Пласты і плоскасці

№ 4 (313) 06.04.2009 - 06.05.2009 г

Віцебскія выставы Abstract і «Калаж. Асамбляж. Канструкцыя» сталіся заўважнымі падзеямі мастацкага жыцця сталіцы. Зразумела, што прадстаўлена «з віцебскага» было далёка не ўсё, але экспазіцыі атрымаліся настолькі насычанымі, яркімі і выразнымі, што адчуванне свята з’яўлялася само сабой.

 /i/content/pi/mast/17/360/33-.jpg
Аляксандр Канавалаў. Палата. Алей, калаж. 2008.
Фестываль! Гэтае слова і паходзіць ад лацінскага «святочны». Адчуванне значнасці падзеі ўзмацніла і тое, што выстаўкі адкрыліся амаль адначасова, размясціліся побач (у вялікіх залах Палаца і Музея сучаснага мастацтва). Шмат што яднае іх у адно цэлае. Па-першае, творчы імпульс — наватарская культура, авангард. Першы праект, як сведчыць назва, згуртаваў аматараў і знаўцаў беспрадметнасці, абстрактнасці. Другі — рэпрэзентуе калаж як  прыём мастацкай практыкі і як універсальны метад сучаснага мастацтва.

Абедзве выстаўкі наладжаны з нагоды адразу некалькіх юбілеяў. Найперш гэта — 90-я ўгодкі знакамітай Віцебскай мастацкай вучэльні, заснаванай Маркам Шагалам. Другое свята — уласнае: дзесяць гадоў таму з падачы мастака Аляксандра Дасужава нарадзіўся праект Abstract. З нагоды юбілеяў Abstract і «пераехаў» у сталіцу, за што трэба выказаць самую шчырую ўдзячнасць Саюзу мастакоў. Хочацца думаць, што ў Abstract наперадзе вялікія падзеі. У 1910 годзе творы Васіля Кандзінскага падзялілі мастацтва на фігуратыўнае і абстрактнае, арыфметыка тут простая. «Калаж» жа толькі пачынае свой шлях (ідэя праекта належыць віцебскай мастачцы Валянціне Ляховіч, а ажыццёўлены ён ужо ў Мінску), але і ён рыхтуецца да юбілею. Сваё афіцыйнае існаванне калаж распачаў у 1911 годзе з экспанавання на парыжскай выставе «Партугальца» Жоржа Брака.

 /i/content/pi/mast/17/360/33.jpg
Аляксандр Дасужаў. Montblanc. Палатно, акрыл. 2008.
Праекты ўзаемна перасякаліся. Адзін і той жа аўтар мог удзельнічаць у абедзвюх экспазіцыях, калажныя работы былі ў Abstract, а абстрактнасць прысутнічала на выставе ў Музеі сучаснага мастацтва. Адзначу, што абодва праекты прадстаўлялі не толькі Віцебск, але і ўсю сучасную мастацкую Беларусь. У Abstract удзельнічалі 28 аўтараў з розных гарадоў (Брэст, Мінск, Полацк, Баранавічы, Верхнядзвінск і інш.), іх аб’яднала атрыманая ў Віцебску адукацыя, павага да творчасці калег. Калажная выстава сабрала адэптаў віцебскай і мінскай школ, і гэта вельмі станоўчы крок для развіцця агульнай культурнай прасторы.

Мастацкі вопыт, які прынёс авангард, найперш быў звязаны са знікненнем з палатна той рэальнасці, што абавязкова прысутнічала ў класічным жывапісе. Прадметны свет стаў успрымацца мастакамі як недарэчная фіранка, праз якую не разгледзець сутнасць рэчаў. Акт «зрывання фіранак» прывёў да непазбежнага пераключэння ўвагі на форму. Досвед гэтага спецыфічнага бачання свету, які выпрацаваўся ў межах наватарскага руху, звязаны са з’яўленнем у мастацтве феномена беспрадметнасці.

