ТВОРЧЫЯ САЮЗЫ: ДЭГРАДАЦЫЯ ЦІ ЭВАЛЮЦЫЯ

№ 4 (313) 06.04.2009 - 06.05.2009 г

Шмат хто лічыць, што мастацтва, за пэўнымі выключэннямі, — справа індывідуальная, а мастакі існуюць паасобку. Аднак гісторыя ведае шмат прыкладаў згуртавання творчых людзей. Са школы мы памятаем пра перасоўнікаў, «магутную кучку», «мирискусников» і іншыя аб’яднанні па эстэтычных кірунках і інтарэсах, якія ўзніклі ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Савецкія часы прынеслі пэўныя змены. З ініцыятывы дзяржавы з 1930-х гадоў у СССР пачынаюць дзейнічаць так званыя «творчыя саюзы», прызначаныя выконваць аб’яднальную ролю для людзей мастацтва.

На справе ж новыя ўтварэнні адначасова кантралявалі сваіх членаў і скіроўвалі іх творчыя памкненні ў патрэбнае для таталітарнай улады рэчышча. Першым быў арганізаваны Саюз пісьменнікаў СССР, а потым як у Маскве, так і на перыферыі савецкай імперыі, у «нацыянальных рэспубліках», паўсталі шматлікія саюзы кампазітараў, мастакоў, тэатральных дзеячаў, архітэктараў, кінематаграфістаў, літаратурна-мастацкіх крытыкаў і г.д. Адначасова гэтыя новаўтварэнні былі часткай сістэмы па размеркаванні матэрыяльных каштоўнасцей і атрыманні заказаў ад дзяржавы.

Пасведчанне аб прыналежнасці да афіцыйнага творчага аб’яднання не толькі адчыняла дзверы прэстыжных рэстаранаў і баз адпачынку, але наогул легалізавала дзейнасць творцы. У СССР нельга было прафесійна займацца мастацтвам без членства ў адпаведным творчым саюзе. Дзяржава гарантавала стабільны заробак, а саюзы — цікавае кола зносінаў, адчуванне далучанасці да эліты, што было вельмі важна ў «бяскласавым» савецкім грамадстве. Удзел у жыцці творчых аб’яднанняў даваў таксама пэўную трыбуну. Саюзы былі, асабліва напрыканцы 1980-х, уплывовымі арганізацыямі.

Новыя часы паставілі пад сумнеў матэрыяльную заможнасць творчых саюзаў. Аднак саюзы, насуперак логіцы, не зніклі. Больш за тое, падчас і пасля распаду СССР у Беларусі з’явіліся творчыя згуртаванні дызайнераў і фатографаў. І новыя, і даўно існуючыя арганізацыі аб’яднаны ў Беларускую канфедэрацыю творчых саюзаў і маюць грамадскі статус. Тым не менш, гаварыць аб іх актыўнай дзейнасці не даводзіцца. Аб справах і нават існаванні некаторых з іх большасці жыхароў нашай краіны (а то і самім творцам) мала што вядома. Пра іншыя ўзгадваюць толькі з нагоды пэўных скандалаў, якім стаў, напрыклад, напрыканцы мінулага года сарваны з’езд Беларускага саюза кінематаграфістаў. Большасць з яго членаў проста праігнаравала мерапрыемства і тым самым паставіла пытанне аб далейшым існаванні сваёй арганізацыі. Інцыдэнт шырока асвятляўся сродкамі масавай інфармацыі і не дадаў аўтарытэту не толькі Саюзу кінематаграфістаў, але і астатнім.

Праблем у айчынных творчых суполак яўна больш, чым дасягненняў. І галоўная з іх — накірунак дзейнасці. Якія задачы павінны выконваць творчыя аб’яднанні? Пытанне гэтае — відавочна дыскусійнае, канкрэтнага адказу на яго не могуць знайсці ўжо колькі гадоў. Нехта сцвярджае, што галоўнае прызначэнне саюзаў — быць своеасаблівымі «творчымі клубамі», ствараць інфармацыйную прастору, даваць сваім удзельнікам пачуццё прыналежнасці да мастацтва. Хтосьці ўпэўнены ў непазбежнай трансфармацыі творчых саюзаў у прафесійныя гільдыі, якія будуць адсочваць аўтарскія і іншыя правы і дапамагаць вырашаць матэрыяльныя пытанні, як тое адбываецца ў Еўропе і Амерыцы.

Нявырашаным застаецца і пытанне ўласнасці. Пасля распаду СССР саюзы з-за цяжкага матэрыяльнага стану былі вымушаны пазбаўляцца сваіх будынкаў і памяшканняў, іншай маёмасці. Але ці можна ў дадзеным выпадку гаварыць аб іх поўнай фінансавай недзеяздольнасці і неабходнасці абавязковай грашовай падтрымкі з боку дзяржавы? Ці, магчыма, творчыя саюзы усё ж здатныя самастойна зарабляць грошы на сваё існаванне?

Асобна стаіць пытанне прадстаўніцтва беларускага мастацтва на міжнародным узроўні і кантактаў з аналагічнымі замежнымі арганізацыямі. Пагодзімся: без актыўнага удзелу айчынных творчых аб’яднанняў такія кантакты будуць мець выпадковы характар.

Мы запрасілі ў рэдакцыю прадстаўнікоў самых уплывовых творчых саюзаў, каб пагаварыць пра іх сённяшні лёс. Пра тое, наколькі патрэбныя гэтыя арганізацыі прафесійным майстрам. А мо гэта ўжо проста рудыменты савецкага часу?

На пытанні супрацоўнікаў часопіса адказвалі: старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў, сакратар Беларускага саюза кампазітараў Таццяна Песнякевіч, намеснік старшыні саюза «Фотамастацтва» Іван Пятровіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі.

Творчы саюз — структура, якая яднае людзей апантаных і таленавітых. Ды толькі сябры гэтых грамадскіх арганізацый усё часцей гавораць не пра развіццё нацыянальнай культуры, рэалізацыю новых праектаў, а пра матэрыяльныя выгоды, сацыяльную абароненасць, вытворчыя складанасці. Дык якія задачы сёння з’яўляюцца злабадзённымі і важнымі для саюзаў? Які плён іх работы? Ці рэальна іх рэфармаваць, стварыць мадэль, адэкватную нашаму часу і спрыяльную для развіцця мастацтва?

