«Праўдзівы мастак — лішні мастак»
Так сказаў аднойчы Стывен Райт — французскі крытык, куратар і гісторык сучаснага мастацтва.
Сёння мастакі, як і літаратары, ужо не ўладары думак, аднак яны валодаюць здольнасцю татальна ўздзейнічаць на гледачоў праз візуальныя выявы. У процілегласць таму высокаму статусу, які меў мастак у колішнім СССР, цяперашняе яго становішча (як, зрэшты, і становішча прадстаўніка любой іншай «вольнай прафесіі») — штосьці эфемернае. Размеркаванне выпускнікоў мастацкага факультэта ў мастацка-вытворчы камбінат БСМ — не столькі паспяховы трамплін у «светлую» будучыню, колькі прывязка да месца, дзе шмат гадоў жыцця можа прайсці ў чаканні нестабільных заказаў...
Даводзіцца мыслiць у новай плоскасці. Прызвычайвацца да таго, што знаходжанне на невысокай прыступцы сацыяльнай лесвіцы — не знявага і не павінна ўспрымацца трагічна. Гэтак жа, як і адчуванне «непрызнанасці». Бо адразу паўстае пытанне: кім? Звычайна творцы iмкнуцца не прымаць на свой конт распаўсюджанае меркаванне пра мастацкую вартасць, якая вымяраецца выключна лічбамі на банкнотах. Магчыма, у іхнім выпадку ўсё адбываецца якраз наадварот? Да гэтай высновы прыходзіць усё большая колькасць мастакоў паўсюль у свеце, і гэта прымушае іх пакідаць абжытыя абшары выяўленчай творчасці, быць ніжэй бачнасці «радараў» — куратараў выстаў. Трэба адзначыць, што падобныя тэндэнцыі назіраюцца і ў Беларусі. Бурная дзейнасць маленькай андэграунднай мінскай галерэі «Падземка» — сведчанне таго, што сучасных мастацкіх «хіпі» перастаюць цікавіць культурныя мерапрыемствы, зробленыя па ўзорах савецкага часу, і каштоўнасці, якія палягаюць у іх аснове. Замест таго каб выйсці з ценю, яны пазбягаюць публічнасці, адчуваюць перавагу свайго інкогніта. Уладзімір Гаўрыленка. Венера манументальная. Дрэва, шкло. 2007.
Паслядоўна дэманструюць згаданыя тэндэнцыі і буйныя еўрапейскія выставы — Венецыянскія або Парыжскія бiенале. Формы, якія прымае contemporary art, пераасэнсоўваюцца. Але што гэта — разрыў з гісторыяй або яе пераемнасць? І як вызначыць гэты новы статус мастацтва? У размаітых праектах бiенале агульнае толькі тое, што прадстаўленыя ў іх экспанаты лічацца творамі, але пры гэтым не перастаюць быць тым, чым яны з’яўляюцца ў рэальнасці: аб’ектамі, дэталямі, тэхнічнымі прыстасаваннямі і г.д.
Па-другое, удзел у такіх мерапрыемствах звычайна ананімны. Прагартаўшы спіс удзельнікаў той ці іншай бiенале, бачыш, што ў ім мала аўтараў, якія выступаюць пад уласнымі імёнамі. Ёсць калектывы і праекты. Гаворка ідзе аб нейкай з’яве мастацтва, у якой няма твора, няма майстра і — што яшчэ больш дзіўна — няма публікі. Нішто не падахвочвае чытача, які гартае старонкі, убачыць творчы акт і, такім чынам, ператварыцца ў гледача. Мастацтва канцэптуальных праектаў чытэльнае, але нябачнае...
Натхненне — не прадаецца, ды можна палатно прадаць...Рэальнасць змянілася. А мастацкая адукацыя, якая абавязана быць кансерватыўнай, — не. Можа, у гэтым трэба шукаць каранi праблем сучаснага стану беларускага мастацтва, адказ на пытанне, чаму глядач не ходзіць на выставы?