Натуральна, што чалавецтва задумвалася над гэтым значна раней.
 /i/content/pi/mast/17/360/34.jpg
 Алесь Фалей. Без назвы. 2008.
Платон у дыялогу «Дзяржава» пісаў: «Гэтыя ўзоры на небе, што так упрыгожваюць вобласць бачнага, трэба прызнаць хараством, самым дасканалым з падобнага роду рэчаў, але і яны моцна саступаюць рэчам сапраўдным. Саступаюць таму, што спасцігаюцца розумам, а не глядзеннем». Платонаўскія тэксты ў дыялогу «Філеб» з’яўляюцца прадбачаннем абстрактнага мастацтва. Ён пісаў пра хараство ліній і форм, якое існуе само па сабе, а не ў дачыненні да чагосьці іншага. Не хараство рэальнага аб’екта, а незалежны колер і геаметрычную форму лічыў ён крыніцамі сапраўднага задавальнення і асалоды. А сапраўдная асалода, на яго думку, — гэта адчуванне шчасця ад «прыгожых, як кажуць, фарбаў, ліній, пахаў, гукаў і ўсяго таго, у чым мы не бачым недасканаласці, што вольнае ад пакут і чыё з’яўленне заўважна і прыемна. Гэта тое, што можа жыць толькі ў думанні, што нябачана намі». Услед за Платонам і Арыстоцель адзначыў каштоўнасць самога творчага працэсу, яго інтрыгі, яго думкі. Карацей, згадваючы словы Іосіфа Бродскага з «Муроў геаметрыі», — «чым далей, тым беспрадметней». Finita...

 /i/content/pi/mast/17/360/34--.jpg
Барыс Іваноў. Лісты с сямейнага альбома. Алей, калаж. 2009.
Феномен беспрадметнасці зыходзіць з разумення прасторы, паводле якога рэч ператвараецца ў абстрактную структуру ці чыстую форму. Пераход ад матэрыяльнай рэчы да чыстай структуры, патэнцыяльна здольнай запоўніць пустэчу гэтай прасторы, азначае не знікненне, а наадварот — узмацненне рэальнасці. Свет — гэта не сховішча для ўтылітарных рэчаў. Свет мае глыбокі і высокі сэнс, які прыхаваны за ўсімі гэтымі імбрыкамі, канапамі, роварамі, люстэркамі.

Дзесяцігоддзе таму Abstract падзяліў Віцебск на дзве супрацьлеглыя прасторы. Як прагучала тады выстава!.. Яна ўспрымалася як сенсацыя, як неаавангард — дзёрзкае і смелае мастацтва, якое спарадзіла мноства спадзяванняў. Да арганізацыі першай выставы далучылася шмат мастакоў, назву прыдумала Галіна Васільева, але ў такі Abstract, якім ён стаў сёння, праект аформіўся дзякуючы Васілю Васільеву. Ён стварае дасканалыя экспазіцыі, а Галіна — падбірае ўдзельнікаў.

Юбілейны Abstract-2009 сабраў пад гасцінны мінскі дах удзельнікаў праекта за ўсе дзесяць гадоў. Гэта — Галіна і Васіль Васільевы, Аляксандр Малей і Аляксандр Дасужаў, Антаніна і Генадзь Фалеі, Таццяна Якаўлева і Сяргей Сотнікаў, Насця Ганчарова і Віктар Шылко, Валянціна Ляховіч і Аляксандр Салаўёў, Алесь Краўчанка і Анатоль Люцко, Віктар Мікалаеў і Вікторыя Крупская, Анатоль Жураўлёў і Леанід Мядзвецкі, Вета Някрасава і Леанід Тарабука, Валерый Шчасны і Барыс Іваноў, Аляксандр Канавалаў і Алесь Фалей, Уладзімір Макаркоў і Алена Толабава, Алесь і Таццяна Піскуны. Ёсць і замежны госць — мастачка Эда Дахроз з Гановера. Праект, бясспрэчна, атрымаўся. Гэта цэласнае мастацкае выказванне,
 /i/content/pi/mast/17/360/35.jpg
Максім Осіпаў. Папялушка і хронікі мезальянсу. Калаж, змешаная тэхніка. 2009.
вялізная выстава, дзе няма слабых работ. Прастора, насычаная колерамі, рытмамі, яркімі ідэямі, творчай выразнасцю. Магчыма, у экспазіцыі варта было б акрэсліць пластычныя кірункі. Бо абстрактныя пошукі Віктара Шылко, які так цудоўна выказаўся на гэтай выставе, тоесныя шуканням Аляксандра Дасужава — яго моцным, выразным каляровым формам. Гэтае мастацтва супрацьлеглае жывапісным «карункавым» шчыраванням Валянціны Ляховіч і Алеся Краўчанкі. Геаметрычныя абстракцыі Аляксандра Малея, Галіны Васільевай і Валерыя Шчаснага гэтаксама вызначаюць прынцыпова розныя напрамкі. А як у пачатку экспазіцыі задавала тон скульптура Леаніда Тарабукі: тут — сучаснасць! Якія вытанчана-дасканалыя простыя творы Алены Толабавай! Якім сапраўдным «мэтрам» выглядаў Аляксандр Салаўёў — на паходах у яго майстэрню вырасла не адно пакаленне віцебскіх творцаў. Гэта з яго лёгкай рукі ў Віцебску сталі трызніць — колер, колер, колер...

Маштабныя праекты часта сустракаюць непрыязна. Злуюцца на Венецыянскую біенале, на Касельскую documenta. Усё маштабнае — незалежна ад значнасці падзеі — прыводзіць у дзеянне механізмы культурнага плюралізму, факусіруе на сабе крытычную думку. Віцебскі праект атрымаў безліч заслужаных станоўчых водгукаў. Тым больш важным падаецца закрануць пытанне аб актуальнасці праекта, агучанае падчас стварэння экспазіцыі. Пытанне аб прыналежнасці праекта да актуальнага мастацтва ў яго традыцыйным разуменні.

Мастацтва менавіта тады дасягае сапраўдных вышынь, калі разважанні пра колер і форму падводзяць да думак пра адвечныя катэгорыі чалавечага існавання — дабро і зло, адказнасць, сяброўства. Мы шукаем не проста дасканалыя кампазіцыі. Мы прагнем даведацца, што такое асоба, грамадства, свет. Меркаванне пра тое, што выстава не выглядае «сучаснай» (у сэнсе — актуальнай), цалкам слушнае. Тое, што можна вызначыць як авангард, сёння выглядае іначай. Паводле тэрміна, прыведзенага ў артыкуле нашай мастацтвазнаўцы Таццяны Катовіч, віцебская выстаўка працуе з ідэямі «класічнага авангарда». Яна існуе ў межах гэтай плыні, яна пашырае іх і змяняе. Гэта дрэнна? Міжволі згадваецца колішняя рэцэнзія ў Finanсіаl Times на экспазіцыю Беларускага павільёна ў Венецыі: нацыя у замкнёным становішчы мусіць працаваць з традыцыяй. Так, мусіць. Віцебск — гэта замкнёнае мастацкае жыццё ў межах Беларусі, і нам трэба нешта важнае мяняць у саміх мастацкіх рухавіках. Дзесяць гадоў таму, калі першая выстава Abstract бударажыла горад, яна не была авангардам. Нам трэба было прайсці належны шлях, каб зрабіцца сабой. Сённяшняе адчуванне класічнасці экспазіцыі Abstract — вынік таго падарожжа, сведчанне нашай сталасці. Гэта самы цудоўны вынік, якога толькі можна чакаць ад выставачнай дзейнасці. І што далей? Палохацца і тэрмінова шукаць найноўшыя павароты? Можна і так. Нават — трэба. Нам і сапраўды часам трэба крычаць мастацкае SOS.

/i/content/pi/mast/17/360/36.jpg 
Уладзімір Савіч. Зімовае поле. камбінаваная тэхніка. 2009.
Але ўсюды ёсць месца для рознага, і гэта добра. Віцебск мае права быць такім, які ён ёсць, мае права на чароўную кансерватыўнасць — на працу з традыцыяй і ўласнай спадчынай. Хто, калі не ён?! Спадчына ў нас прыстойная, і ў Віцебску яна не ўстыла. Гэта не здымае пытання пра актуальнасць нашай культуры. Шукаць агульную мову з сусветам трэба, іначай наша чалавечае існаванне губляе нейкі вельмі важны сэнс. Менавіта той сэнс, якога шукае абстрактнае мастацтва, калі прынцыпова не хоча бачыць утылітарны прадмет.

Ідэя калажнасці належыць антычнасці і Сярэднявеччу, «пальму першынства» трэба аддаць паэтам і музыкам. Першыя (у антычнасці) вынайшлі жанр цэнтона — спосаб арганізацыі вершаванага тэксту як мазаікі з разнастайных фрагментаў. Другія — (у Сярэднявеччы) вынайшлі калейдаскапічны музычны жанр, дзе элементы літургіі сінтэзаваліся з песенным фальклорам. Калаж сёння — гэта, па-першае, прыватны прыём мастацкай тэхнікі, па-другое, універсальны прынцып арганізацыі культурнай прасторы. Гэткаму статусу паспрыялі якраз жывапісцы, графікі і скульптары (кубісты, дадаісты, футурысты, канструктывісты), якія ў часы мадэрнізму задэкларавалі калаж у якасці праграмнага метаду мастацкай творчасці. У якасці культавых асоб калажнай гісторыі трэба назваць Пабла Пікасо, Жоржа Брака і Аляксандра Архіпенку. Калаж — гэта не гульня ў прываблівыя забабоны з нагоды аскомы ад класічных матэрыялаў. Гэта змена мастацкага бачання, пошукі высокага сэнсу — толькі іншага кшталту, чым у беспрадметнасці. Без гэтага сэнсу кавалкі газет і іншая драбяза ніколі не зробяцца цэльным мастацкім творам.

/i/content/pi/mast/17/360/36--.jpg 
Вікторыя Крупская. Паў-ноч. Алей. 2009.
Калаж можна абвясціць прыкметай мастацтва ХХ стагоддзя. Як нечакана прыгожа яго скарыстаў рускі авангард — нешта падобнае на кінатрукі ў першых стужках. Яго вітаў Малевіч, ён разумеў калаж як выйсце ў прастору. Сёння ўсе калажныя музеі так і будуюць калекцыю: калаж, асамбляж, канструкцыя. Шэраг даследаванняў разглядаюць калаж як выснову высноў сучаснага думання і нават прапануюць знакаміты фотаздымак з выявай жанчыны ў паранджы і з цыгарэтай Marlboro ў якасці сімвала сучаснай культуры (а гэта твор прынцыпова калажны, толькі не па выкананні, а па сутнасці арыгінала).

Выстава «Калаж. Асамбляж. Канструкцыя» прадстаўляе творы 16 аўтараў. Гэта Уладзімір Савіч і Юрый Хілько, Галіна Васільева і Антаніна Фалей, Валянціна Ляховіч і Марына Капілава, Максім Осіпаў і Аляксандр Малей, Таццяна Якаўлева і Алесь Фалей, Генадзь Фалей і Зоя Луцэвіч, Уладзімір Канцадайлаў і Барыс Іваноў, Уладзімір Канавалаў і Васіль Васільеў. У экспазіцыі прысутнічалі творы, зробленыя з нечаканых матэрыялаў — паперы, фарбы, палатна, іржавага металу, пластыку, шкла, венікаў і штучных перлаў. Чыннікамі гэтых спалучэнняў сталі густ — а як без яго! — гумар і, галоўнае, сэнс. Апошні не абавязкова перадаецца словамі, ён можа мець толькі пластычнае выяўленне, але без яго мастацтва не паўстане.

Зачараванасць іржавым металам аб’яднала Алеся Фалея і Васіля Васільева, але іх творы прынцыпова розныя па вобразнай пабудове. У Алеся — дэкларатыўная жывапіснасць, шчодрасць, адкрытасць. У Васільева — суровасць, збалансаванасць, дакладнасць пластычнай пазіцыі, ужо адзначаная крытыкамі эстэтыка сусвету зніклых вялікіх цывілізацый, пасіянарнасць велічных прылад, што страцілі функцыю, але засталіся прыгожымі з-за захаванай у іх думкі. У абодвух творцаў аднолькавыя прынцыпы калажу, прыўнесеныя ў мастацтва дадаістамі ў часы, калі гэтая тэхніка разумелася як мазаічнае камбінаванне аднапарадкавых модуляў.