 /i/content/pi/mast/17/339/11-.jpg
Рыгор Сітніца:
Любое аб’яднанне творцаў рэфармаваць можна бясконца. Зрэшты, ёсць былыя рэспублікі СССР, дзе саюзы зніклі ўвогуле. Але я перакананы, што ў сённяшніх варунках такая грамадская структура, як саюз, неабходна мастакам, каб вырашаць іх творчыя, а таксама эканамічныя праблемы. А іх вельмі шмат. Прынамсі, у Саюзе мастакоў самая вострая праблема звязана з майстэрнямі. Карыстанне плошчамі і камунальныя паслугі каштуюць даволі дорага. Наш саюз вызваліў ад арэнднай платы ветэранаў. Аднак іншым даводзіцца плаціць ад 400 да 600 тысяч. Калі б саюза не існавала, плата за майстэрню магла б быць яшчэ ў 5–10 разоў вышэйшай. Увогуле ёсць мноства пытанняў, якія без грамадскага аб’яднання вырашыць немагчыма.

Што датычыць творчай дзейнасці, то саюз падтрымлівае ўсе ідэі і праекты сваіх сяброў, рэгулярна праводзіць выставы ў Палацы мастацтва. І, канешне, гэта асноўнае прызначэнне нашага аб’яднання. Невыпадкова мастакі гуртуюцца здаўна, хоць па сутнасці свайго светаадчування яны — індывідуалісты. Творцы збіраюць аднадумцаў, пішуць маніфесты, ствараюць цэхі, суполкі. Дзеля чаго? Не толькі для таго, каб выжываць, але і каб выказваць свае думкі і канцэпцыі гучна.

За апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі створана шмат суполак. Усе іх сябры — у складзе Саюза мастакоў, які застаецца самай уплывовай мастакоўскай структурай у краіне. Пра гэта сведчаць і вынікі сёлетняга прыёму: семдзесят новых членаў пры наяўнасці амаль сотні заяў.

Але ж прычына папулярнасці саюза ў асяроддзі мастакоў — выгоды не творчыя, а матэрыяльныя. Ці значыць гэта, што саюзы патрэбныя не столькі для таго, каб мастацтва станавілася лепшым, колькі для размеркавання грошай?

Рыгор Сітніца: Каб мастакі тварылі, ім неабходны адпаведныя ўмовы. І грошы, дарэчы, таксама. Калі майстру няма на што жыць, яму будзе не да плённай працы. Таму адзін з пунктаў статута так і гучыць: «Забеспячэнне ўмоў для творчасці». Гэта наша найважнейшая функцыя. І невыпадкова кожны, хто ўступае ў саюз, разлічвае і прэтэндуе на майстэрню.

Няўжо толькі моцная матэрыяльная база гуртуе творцаў?

Рыгор Сітніца: Перакананы, што нашых сяброў яднаюць найперш творчыя памкненні. Зрэшты, калі ўзнікаюць супярэчнасці, людзі разыходзяцца па групоўках. Напрыклад, у секцыі жывапісу ёсць майстры розных светапоглядаў і кірункаў. Таму сёлета ў Палацы мастацтва мы наладзілі выставу мастакоў — прыхільнікаў традыцыйнай акадэмічнай школы жывапісу. А год таму частка сяброў секцыі прадставіла работы больш мадэрновага плана. І гэта нармальны працэс. Галоўнае, каб творы былі высокапрафесійнымі. А ўжо якімі яны будуць па форме і змесце — справа саміх аўтараў.

Саюз мастакоў, відавочна, пачувае сябе ўпэўнена і мае рэальную магчымасць выконваць вызначаныя статутам функцыі. А што рабіць саюзам, дзе няма такой матэрыяльнай базы? Відаць, стан Саюза тэатральных дзеячаў можна ахарактарызаваць як адчай?

 /i/content/pi/mast/17/339/11.jpg
Аляксей Дудараў:
Найперш адзначу, што саюз — дзіця савецкага часу, але назваць гэтыя ўтварэнні рудыментамі нельга: яны яшчэ ў стане працаваць.

У Саюзе тэатральных дзеячаў — каля тысячы членаў і вельмі дэмакратычныя ўмовы сяброўства. Не плаціш на працягу трох гадоў складкі — аўтаматычна выбываеш. Апамятаўся праз дзесяць гадоў, заплаціў запазычанасць — аўтаматычна аднаўляешся.

Такой маёмасцю, як мастакі, мы пахваліцца не можам. Маем вытворчы камбінат і дом творчасці «Тэатральны» каля Астрашыцкага Гарадка, які быў збудаваны яшчэ ў савецкія часы, — нам удалося яго захаваць неразбураным. Мы нікому нічога не вінныя. Але такіх умоў для працы, як дваццаць гадоў таму, не маем.

Увогуле, не разумею пытання — ці патрэбны саюзы сёння? Хто ў гэтым сумняваецца? Калі я не хачу быць сябрам грамадскага аб’яднання, гвалтам мяне ніхто ў яго не зацягне. Аднак большасць дзеячаў тэатра імкнуцца да супольнасці, бо ў адзіноце, за рэдкім выключэннем, яны працаваць не могуць. Саюз, безумоўна, не дапаможа акцёру, нават самаму таленавітаму, атрымаць ролю, ніводны рэжысёр не будзе раіцца з намі. Функцыя саюза іншая. Трэцяя частка членаў — людзі, якія сваё творчае жыццё на сцэне скончылі, і адбылося гэта ў адносна маладым узросце. Але з саюза яны не выходзяць. Чаму? Акцёра пенсійнага ўзросту, нават калі ён мае рэгаліі, ганаровыя званні, за год-два калектыў забывае. Падтрымаць яго можам толькі мы. Згадваю, калі мы ўпершыню павіншавалі ветэранаў з Вялікаднем, колькі было радасці і ўдзячнасці! Адзін з іх прызнаўся, што зразумеў: жыццё пражыта недарэмна. Калісьці перад Днём Перамогі мы сабралі ўсіх ветэранаў пад дахам Дома мастацтваў. Прыйшлі 80 чалавек. Яны танчылі, чыталі вершы, згадвалі мінулае. Было так радасна! Летась мы зноў сабралі іх за адным за сталом, і засталіся пустыя месцы...

Многія шараговыя члены Саюза тэатральных дзеячаў адчуваюць настальгію па той разгалінаванай і заўважнай дзейнасці, якая была адметнасцю творчага аб’яднання ў савецкія часы.