Справа не ў адукацыі. Справа ў асяроддзі, якое атачае маладога творцу. Ці дае яно магчымасць шукаць, расці, развівацца? Размова вядзецца не проста пра выяўленчае мастацтва, хутчэй пра тыя варункі, у якіх яно існуе. У візуальнай творчасці крыху іншыя правілы гульні, звязаныя з умовамі рынку. Вера Асядоўская. Жыццё актыўнае. Алей. 2004.
Як выглядае сёння структура продажаў выяўленчых твораў? На гэтым велізарным кірмашы трэба ўмець сябе прэзентаваць. Тут мастаку даводзіцца клапаціцца пра такія рэчы, як уласны вэб-сайт, удзел у форумах, адпраўка сваіх рэзюмэ ў галерэі. А тыя прад’яўляюць уласныя патрабаванні, якія мастаку не заўсёды даспадобы. Словам, трэба арыентавацца ў новых абставінах.
І тут, адначасова з неабсяжнымі даляглядамі, пачынаюць адкрывацца малапрыемныя бакі сучаснага арт-рынку. Высвятляецца, што ў Расіі ніхто не чакае беларускіх мастакоў, якія, паводле пераканання большасці маскоўскіх галерыстаў, не «адпавядаюць» іх фарматам. Бо, напрыклад, не ўдзельнічаюць у іхніх «тусоўках», не судакранаюцца з іх праектамі.
Але ёсць яшчэ больш жорсткі Усход. Кітай так захліснуў сусветны арт-рынак разнастайнымі копіямі і падробкамі пад стыль і манеру таго або іншага мастака, што становіцца цяжка дыхаць. Там усё пастаўлена на канвеер — танная праца, велізарны наклад. Еўропа абараняецца ад наплыву кітайскага тандэту, але з кожным годам рабіць гэта становіцца ўсё складаней.
Амерыканскі рынак падзелены шмат гадоў таму — спецыялізаваны, стандартызаваны, пралічаны і ўпакаваны. Па словах тых, хто з ім судакранаўся, там вядуць рэй мастацкія выдавецтвы, якія аўтара раскручваюць і прадаюць. Пры гэтым прынты, друкаваныя на палатне адбiткі з твораў, прадаюцца працэнтаў на сорак танней за арыгінал. «Беларускі мастак» — гучыць для амерыканскага дзелавога чалавека амаль гэтак жа экзатычна, як чукоцкі, украінскі, партугальскі або каталонскі. Каб не рызыкаваць, з вас запатрабуюць штомесяц тысячу долараў наперад і аплату аўтарскіх за копіі ў канцы года (гэта прыкладна 5% ад кошту аптовага продажу). Акрамя таго, неабходна эксклюзіўнае прадстаўніцтва. Гэта значыць, што вам забаронена самастойна прадаваць свае працы. Звычайна кантракт падпісваецца на 5 гадоў. І там абавязкова будзе пункт аб праве выдаўца спыніць дагавор без тлумачэння прычын... Толькі на такіх умовах вас будуць «прасоўваць», надрукуюць каталог, прадэманструюць работы на ўсіх модных выставах і прарэкламуюць у прэсе. Праблема ў тым, што 70% прыватных галерэй у ЗША належаць выдавецтвам. І яны прапагандуюць толькі «сваіх» мастакоў. Тамара Шэлест. Зацьменне. Папера, змешаная тэхніка. 2004.
Застаецца еўрапейскі рынак, які больш дэмакратычны і адкрыты навацыям. Да таго ж еўрапейскія галерысты чуйна рэагуюць на талент і адметнасць. Адзін з прыкладаў — шматгадовае супрацоўніцтва беларускага мастака Валянціна Губарава з французскай галерэяй «Сланечнікі» ў Сент-Эцьене. Яму даюць поўную волю ў выбары тэматыкі. Самі ладзяць прэзентацыі. Працы прадаюцца. Галерэя ставіцца да мастака з павагай, хоць і сочыць за кожным пунктам кантракта.
