Сапраўдны Міровіч

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Партрэт легендарнага беларускага рэжысёра, акцёра, драматурга, педагога, народнага артыста БССР Еўсцігнея Міровіча знакаміты беларускі мастак Іван Ахрэмчык напісаў у 1949 г. Твор гэты ў 1957 г. быў набыты ў аўтара і з таго часу захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея.

 /i/content/pi/mast/2/35/Mirovich.jpg
І.Ахрэмчык. Партрэт Еўсцігнея Афінагенавіча Міровіча. Палатно, алей. 1949.
Партрэт уражвае. Перад гледачом -- засяроджаны, адзінокі, ужо немалады мужчына ў хатнім інтэр’еры. Работа надзвычай камерная, без намёку на параднасць, вымагае працяглага і ўважлівага разгляду.
Міровіч -- творчы псеўданім акцёра, яго сапраўднае прозвішча -- Дунаеў. Нарадзіўся Еўсцігней Афінагенавіч у Пецярбургу, у сям’і чыгуначніка. Скончыў малявальную школу пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драматычнага мастацтва імя Ф.Волкава. Дэбютаваў як акцёр і рэжысёр у 1900 г. у Адміралцейскім тэатры. У Беларусь пераехаў у 1919-м. Менавіта тут Е.Міровічу ўдалося цалкам рэалізаваць свой надзвычай багаты творчы патэнцыял. Ён быў мастацкім кіраўніком 1-га Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра (цяпер Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы), Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, рэжысёрам тэатра імя Я.Купалы. З 1945 г. Еўсцігней Міровіч узначаліў кафедру майстэрства акцёра ў тэатральным інстытуце. Сёння на фасадзе галоўнага корпуса Акадэміі мастацтваў вісіць мемарыяльная дошка з яго выявай.
Асоба мастака -- аўтара партрэта -- не менш легендарная. Многае яднае творчыя лёсы І.Ахрэмчыка і Е.Міровіча. Абодва выкладалі, мелі званне прафесараў і выхавалі плеяду знакамітых вучняў -- мастакоў, акцёраў, рэжысёраў.
У адрозненне ад гістарычных карцін, у партрэтах І.Ахрэмчыка падыход да выяўлення чалавека больш асабісты і не мае абагульненага характару. У галерэі партрэтаў сучаснікаў мастацтвазнаўцы высока ацэньваюць створаныя І.Ахрэмчыкам вобразы Ю.Пэна, З.Васільевай, П.Глебкі, Е.Міровіча і іншых адметных асоб. У кожным з гэтых твораў мастак застаўся верны жывапіснай культуры і мастацкім ідэалам, якія сфарміраваліся ў яго яшчэ ў 1920-я гады.
Метад Ахрэмчыка-партрэтыста вызначаюць два асноўныя прынцыпы: вернасць натуры і прастата выяўлення. Дакладнае вывучэнне ўсіх асаблівасцей аблічча партрэтаванага было для мастака абавязковай умовай творчасці. Ніякіх фантазій, дадумвання -- толькі тое, што дадзена самой прыродай. Наогул усім яго партрэтам уласцівы строгасць і лаканізм.
Партрэт Е.Міровіча напісаны ў традыцыях рэалізму, у манеры мастака адчуваецца пэўная сухаватасць. Пастава акцёра статычная, нават застылая, мастак засяроджана ўзіраецца ў ягоны твар. Ніякага руху, індывідуальнасць героя застаецца нібы на другім плане, здаецца, што важней для мастака выказаны з яе дапамогай агульны ціхамірны настрой. І толькі пры дэталёвым разглядзе твора прыходзіць разуменне, што вонкавы спакой паставы персанажа І.Ахрэмчык імкнуўся спалучыць з яго душэўнай усхваляванасцю, напружанай унутранай працай. Дакладна прапісаны твар літаральна выпраменьвае тое прыхаванае святло, якім бывае адзначаны толькі разумны, інтэлігентны, сціплы чалавек.
Гады (на партрэце Е.Міровічу за 60) наклалі свой адбітак -- акцёр стрыманы ў выяўленні сваіх пачуццяў, няспешны, пагружаны ва ўласныя думкі. У яго абліччы адчуваецца моц характару.
Постаць цудоўна ўпісана ў палатно, фармат якога набліжаецца да квадрата. Цёмныя колеры адзення ажыўляюцца гучнымі ўсплескамі белага (сівыя валасы, каўнерык), чырвонага і зялёнага (дыван), якія гарманічна спалучаны між сабой. Мазкі крыху ўшчыльняюцца на твары. Засяроджваецца ўвага і на руках -- ружова-шэрыя кісці нервовыя і тонкія. Глядач робіць слушную выснову, што перад ім духоўна багаты і творча адораны чалавек, якім насамрэч і быў Е.Міровіч.

Марына САЛАЎЁВА