Аляксей Дудараў: І я таксама, як кіраўнік саюза, адчуваю настальгію. Да 1992 года наш мастацкі камбінат быў вызвалены дзяржавай ад падаткаў на прыбытак. Трыццаць працэнтаў ішлі не ў казну, а на наш рахунак. Калі б такое становішча захавалася, мы маглі б сваіх членаў і ў творчыя камандзіроўкі пасылаць, і наладжваць выставы мастакоў, і даплаты рабіць, як гэта было раней.

Шмат гадоў вы ўвогуле не праводзіце тэатральныя мерапрыемствы…

Аляксей Дудараў: Мы не адмовіліся ад некаторых сваіх праектаў. Праводзім сумесна з Міністэрствам культуры Дзень тэатра. Можам забяспечыць свае крыштальныя прызы матэрыяльна. Доўгі час рыхтавалі фестываль «Маладзечанская сакавіца» разам з Маладзечанскім гарвыканкамам. Сёння стала горш. Членскія ўзносы ўмоўныя. Раней саюз быў своеасаблівым грамадскім аддзелам тэатра пры Міністэрстве культуры. Мы праводзілі семінары, канферэнцыі. На ўсё былі грошы. Сёння нам усё цяжэй выконваць пункт статута: «Стварэнне спрыяльных умоў для дзеячаў тэатра нашай краіны». Таму б дадаў да яго ўдакладненне: «па магчымасці».

З усяго сказанага раней вынікае, што Саюз тэатральных дзеячаў практычна не ў стане забяспечыць умовы для творчай працы і стасункаў. Але якім чынам Саюз дызайнераў, які ўвогуле не мае ўласнасці і працуе ў тых жа варунках, актыўна дзейнічае, падтрымлівае сваіх членаў, наладжвае буйныя выставачныя і выдавецкія праекты?

/i/content/pi/mast/17/339/13.jpg 
Дзмітрый Сурскі:
Мы пастаянна спрабуем пашыраць кола інтарэсаў і творчых дачыненняў. Так, у выданым намі каталогу «Кто есть кто? Дизайн внутри и снаружи» прэзентавалі творчасць не толькі сваіх сяброў, але і мастакоў, архітэктараў, тых, хто ўвогуле існуе па-за ўсімі саюзамі. Прыхільна ставімся да ўступлення ў нашу арганізацыю скульптараў, архітэктараў, якія супрацоўнічаюць з дызайнерамі. Я і сам член Саюза мастакоў, ён дае больш сацыяльнай абароны, дапамагае мне з майстэрняй і выставамі. Дарэчы, у нас усё адбываецца крыху па-іншаму. Мы, напрыклад, адметна святкуем прыём у саюз: выязджаем вялікай грамадой на прыроду — на Пціч або ў вёску Заброддзе да мастака Барыса Цітовіча. Падтрымліваем сваіх сяброў. Так, у саюз звярнуўся Ігар Герасіменка — заснавальнік дызайну ў нашай краіне — з просьбай дапамагчы аплаціць хірургічную аперацыю. Аднак мы сутыкнуліся з праблемай. Зняць грошы з рахунку можна, але гэта аўтаматычна цягне за сабой падаткі, выплаты сацыяльнага страхавання. Такім чынам «з’ядаецца» палова сумы. Кінулі кліч па інтэрнэце. І людзі на працягу месяца сабралі больш як тры тысячы долараў. Кожнаму нашаму сябру мы дасылаем паштоўку на Дзень нараджэння. Магчыма, гэтыя справы для дзяржавы не вельмі значныя, але яны важныя для кожнага чалавека. Саюз сабраў самую буйную ў краіне калекцыю плакатаў. Выдае часопіс «Pro-дизайн». Рэгулюе пытанні з аўтарскімі правамі, супрацоўнічае з Міністэрствам эканомікі, Саветам Міністраў. Прывяду прыклад. Калі рыхтаваўся звод відаў эканамічнай дзейнасці, у пераліку быў нават такі пункт, як развядзенне каліфарнійскіх чарвякоў. Забыліся чамусьці толькі пра дызайн. Саюзу давялося адстойваць важнасць нашай працы для краіны. Намаганні мелі плён.

І ўсё ж як пры складанасці фінансавага стану саюзу ўдаецца ажыццяўляць свае праекты?

Дзмітрый Сурскі: Зарабляем грошы: калі выконваем бюджэтныя заказы ад імя саюза, падатак на дадатковы кошт застаецца на рахунку грамадскай арганізацыі. Гэта дазваляе нам нармальна існаваць, аплачваць выдавецкія праекты. Гэта выгодна і дзяржаве. Бо працуем мы без прыбытку і накладных выдаткаў. Хоць, безумоўна, мы эканомім: карыстаемся дапамогай валанцёраў, зарплату я не атрымліваю. Часам дапамагае дзяржава: на выпуск апошняга нумара часопіса сродкі выдаткавала Міністэрства культуры. Звяртаемся да спонсараў, знаходзім рэкламу. Словам, выжываем як можам.

Аб’яднанне «Фотамастацтва» — адно з самых маладых, яно не мае «савецкага мінулага» і, адпаведна, ніякай маёмасці. Што з’яднала фатографаў?

/i/content/pi/mast/17/339/14.jpg 
Іван Пятровіч:
Мінулым годам, перад тым як правесці свой чарговы з’езд, мы абмяркоўвалі тое ж пытанне: якая мадэль функцыянавання творчых саюзаў будзе сёння прадуктыўнай? Ці патрэбны саюзы ўвогуле? Абмеркаванне скончылася тым, што з’езд мы ўсё ж правялі і працягваем сваё існаванне. Хоць відавочным застаецца і тое, што старая мадэль існавання сябе ўжо зжыла.

Магчымы іншы варыянт развіцця аб’яднання фатографаў: ператварыцца ў рэспубліканскі фотаклуб, як гэта было ў часы Савецкага Саюза, калі існаваў Савет фотаклубаў, што аб’ядноўваў каля трыццаці арганізацый. Ёсць яшчэ адзін шлях — камерцыялізацыя. Творчыя саюзы могуць арганізоўваць свае структуры і за кошт іх выжываць. Урэшце мы паспрабавалі выкарыстаць той факт, што з дапамогай фатаграфіі можна зарабляць грошы, але гэты сімбіёз з цяжкасцю знаходзіць свой працяг у творчай сферы. Напрыклад, наш старшыня Сяргей Плыткевіч два гады выдаваў часопіс «Фотомагия», але сёння мусіць прыпыніць свой праект.

