Смешная трагедыя, або Ці можна выпіць мора

№ 4 (313) 06.04.2009 - 06.05.2009 г

Пераможнае шэсце па сцэнах свету п’есы бразільскага драматурга Гільермі Фігейрэду «Ліса і вінаград» напрыканцы пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя многія тлумачылі майстэрствам аўтара, удалай трактоўкай антычных падзей, бенефіснымі ролямі для зорных акцёраў.

 /i/content/pi/mast/17/359/38-.jpg
"Ліса і вінаград" Гільермі Фігейрэду. Сцэна са спектакля. Беларускі тэатр юнага гледача.
Чаму тры вядучыя тэатры былога СССР — ленінградскі Вялікі драматычны, маскоўскі МХАТ і Беларускі тэатр імя Янкі Купалы — з прагнасцю ўхапіліся за гэты твор? Думаю, што грамадства, якое ўваходзіла ў паласу «адлігі», падкупляла простая і важная думка аб праве на гонар і свабоду чалавека, які знаходзіцца ў рабстве. Думка аб праве самому вырашаць, жыць або памерці. І якім коштам.

З таго часу як былі апублікаваныя «Эзопавы байкі», прызначаныя для школьнага чытання, пачалі спрачацца аб існаванні рэальнай гістарычнай асобы. У Эзопа, як калісьці ў Шэкспіра, не паверылі. Занадта глабальнымі для той эпохі былі ягоныя думкі. Схема сюжэта ўсіх баек наступная: хтосьці захацеў змяніць сітуацыю дзеля сябе, а яму ў выніку зрабілася толькі горш. Свабодная думка чалавека, або думка свабоднага чалавека (выбірайце, як лепш) здольная не толькі спасцігаць быццё, але і ўплываць на ягонае ўчыненне. З перабудовай грамадства ў Эзопа нічога не атрымалася, але бытаванне людзей змянілася.

Кожная ягоная байка — замкнёны на сабе маральны ўрок, пададзены з бязмежным песімізмам, скептыцызмам і індывідуалізмам. Эзоп быў упэўнены, што ў свеце пануе толькі зло, бачнае — падманлівае, трэба задаволіцца сваёй доляй і дамагацца карысці для сябе.

Варта глыбей разабрацца ў асаблівасцях твораў самога Эзопа і прысвечаных яму, каб зразумець, што хвалявала Тэатр юнага гледача, калі ён вырашыў распавесці сённяшнім школьнікам гісторыю старажытнагрэчаскага байкапісца. Сцвярджаюць, што ягоныя апошнія словы былі такія: «Дзе тут багна для свабодных людзей?» І раб кінуўся са скалы. Гэтая скала з’явілася на афішы мастака-пастаноўшчыка Алены Ігрушы. Хада ўсёй дзеі спектакля мусіла пракласці шлях да гэтай скалы. Чалавек, які мае ў сваёй душы натуральны і духоўны пачаткі, можа, зыходзячы са свабоды выбару, дзейнічаць як свабодная асоба. Важна сёння зразумець светаадчуванне антычнага чалавека, які валодае свабоднай воляй і творчым пачаткам!

Вось і тады, у пяцідзесятыя гады мінулага стагоддзя, як ніколі абвастрылася татальная праблема ўсіх эпох — пачуццё свабоды. Колькі мысліцеляў ламалі над ёю галаву, драматургі свету таксама сказалі сваё слова. Элементы асабістай свабоды даследуюцца экзістэнцыялісцкай драматургіяй.

Абудзіць у кожным чалавеку ідэю асабістай адказнасці спрабуе Ануй у «Антыгоне». У Сартра героі дзейнічаюць, каб усвядомлена памерці. Інтэлектуальны тэатр Еўропы ў асобах Брэхта і Дзюрэнмата, Камю і Пірандэла разважае аб правах чалавека і ператварае трагедыю ў фарс.

Фігейрэду са сваёй п’есай таксама знаходзіцца ў рэчышчы падобных пошукаў. Эзопу патрэбна ўласная смерць. Адсюль з’яўляецца такое дзіўнае вызначэнне жанру, як смешная трагедыя.

