Чалавек тэатра

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

У кожнай галіне навукі ёсць людзі, чые працы вызначаюць яе найвышэйшы ўзровень і найбольш буйныя дасягненні. У беларускім тэатразнаўстве такой асобай з’яўляецца доктар мастацтвазнаўства, прафесар Анатоль Вікенцьевіч Сабалеўскі. Яго даследчая, крытычная і педагагічная дзейнасць -- гэта важкі ўклад у нацыянальную гуманітарную навуку і культуру.

 /i/content/pi/mast/2/34/p.52_1.jpg
Нарадзіўся А.Сабалеўскі 27 мая 1932 г. у вёсцы Андрыеўшчына Дзяржынскага раёна ў сялянскай сям’і. Пра тэатр ён нічога не ведаў. Праўда, у дзяцінстве нароўні з матэматыкай вельмі любіў беларускую літаратуру, пісаў вершы. Будучыня ўяўлялася хлопцу акрэсленай, яснай і прадвызначанай -- пасля заканчэння Мінскага педагагічнага вучылішча ён вернецца ў родныя мясціны і будзе працаваць вясковым настаўнікам. Аднак адбылося непрадбачанае. У яго жыццё ўвайшоў Тэатр, які перайначыў і парушыў ранейшыя планы. Падчас навучання ў Мінску юнак захапіўся творчасцю вялікай беларускай актрысы Ірыны Ждановіч, праглядзеў усе спектаклі з яе ўдзелам, перачытаў усе рэцэнзіі і артыкулы пра яе творчасць, якіх, на здзіўленне, аказалася вельмі мала.
З чырвоным дыпломам выдатніка А.Сабалеўскі без уступных экзаменаў паступае на аддзяленне журналістыкі БДУ. Ужо на першым курсе студэнт скончыў нарыс пра І.Ждановіч, які праз два гады быў надрукаваны ў часопісе «Полымя». Акрамя таго, актыўна выступае ў друку з тэатральна-крытычнымі артыкуламі, што заканамерна прыводзіць А.Сабалеўскага ў аспірантуру Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва ў Маскве. Яго навуковым краўніком становіцца буйны вучоны Георг Іосіфавіч Гаян. Сяброўства настаўніка і вучня доўжылася ўсё жыццё, пры гэтым вучань быў і застаецца самым адданым паслядоўнікам свайго настаўніка і шмат у чым працягвае яго справу. У 1972 г. Анатоль Вікенцьевіч выдае манаграфію «Беларуская драматургія ў тэатры народаў СССР». А курс па гісторыі тэатра народаў СССР (цяпер краін СНД і Балтыі), стваральнікам якога быў Г.Гаян, сёння, па маіх звестках, чытаецца толькі ў Беларусі. Вядома ж, ягоным вучнем.
Драматургія ўвогуле з’яўляецца адным з асноўных накірункаў навуковай дзейнасці А.Сабалеўскага. Ім надрукаваны манаграфіі «Беларуская драматургія» (кн. 1-2, 1969 -- 1972), «Кандрат Крапіва: Нарыс жыцця і творчасці» (1989, др. выд. 2003); зборнікі п’ес «Беларуская драматургія» (кн.1-4, 1994 -- 1997). Вынікам карпатлівай збіральніцкай працы стаў выхад «Хрэстаматыі па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (т. 1-2, 1975; 2-е выданне т.1-4, 1997 -- 2005), дзе вучоны з’яўляецца ўкладальнікам, рэдактарам, аўтарам уступных артыкулаў і каментарыяў. «Хрэстаматыя…» уключае асноўныя этапы развіцця сцэнічнага мастацтва і драматургіі -- ад народных вытокаў да пачатку ХХІ ст. У выданні аднаўляюцца многія невядомыя старонкі тэатральнай гісторыі, вяртаюцца з небыцця малавядомыя сучаснікам творы і імёны. Такой унікальнай працы не мае ніводная краіна былога Саюза. Дарэчы, рэабілітацыю забароненых ці проста забытых твораў А.Сабалеўскі распачаў значна раней, калі ў якасці галоўнага рэдактара ўзначальваў часопіс «Тэатральная творчасць» (1992 -- 1998). Тут друкавалася літаратурная спадчына Ф.Аляхновіча. В.Сташэўскага, Я.Баршчэўскага, Л.Родзевіча, М.Чарота і інш., а побач -- п’есы пачаткоўцаў, што, безумоўна, паспрыяла развіццю айчыннай драматургіі.
Шмат піша Анатоль Вікенцьевіч і пра дзейнасць выдатных беларускіх акцёраў. Творчасці тых, хто складае славу і гонар нацыянальнай сцэны, прысвечаны раздзел у кнізе «Савецкае акцёрскае мастацтва, 50 -- 70 гг.», выдадзенай у 1982 г. у Маскве. Па некалькі выданняў вытрымліваюць манаграфіі пра Барыса Платонава (1964, 1989, 2004) і Глеба Глебава (1994, 2005). Пры гэтым кожнае новае выданне аўтар істотна дапрацоўвае. Назіраючы творчасць майстроў на працягу дзесяцігоддзяў, ён не толькі вызначае прыроду іх таленту, непаўторную мастакоўскую адметнасць, але і дакладна паказвае, як мяняліся адносіны выканаўцаў да вобразаў, як сцэнічныя характары насычаліся сугучнымі часу рысамі і акцэнтамі.
Цяжка нават пералічыць усе працы, выдадзеныя вучоным. Ён -- адзін з аўтараў і рэдактараў 3-томнай «Гісторыі беларускага тэатра», складальнік, рэдактар і аўтар артыкулаў 3-х кніг «Культура беларускага замежжа». Без перабольшання, дзякуючы намаганням А.Сабалеўскага пабачыла свет 2-томная энцыклапедыя «Тэатральная Беларусь», якая выйшла пад яго агульнай рэдакцыяй. Выданне гэтае таксама не мае аналагаў на ўсёй постсавецкай прасторы.
 /i/content/pi/mast/2/34/p.53_3.jpg