Для мастацтва значэнне мае фатограф і яго твор. Але для таго, каб трымаць творчую планку, неабходны прафесійныя арганізацыі — саюзы. І тут праблемы ёсць ва ўсіх. Няма рынку, няма той сферы, якая б надавала творам дадатковую вартасць. Фатографы сёння маюць прыкладна аднолькавы творчы ўзровень, кожны, прыклаўшы пэўныя высілкі, мог бы зрабіць сабе выставу. Калі не лічыць вашага часопіса і некалькіх крытыкаў, усё гэта не ацэньваецца. Я нават не кажу пра тэорыю фатаграфіі, пра яе выкладанне...

Вы аб’ядналіся таму, што ў вас было жаданне нешта рабіць разам, ці дзеля таго, каб падтрымаць свой прафесійны статус, дзеля так званых «корачак»?

Іван Пятровіч: Мы аб’ядналіся, каб згуртаваць свае творчыя і арганізацыйныя намаганні. Папулярызаваць фатаграфію не трэба: яна вельмі актыўна развіваецца. Але захаваць творчы набытак — варта. Саюз дызайнераў, напрыклад, збірае і захоўвае плакаты, а фонду беларускай фатаграфіі так і няма.

Чаму б не пераняць прыклад Саюза дызайнераў, які ўмее зарабляць сродкі на ўласнае існаванне?

Дзмітрый Сурскі: У камерцыйных структур няма ніякіх падстаў нам дапамагаць, няма зніжак па падатках. На нашу арганізацыю ідуць заказы, з якіх мы можам пакінуць сабе падатак на дадатковую вартасць.

Рыгор Сітніца: Паколькі творчыя саюзы не маюць права займацца камерцыйнай дзейнасцю, пры іх ствараюцца ўнітарныя прадпрыемствы. У нас, напрыклад, сем камбінатаў...

Спадчына савецкага часу?

Рыгор Сітніца: Безумоўна... За савецкім часам саюз быў манапалістам на ўсю мастацкую прадукцыю. Камбінаты маглі ставіць стопрацэнтную «накрутку» — і гэта праходзіла. Адпаведна ішлі велізарныя адлічэнні ў фонд арганізацыі, будаваліся і кватэры, і майстэрні... Сёння мы маем Палац мастацтва і дзве мастацкія галерэі, што таксама з’яўляюцца нашымі ўнітарнымі прадпрыемствамі, на якія распаўсюджваюцца пэўныя льготы. То-бок, наўпрост грошы саюз не зарабляе — толькі праз унітарныя прадпрыемствы.

Мы фінансуем вялікую колькасць праектаў, толькі ў Мінску наша арганізацыя за год зладзіла каля 60-ці выстаў. З іх некалькі вельмі значных. У Маскве адбыўся Міжнародны мастацкі салон, там выдатная экспазіцыя беларускіх аўтараў. А гэта ўжо — прадстаўніцтва краіны. Паказвалі мы творчасць нашых сяброў у Лондане, Пекіне, Каіры.Буйныя акцыі, кшталту выставы «Міленіум Літвы», якую мы рыхтуем да тысячагоддзя згадвання гэтай назвы ў летапісах, аднаму чалавеку правесці не пад сілу.

І нават калі ў сябра нашага саюза дзіця нараджаецца, мы выдзяляем сродкі, і на правядзенне юбілейных выстаў грошы даем.

Аляксей Дудараў: Вельмі пераканальна.

Дзмітрый Сурскі: Не варта забываць пра статус, які дае членства ў саюзе. Вось прыклад: Віцебскі тэхналагічны інстытут прыняў рашэнне даплачваць выкладчыкам, што з’яўляюцца сябрамі творчых арганізацый.

Рыгор Сітніца: Сёння мы вызначыліся ў тым, што наша арганізацыя — саюз прафесійных дзеячаў, таму для ўступлення ў яе вышэйшая мастацкая адукацыя абавязковая (іншае — у выключных выпадках).

Наш часопіс неяк згадваў, што да ўдзелу ў Першай біенале жывапісу, графікі і скульптуры не былі дапушчаны сябры саюза, якія не заплацілі за майстэрню. Як гэта разумець?

Рыгор Сітніца: Суполка аплачвае мастаку выставачную плошчу, а ён элементарна не выконвае патрабаванні статута.

Мастакі, дызайнеры, фатографы гуртуюцца разам у тым ліку і для таго, каб супольна рабіць выставы і праекты, а што аб’ядноўвае кампазітараў — людзей, самадастатковых у творчасці?

/i/content/pi/mast/17/339/16.jpg 
Таццяна Песнякевіч:
Мабыць, гэта гучыць пафасна, але я пераканана, што ўсім творчым людзям трэба згуртоўвацца, каб не страціць пачуццё прыналежнасці да свайго народа. Самі па сабе выжыць мы не здольныя. Кампазітар павінен знайсці выканаўцаў, адпаведную залу. То-бок, саюз кампазітараў патрэбны для таго, каб «прасоўваць» сур’ёзную музыку ў культурную прастору. Яднае ж музыкантаў і кампазітараў высокі прафесійны ўзровень. Бо для членства ў саюзе абавязковая вышэйшая мастацкая адукацыя. Хоць былі і выключэнні — Уладзімір Мулявін і Мікалай Сацура.

Ці не здаецца, што патрабаванне пра наяўнасць вышэйшай мастацкай адукацыі для ўступлення ў саюз занадта жорсткае?

Таццяна Песнякевіч: Яно вынікае з неабходнасці акрэсліваць і падтрымліваць прафесійны ўзровень.

Рыгор Сітніца: Гэта патрэбна, бо ў прынцыпе сёння кожны можа назваць сябе мастаком, пісьменнікам.

Пасля таго, як мы страцілі Дом акцёра, Аляксей Дудараў запэўніваў усіх, што яму абавязкова знойдзецца замена. Памяшканне Саюз тэатральных дзеячаў атрымаў, але месца для творчых сустрэч няма і дагэтуль.