Рынак візуальнага мастацтваВізуальнае мастацтва можа натуральна існаваць у прасторы арт-рынку, ствараць пэўныя зоны, непранікальныя для камерцыі, дзе выспявае штосьці новае. Твор можа быць зроблены за кошт самога аўтара, не прадавацца на працягу дзесяцігоддзяў і пры гэтым заставацца ў культурным полі, лічыцца шэдэўрам, увайсці ў гісторыю… Рынак наогул толькі дапамога для мастацтва, але не форма існавання. Прычым «камерцыйнае» і «некамерцыйнае» — гэта не значыць «дрэннае» і «добрае», гэта дзве розныя зоны, якія супрацоўнічаюць адна з адной.
Некамерцыйнай галіне творчасці неабходна свая «брыгада падтрымкі» — крытыкі, інтэлектуальнае асяроддзе, дзе магчымы абмен меркаваннямі і ідэямі. Вялікую ролю тут адыгрывае і самаадданасць галерыстаў. Аляксандр Сувораў. Вавілонская вежа. Алей. 2007.
Праблема ж беларускай культуры (зрэшты, як і расійскай, і наогул ва ўсіх постсавецкіх рэспубліках) у тым, што цягам апошніх гадоў згладзілася розніца паміж уяўленнямі пра культуру і пра рынак культуры, у той час як гэта не адно і тое ж.
Для Беларусі само паняцце «арт-рынак» носіць футурыстычны характар. Яго пакуль яшчэ няма. І таму беларускім мастакам даводзіцца арыентавацца на рынак еўрапейскі, у крайнім выпадку, расійскі. Пры гэтым улічваць, што міфалогія, звязаная з «чыстым» мастацтвам, зведала значныя змены.
Напрыклад, адна з асноўных тэндэнцый сённяшняга міжнароднага арт-рынку — папулярнасць скульптуры і інсталяцыі. Багатыя пакупнікі гатовы выкладваць мільёны долараў за тварэнні Джэфа Кунса, Дэміена Хэрста і Такасі Муракамі. Скульптуры гэтых адносна маладых (усе нарадзіліся пасля 1945 года) мастакоў прадаюцца на аўкцыёнах за сямізначныя, а часам і васьмiзначныя сумы. Гэта новы, які зарадзіўся толькі ў другой палове XX стагоддзя, від пластыкі. Сённяшнія мастакі проста прыдумваюць канцэпцыі сваіх твораў, а ўсю «чорную работу» па іх увасабленні выконваюць шматлікія асістэнты. Часта працы ствараюцца з дапамогай запрошаных спецыялістаў, у прыватнасці, інжынераў, бо новае мастацтва патрабуе складаных тэхнічных разлікаў.
Іншая вельмі iстотная адметнасць сучаснай скульптуры (як і сучаснага мастацтва наогул) — шэдэўры вырабляюцца ў велізарнай колькасці. Гэтая стратэгія завецца people-friendly. Хтосьці можа на аўкцыёне набыць скульптуру за мільён долараў, а хтосьці зойдзе на сайт і купіць паменшаны адбiтак той жа працы ўсяго за пару сотняў. Розніца толькі ў тым, што «мільённы» твор будзе адным з пяці асобнікаў, а яго танны «клон» — аднім з дзвюх або трох тысяч.
Мастацтва як экасістэмаГаворачы пра арыентацыю на еўрапейскі рынак, варта згадаць выставу «Новае мастацтва Беларусі» (фатаграфія, інсталяцыя, музыка, перформанс, відэа), якая праходзіла ў 2000 годзе ў Варшаве. Гэта было, мабыць, першае прадстаўленне нашага сучаснага мастацтва ў новым фармаце. У выставе прымалі ўдзел мастакі, якія працуюць у розных сферах, з рознымі формамі і ў розных матэрыялах, сярод іх група «Бергамот», Андрэй Логвiнаў, Вiтольд Ляўчэня, Андрэй Дурэйка, Сяргей Бабарыка, Ігар Цішын, Васіль Васільеў, Вольга Сазыкіна, Наталля Залозная і іншыя. У чым жа адчувалася тут «навізна»? Палякі бачаць яе ў наяўнасці iнсталяцый, відэаперформансаў, «светлавых» аб’ектаў, мультымедыйных спектакляў — усяго таго, што сімвалізуе «новы час» у мастацтве ХХІ стагоддзя. У гэтым кантэксце ў паказе «новага мастацтва Беларусі» іх бянтэжыла нейкая супярэчлівасць, аглядка на мінулае. На іх думку, апошняе адчувалася нават у надзвычай авангардных працах.
Напрыканцы 2008 года зала мінскага Палаца мастацтва была аддадзена творам «свежых» чальцоў Саюза мастакоў. Што кідалася ў вочы? Розныя ўзроўні прац: ад вучнёўскай пераймальнасці («Дажынкi» Усевалада Швайбы) да грунтоўных манументальных палотнаў («Фотаробат», «Камуфляж» Аляксандра Некрашэвiча), нетрывіяльнай скульптуры (Валерый Малахаў). Раіса Сіплевіч. паміж наступным і былым. Алей. 2006.
І гэта сведчыць, што беларуская «тэрыторыя мастацтва» жыве па іншых законах, чым еўрапейская. Творчыя стасункі тут складаныя і неадназначныя. Так, ёсць музеі і галерэі. Аднак адсутнічае асяроддзе, дзе ладзіліся б трывалыя творчыя кантакты. Выяўленчае мастацтва даўно і паспяхова выкарыстоўвае такі рэсурс, як творчы саюз, які не толькi арганізоўвае выставы, але і дапамагае з продажам, з папулярызацыяй, клапоцiцца пра тое, каб у зоне культуры не губляліся нават самыя малыя з’явы мастацкай «флоры і фаўны».
Як функцыянуе гэтая «экасістэма»? Спачатку — індывідуальная вытворчасць артэфактаў і распаўсюджванне іх у мiкраасяроддзі, якое робіць свой крытычны аналіз, інтэрпрэтацыю, адбор, прасоўванне ў зону праблемнага поля культуры. Затым — далучэнне да сістэмы масавых камунікацый: шырокія міжнародныя выставы, музейныя экспазіцыі, рэпрадуктаванне ў шырокай прэсе, уключэнне ў адукацыйныя праграмы і г. д. У выніку — праз аб’яднанне культурнай памяці грамадства з яго культурнай свядомасцю — удзел у агульнам полi культурнага капіталу.
Адна з праблем сучаснага беларускага арт-свету — у тым, што тут усё пераблытана. Па выразе Дзмітрыя Прыгава, «парадкі культурных сістэм мікра- і макраасяроддзя настойлiва змешваюцца самімі ўдзельнікамі мастацкай супольнасці». Важкасць падзей і артэфактаў часцей за ўсё вызначаецца не меркаваннямі мастацтвазнаўцаў, а газетнымі рэпартажамі. Адсутнічае такі ўплывовы медыйны элемент, як аператыўная арт-крытыка. У выніку мастацкія працэсы, якія патрабуюць адмысловага асэнсавання, угрунтаванага на веданні гісторыі мастацтва і кваліфікаваным знаёмстве з найноўшымі тэндэнцыямі, адразу ж кананізуюцца без усялякай экспертызы. Усе адзнакі зблытаны, усе крытэрыі размыты. Стыль жыцця Саюза мастакоў савецкага ўзору захоўваецца. Ён быў і застаецца «аб’яднаннем узаемнага захаплення», дзе выключана магчымасць размовы пра дрэнны твор.
Сучаснае мастацтва — гэта сумесная дзейнасць велізарнай творчай супольнасці. Куратары, музеі, крытыкі — гэта ўсё сааўтары мастакоў. Яны робяць агульную справу. У мастацтва ж ёсць адзіная задача — не наганяць сум, а тлумачыць соцыякультурную сітуацыю ў грамадстве. Не больш. Але і не менш…
Таццяна цюрына