Вецер над Дняпром

№ 5 (314) 21.05.2009 - 21.06.2009 г

Думаю, кожны, хто мае дачыненне да Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму М.art. кантакт, які напрыканцы сакавіка штогод праходзіць у Магілёве, сёлета неаднойчы скрыжоўваў пальцы, трымаў кулачкі і рабіў яшчэ мноства «інфернальных» глупстваў з адною толькі мэтаю: дачакацца.

/i/content/pi/mast/18/363/30.jpg 
"Чалавек-падушка" Марціна МакДонаха. Екацярынбургскі Тэатр юнага гледача. 
Сітуацыя насамрэч наспявала адмысловая: яшчэ ўвосень даходзілі чуткі, што праграма новага М.art. кантакту цалкам сфарміраваная і на ёй будуць паказаны спектаклі лепшых сучасных рэжысёраў. У сувязі з гэтым агучваліся нават імёны Льва Эрэнбурга і Рымаса Тумінаса. Ды толькі планы арганізатараў нечакана зблытаў сусветны фінансавы крызіс. У дачыненні да асобна ўзятага тэатральнага фестывалю слова «крызіс» гучыць занадта эпатажна і пафасна. Але хутка стала зразумела, што становішча з творчымі праектамі сапраўды напружанае. (Нават у Расіі пачалі закрывацца або часова прыпыняцца буйныя міжнародныя фестывалі.) Да ўсяго ў Магілёве змяніўся губернатар... А новы, магчыма, не ведае, якая важная для беларускага сцэнічнага мастацтва падзея тут адбываецца…

Аказалася — ведае. М.art. кантакт адкрыўся ў належны час і ўсе асноўныя пазіцыі ўтрымаў. Было незаўважна, каб дырэктар фестывалю Андрэй Новікаў надта хваляваўся. Як заўсёды, на форуме сабралася моцная міжнародная каманда крытыкаў. Тэатральная моладзь запоўніла тэатральную прастору. Сваё месца ў бакавой ложы заняла рэдакцыя штодзённай фестывальнай газеты «Веснік М.art.кантакт». На сцэну выбеглі акцёры Мікалай Раманоўскі і Таццяна Шыбалава, гучна выгукнулі: «Дзень першы. Кантакт першы!» І ўсё зрушылася, закруцілася.

Журы — не журы

Сярод навацый чацвёртага М.art. кантакту — адсутнасць прафесійнага журы. Ці трэба яно на фестывалі ўвогуле — пытанне спрэчнае. Калі ўлічыць, што праца журы — гэта заўсёды і абавязкова гульня вымушаных узаемных уступак, а моладзь кампрамісы старэйшых таварышаў ніколі не разумее, можна пагадзіцца і з ягонай адсутнасцю. З іншага боку, у рашэннях непрафесійнага журы — гледачоў ды іншых зацікаўленых асоб — таксама крыецца пэўная небяспека, якая, дарэчы, істотна ўзмацняецца існуючай тэатральнай сітуацыяй. Апошнія пакаленні акцёраў, рэжысёраў і, адпаведна, гледачоў выхаваны на сцэнічнай прадукцыі сумніўнай якасці — у сувязі з адсутнасцю нечага іншага. Каб добра разбірацца ў тэатральным мастацтве, яго накірунках і стылях, трэба развіцца да пэўнага прафесійнага ўзроўню. Каб мець магчымасць параўноўваць, неабходна шмат бачыць і ведаць.

Казус у тым, што любое — прафесійнае і не надта — журы памыляецца або хітруе, калі выказвае празмерную захопленасць той або іншай пастаноўкай. Праўда, з іншага боку, гэта надае вастрыню фестывальнай інтрызе. Дарэчы, сёлета на М.art. кантакце страсці віравалі з куды меншай сілай, хоць з пункту гледжання мастацкасці прынятае маладзёжным журы і нібыта агульнае рашэнне — прысудзіць Гран-пры спектаклю Back in the USSR — не было пераканальным. Прынамсі, падчас апошняга паказу гледачоў публічна запрасілі галасаваць квіткамі, каб паўплываць на канчатковыя вынікі фестывалю. А вынікі прагучалі адразу пасля заканчэння спектакля «Дадому». Здаецца, квіткі ў гледачоў ніхто не збіраў. Маветон.