Аляксей Дудараў: Абяцанне сапраўды было дадзена. Але, па-першае, мы не страцілі Дом акцёра — ён быў вернуты таму, каму належаў. Па-другое, гэта ў ранейшыя часы Дом акцёра быў ледзь не адзіным месцам, дзе можна было сабрацца, — перадусім з-за даволі таннага буфета.

Але ў Доме акцёра можна было падняцца на другі і трэці паверхі — і там была глядзельная зала, дзе адбываліся пленумы і нават ставіліся спектаклі. Дзе насамрэч гуртаваліся творцы. Дарэчы, тэатральную грамадскасць вельмі хвалюе пытанне: калі будзе працаваць СТД як арганізацыя, што яднае творцаў? Мастакі, як і кампазітары, у пэўнай меры самадастатковыя. А акцёры нават перасталі хадзіць адзін да аднаго на спектаклі. І гэта самая вялікая страта для людзей тэатра: перарваныя прафесійныя сувязі і стасункі. Для таго, каб аднавіць іх, непатрэбны вялікія грошы.

Аляксей Дудараў: Дзесяць еўра каштуе адзін квадратны метр для выставы. А калі рэпетыцыі! Каму гэта патрэбна? Хто за гэта будзе плаціць акцёрам? Хіба купалаўскага акцёра запросіш на эксперыментальны праект? Ды яны ў сябе на малой сцэне маюць магчымасць эксперыментаваць. Што вынікае з вашага пытання? Саюз тэатральных дзеячаў нас не аб’яднаў, таму мы перасталі хадзіць на прэм’еры. Ды гэта час такі. Пакаленні змяніліся, і маладыя зусім іншыя, чым мы. Ім гэта нецікава. Ім цікава, колькі грошай яны атрымаюць.

Ці можна сцвярджаць, што СТД існуе цяпер пераважна як фонд, скіраваны на ветэранаў?

Аляксей Дудараў: Не толькі на ветэранаў — на ўсіх, каму патрэбна дапамога. А калі хочацца сабрацца, калі ласка, прыходзьце: нарэшце скончыўся рамонт у маім прасторным кабінеце, нават піяніна ёсць.

Саюз дызайнераў рэгулярна ладзіць нефармальныя сустрэчы. Павінна быць ініцыятыва...

Дзмітрый Сурскі: Насамрэч, шмат праблем трэба вырашыць, каб, скажам, арганізаваць выставу. Кожнаму патэлефанаваць, запрасіць. Пасля зрабіць каталог...

І думаеш: навошта мне гэта?..

Рыгор Сітніца: Як навошта? Дзеля ідэі! Я 25 гадоў выкладаю і выхаваў з дзесятак творцаў, якія за ідэю галовы пакладуць. Бацькаўшчына і мастацтва! А калі яшчэ Гасподзь Бог...

А хіба маладыя мастакі сёння не просяць: «Дайце грошы»?

Рыгор Сітніца: Адрозна ад сталых творцаў, яны значна лепш усведамляюць сённяшнюю сітуацыю і рэальна ацэньваюць свае магчымасці.

Аляксей Дудараў: Вось і ў мяне засталася настальгія па тым Доміку акцёра, куды можна было зайсці і танна закусіць пячоначным паштэтам (бо нічога больш не было). А сёння... Як бы мы ні настальгавалі па клапатлівай савецкай уладзе, жыццё змянілася. Калі гэты саюз некаму патрэбны, людзі аб’ядноўваюцца. Прыйшлі б да мяне таленавітыя людзі і папрасілі: дайце нам некалькі пакойчыкаў у пансіянаце — мы зробім спектакль. Я б не адмовіў: «Калі ласка, нават карміць за гэта будзем».

Дык такое магчыма? Верагодна, гэтую прапанову нехта скарыстае.

Аляксей Дудараў: Шчыра кажучы, малаверагодна. Становішча саюза дваццаць гадоў таму і цяпер — розніца кардынальная. Раней саюз быў часткай дзяржавы, яе палітыкі, яе ідэалогіі, яе клопату. Цяпер — гэта адна з грамадскіх арганізацый. І ніхто не прымушае ў яе ўступаць.

Рыгор Сітніца: Калі б Саюз мастакоў быў непатрэбны, па сотні заяў штогод не клалі б. Моладзі адразу шмат не дадуць, але льготы, звязаныя з майстэрняй, — неадкладна. Канешне, даводзілася шмат бегаць і тлумачыць, што такія палёгкі неабходныя творчаму чалавеку. Што застаецца пасля забітага гола? Нічога. А пасля мастака — творы на стагоддзі. Мастак рэпрэзентуе нацыю ў вечнасці.

Іван Пятровіч: Імідж краіны ствараюць творчыя людзі. У рэшце рэшт мастак можа працаваць і за ідэю. Але няшмат сёння такіх мастакоў, а колькі будзе іх заўтра? І што здарыцца паслязаўтра, калі гэтых мастакоў не застанецца? Чым будзе вымярацца імідж гэтай краіны?

Час падагульніць. Відавочна, што мы знайшлі адказ на пытанне, якое задалі напачатку: «Што яднае творцаў — прафесійныя памкненні ці эканамічныя інтарэсы?». Саюз становіцца ўплывовай структурай, калі можа аказваць сваім сябрам і фінансавую, і творчую дапамогу. Відавочна таксама і іншае: у тых суполак, якія з савецкага часу захавалі маёмасць і з’яўляюцца моцнымі гаспадарчымі арганізацыямі, сітуацыя лепшая, а магчымасці большыя, чым у створаных пад час ці пасля распаду СССР. Апошнія не маюць надзейных фінансавых крыніц і мусяць самі зарабляць грошы на ўласнае існаванне. Але заўсёды поспех любога згуртавання залежыць ад чалавечага фактара, найперш — ад групы ініцыятыўных людзей, якія прафесійна дзейнічаюць і выразна ўсведамляюць свае — карпаратыўныя — інтарэсы. А ў выніку высвятляецца, што гэта і ёсць інтарэсы мастацтва.

