Рака, у якую нельга ўвайсці двойчы

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Сярод выпускнікоў знакамітай Беларускай драматычнай студыі ў Маскве ў 1926 годзе быў і мой настаўнік -- Канстанцін Саннікаў. Тое, што кіраўнік курса, выдатны рускі педагог і рэжысёр Валянцін Смышляеў перадаў сваім вучням, цяжка зразумець, не асэнсаваўшы ўсіх абставін і перыпетый гістарычнага часу, не раскрыўшы тонкасці ідэйна-эстэтычнай барацьбы прыхільнікаў двух накірункаў: «сінтэтычнага тэатра» У.Мейерхольда і тэатра «жывой акцёрскай творчасці» К.Станіслаўскага. Ды толькі, упэўнена, часцінка таленту В.Смышляева, якога часта згадваў Канстанцін Мікалаевіч, увасобілася ў маім настаўніку, робячы ягоную творчасць асабліва прыцягальнай, захапляючай і вельмі чалавечнай. Другім маім настаўнікам была народная артыстка Расіі, вучаніца К.Станіслаўскага, знакамітая Вера Паўлаўна Рэдліх. Не кожнаму выпадае шчасце быць побач з такімі людзьмі. Добрая, інтэлігентная, высокаадукаваная Вера Паўлаўна была для мяне прыкладам творчага арыстакратызму.

 /i/content/pi/mast/2/36/p.35_1.jpg
 К.Саннікаў
Я не была студэнткай Уладзіміра Андрэевіча Маланкіна, але гэта -- мой трэці настаўнік, з першых дзён маёй вучобы ў інстытуце і да апошняга дня ягонага жыцця. У асобе У.Маланкіна ўгадваліся рысы яго педагогаў -- Д.Арлова, А.Папова і М.Кнебель, уласцівыя ім метадычнасць, патрабавальнасць, чуласць, увага да кожнай дробязі. Мяне, маладога рэжысёра, У.Маланкін фактычна вырваў з тэатра, дзе я працавала ўжо некалькі гадоў. На акцёрска-рэжысёрскім курсе, якім ён кіраваў, мне была даверана праца з акцёрамі і прадастаўлена свабода дзеянняў. «Вам -- крычаць, мне -- адказваць!» -- неаднойчы нагадваў У.Маланкін, стымулюючы пошукі і падтрымліваючы нестандартныя рашэнні. Так я стала педагогам і паводле ягонага запавету -- прадаўжальніцай спраў.
Вельмі важна знайсці і вызначыць тых, хто пойдзе за табой далей, не аддаючы забыццю пройдзены раней шлях. Перадача эстафеты -- не фармальнасць, гэта працяг працэсу, момант пераемнасці пакаленняў, а значыць, зарука развіцця і руху ў будучыню, захаванне традыцый, школы. Пераемніка можна прызначыць адміністрацыйна, але, як паказвае жыццё, з гэтага не атрымаецца нічога добрага. Раней ці пазней давядзецца зноў шукаць настаўніка, адмотваючы стужку назад. Ды толькі без страт у такім разе не
 /i/content/pi/mast/2/36/p.35_3.jpg

 У.Маланкін

абыходзіцца.
Многія, з кім супрацоўнічае акадэмія, працуюць у тэатры, аддаючы педагогіцы толькі частку свайго часу. Галоўная нагрузка прыпадае на таго, хто працуе непасрэдна на кафедры, у ВНУ. Гэтак жа, як былыя студэнты сапраўднымі акцёрамі становяцца толькі ў тэатры, сапраўдным педагогам можна стаць толькі ў акадэміі, штодня працуючы са студэнтамі. Я не магу пагадзіцца з тымі, хто, займаючыся педагагічнай справай, лічыць выкладчыцкую дзейнасць чымсьці другасным, доляй тых, хто «не засвяціўся» на прафесійных падмостках. Існуе яшчэ адзін ходкі штамп: многія лічаць, што педагогікай займаюцца «тэарэтыкі», якія, у адрозненне ад «практыкаў», не ведаюць існуючых сцэнічных рэалій. Не кожны, хто сур’ёзна займаецца тэатрам, разумее, што тэатральная педагогіка -- адзін з галоўных складнікаў прафесіі.
Шмат гадоў я назірала за студэнтамі акцёрскага і, асабліва, рэжысёрскага аддзяленняў, імкнучыся адшукаць тых, хто можа і хоча займацца тэатральнай педагогікай. Акадэмія адкрыла асістэнтуру-стажыроўку, дзе маладыя спецыялісты маюць магчымасць не тэарэтычна, а практычна выпрабоўваць свае сілы. Не толькі я, але і іншыя педагогі кафедры з увагай сочаць за тымі, хто цікава праяўляе сябе ў тэатры, і спрабуюць знайсці форму супрацоўніцтва. З кожным годам неабходнасць у абнаўленні педагагічных кадраў маладымі і перспектыўнымі спецыялістамі становіцца ўсё больш актуальнай.
 /i/content/pi/mast/2/36/p.35_2.jpg
 В.Рэдліх
Чатыры гады таму, пачынаючы працу на чарговым курсе, я паставіла перад сабой рызыкоўную, але важную задачу: знайсці кандыдатаў, перадаць актывы педагагічнай дзейнасці маладым, адвесці сабе ролю другога плана і кіраваць працэсам. Сяргей Тарасюк, Андрэй Саўчанка, Кацярына Агароднікава атрымалі магчымасць займацца педагагічнай дзейнасцю на гэтым курсе. Праводзіць трэнінгі, фарміраваць самастойныя методыкі выкладання майстэрства акцёра, несці адказнасць за падрыхтоўку вучэбнай працы. Спектакль «Сцёпка» (рэжысёр А.Саўчанка) нараджаўся паступова. Яму папярэднічалі асобныя вучэбныя работы, падрыхтаваныя паводле апавяданняў В.Шукшына. Падчас карпатлівай працы эцюдным метадам яшчэ і яшчэ раз вывяраліся матывацыі дзеяння персанажаў, удакладняліся характары. Зусім іншыя задачы выконвалі студэнты, працуючы над спектаклем «Пінская шляхта». Шматлікія пастаноўкі хрэстаматыйнай п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча абапіраюцца на традыцыі народнай творчасці. Інтэрпрэтуючы твор, рэжысёр К.Агароднікава, вядома, улічвала гэтую спецыфіку. «Пінская шляхта» ўвабрала ў сябе вопыт беларускага батлеечнага тэатра, эстэтыку народнага лубка і павевы сучаснай маладой рэжысуры. Канцэнтрацыя вонкавых выразных сродкаў была свядома ўзмоцнена, былі максімальна гіпербалізаваны характары. Перад неспрактыкаванымі яшчэ акцёрамі стаяла складаная задача: захаваць натуральнасць і праўду ў гратэскавым спосабе існавання. Спробы спалучыць дзве супрацьлеглыя акцёрскія школы не заўсёды дасягалі сваёй мэты: адзін спектакль мог ісці імкліва, гарэзліва, паглябляючыся ў псіхалагічную стыхію, у другім -- акцёры страчвалі сувязь з гледачамі, пераважаў элемент паказу.
Пры наборы, улічваючы тэндэнцыі сучаснага тэатра, мы звярталі ўвагу на вакальныя здольнасці студэнтаў, вылучылі гэтую галіну як важную для работы на курсе. Напрыканцы другога года навучання акрэсліліся асноўныя абрысы спектакля «Jesus Christ Superstar» паводле аднайменнай рок-оперы Э.Уэбера і Т.Райса. І толькі адсутнасць неабходнага гукавога і светлавога абсталявання на вучэбнай сцэне не дазволіла мне разгарнуць работу ў поўным маштабе. Тым не менш, быў створаны варыянт спектакля для аўдыторыі, які дазволіў ацаніць магчымасці акцёраў у гэтым жанры. У мюзікле «Хуліган, або Канікулы Пятрова і Васечкіна», пастаўленым маладым і таленавітым рэжысёрам музычнага тэатра Настассяй Грыненка, студэнты мелі магчымасць паказаць, як умеюць ствараць характары, як валодаюць пластычнымі і вакальнымі сродкамі выяўлення.
Тонкімі і дакладнымі псіхалагічнымі распрацоўкамі, уменнем захапіць акцёраў прыцягнуў маю ўвагу студэнт рэжысёрскага аддзялення Ягор Лёгкін. Яму таксама была прапанавана праца на курсе. Ягор выбраў складаную гістарычную і псіхалагічную п’есу Э.Радзінскага «Апошняя ноч». Работа была карыснай маладым акцёрам, Я.Лёгкін папоўніў спіс перспектыўных рэжысёрска-педагагічных талентаў.
Цікавасць выклікалі рэжысёрскія спробы акцёра тэатра лялек Яўгена Карнягі ў спектаклях пластычнага накірунку. Ягоны спектакль з рабочай назвай «Нятанцы» -- аўтарскае асэнсаванне тэмы насілля на матэрыяле эпохі Другой сусветнай вайны. Створаныя ў эстэтыцы заходнееўрапейскай харэаграфічнай школы нумары складзены ў кампазіцыю, насычаную экспрэсіўнай пластыкай, танцамі-мадэрн, галасавымі і гукавымі імправізацыямі. Трывожная і выбуховая атмасфера, здаецца, сугучная палотнам і малюнкам О.Дзікса і Г.Гроса, атанальным музычным опусам А.Шонберга і А.Вэберна, перамешана з матыўчыкамі кабарэ і крыкамі штурмавікоў… Яна дзіўным чынам упісвалася ў рэальнасць сцэнічнай прасторы.
Важнейшым момантам навучання з’яўляецца праца студэнтаў з вопытнымі тэатральнымі спецыялістамі. Не ўпершыню супрацоўніцтва з рэжысёрам Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы А.Гарцуевым прыносіць плён. На гэты раз ён паставіў спектакль «Хам» паводле аповесці Э.Ажэшкі. Псіхалагічна складаны літаратурны матэрыял набыў у спектаклі лаканічнае, нават жорсткае сцэнічнае вырашэнне, дазволіў акцёрам у асноўным канфліктным супрацьстаянні выявіць прыроду пачуццяў сваіх герояў і вытрымаць правільны тэмпарытм.
Работа на курсе працягваецца. Раман Д.Сэленджэра «Над безданню ў жыце» ўяўляецца мне актуальным і сёння. Калісьці ягоны герой Холдэн Колфілд быў уладаром думак некалькіх пакаленняў, менавіта, як характарызуе яго сам аўтар, «нашым з табой сумленнем». Да гэтага маральнага паняцця мы і спрабуем прыцягнуць глядацкую ўвагу. Надзвычай важным для нас з’яўляецца далучэнне да прозы В.Распуціна. Завяршаецца работа над дыпломным канцэртам, складзеным з лепшых нумароў, падрыхтаваных студэнтамі падчас чатырох гадоў навучання.
Падыходзячы да чарговага рубяжу, хочацца падкрэсліць наступнае. Важна ўсвядоміць наш шлях як раку, у воды якой нельга ўступіць двойчы. Гэта мусіць быць штораз новая і жывая вада. Жывы дыялог двух зацікаўленых бакоў: настаўнікаў і вучняў.

Лідзія МАНАКОВА