Рэжысёр Генадзь Мушперт абапіраецца на гэтае спалучэнне — смешная трагедыя, або трагічны фарс. Фігейрэду, апрацоўваючы антычныя сюжэты і захапляючыся той эпохай, не адважваўся занадта катэгарычна высмейваць антычную трагедыю Старажытнай Грэцыі. А ў Еўропе ХХ стагоддзя пушкінская формула пра плён «ума холодных наблюдений» стварала спажыву для роздуму, непазбежна паглыбляючыся ў гісторыю далёкіх краін. Савецкая рэчаіснасць пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя яшчэ не дазваляла так кардынальна змешваць жанры, ператвараючы трагічнае ў смешнае і наадварот. Тэатр, аднак, змяняўся і хацеў над гэтымі праблемамі думаць.

Цікавае прызнанне Георгія Таўстаногава: «Калі мы ставілі ў Вялікім драматычным тэатры спектакль “Ліса і вінаград”, мы хваляваліся, што робім гэта больш для сябе, чым для гледачоў. Будзе тры дзеі філасофскіх спрэчак, нічога вонкава прывабнага для гледача ў п’есе няма. А потым высветлілася, што гледача больш радуе гэты інтэлектуальны бок п’есы». Так, дарэчы, было і са спектаклем, пастаўленым Барысам Эрыным у Тэатры імя Янкі Купалы. Захапляла не толькі выдатная работа Барыса Платонава ў ролі Эзопа, чый рэфрэн «Ксанф, выпі мора!» дагэтуль гучыць у вушах, але і падараваная спектаклем магчымасць інтэлектуальна суперажываць тэатру.

Ёсць яшчэ адно назіранне. У эпоху антычнасці ўсе галоўныя падзеі адбываліся на плошчы. Тэатр быў палітычнай арэнай. Штосьці накшталт дэмакратычнай формы народнага сходу. Атмасфера на такіх сходках была напружанай і непрадказальнай, амаль такая ж, як у 1980–1990-я гады на пасяджэннях Вярхоўнага Савета. Людзей вельмі цікавіла палітыка. Тэатр назаўсёды пакінуў нам постаць Эзопа, таму што толькі асобы ўнікальнага таленту маглі змякчаць норавы і гасіць людскі гнеў.

Але Генадзь Мушперт у сённяшняй пастаноўцы ігнаруе гэты палітычны складнік п’есы і актыўна падкрэслівае яшчэ адну якасць Эзопа. Ён быў не толькі байкапісцам, але, відаць, і таленавітым акцёрам, які старанна абдумваў уласныя рухі, умела падбіраў маскі. І часам, адсунуўшы ўсё гэта ўбок, выходзіў да народа са сваімі філасофскімі байкамі. Гэтым аказваў на гледачоў моцнае эмацыйнае ўздзеянне, таму, у прынцыпе, народ і патрабаваў, каб Ксанф даў Эзопу свабоду.

Рэжысёр тюгаўскага спектакля «Ліса і вінаград» арыентаваў Леаніда Улашчанку на Эзопа-акцёра, на акцёрскую харызматычнасць і энергетыку. Таму такі Эзоп не адчувае сябе зацкаваным рабом у прысутнасці гаспадароў. Ён поўны паважнасці і годнасці, выразна і гучна вымаўляе тэкст, крыху запаволены ў жэстыкуляцыі і рухах.

Улашчанка іграе не проста разумнага філософа, які вышэй за сваё акружэнне. Ён іграе чалавека, які глядзіць на ўсё гэтае акружэнне як на фарс. І ягоны асабісты трагічны лёс нікім не можа быць зразуметы. Гэтыя клоуны здатныя толькі смяяцца і ніколі не ўсвядомяць, чаму Эзоп абраў смерць.

Зыходзячы з такой трактоўкі, неабходна даследаваць розныя, сфарміраваныя міфамі і легендамі, апісанні знешнасці і паводзін байкапісца Эзопа. Гісторыя яго жыцця адлюстравана ў цэлым шэрагу мастацкіх твораў. Адзін з апошніх належыць немцу Хансу Шэдліху. Ён стварыў прыгожую легенду ў духу антычных часоў. Нібыта свой дар і мудрасць Эзоп атрымаў ад багоў і муз. А на самай справе быў ён бяззубым, заіклівым, касавокім, з крывымі нагамі, нячыстай скурай і абвіслым пузам. Адным словам, грубая знявага для вачэй.