 З заслужанай артысткай Беларусі Р.Маленчанка


Тэатразнаўчую працу А.Сабалеўскі заўсёды спалучаў з тэатральна-крытычнай. Ён надрукаваў больш за 500 артыкулаў, самых розных па жанры і тэматыцы. Гэта і ўзнёслыя, акрыленыя эсэ пра акцёраў, і аналітычныя рэцэнзіі, дзе надзвычай вобразна аднаўляецца сэнсавая і стылістычная сутнасць спектакляў, і праблемныя артыкулы па важнейшых пытаннях сцэнічнага мастацтва. Па-ранейшаму даследчык шмат увагі надае драматургіі. Сярод яго асаблівых прыхільнасцей -- творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, Ф.Аляхновіча, У.Караткевіча, М.Гарэцкага. Цудоўны падарунак зрабіў Анатоль Вікенцьевіч усёй тэатральнай грамадскасці да ўласнага юбілею. У часопісе «Роднае слова» (2007, № 4) ён надрукаваў грунтоўнейшы артыкул пра гісторыю сцэнічнага ўвасаблення Купалавых «Тутэйшых».
Многія з крытычных матэрыялаў А.Сабалеўскага выдадзены асобнымі кнігамі. Гэта: «Рампай асветленае», «Жыццё тэатра», «Сучаснасць і гісторыя», «Асоба мастака». Кожная з гэтых прац дае акрэсленае аўтарскае ўяўленне пра стан беларускай драматургіі, рэжысёрскага і акцёрскага мастацтва, пра пошукі тэатрамі адметнага стылю і вобразнай мовы ў пэўны гістарычны адмежак часу. Зараз Анатоль Вікенцьевіч рыхтуе пятую кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў пад назвай «Тэатральная крытыка», якая, на мой погляд, з’яўляецца лепшым яго дасягненнем у гэтай галіне творчасці.
Выключная роля належыць А.Сабалеўскаму і ў справе развіцця нацыянальнага тэатразнаўства і крытыкі. У 1962 г. у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва, мовы і літаратуры на чале з загадчыкам
 /i/content/pi/mast/2/34/p.53_2.jpg
 З вучнямі-тэатразнаўцамі ў Ташкенце
А.Сабалеўскім распачалася падрыхтоўка (спачатку студэнтаў, а пазней і аспірантаў) тэатразнаўчых і педагагічных кадраў не толькі для Беларусі, а і для Узбекістана, Літвы, Польшчы. У 1990-я гады, калі ён узначальваў кафедру тэатральнай творчасці ў БДУ культуры і мастацтваў, такая ж падрыхтоўка вялася і для шэрагу краін Афрыкі. Яго імя добра вядома ва Узбекістане і Кіргізіі, Грузіі і Казахстане, Латвіі і Украіне, Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Шматбаковая дзейнасць вучонага і педагога атрымала высокую ацэнку далёка за межамі Беларусі. А.Сабалеўскі ўзнагароджаны Міжнароднай прэміяй «UNITY» («Адзінства») з прысуджэннем залатога медаля «За выдатны ўклад у развіццё мастацтвазнаўчай навукі, выхаванне спецыялістаў мастацкай культуры высокай кваліфікацыі і актыўны ўдзел у прапагандзе ідэй міру, дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі». Ён з’яўляецца акадэмікам Маскоўскага аддзялення Міжнароднай акадэміі навук аб прыродзе і грамадстве, ганаровым доктарам навук Ташкенцкага дзяржаўнага інстытута мастацтваў імя М.Уйгура.
 /i/content/pi/mast/2/34/p.53_1.jpg

 На адкрыцці Музея Беларускага дзяржаўнага
тэатральна-мастацкага інстытута


На рахунку А.Сабалеўскага -- удзел у 15 абароненых кандыдацкіх дысертацыях, шматлікія кансультацыі і апаніраванне доктарскім дысертацыям.
Анатоль Вікенцьевіч заўжды пільна сочыць за творчым ростам сваіх выхаванцаў і аказвае ім усялякую падтрымку. Асабіста я пастаянна адчуваю гэта на сваім уласным лёсе. Фактычна ён адчыніў мне дзверы ў навуку, пры яго дапамозе я рабіла першыя крокі ў крытыцы, тэатразнаўстве і тэатральнай педагогіцы.
А ў дадатак да ўсяго А.Сабалеўскі надзвычай добры, шчодры ды гасцінны чалавек. Сяброў і гасцей-вучоных з іншых краін ён абавязкова запрашае ў сваё радзіннае гняздо -- вёску Андрыеўшчыну, якая, нягледзячы на наступствы цывілізацыі, захоўвае зацішны спакой і нерушную прыгажосць прыроды. Менавіта тут, у Андрыеўшчыне, Анатоль Вікенцьевіч прамовіў словы, вынесеныя ў загаловак артыкула: «Тэатр для мяне -- гэта ўсё…». Некаму яны, магчыма, пададуцца празмерна пафаснымі, для мяне ж яны гучаць шчыра, праўдзіва і нават спавядальна. Я ўпэўнена, што менавіта любоў да Тэатра не толькі сфарміравала А.Сабалеўскага як буйную асобу і ўзняла на высокія абсягі навукі, а і напоўніла галоўным сэнсам усё яго жыццё.

Тамара ГАРОБЧАНКА