 

Ад касцёла да кінатэатра

 «Бачыце?! Гэта ўсё, што засталося ад былой велічы Саюза кінематаграфістаў!» Выконваючы абавязкі старшыні Віктар Васільеў выглядае бадзёра і гаворыць з гумарам. Але па ўсім відаць, справы ў яго арганізацыі ідуць не лепшым чынам. Васільеў паказвае застаўлены мэбляй не надта вялікі пакой у мінскім кінатэатры «Дом кіно». Цяпер так выглядае штаб-кватэра некалі знакамітай творчай суполкі. А калісьці БСК займаў адзін з самых адметных будынкаў беларускай сталіцы. Ад знакамітага Чырвонага касцёла да адзінага пакоя ў кінатэатры — такі шлях за апошнія 18 гадоў зрабіў Беларускі саюз кінематаграфістаў. І былі тыя гады найгоршымі за ўвесь час яго існавання.

А пачыналася ўсё ў 1957-м, калі быў утвораны аргкамітэт будучай арганізацыі. Яшчэ праз пяць гадоў прайшоў устаноўчы з’езд, і к пачатку перабудовы Дом кіно ў былым касцёле побач з Домам урада стаў цэнтрам культурнага жыцця сталіцы БССР. Як трапілі кінематаграфісты ў храм Божы? Адразу пасля Другой сусветнай вайны з-за дэфіцыту памяшканняў у Чырвоным касцёле размясціліся павільёны і адміністрацыя кінастудыі «Беларусьфільм». У 1961-м, калі студыя пераехала ў добра ўсім вядомы будынак на сучасным праспекце Незалежнасці, у касцёле вырашылі адкрыць Дом кіно. Гэтая ўстанова стала адным з падраздзяленняў Беларускага саюза кінематаграфістаў (БСК). У помніку архітэктуры неараманскага стылю знаходзілася праўленне БСК, а таксама бюро прапаганды, якое павінна было папулярызаваць айчыннае кінамастацтва ў шырокіх глядацкіх масах.

Але самае галоўнае — Чырвоны касцёл стаў культавым месцам мінскіх аматараў кіно. У ім не толькі пачынаўся шлях усіх беларускіх стужак 1960–1980-х. Менавіта тут ладзіліся напаўзакрытыя прагляды іншаземных фільмаў, убачыць якія ў звычайным пракаце ў тыя суровыя часы было немагчыма. Чырвоны касцёл прывабліваў творчы люд не толькі кінематаграфічных спецыяльнасцей сваёй непаўторнай атмасферай і… знакамітым барам, дзе можна было пакаштаваць дэфіцытных прадуктаў і напояў, даступных кінематаграфічнай эліце.

У 1980-х Саюз кінематаграфістаў дасягнуў піка сваёй дзейнасці. У яго склад уваходзілі 10 секцый, а таксама камісія і савет. Акрамя таго, мяжа 1980-х—1990-х стала для БСК яшчэ і часам значнай грамадска-палітычнай актыўнасці.

У 1991-м Чырвоны касцёл быў вернуты каталікам, і Дом кіно адышоў у нябыт. Да 2003 года БСК месціўся ў будынку на вуліцы Карла Маркса. Але мерапрыемстваў ладзілася ўсё менш і менш, а наведвалі нешматлікія паказы і сустрэчы ў асноўным самі кінематаграфісты. Таму, калі было вырашана рэканструяваць будынак мінскага кінатэатра «Партызан», шмат хто спадзяваўся на адраджэнне Дома кіно ў яго легендарным статусе. На жаль, надзеі аказаліся марнымі. «Дом кіно» — утульны кінатэатр з багатым і цікавым рэпертуарам, адзін з лепшых у краіне. Аднак гэта не больш чым установа, якая падпарадкоўваецца сталічнаму кінапракату. Свайго месца для творчай атмасферы, клубных паказаў і самастойных мерапрыемстваў БСК так і не атрымаў.

Па праўдзе кажучы, патрэбы ў вялікай зале на пачатку новага стагоддзя ўжо і не было. Актыўнасць БСК апошнія некалькі гадоў зводзілася да ўнутраных спраў. Калі БСК і ладзіў нейкія імпрэзы, яны не сягалі за межы юбілейных вечарын. Уклад саюза ў правядзенне фестывалю «Лістапад», адным з заснавальнікаў якога ён з’яўляецца, сімвалічны. Але галоўным сведчаннем заняпаду некалі ўплывовай арганізацыі стаў фактычна сарваны ў лістападзе мінулага года пазачарговы з’езд. На ім мусіў быць абраны новы старшыня. Былы — кінарэжысёр Юрый Цвяткоў — вырашыў пакінуць пасаду па стане здароўя. Аднак з 360 членаў БСК у залу «Дома кіно» з’явілася толькі 120, што вельмі далёка ад патрэбнай колькасці ўдзельнікаў. У выніку праца праўлення Саюза кінематаграфістаў аднавілася толькі праз некалькі месяцаў, калі дасюль малавядомы шырокай аўдыторыі акцёр і рэжысёр Віктар Васільеў прыняў на сябе абавязкі кіраўніка.

Сваю працу на пасадзе ён пачаў з рэвізіі наяўнага складу. За пару месяцаў колькасць членаў БСК скарацілася да 329-ці. Некалькі чалавек (сярод якіх легендарны аператар Таццяна Логінава і ўплывовы крытык Ала Бабкова, якія не бачаць перспектыў арганізацыі) сышлі па сваёй ініцыятыве. Астатнія былі выключаны за няплату членскіх узносаў. На дадзены момант штогадовы ўнёсак складае адну базавую велічыню, і Васільеў прапануе зрабіць у статуце змены, якія абавяжуць членаў БСК плаціць грошы ў вызначаныя тэрміны. Такім чынам праўленне зможа акумуляваць сродкі.

На думку Віктара Васільева, абноўлены саюз павінен стаць нечым сярэднім паміж прафесійнай гільдыяй і эксперыментальнай дыскусійнай пляцоўкай для моладзі, якая цікавіцца кіно. Сёння ўзрост членаў БСК — ад 28 да 89 гадоў, але сярэдні — 54. Галоўны напрамак стратэгіі новага кіраўніка — арганізацыя колькаснага росту саюза за кошт не толькі кінематаграфістаў з вопытам, але і студэнтаў, увогуле ўсіх, хто прафесійна цікавіцца кіно. Сапраўды, кола занятых у кінапрацэсе ўвесь час павялічваецца. Выкарыстанне пры здымках, напрыклад, новых інфармацыйных тэхналогій дазваляе лічыць кінематаграфістамі людзей адпаведных спецыяльнасцей: дызайнераў камп’ютэрнай графікі, праграмістаў і г.д. «Беларусьфільм» ужо актыўна прыцягвае да вытворчасці прадстаўнікоў новых прафесій. Таму такія людзі (а яны пераважна маладога ўзросту) могуць папаўняць рады БСК. Менавіта хібамі ў працы з моладдзю і тлумачыць новае кіраўніцтва нездавальняючыя вынікі дзейнасці БСК у апошнія гады. Віктар Васільеў спадзяецца, што маладыя кінаманы дапамогуць адраджэнню саюза.