Канцэпт — тое, дзеля чаго

На айчынных тэатральных фестывалях самае ўражальнае месца — афіша, якая звычайна збіраецца з аб’ектыўнымі складанасцямі. Андрэй Новікаў гэтую адказную працу робіць сам (хоць без парады экспертаў, вядома ж, не абыходзіцца). Для дырэктара любога фестывалю вытрымаць форум у межах заяўленай канцэпцыі — вышэйшы пілатаж. Не-не, ды нешта раптам і пускаецца на самацёк. Ва ўсякім разе, ад падрабязна распрацаванай і вытрыманай канцэпцыі многія ўрэшце адмаўляюцца. Лічаць, што дастаткова накідаць толькі яе агульныя рысы, так бы мовіць, пазначыць пафасны пасыл. Не тое ў Магілёве. Прынамсі, сёлета тут усё было распрацавана найлепшым чынам. Усё сышлося: змест, тэматычная акрэсленасць, майстэрня маладой рэжысуры і драматургіі, прадстаўленыя сцэнічныя формы і накірункі.

Спектаклі асацыятыўна адлюстроўвалі карціну існуючай рэчаіснасці з усімі яе складанасцямі і супярэчнасцямі. Гэта датычыла і пастановак гістарычна аддаленых ад сённяшняга дня. Цяжка сказаць, што спектакль Смаленскага драматычнага тэатра імя А.Грыбаедава «Заўтра была вайна» паводле Барыса Васільева — не пра сучасную моладзь, бо выканаўцу галоўнай ролі, якая не магла спыніць рыданні, пасля заканчэння паказу супакойваў увесь тэатр.

Падобная эмацыйная далучанасць і робіць М.art. кантакт асабліва прыцягальным для моладзі. Гульня са страсцямі, схільнасць да экзістэнцыі, кпіны і з’едлівыя прысуды… Тэатральны свет — нібы шкло з адбітымі краямі... Хтосьці называе такое мастацтва правакацыйным. Нехта не разумее, што за вострай шкарлупінай эпатажных формы і зместу захоўваецца душэўная пяшчота. Думаю, невыпадкова тэатр — мастацтва маладое і мусіць стварацца маладымі. Проста калі ёсць сілы жыць — жыць хочацца на поўную сілу. У люстры сцэны не заўсёды адбіваюцца прыемныя абліччы. Затое чалавеку спачуваюць і разам перажываюць злыбеды. Усё гэта — пра апошні М.art. кантакт.

У аскепках люстранога шкла

Першы спектакль фестывальнай праграмы агаломшыў жорсткай гульнёй на аголеных нервах і цягам цэлага фестывальнага тыдня не сыходзіў у свядомасці на другі план. Екацярынбургскі тэатр юнага гледача паказаў «Чалавека-падушку» Марціна МакДонаха.

Здаецца, можна разважаць пра асаблівы акцэнт М.art. кантакту ў спектаклях, зарыентаваных на піцерскую рэжысёрскую і акцёрскую школы. Менавіта адсюль у Магілёў едуць сцэнічныя калектывы, якія абавязкова робяць тут пагоду. Дарэчы, многія лічаць, што Масква паступова ўступае галоўныя пазіцыі і сёння менавіта Санкт-Пецярбург з’яўляецца тэатральнай сталіцай Расіі. З адметнымі піцерскімі рэжысёрамі Анатолем Праўдзіным і Андрэем Магучым мы пазнаёміліся ўжо на М.art. кантакце. Сёлета з Урала прыехаў Екацярынбургскі ТЮГ. Гэта, як кажуць, асобная гісторыя. Екацярынбургскі ТЮГ — вядомы парушальнік творчага спакою, у ім стала прапісаліся тэатральныя інавацыі, а непадфарбаваная праўда жыцця зрабілася сінонімам сцэнічнай праўды. У ТЮГу праходзіць адзін з лепшых фестываляў Расіі «Рэальны тэатр», шмат гадоў існуе праект «Тэатр за бетоннай сцяной», у рамках якога паказваюць спектаклі па п’есах сучасных драматургаў. Штогод адбываецца семінар «Сучасная еўрапейская драматургія» і майстэрня «Маладая рэжысура і прафесійны тэатр». Нарэшце, на сцэне Екацярынбургскага ТЮГа доўгі час працавалі Анатоль Праўдзін і Вячаслаў Какорын. Здаецца, больш чым дастаткова для арганізатараў магілёўскага форуму. Выдатнае месца, каб чэрпаць новыя сцэнічныя ідэі, новыя драматургічныя павароты, якасныя пастаноўкі, пазначаныя выштукаванай прафесійнасцю, вострым адчуваннем прыналежнасці да пэўнай эпохі, да свайго часу.