Такая версія наўрад ці магла натхніць драматурга Фігейрэду, хоць сведчанні пра тое, што Эзоп не быў прыгожым, і дайшлі з далёкіх стагоддзяў. Яшчэ менш такое апісанне знешнасці можа натхніць тэатр, якому даводзіцца праз акцёра-выканаўцу шукаць спачування ў гледачоў і заваёўваць публіку.

/i/content/pi/mast/17/359/41-.jpg 
Аляксандр Палазкоў (Ксанф), Ганна Казлова (Нявольніца).
Нямецкі пісьменнік назваў сваю кнігу «Дай яму язык» і правёў думку пра тое, што, атрымаўшы язык, чалавек такім чынам атрымлівае боскі дарунак мовы. Адпаведна, валодае ўладай слова. З дапамогай гэтай улады ён здатны даць волю такім семантычным зваротам, з якіх пачынаецца неразуменне, а ў выніку — нават войны. Як шмат значыла слова тады і як мала цяпер! Чаму б не паспрабаваць аўдыторыю Тэатра юнага гледача вярнуць да ўспрымання слова, да слухання слова? Варта паспрабаваць, вырашыў рэжысёр Мушперт. Хоць любы скептык скажа, што гэта амаль невыканальная задача.

Аднак кожны, хто бачыў спектаклі гэтага рэжысёра, відаць, звярнуў увагу на тое, што ён бярэ шматслоўныя п’есы або інсцэніроўкі, сам захапляецца перакладамі з рускай і польскай на беларускую мову. Гульня са словам рэжысёру больш цікавая, чым прыдумка пастановачных эфектаў.

У тюгаўскім спектаклі «Ліса і вінаград» мне бачылася гэтая асаблівасць рэжысёрскага почырку, і я зразумела, чаму дзесяць гадоў таму ён узяўся за цяжкую інсцэнізацыю прозы Уладзіміра Набокава «Кароль, дама, валет...» Зрабіў яркі спектакль, вылучыўшы работу акцёраў. Хоць многім і падалося, што там зашмат тэксту. Генадзь Мушперт не высякае з гледачоў эмоцыі з дапамогай музыкі або эфектнай сцэнаграфіі, сучаснай пластыкі і стылізаваных касцюмаў. Вось і тут, у спектаклі «Ліса і вінаград», мне падалося, што нечага не хапае, такімі звыклымі на нашых сцэнах зрабіліся візуальныя эфекты. Пры іх актыўным уздзеянні тое, пра што распавядае гісторыя, зразумець не паспяваем.

А можа, спадзяванне на ўладу слова — шлях няўдзячны? Яго можна параўнаць з пахвальбой Ксанфа выпіць мора. Ці можна выпіць мора? Эзоп знаходзіць выйсце для свайго гаспадара. А рэжысёр, працуючы над спектаклем, знаходзіць тлумачэнне феномену ўлады слова. Пра Эзопа трэба гаварыць у сувязі з усталяванай у нашай свядомасці «эзопавай мовай». Гэта не што іншае, як патаемнае падцэнзурнае іншасказанне. Падманныя сродкі, якія былі ўзятыя на ўзбраенне інтэлігенцыяй у ХІХ–ХХ стагоддзях для зашыфроўкі алюзійных думак.

Адсюль зразумелая цікавасць да п’есы Фігейрэду. Але вернемся да апісання знешнасці Эзопа. Біяграфія коснаязыкай пачвары амаль выключае іншы, менш вядомы ягоны талент — артыстычны. Раб, філосаф, байкапісец найперш праявіў сябе таленавітым акцёрам. Калі б ён быў плюгаўцам з абвіслым пузам, як сцвярджае нямецкі пісьменнік, наўрад ці меў бы такую магутную харызму. І як тады быць з прыпісанымі Эзопу яркай жэстыкуляцыяй, велічнасцю паставы, моцнымі гіпнатызуючымі ўсплёскамі эмоцый?