Але застаецца пытанне, хто і дзе будзе працаваць з моладдзю. Задача нумар адзін — дабіцца, каб зала «Дома кіно» хоць бы раз на тыдзень была ў распараджэнні БСК. Калі гэтая ўмова будзе выканана, упэўнены Васільеў, магчымасцей па арганізацыі спецыяльных адукацыйных і прапагандысцкіх мерапрыемстваў, скіраваных на папулярызацыю айчыннага кіно, стане ў саюза нашмат больш.

Плануецца актывізаваць працу секцый і прафесійных гільдый БСК. Пасля страты Чырвонага касцёла дзейнасць большасці з іх адбываецца толькі на паперы. Ці не адзіны станоўчы прыклад — Гільдыя прафесійных акцёраў кіно, якую ўзначальвае актрыса Святлана Сухавей. (Цікава, што Віктар Васільеў з’яўляецца яшчэ і яе намеснікам.) Аднак ужо шмат гадоў таму гэтая арганізацыя афіцыйна выйшла са складу Саюза кінематаграфістаў і стала самастойнай. Справа ў тым, што вялікая розніца паміж кінематаграфічнымі прафесіямі вылілася і ў розніцу паміж інтарэсамі іх прадстаўніцтваў. Васільеў спадзяецца вярнуць акцёрскую гільдыю ў склад БСК і лічыць саюз здольным вырашаць не толькі творчыя, але і прафесійна-арганізацыйныя пытанні. Пакуль жа адзінае, чым БСК можа дапамагчы сваім сябрам, — гэта выдзеліць нейкую суму грошай у выпадку вострай патрэбы і вызваліць членаў сталага веку (старэй за 75 гадоў) ад штогадовых унёскаў.

Але галоўная мэта дзейнасці БСК — аздараўленне сітуацыі ў айчыннай кінаіндустрыі. Безумоўна, без агульных намаганняў дзяржавы, дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры, а таксама адзінай беларускай кінастудыі зрабіць больш-менш значныя крокі ў гэтым накірунку вельмі цяжка. Пэўныя спадзяванні БСК ускладае на рэканструкцыю комплексу «Беларусьфільма», якая ў 2009 годзе павінна выйсці на завяршальны этап. Плануецца, што менавіта ў новым будынку размесціцца офіс Саюза кінематаграфістаў і будуць праводзіцца разнастайныя мерапрыемствы.

У любым выпадку, новаму кіраўніцтву не пазайздросціш. Па вялікім рахунку, ад Саюза кінематаграфістаў на сённяшні дзень засталіся толькі назва і прыемныя ўспаміны пра Чырвоны касцёл.

Антон СІДАРЭНКА

 

Месца сустрэчы змяніць нельга

Ці патрэбны нашаму грамадству Саюз кампазітараў? Пытанне,
з аднаго боку, рытарычнае,
а з іншага — смешнае. Цяжка ўявіць, што кампазітар, музыкант, спявак, хоць неяк звязаны з акадэмічным жанрамі, ні разу не трапіў на канцэрты, якія ладзяцца ў зале Беларускага саюза кампазітараў (БСК). Памяшканні на плошчы Свабоды, у цэнтры горада, размешчаны надзіва ўдала. Праз дарогу — Акадэмія музыкі, побач — Рэспубліканская гімназія-каледж
пры Акадэміі. Яшчэ нядаўна
на вуліцы Леніна знаходзіўся і магазін «Ноты». Цяпер яго, на жаль, няма...

Так утваралася музычная прастора, для кампазітараў і выканаўцаў — родная, абжытая. Крыніца інфармацыі і аб’яў пра новыя творчыя падзеі і конкурсы. Месца сустрэч, абмеркаванняў, спрэчак. Сапраўды мастацкае асяроддзе (у літаральным сэнсе), бо ў памяшканнях саюза шмат гадоў працуе галерэя «Верхні горад». І творы жывапісу ў час канцэртаў успрымаюцца як зрокавае ўвасабленне музыкі. А хто падлічыць, колькі ідэй выдатных твораў нарадзілася ў гэтых сценах, колькі іх узнікла падчас абмеркаванняў — між кампазітарамі, паэтамі, выканаўцамі?! Час шыльду вешаць — «Помнік культуры»... Без існавання Саюза кампазітараў цяжка, нават немагчыма ўявіць музычнае жыццё грамадства. Як і ў фільме — месца сустрэчы змяніць нельга!

Гэта — погляд аптымістычна-мажорны, узнёсла-рамантычны. Але існуе і іншы — мінорны, іранічна-скептычны. «Саюз кампазітараў даўно зрабіўся мёртвай і нежыццяздольнай структурай! Мастакі, напрыклад, жывуць зусім іначай! У іх і саюз іншы — больш магутны, разгалінаваны і заможны...» Такія меркаванні даводзілася неаднойчы чуць у музычным асяроддзі. Прычын для песімізму хапае.

Пляцоўка ў цэнтры горада — «кавалачак» смачнага пірага, на які востраць зуб камерцыйныя структуры. Застрашлівыя чуткі — «высяляюць!», «закрываюць!», «ліквідуюць!» — узнікаюць з сумнай перыядычнасцю. Памяшканне, якое мае БСК, распараджэннем Прэзідэнта краіны прадастаўлена яму ў бязвыплатнае карыстанне на 2008 — 2011 гады. Але тое не вызваляе саюз ад падаткаў на зямлю і нерухомасць, аплаты камунальных і іншых паслуг. Што будзе далей, ніхто не ведае. З 2002 года саюз існуе толькі за кошт членскіх узносаў. Запазычанасць па арэндзе складае сёння 80 (!) мільёнаў беларускіх рублёў. Супрацоўнікі апарату працуюць на грамадскіх пачатках. Саюз мог бы займацца гаспадарчай дзейнасцю, але — калі зарэгіструе ўнітарнае прадпрыемства. Афармленне ж адпаведных дакументаў патрабуе немалых грошай, якія няма дзе ўзяць. Кола замкнулася. Грошы ідуць да грошай, а дзіркі ў кішэнях — да дзірак…

У той час як у Саюзе мастакоў больш за 1200 сяброў, у Саюзе кампазітараў — крыху менш за 130. Гэта надзвычай элітарнае творчае аб’яднанне. Сябрам саюза можа стаць кампазітар або музыказнаўца, які мае вышэйшую кансерваторскую адукацыю. Бар'ер высокі, узяць яго па сілах не кожнаму. Пісаць песні, аранжыроўкі да іх, музыку да кліпаў і тэлепраграм можна і без дыплома Акадэміі. Але з тых, хто скончыў «консу» як кампазітар і прыняты ў саюз, не кожны перыядычна нагадвае пра сябе прэм’ерамі. Акадэмічныя жанры прыносяць асалоду самарэалізацыі, але не грошы. Высокі рэйтынг між прафесіяналаў, але не шырокую папулярнасць.