Частку ўдзельнікаў выставы можна назваць спадкаемцамі творчасці Аляксандра Архіпенкі, менавіта з ім звязваюць з’яўленне брыкалажу. Архіпенка не толькі першым адкрыў магчымасці «нулявой», скразной формы і «негатыўнай» прасторы, якімі сёння так вольна аперыруе сучасная культура. Яго творы складаліся з дзірак, увагнутасцей і выпукласцей, яны праклалі шлях новаму спосабу светаўспрымання. Архіпенка першым пераадолеў залежнасць скульптуры ад матэрыялу. Менавіта ён стварыў «самую непадзельную» форму з розных матэрыялаў: выкарыстаў у адной кампазіцыі шкло, дрэва, цэлулоід, пап’е-машэ і цырату. Шчодра адораны творца, сябра Пікасо, ён марыў паяднаць форму і колер. Свае пошукі ён называў «скульптуражывапісам». Жыццё колеру на форме, жыццё колеру ў прасторы цікавілі яго на працягу ўсёй творчасці. У 1920-я гады ён вынайшаў і запатэнтаваў механізм для экспанавання выставак з рухомымі вузкімі каляровымі палоскамі. Рухомы жывапіс ён назвай «архіпертурай» (архітэктура і жывапіс) — як злучэнне прасторы і колеравых пошукаў.

 /i/content/pi/mast/17/360/37.jpg

Віктар Шылко. З трыпціха "Рух". Алей. 2009.

Аб’ёмныя канструкцыі Валянціны Ляховіч арганізаваны з «неспалучальных» побытавых рэчаў і матэрыялаў. Вялізны пластыкавы мех для смецця, кітайскі кававы сервіз з сіняга шкла, вінтажная ружовая куртка з намаляваным аўтаркай загадкавым тварам з высунутым языком. Свабодныя ў выкарыстанні матэрыялаў і вольныя па форме (а гэта і ёсць брыкалаж), вялізныя аб’екты мастачкі — падстава для вытанчаных колеравых пошукаў.

У больш позніх версіях развіцця брыкалаж падыходзіць да гранічнага абвастрэння ідэі: паяднання мастацтва з немастацтвам. Менавіта так створаны настальгічна-прыгожыя жывапісныя структуры Уладзіміра Савіча, якія ён спалучыў з сапраўднымі раслінамі. Уладзімір Канцадайлаў абстрактны жывапіс на палатне дапоўніў тэніснымі мячыкамі, Галіна Васільева геаметрычны канструктывізм паяднала з арыенталізмам (аўтарка захапляецца культурай Эдо) і ператварыла ў інсталяцыю з пальмавым лістом, а Юрый Хілько былыя стальніцы скарыстаў як аснову для тонкага жывапісу і прадставіў у якасці аб’ектаў.

Зоя Луцэвіч, Аляксандр Канавалаў, Антаніна Фалей і Уладзімір Канцадайлаў прадэманстравалі творы, дзе ўсё выбудавана і згарманізавана, а пластычная структура дае адчуванне дасканаласці. Летуценніца Марына Капілава ўразіла мастацтвам бясконца вольным і жывым, а Макс Осіпаў — дасціпным расповедам (з дапамогай кампазіцыі з хатніх венікаў) пра гісторыю вяселля Папялушкі.
 /i/content/pi/mast/17/360/36-.jpg
Марына Капілава. З нізкі "Птушкі". калаж. 1997-1998.

Калажныя ідэі Аляксандра Малея даўно вымагаюць асобнай гаворкі — ён пачынаў са спалучэння ў адной экспазіцыі плоскаснага і аб’ёмнага супрэматызму, потым паўсталі асамбляжы, дзе жывапісны твор з’яднаны з аб’ёмнымі металічнымі формамі. На мінскай выставе мы пабачылі яго творы, дзе асновай кампазіцыі стаў гарэльеф, зроблены з палатна і пафарбаваны.

Прыцягвалі самую пільную ўвагу творы братоў Фалеяў, Таццяны Якаўлевай, Барыса Іванова.

P.S. Шуканне сэнсу ці стварэнне яго...

          Такія блізкія паміж сабой віцебскія выставы відавочна прадэманстравалі не проста важкі вынік дзесяцігадовага шляху ці беларускі варыянт сучаснага творчага развіцця. Яны дапамаглі нам зразумець і ўбачыць нас саміх. Мастацтва дзеля гэтага і існуе.

Ларыса МІХНЕВІЧ