Самая яркая фігура рымскага тэатра — раб. Амаль заўсёды перамога даставалася прыніжанаму нявольніку. Для гэтага трэба было зрабіць штосьці вельмі пераканальнае. Прыкладам, прыдумаць, як выпіць мора. Вядома, што акцёры-рабы карысталіся вялікай павагай народа. Бо прыніжаны нявольнік з дэпрэсіўным настроем будзе проста знішчаны. Раб мусіць праяўляць шалёны, агрэсіўны, амаль на мяжы фолу тэмперамент. Ну, штосьці накшталт Уладзіміра Вольфавіча Жырыноўскага. Здатнасць хоць бы часова схавацца пад маскай. А калі маска, то, значыць, акцёрскі талент. На гэты шлях скіроўвае рэжысёр выканаўцу галоўнай ролі.

Такім чынам становіцца зразумелым, што з першага з’яўлення Эзопа — Улашчанкі ў доме Ксанфа расстаноўка сіл вызначана. Ніякай рабскай прыніжанасці перад гаспадарамі. Непахісная ўпэўненасць у сэнсавай каштоўнасці сваіх баек. Яны ім выпакутаваны і вымаўляюцца як прысуд. Усемагутны Ксанф зачараваны такім нахабствам.

Паводле крыніц, Эзоп напісаў каля 500 празаічных баек, у якіх дзейнічаюць жывёлы. Байка заўсёды павучальная. Прамаўляючы яе, ад павучальнага тону ніяк не адысці. Іншаказанне звычайна праступае праз звычкі жывёл. Чалавек усё жыццё побач з імі, засвойвае іх характары і пераймае вонкавыя рысы.

З гэтай нагоды Мушперт напаўняе жабрацкую торбу Эзопа выявамі розных жывёл, і той пры кожным выпадку іх выцягвае, імі гуляе. Сыходзячы з дома Ксанфа, Эзоп памылкова вырашае, што цацкі ўжо больш ніколі яму не спатрэбяцца. Ён дорыць кожнаму ягонае адлюстраванне ў свеце жывёл. Мыш або пацук дастаецца нават бязлітаснаму эфіопу з выдраным языком. У ім прачынаецца дзіцячая свядомасць: з цацкай можна гуляць, размаўляць на незразумелай дарослым мове. Пакуль Ксанф, Клея, Мелі, Капітан разважаюць, што гэта значыць, і заміраюць у цеснай мізансцэне, эфіоп упершыню абуджаецца і па-дзіцячы радуецца забаве.

Леанід Улашчанка дакладна крочыць за ўпэўненымі падказкамі рэжысёра, падпарадкоўваецца яму. Хоць і здаецца, што хоча вырвацца з жорсткіх пастановачных рамак. Ён велічны, нібы акцёр, які звыкла іграе герояў. Ягоны твар не псуюць, а ўпрыгожваюць шрамы. У яго выдатныя дыкцыя і пасыл у залу, таму што ягоны Эзоп відачынствуе на плошчах. Ён утойвае свае пачуцці да прыгажуні Клеі і толькі аднойчы прызнаецца, што вярнуўся, жадаючы яшчэ раз убачыць яе. Эзоп робіць гэтае прызнанне, стоячы спінай да публікі, і адчуваецца, што ў гэты момант на яго вочы наварочваюцца слёзы. Усяго толькі адзін момант слабасці. Слабы чалавек пагадзіўся б прыняць каханне, ахвяраваць свабодай і зберагчы сабе жыццё. Моцны чалавек абраў смерць.

Магчыма, гэтага спектакля не атрымалася б без пастаноўкі пушкінскіх «Маленькіх трагедый», дзе заняты тыя ж выканаўцы. Там таксама спляліся зайздрасць і помста. Гісторыя Моцарта і Сальеры была зразумета як адвечная схватка таленту і добрасумленнага пераймальніцтва. У мастацтве так часта супрацьстаяць адно аднаму свабодны духоўны моцартаўскі пачатак і ўпалы сальер’еўскі розум. Асноўныя апаненты (Эзоп і Ксанф) у акцёраў Улашчанкі і Палазкова былі амаль у той жа сітуацыі ў пушкінскім творы на тюгаўскай сцэне. Яны ігралі спектакль для таго, хто разумее, не надта спадзеючыся на гэтае разуменне. Яны давалі маральны ўрок у «Маленькіх трагедыях», працягваюць яго ў «Лісе і вінаградзе». Генетычны пачатак добра заўважны. Абодва спектаклі ўзыходзяць да трагічнага антычнага лёсу.

Ксанф у выкананні Аляксандра Палазкова паўстае легкадумным рымлянінам. У тэмпераментным выкананні акцёра акрэслены чаплінскі гратэск. Несур’ёзны філосаф атрымаўся добрым, нягледзячы на жорсткія ўчынкі і бяздумную гульню з людскімі жыццямі. Часам акцёр не можа вызваліцца ад шлейфа колішніх роляў у тэатры для дзяцей, хоць даўно ўжо праяўляе сябе майстрам тэатра дарослага. У спектаклі Ксанф мітуслівы, крыклівы і нястрымны ў жэстыкуляцыі, як сапраўдны італьянец. Адзін з самых яркіх акцёраў ТЮГа нібыта спяшаецца самавыказацца ў такім сур’ёзным матэрыяле, як «Ліса і вінаград». Бадай, ён адзіны з удзельнікаў спектакля, хто не прысудзіў сябе да манастырскага падпарадкавання рэжысёру.

Я нават адважуся заўважыць, што Палазкоў занадта захапіўся акцёрскай манерай Мушперта, ягонымі тэмпераментнымі паказамі і крыху пераймае рэжысёра, адыходзячы ад строга малюнка вобраза.

Тэатр — моцнае месца. Асабліва тэатр для дзяцей. На фестывалі «М’art. кантакт-2009» на сцяне для запісу ўражанняў пра спектаклі звярнула ўвагу на надпіс, зроблены акуратным школьным почыркам: «Тэатр — месца, дзе жыве духоўнасць». Тады падумалася, што вельмі пафасна гучыць. Але ж — праўда. А дзе яшчэ ёй захоўвацца, гэтай духоўнасці? Пэўна ж, не ў шыкоўнай кнізе са старажытнай бібліятэкі.

Спектакль «Ліса і вінаград» дастаткова просты па форме, таму што нарадзіўся ў тэатры для дзяцей. З вялізных антычных амфар выплываюць героі. Дзеці павінны ведаць, што ўражанні ад мастацтва грэкі і рымляне захавалі менавіта на паверхні гіганцкіх пасудзін і інтэр’ераў. Сцэнограф Алена Ігруша гэта ўлічыла, таму не загрувашчвала сцэну непатрэбнымі прадметамі і дэталямі. Касцюмы дакладныя і прыгожыя. А вось музычнае афармленне невыразнае. Здаецца, што менавіта гэты складнік выйшаў з-пад кантролю рэжысёра.

Сёння наш ТЮГ увайшоў у паласу рамонту, што, як правіла, кепска адбіваецца на мастацкіх выніках. Спектаклі перасяліліся на чужую пляцоўку, дзе будзе ўжо не свой глядач, а прастора сцэны стане па-іншаму ўплываць на мастацкія ўражанні. Тэатр уступае ў новы этап адносін са сваімі гледачамі, і яму ўсё складаней пашыраць узроставыя межы. Ад яго чакаюць выхаваўчага працэсу, жыццепадобных спектакляў.

 /i/content/pi/mast/17/359/41--.jpg
Леанід Улашчанка (Эзоп).
        Шчыра кажучы, я хвалююся за пракатны лёс «Лісы і вінаграда». Гэта спектакль не касавы, але вельмі патрэбны для засваення праграмы па гісторыі цывілізацыі. У яго ёсць яшчэ адна важная якасць: адсутнасць звыклых маскультавых прыкмет. Ён заклікае думаць пра тое, як выціснуць з сябе раба і захаваць высокую чалавечую годнасць.

         Распаўсюджвальнікі квіткоў, вядома ж, заклапочаныя тым, якімі моднымі брэндамі і трэндамі зацягнуць у тэатр таго, хто там яшчэ ні разу не быў. Паспрабую падказаць. Ты лічыш сябе асобай. А што гэта такое — вольная асоба? Ва ўсіх бываюць страхі. А як ад іх пазбаўляцца? Разумныя не заўсёды прыгожыя. Прыгожыя не заўсёды разумныя. Як спалучаюцца ў чалавеку розум і хараство? Ці можна пакахаць толькі за розум? Будзе смешна? Канешне. Ці можна выпіць мора? Можна, калі...

Таццяна Арлова