Здольнасці выказвацца ад імя свайго пакалення не стае беларускім рэжысёрам. Гэтаксама як і ўмення выбудоўваць і адкрываць глыбінныя чалавечыя сувязі ў заблытаных псіхалагічных варунках жыцця. «Чалавек-падушка» — пра гэта. Жорстка акрэсленая дэтэктыўная фабула спектакля па п’есе МакДонаха толькі на першы погляд нагадвае вядомыя галівудскія трылеры з абавязковым казытаннем нерваў абывацеляў. Але ў такім разе МакДонах наўрад ці быў бы сусветна прызнаным сучасным драматургам.

Юнак пайшоў забіваць дзяцей, начытаўшыся апавяданняў свайго брата-пісьменніка... Здаецца, сюжэт надта банальны, каб уразіць сучаснага гледача, аднак у той жа час дастаткова напружаны, каб увагу публікі ўтрымаць. Сам МакДонах сцвярджае: «Мае адносіны да гвалту можна выказаць толькі праз мэтанакіраваны пацыфізм. Я маю на ўвазе, што мае жорсткія п’есы на самай справе выступаюць супраць насілля».

Спектакль Екацярынбургскага ТЮГа не разлічаны на танны эпатаж. Ён змешчаны ў праект «За бетоннай сцяной» — гэта значыць, што ўваход дзяцей і падлеткаў на прагляд забаронены, гаворка тут адбываецца не па-дзіцячы сур’ёзная. Уплыў мастацтва на свядомасць неўраўнаважаных асоб не выключаецца. Ды толькі менавіта пра гэта — спектакль. Ці існуе мяжа, за якую пісьменніку ступаць забаронена? Што такое ўнутраная свабода і ў якую бездань можа штурхаць прага самавыяўлення? Ці на кожнае пытанне ў галіне маралі ёсць адназначныя адказы? Урэшце, колькі сёння каштуе чалавечае жыццё? У складаных перыпетыях унутраных сюжэтных ліній нехта можа заблытацца, няўважлівы няздатны ўхапіць усе нюансы. Затое і таго, што абавязкова выпадае ў сухі астатак, больш чым дастаткова. Мараль спектакля простая, як праўда. Гвалт спараджае гвалт. Жорсткасць спараджае жорсткасць. Здатнасць да творчасці — уласцівасць развітога інтэлекту.

Спектакль «Чалавек-падушка» пастаўлены рэжысёрам Алегам Гетцэ, вучнем Анатоля Праўдзіна. І вызначаецца адметным — праўдзінскім — спосабам акцёрскага існавання. На першы погляд, нічога асаблівага: акцёрская сапраўднасць, памножаная на гранічную веру і далучанасць да прапанаваных абставін. Амаль дакументальна перададзены спосаб чалавечых зносін. Здаецца, менавіта вось гэтаму: пачуць, успрыняць, проста адказаць — нашых беларускіх акцёраў вельмі складана навучыць. Зрэшты, там, дзе на падмостках адсутнічае жыццёвая праўда, абавязкова пасяляецца сцэнічны фальш.

Сярод спектакляў, якія пакінулі найбольш цэласнае і моцнае ўражанне, — «Ад чырвонага пацука да зялёнай зоркі» Аляксея Слапоўскага ў пастаноўцы Омскага драматычнага «Пятага тэатра». Для беларускіх калектываў, якія ўсё часцей выжываюць за кошт запрошаных рэжысёраў, лепшага варыянту пастановачнай практыкі не знайсці. Маю на ўвазе работу Сяргея Пускепаліса, вучня Пятра Фаменкі. Як толькі ў нас з’явяцца падобным чынам выбудаваныя і выштукаваныя сцэнічныя творы, перыяд штылю ў беларускім тэатры мусіць скончыцца. Пакуль жа відавочна, што большасць нашых пастановак грунтуецца на абмежаваным наборы распаўсюджаных сцэнічных штампаў. Спектакль «Ад чырвонага пацука да зялёнай зоркі» абвергнуў пашыранае меркаванне, быццам у сучасным тэатры ўсе рэжысёрскія прыёмы даўно вынайдзены.

Сем асобных гісторый нанізаны на агульны сэнсавы стрыжань псіхалагічнага шоу. Няпростыя стасункі паміж жанчынамі і мужчынамі разглядаюцца на прыкладзе розных пар і розных сітуацый у мільгаценні звычайных будняў. Нараджэнне і смерць як вехі чалавечага існавання, якое насамрэч не мае пачатку і канца. Дзея адбываецца ў шматпавярховым доме — у сутарэнні, дзе прытуліліся пацукі, у ліфце, у кватэры, на даху — нібыта паміж першым і апошнім паверхамі чалавечага жыцця. Жывем, пакуль рухаецца ліфт? Пакуль людзі разгойдваюцца на высокіх арэлях, замацаваных амаль пад каласнікамі, і акцёры ў літаральным сэнсе лунаюць у паветры, часам перакуліўшыся дагары нагамі. Можна перапыніць існаванне, кінуўшыся ў бездань з даху дома. Ды толькі ці варта?

Спектакль Back in the USSR Незалежнага тэатра «ART і ШОК» з Алматы, якому гэтым разам быў прысуджаны Гран-пры, уразіў многіх і выклікаў спрэчкі. Здавалася, што ён сатканы з мноства супярэчнасцей, усё ў ім зроблена насуперак, груба, змацавана тоўстымі шыўкамі. Але пад ягонае «няправільнае» абаянне цяжка было не патрапіць. Тое, што мы бачылі, хутчэй гульня, чым сцэнічнае мастацтва; хутчэй выпадковы набор слоў, чым драматургія; хутчэй стыхійны і неўпарадкаваны выкід энергіі, чым рэжысура. І ўсё ж... Заяўлены жанр «вулічнага тэатра» дазваляе ацэньваць спектакль зыходзячы з тых законаў, паводле якіх ён створаны.

Малады тэатр (узнік у 2001 годзе) галоўнай канцэпцыяй абвясціў «тэатралізацыю тэатральнага мастацтва» і «тэатралізацыю жыцця». У Back in the USSR — гэта добра знаёмы многім адмысловы набор савецкіх артэфактаў. Свайго роду «савецкая малінка», на якую адгукаюцца гледачы па ўсім (без перабольшання) свеце. Так бы мовіць, усё на продаж — нават успаміны дзяцінства. Гэта раней мы былі «людзьмі савецкімі», цяпер — проста «саўкі».

Думаю, такое захапленне ў моладзі спектакль выклікаў не таму, што вылучаецца адметнымі мастацкімі вартасцямі. Тут хутчэй можна казаць пра іх недахоп. А вось сіла і азарт, з якімі «ART і ШОК» урэзваецца ў свядомасць, многім тэатрам папраўдзе невядомыя.

Усе астатнія спектаклі фестывальнай праграмы, у тым ліку — «Клепсідра» катавіцкага Тэатральнага згуртавання А РART, «Чмо» харкаўскага Творчага аб’яднання «Тэатр 19», «Звер» маскоўскага Новага драматычнага тэатра, «Заўтра была вайна» Смаленскага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя А.Грыбаедава — нібыта словы, якія з песні не выкінеш. Але нават тых трох спектакляў, пра якія распавядалася вышэй, было б дастаткова, каб сказаць: М.art.кантакт-2009 адбыўся на высокім узроўні.

Пра наша ўласнае

Пастановак беларускіх тэатраў сёлета сярод лідэраў М.art.кантакту не значылася. Хоць, па шчырасці, самім сабе нам заўсёды цяжкавата дагадзіць. Ва ўсялякім выпадку, у нас калі захапленне — дык бязмернае, калі непрыманне — дык поўнае. Хоць, па вялікім рахунку, любы мастацкі досвед заўсёды станоўчы. Нават калі самі спектаклі некаму «не падабаюцца», варта адкінуць пагарду — гэта не аргумент.

/i/content/pi/mast/18/363/33-.jpg 
Back in the USSR. Незалежны тэатр "ART і ШОК" (Алматы, Казахстан). 
/i/content/pi/mast/18/363/33.jpg 
"Ад чырвонага пацука да зялёнай зоркі" Аляксея Слапоўскага. Омскі драматычны "Пяты тэатр".
«Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» Бамаршэ быў прымеркаваны да 120-годдзя Магілёўскага тэатра драмы. І пастаўлены колішнім магіляўчанінам, а цяпер расійскім рэжысёрам Барысам Гурэвічам з веданнем справы. Дакладней, з пэўна акрэсленым узроўнем, ніжэй якога апускацца нельга. Для Магілёўскага тэатра драмы любы фестывальны паказ — выпрабаванне на трываласць. Калектыў упарта імкнецца адпавядаць узроўню, які штогод акрэслівае форум. Сёння стаць нароўні з піцерскімі спектаклямі, якія там лічацца прахаднымі, нам наўрад ці магчыма. Працэс надта паступовы. Думаю, «Жаніцьба Фігаро» якраз і патрапіла ў своеасаблівую нішу: паміж жаданым і магчымым. Пасярэдзіне — самаацэнка. Што таксама праблема, і не менш важная.

Для акцёраў магілёўскага тэатра работа ў «Жаніцьбе Фігаро» — выдатны трэнінг. Выпрабаванне на здатнасць існаваць у жорстка акрэсленым рэжысёрскім малюнку, стылі, рытмеТой, хто ўсё гэта ўспрыняў, зрабіў наступны крок у прастору імправізацыі. Авалодаў вобразам, у якім свабоднае падпарадкаванне рэжысёрскай задуме не замінае вольнасці і лёгкасці ўвасаблення. Справіліся не ўсе. Тыя, у каго відавочна атрымалася, — Васіль Галец (Бартала), Руслан Кушнер (Граф), Галіна Лабанок (Графіня), Рыгор Белацаркоўкі (Базіль), Яўгенія Белацаркоўская (Марселіна). Зрэшты, не так і мала…

З праблемай самаацэнкі сутыкнуўся Тэатр «Кампанія» пад кіраўніцтвам Андрэя Саўчанкі, які паказаў на фестывалі «Эмігрантаў» Мрожака. Разумею, што самастойна і зусім нядаўна (2006) створаны тэатр прадставіў гледачам адзін з першых сваіх сцэнічных вопытаў. Але нястрымны самапіяр толькі ўзмацніў расчараванне. Замест «неймавернай ступені шчырасці і самага сумленнага спектакля ў горадзе» — набор пастановачных штампаў не першай свежасці. Шкада, вельмі шкада. Што рабіць адораным акцёрам і рэжысёрам, якія трапілі пад уплыў неразвітой прафесійнай інтуіцыі і, выбачайце, нявыхаванага густу? Спрабаваць яшчэ і яшчэ... Пытанне ў тым, што можна сабе дазволіць у якасці тэатральнай нормы.

Пастаноўкай «Дадому» Віталь Баркоўскі развітаўся з Нацыянальным тэатрам імя Якуба Коласа. Спектакль — лаўрэат і пераможца міжнародных тэатральных фестываляў — прайшоў не вельмі ўдала. Што стала нагодай для перажыванняў ягоных удзельнікаў. Гэтым разам з самаацэнкай усё было нармальна. Вось толькі пасля сыходу Баркоўскага шанцаў у натхнёна зробленага відовішча амаль не засталося.

Зрэшты, беларускі ўдзел у фестывалі выразна абмаляваў агульную тэатральную сітуацыю. Хацелася б не памыліцца: здаецца, мы пакуль што проста нанава вучымся хадзіць.

Людміла ГРАМЫКА