — набліжаюцца да абстракцыі, але не пазбаўляюцца канчаткова фігуратыўнасці. На гэтым шляху Васюкевіч аказваецца побач з такімі мастакамі, як Ігар Ермакоў і Алесь Родзін, што асабліва заўважна па эксперыментальнай графіцы Віктара, дзе аснову твора складаюць хаатычныя спалучэнні разнастайных элементаў рэчаіснасці. У работах апошніх гадоў валадараць гульня колеру і надзвычай моцная энергетыка. Карціны «Туманнасць Андрамеды», «Вока Сусвету», «Пейзаж планеты» можна назваць касмічнымі. Але тут маецца на ўвазе іншы, унутраны космас, які месціцца ў душы чалавека. Стыль гэтых прац наватарскі — да яго пасуюць азначэнні «абстрактны экспрэсіянізм», «эзатэрычны жывапіс», «мастацтва “нью-эйдж”». Важную ролю адыгрывае аўтарская кампазіцыя — інтуітыўная, цэласная, цыклічная. Каб не страціць пачуццё колеру, Васюкевіч нямала працуе ў рэчышчы натурнага пейзажа з моцным ухілам у імпрэсіянізм.

Алесь Сухадолаў.

Проста праект ці пазіцыя?

/i/content/pi/mast/18/365/16=.jpg 
Максім Шумілін. З серыі "Дзённікі ветру". 2009. 

Выстава фатаграфій «Дзённікі ветру» — гэта, паводле аўтараў Максіма Шуміліна і Міхаіла Лешчанкі, «абрыўкі настрояў, зафіксаваныя з дапамогай пэндзля і хімічных раствораў на акварэльнай паперы». У выніку такога складанага тэхналагічнага працэсу — адзінкавы і непаўторны твор. Відавочны рух гэтай фатаграфіі да пошукаў новага і нечаканага адчування, калі святло і выпадковасць ствараюць выяву, вольную ў сваім раскрыцці.

Аднак «абрыўкі настрояў» выклікалі і абрыўкі вобразаў, прыгожых, але часта выпусташаных, эстэцтва і форма відавочна пераважалі над глыбінёй і сэнсам. Выстава цікавая як цэльны праект, як жэст прэзентацыі ўласнага творчага метаду і візуальнай мовы.

 

З хаосу да ладу

/i/content/pi/mast/18/365/17.jpg 
Валянціна Шоба. З нізкі "Сакральная геаметрыя". Аўтарская тэхніка. 2009. 
«artХАОС» — назва персанальнай выставы мастачкі Валянціны Шобы (Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей). У аснове экспазіцыі ляжаць работы апошніх гадоў, аб’яднаныя агульнай задумай. Канцэпцыя новага этапу творчасці мастачкі — сакральная геаметрыя, ідэя пра тое, што асновай нашага ўяўлення пра сусвет з’яўляюцца старажытныя сімвалы, якія нясуць у сабе велізарную сэнсавую насычанасць, назапашаную тысячагоддзямі. Сімвалы заўсёды прысутнічалі ў творчасці Шобы (гэта яе, ужо пазнавальныя, сонца і месяц, коні і караблі), цяпер мастачка звярнулася да асноўных з іх — круга, які ўвасабляе цэласнасць, вечнасць, гармонію, і піраміды — як іерархіі будовы свету і імкнення да высокага. Гэтая старажытная сімволіка ўтрымлівае столькі сэнсавых пластоў, што кожны глядач знойдзе сваю адзіную ісціну. А мастачка... прыхоўвае ў выявах свае ўласныя сэнсы.

Святлана ЯНЧАЛОЎСКАЯ

парадаксальны і глабальны

/i/content/pi/mast/18/365/17=.jpg 
Валерый Вядрэнка. Вялікі тэатр. Фотапластыка. 2009.
«Сёння Мінск — узорны савецкі горад з адпаведнай статусу архітэктурай. Ператварэнне губернскага гарадка ў сталіцу выклікала пралом цэнтра горада праспектам Сталіна, пабудовай пары “парфенонаў” на пагорках і ўзвядзеннем Вялікага тэатра на месцы могілак і рынку. Знішчэнне Нямігі ў 70-х гадах завяршыла мэтазгодны горадабудаўнічы працэс. І сёння гістарычны Мінск нагадвае голуба з крыламі арла. Нібы і прыгожа, а ўзляцець не можа». Горка-іранічная рэфлексія фатографа Валерыя Вядрэнкі працягваецца і ў візуальным шэрагу на выставе «Мінскі альбом №1» (галерэя «Свет фота»). Чатыры серыі, спалучаныя ў невялікай прасторы адзінай тэмай, былі розныя па ступені апрацаванасці фотавыявы. Такім чынам былі прадстаўлены творы розных відаў мастацтва — фотаграфікі і фатаграфіі. У серыі «Вялікі тэатр» аўтар прапанаваў уласныя — «нерэалізаваныя» — праекты архітэктуры тэатра оперы і балета. «Стометроўка» — «натуральныя» здымкі часткі цэнтральнага мінскага праспекта, рытмізаваныя архітэктурныя элементы якога прыўносяць адчуванне барабаннага рытму... Крыху збянтэжыла празмернасць экспазіцыі, прасторы відавочна не хапала паўз і акцэнтаў. Аднак кожная выстава гэтага аўтара — падзея, заўважная ў фатаграфічным асяродку: яна выклікае неадназначныя рэакцыі і бурныя дыскусіі пра прыроду фатаграфіі, яе развіццё і перспектывы.

сігнальны экземпляр

Беларускі Левітан

/i/content/pi/mast/18/365/18.jpg 
Іван Дмухайла. Аўтапартрэт. Алей. 1940.
Альбом твораў выдатнага мастака Івана Дмухайлы выйшаў праз два гады пасля яго смерці. Невыпадкова былі абраны для рэпрадуктавання менавіта краявіды майстра. Іван Дмухайла пісаў таксама нацюрморты, партрэты. Аднак для ўсіх ён застаўся выдатным пейзажыстам, якому да апошніх дзён не давала спакою «жаданне пранікнуць у сутнасць, сэнс і таямніцу прыроды, таямніцу прыгажосці гэтых спрадвечных каштоўнасцей Быцця». Мастак захапляўся французскімі імпрэсіяністамі, быў сучаснікам Пікасо і Далі, Малевіча і Сар’яна, але заставаўся шчырым прыхільнікам традыцый рэалістычнай школы жывапісу з яе вобразнай выяўленчай мовай. Іван Дмухайла дзяцінства правёў на Украіне. Яго называлі беларускім Левітанам, хоць з гэткім жа поспехам можна было б назваць і ўкраінскім. Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кавалер украінскага ордэна «За заслугі», Іван Дмухайла не размяжоўваў для сябе гэтыя дзве краіны. Шэсцьдзесят гадоў ён пражыў на Беларусі, гаварыў на ўкраінскай мове і з захапленнем маляваў беларускія краявіды.

кіно

Наш адказ фон Трыеру

/i/content/pi/mast/18/365/18-.jpg 
Андрэй Панін на здымках фільма "Ваўкі". 
Амаль дзесяць гадоў таму кароткаметражны фільм «Прага жыцця» па вядомым апавяданні Васіля Шукшына быў прызнаны лепшым на нацыянальным кінафестывалі ў Брэсце. На жаль, рэжысёрская кар’ера яго аўтара Аляксандра Колбышава на радзіме не склалася. Ён з’ехаў у Расію і пэўны час займаўся здымкамі серыялаў. Нарэшце шматбаковы талент (Колбышаў яшчэ і неблагі акцёр) спатрэбіўся на нашай студыі: рэжысёр прыступіў да здымак сваёй першай поўнаметражнай стужкі «Ваўкі».

Фільм заснаваны на аповесці яшчэ аднаго беларускага рэжысёра Аляксандра Чакмянёва. Твор быў напісаны ў сярэдзіне 1960-х, але не страціў сваёй актуальнасці. Па сюжэце ён вельмі нагадвае славуты «Догвіль» Ларса фон Трыера.

Камерная псіхалагічная драма адбываецца напрыканцы 1940-х — улюбёнага перыяду творцаў з «Беларусьфільма». Жыхары занесенай снегам маленькай вёскі не могуць вырашыць, ці выдаваць уладам уцекача з лагера, які хаваецца ў гэтых бязлюдных мясцінах. Цяжкае маральнае выпрабаванне з гонарам вытрымліваюць не ўсе: хтосьці дапамагае зэку, а хтосьці пачынае здзекавацца з патрапіўшага ў пастку чалавека.

Прэм’ера «Ваўкоў» запланавана на восень бягучага года, а пакуль на здымачнай пляцоўцы працуюць Уладзімір Гасцюхін, Зміцер Ульянаў, Аксана Лясная, а таксама запрошаная «зорка» Андрэй Панін, які выконвае ролю капітана НКУС.

Здымайце беларускае!

/i/content/pi/mast/18/365/18=.jpg 
Паліна Сыркіна ў стужцы "Кадэт" Віталя Дудзіна. 
Беларускія выканаўцы прызнаюцца ў любові да кінарэжысёра Віталя Дудзіна. Любоў узаемная: Дудзін заўсёды запрашае ў сваё кіно максімум айчынных акцёраў. «Кадэт» — не выключэнне: ва ўсіх ролях у ім заняты толькі свае выканаўцы. Ды і гісторыя цалкам беларуская, адбываецца напрыканцы 1940-х, на захадзе краіны.

«Кадэт» — спроба зрабіць жанравае кіно на нашым вясковым матэрыяле. Галоўны герой — той самы «кадэт»-суворавец Дзяніс — расследуе забойства свайго дзядзькі і хоча злавіць меркаванага злачынцу — мясцовага хлопца Метыка. Справа ўскладняецца тым, што Кадэт закахаўся ў дзяўчыну Метыка Ганну, ды і з забойствам не ўсё так проста.

Рэжысёр, відавочна, вагаўся паміж дэтэктывам і меладрамай. Але ў выніку не выбраў ні таго, ні другога. Удала спалучыць жанры Дудзіну не ўдалося. Сюжэт стужкі насычаны, цікавы, аднак рэжысёр не падмацоўвае яго відовішчнымі момантамі. Вельмі стандартнай, да крыўднага недынамічнай з’яўляецца і аператарская праца маладога Зміцера Рудзя. На жаль, да канца не раскрытай застаецца яшчэ адна сцэнарная лінія. Вобраз селяніна, які вымушаны хавацца са зброяй у лесе (рабочая назва карціны была менавіта «Метык»), мог стацца абагульняючым вобразам нацыі, якая апынулася паміж двух агнёў. Трагедыя братазабойчага канфлікту ў «Кадэце» не дасягае патрэбнага градусу, а ад таго гісторыя, расказаная ў фільме, выглядае нейкім прыватным выпадкам.

Між тым, на фоне іншых стужак, створаных на «Беларусьфільме» за апошні час, «Кадэт» — безумоўны прагрэс. Трэба адзначыць яго якасны сцэнарый і выканаўцаў, сярод якіх вылучаецца мінская актрыса Паліна Сыркіна.

А.С.

Прэм’ера

Страсць і злачынствы

/i/content/pi/mast/18/365/19=.jpg 
"Магічнае люстра пана Твардоўскага" Сяргея Кавалёва. Сцэна са спектакля. 
Часам здаецца, нібыта ўсё ў гэтым свеце накіроўваецца старонняй воляй. Асабліва калі падзеі бярэцца тлумачыць мастацтва. Прыблізна поруч з шэкспіраўскімі Рамэо і Джульетай, у тым жа стагоддзі, ва ўсходняй частцы Еўропы адбылася падобная трагедыя кахання караля Жыгімонта і віленскай магнаткі Барбары Радзівіл. Ці то Шэкспір даведаўся, ці то яны прачыталі… Хоць ні таго ні другога быць не магло, супадзенне гісторый вельмі займае розум.

Шэкспір, напэўна, выдумаў гісторыю сваіх герояў і выправіў іх у свет, не чакаючы наступстваў. Аднак персанажы з ХVI стагоддзя працягваюць натхняць сотні сучасных літаратараў. Дый рэальныя асобы Барбары і Жыгімонта таксама падштурхоўваюць да стварэння шматлікіх літаратурных версій. Асабліва на нашых літоўска-беларуска-польскіх тэрыторыях. Хоць, калі разабрацца, сталыя літоўскія каханкі з вялізным вопытам адносін за плячыма мала падобныя на чатырнаццацігадовых веронцаў.

Варожасць і трывогі шэкспіраўскага свету ўсё яшчэ цікавыя сучаснікам нават у лялечным выкананні, што даказвае прэм’ера Гродзенскага тэатра лялек «Магічнае люстра пана Твардоўскага». Са з’яўленнем гэтага пана і звязана п’еса Сяргея Кавалёва, на якую яго натхніў рэжысёр Алег Жугжда. Уласна, новая работа і ёсць праект гэтага рэжысёра, аматара казак і прызнанага сцэнай містыфікатара. Выразныя сродкі тэатра лялек дазваляюць ствараць відовішча, як значыцца ў праграмцы, «пра вечнае каханне, чорную зайздрасць і магічнае люстра». Безумоўнае ў гэтай гісторыі толькі «вечнае каханне». Астатнія падрабязнасці на сумленні аўтараў.

У дадзеным варыянце тлумачэння легенды і ў задуме драматурга і рэжысёра прысутнічала фаўстаўская тэма аб продажы душы Д’яблу. Але тэатр не прайграў. Жугжда — аматар трагічных фантасмагорый і эпатажу — зрабіў відовішча метафарычнае, насычанае містыкай. У ім задзейнічаны мультымедыйныя застаўкі і камп’ютэрная графіка. Гучаць малавядомыя тэксты Ігната Канчэўскага і Марыі Мартысевіч. У фарміраванні вобразнай сістэмы спектакля рэжысёр абапіраецца на свае ўлюбёныя фішкі: элегантнасць вонкавага аблічча і містычную заблытанасць учынкаў. Сцэнаграфія Ларысы Мікінай уражвае, чаго, на жаль, нельга сказаць пра лялькі.

Акцёры атрымалі магчымасць асабіста, а не праз лялькі, ствараць сцэнічныя вобразы. Менавіта гэта сталася самым слабым звяном спектакля. Занадта канкрэтна выкананыя лялькі дзіўным чынам адасобіліся ад жывых людзей і аказаліся лішнімі. Магчыма, тое адбылося з-за адсутнасці вызначальных дэталяў лялечных вобразаў. У той жа час артыстам тэатра лялек не хапіла падрыхтоўкі для паўнацэннага драматычнага дзеяння. Спосабы акцёрскай ігры ў драме і ў ляльках надта адрозніваюцца. Лялечнага артыста можна прыкрыць святлом, гукам, вычварнай мізансцэнай і проста шырмай. Драматычны тэатр у ідэале абапіраецца выключна на акцёра. І гэта абавязаны быў улічваць рэжысёр.

Жугжда — заўсёдны прыхільнік пантамімы, якая дапамагае пераадольваць цяжкасць сэнсаў і празмернасць слоў. Вось і тут у спектаклі вельмі прыгожыя маўклівыя прызнанні ў каханні і ўзлёты над зямным быццём Барбары (Аляксандра Ліцвінёнак) і Жыгімонта (Віталь Лявонаў). Падтрыманыя гульнёй святла і музыкай, гэтыя эпізоды набываюць паэтычнае гучанне.

Вельмі хочацца, каб праца над «Магічным люстрам» працягвалася, спектакль адшліфаваўся і зрабіўся тэатральнай падзеяй.

Таццяна Арлова.


Ікона на тканіне

/i/content/pi/mast/18/365/16.jpg 
Іларыя Вечар. Ікона "Дабравесце"ю Батык. 2007.
Мінская мастачка Іларыя Вечар — прызнаны майстар роспісу па тканіне. У яе іканапісных творах у тэхніцы батыка надзіва тонка спалучаюцца зямная прыцягальнасць абліччаў і высокая духоўная ідэя. У іканапісе мастачка свядома прытрымліваецца традыцый візантыйскіх майстроў. Пра гэта сведчыць, напрыклад, характэрная форма вялікіх, міндалепадобных вачэй Багародзіцы, яе вуснаў і далоняў, пакатыя плечы жанчыны ў іконе «Дабравесце». А ў «Ігараўскай іконе Божай Маці», створанай паводле канона аднайменнай іконы XI стагоддзя, у адрозненне ад большасці старажытнарускіх узораў Ісус мае прапорцыі дзіцяці. Вобразы, хоць і не губляюць плоскаснасці і кананічнасці выяўлення, вызначаюцца асаблівай кранальнасцю, пяшчотнасцю, характэрнай для народнай творчасці. У інтэрпрэтацыі Іларыі ікона становіцца даступнай, зразумелай, трапяткой і эмацыянальнай. Яе работам уласцівы мяккая пастэльная гама, багацце тонкіх колеравых пераходаў, насычанасць святлом. Невыпадкова на 36-м Салоне Летан-ла-Віль у Францыі твор «Залатая рыба» адзначаны залатым медалём Міжнародной еўрапейскай мастацкай акадэміі.

Алеся Іназемцава.

Сакрэты рамяства

/i/content/pi/mast/18/365/17-.jpg 
Юрый Васільеў. З серыі "Браслаў". Фота. 2006-2007. 
Сваё 70-годдзе фатограф Юрый Васільеў сустрэў выставай «Акно ў іншы час» у галерэі «Свет фота», у якой ён сёння працуе.

— Фатаграфія паказала нам зваротны бок Месяца і выгляд Зямлі з космасу. Яна ўплывае на моду, гандаль і навуку, на свет чалавечых стасункаў. Ёю сустракаюць таго, хто прыходзіць на свет Божы, ёю праводзяць у апошні шлях. Што яна прапануе ў бліжэйшы час, наўрад ці хто здолее прадказаць.

Фатаграфіі можна прысвяціць жыццё. Яна велічная. Як музыка, як паэзія, як тэатр. Фатаграфія — гэта не фотаапарат, не лінза, не плёнка, не хуткія рукі і востры погляд (хоць і тое павінна быць — як інструмент).

Фатаграфія — гэта час, святло, культура, эстэтыка, пачуцці і думкі мастака. І тады, можа быць…

Памяць

/i/content/pi/mast/18/365/18===.jpg 
Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа назаўжды развітаўся з народным артыстам СССР Фёдарам Шмакавым, які працаваў у тэатры з 1941 года. Без перабольшання можна сказаць, што ў Коласаўскім тэатры існавала эпоха Фёдара Шмакава. Ягоныя сцэнічныя здзяйсненні станавіліся ўзорнымі для многіх акцёрскіх пакаленняў. Сярод сыграных цягам доўгага творчага жыцця роляў сам артыст вылучаў любімыя. Гэта Несцерка ў аднайменным спектаклі Віталя Вольскага, Ленін у «Шостым ліпеня» Міхаіла Шатрова, Акім ва «Уладзе цемры» Льва Талстога, Прысыпкін у «Клапе» Уладзіміра Маякоўскага, Бяссеменаў у «Мяшчанах» М.Горкага, Гараднічы ў «Рэвізоры» Мікалая Гогаля, Гразноў у «Праўда — добра, а шчасце лепш» Аляксандра Астроўскага. Акцёр да апошніх дзён жыцця не парываў сувязі са славутым калектывам.

Фестывалі

/i/content/pi/mast/18/365/19.jpg 
"Спатканне ў прадмесці" Аляксандра Вампілава. Сцэна са спектакля. 
Магілёўскі абласны драматычны тэатр прыняў удзел у ХХI Міжнародным фестывалі рускіх тэатраў краін СНД і Балтыі «Сустрэчы ў Расіі», які на працягу дзесяці красавіцкіх дзён праходзіў у Санкт-Пецярбургу ў рамках праграмы «падтрымка рускіх тэатраў за мяжой». Сцэнічны калектыў паказаў адзін з апошніх сваіх спектакляў — «Спатканне ў прадмесці» па п’есе Аляксандра Вампілава ў рэжысуры Аляксандра Дольнікава.

«Гэты фестываль не мае конкурснай праграмы, але кожны спектакль падрабязна абмяркоўваецца крытыкамі, — патлумачыў дырэктар Магілёўскага тэатра Андрэй Новікаў. — Публіка нас прымала вельмі цёпла, а крытыкі дакаралі за «папсовасць». Добра ці кепска, калі знакаміты твор у пэўнай меры спрашчаецца, робіцца больш душэўным? Хоць такі падыход падабаецца звычайным гледачам, адназначна адказаць на гэтае пытанне цяжка. Дарэчы, цягам мінулага сезона дваццаць спектакляў «Спаткання ў прадмесці» прайшлі ў нашым тэатры на аншлагах».

На пачатку восені Магілёўскі тэатр прыме ўдзел у Міжнародным фестывалі «Рэальны тэатр», які штогод праходзіць у Екацярынбургу. Які спектакль будзе паказаны на адным з самых прэстыжных расійскіх фэстаў, пакуль што не вызначана.