Як зрабіць айчынны Саюз кампазітараў больш заможнай, уплывовай арганізацыяй? Як узняць рэйтынг кампазітара ў грамадстве?.. Думаю, пытанняў тут — не на адну дыскусію.

Таццяна МУШЫНСКАЯ

 

Як спалучыць «плюс» і «мінус»?

Ідэалагізаванасць колішніх творчых саюзаў — гэта, безумоўна, мінус, пра які ўжо было сказана больш чым дастаткова. Але ў гэтай «палцы з двума канцамі» быў і свой плюс — разнастайныя формы творчай падтрымкі. Напрыклад, выкананне аркестравых сачыненняў маладых аўтараў, у тым ліку на маладзёжных пленумах, якія ладзіліся рэгулярна і дзе слухачы адкрывалі для сябе новыя імёны. Магчымасць за сімвалічную плату выехаць на месяц на маладзёжны творчы семінар у Дом творчасці «Іванава», дзе кампазітар-пачатковец атрымліваў творчыя кансультацыі ад дасведчанага калегі. На такіх семінарах авалодвалі прафесійным майстэрствам тыя, хто склаў славу беларускай музыкі: Генрых Вагнер, Дзмітрый Смольскі, Сяргей Картэс. Міжнародныя творчыя сустрэчы праходзілі ў Маскве, Кіеве, Мінску, Таліне, Браціславе, Сафіі, дзе маладыя аўтары знаёміліся з музыкай аднагодкаў. Нарэшце, сябры саюза атрымлівалі матэрыяльную дапамогу ад Музычнага фонду (у тым ліку пазыкі, кватэры). Акрамя таго, зала СК заўсёды была дадатковай канцэртнай пляцоўкай для выканання камернай музыкі.

У наш час плюс і мінус у такой з’яве, як творчы саюз, падобна, памяняліся месцамі. Саюз перастаў быць органам ідэалагічнага кантролю, з’явілася магчымасць пісаць у любым стылі, які адпавядае асабістым густам і эстэтычным уяўленням аўтара, — у дыяпазоне ад «жорсткага раманса» да разнастайных эксперыментальных вынаходстваў. Творчая свабода, вядома, плюс. Але — ці слушна ў такім разе разлічваць на фінансаванне? І вось з гэтага боку мы маем вялікі мінус. Ды і аўтарытэт Саюза кампазітараў, падобна, ужо не той, што быў раней. На пленумы і кампазітарскія з’езды Ігару Лучанку яшчэ ўдаецца «выбіваць» грошы, а пра конкурсы (сёлета нам адмовілі ў правядзенні Х Міжнароднага конкурсу юных кампазітараў імя Юрыя Семянякі ў Гродне), тым больш пра фестывалі акадэмічнай музыкі, можна і не згадваць.

А было ж і на нашай вуліцы свята — тры панарамныя фестывалі сучаснай музыкі на пачатку 1990-х, калі ў Беларусь прыехалі кампазітары і выканаўцы з дзесятка краін. Падобныя імпрэзы выдатна працуюць на міжнародны прэстыж дзяржавы! У Польшчы такую акалічнасць разумеюць. Таму сусветна вядомы фестываль сучаснай акадэмічнай музыкі «Варшаўская восень» ладзіцца рэгулярна з 1961 года; таму на фестываль «Міжнародныя дні сучаснай музыкі» ў Кракаве прыязджаюць самыя вядомыя музыканты з усяго свету; таму Саюз польскіх кампазітараў мае ў краіне і свеце велізарны аўтарытэт. У нас таксама ёсць што паказаць і чым здзівіць, нездарма ж некаторыя з беларускіх кампазітараў атрымліваюць запрашэнні на прэм’еры сваіх сачыненняў у краінах Еўропы і Азіі.

Выснова: творчы саюз, як цэхавое аб’яднанне, безумоўна, патрэбны — калі здолее станоўчы досвед мінулага ўкараніць у рэаліі нашага часу. Але ці магчыма гэта?

Галіна Гарэлава, сябра Саюза кампазітараў

Нас абяднае свой дах

Людзі мастацтва па сваёй натуры вельмі датклівыя. Каб яны адчувалі сябе не ў адзіноце, мелі маральную і нейкую матэрыяльную падтрымку, і патрэбны творчыя арганізацыі.

Наша канфедэрацыя была створана ў 1993 годзе Мікалаем Яроменкам-старэйшым з мэтай прапаганды айчыннага мастацтва і працаўнікоў на ягонай ніве. Цяпер мы аб’ядноўваем 13 творчых саюзаў, у якіх каля 10000 сяброў. Выконваем прадстаўнічыя, каардынацыйныя функцыі, а таксама ладзім свае мерапрыемствы, імпрэзы, канцэрты.

Але кожны з саюзаў — самастойная адзінка. Узровень іх актыўнасці залежыць ад ініцыятывы кіраўніцтва і шараговых членаў. Усё як у звычайных грамадскіх арганізацыях, юрыдычны статус якіх і маюць творчыя саюзы. Апошняе пэўным чынам замінае нашай дзейнасці, бо колькасць крыніц для фінансавага сілкавання абмежавана заканадаўствам.

Спадзяюся, што з часам у Мінску з’явіцца «Дом творцы», дзе будуць збірацца людзі мастацтва з усёй Беларусі, абмяркоўваць неабходныя пытанні, пашыраць кола зносін.

Генадзь Давыдзька, старшыня Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў