АНІМАЦЫЙНАЕ КАПРЫЧЫО

№ 3 (312) 10.03.2009 - 10.04.2009 г

На «Беларусьфільме» існуе свая перафразіроўка вядомага крылатага выразу. Гучыць яна так: «Мы кажам — беларуская анімацыя, маем на ўвазе — Волчак».

Менавіта Ігар Волчак у другой палове 1980-х узначаліў новую генерацыю кінематаграфістаў. Тады нарадзілася і новая для беларускага мастацтва з’ява — аўтарскі анімацыйны фільм. Аўтарская думка стала асновай лірычнага сюжэта, узнікла прамая «праекцыя душы» на экран. Менавіта з гэтым напрамкам звязаны росквіт беларускай анімацыі, узлёт у галіне выяўленчых тэхналогій.Усё адбылося дзякуючы з’яўленню пакалення рэжысёраў, якія скончылі Вышэйшыя курсы пры Дзяржкіно СССР у Маскве. Сярод іх былі Уладзімір Пяткевіч, Алена Марчанка (Пяткевіч), Ігар Волчак, Міхаіл Тумеля, Віталь Бакуновіч, Аляксандр Бычкоўскі і іншыя. Тое прышэсце маладых мастакоў можна параўнаць са з’явай «шасцідзесятніцтва», з якой звязаны «залаты» перыяд беларускага кінематографа.

Пазней Волчак спытае сваіх майстроў на курсах, чаму яны адабралі менавіта яго — а конкурс складаў 74 чалавекі на месца! — і атрымае адказ: «Ты быў адзіным музыкантам сярод усіх абітурыентаў» (Волчак скончыў Беларускую кансерваторыю па класе фартэпіяна, а педагогам яго была Ірына Цвятаева — піяністка з еўрапейскай вядомасцю). Спецыяльна каб апраўдаць надзеі славутых настаўнікаў — гэта былі, ні больш ні менш, Фёдар Хітрук і Юрый Нарштэйн, — малады рэжысёр, паводле яго жартаўлівага прызнання, пачаў даваць сваім фільмам «музычныя» назвы. Жарты жартамі, але ў з’яўленні музычна-анімацыйных твораў Волчака ёсць свая заканамернасць. Здаецца, гэта не проста сюіта з фільмаў, а сапраўдная анімацыйная сімфонія з чатырох стужак, якія нагадваюць часткі нейкага цыкла. Сапраўды, «Капрычыо», якое распачынае шэраг карцін рэжысёра, набліжаецца да санатнага allegro, «Канчэрта гроса» — гэта другая частка. «Скерца» нават па сваёй назве адпавядае складніку сімфоніі. Трохі незвычайная для заканчэння «Пастараль» некалькі адыходзіць ад логікі сімфанічнай драматургіі, але надае ей сэнс адкрытага фіналу.

Фільм-прыпавесць «Капрычыо» (1986) стаў сапраўднай падзеяй. Найменне стужкі адсылае да музычнай п’есы свабоднай формы. Захапляе дзівосная прастора, у якой музыка і выява пераплятаюцца ў адзіным цэлым. Лірычная імправізацыя нагадвае сон, у якім прачытваюцца алюзіі на тэму сумленнасці, адказнасці перад уласным жыццём. Асацыятыўная вобразная структура фільма, пабудаванага як ланцужок аўтарскіх успамінаў, пераклікаецца са славутым «Амаркордам» Федэрыка Феліні. Існаванне чалавека параўноўваецца з паездкай у няўтульным вагоне. Галоўным паўстае вобраз імклівага часу, які перададзены праз хуткі рух цягніка, праз кроплі вады, што падаюць з крана. Нейкім выратавальным момантам для героя застаецца дзяцінства, успаміны аб занятках музыкай, аб вялікім чорным раялі, на якім маленькі хлопчык іграе Бетховена. Светлая і журботная музыка вяртаецца да сталага героя і быццам пранізвае яго існаванне струной памяці. У гэтай семантычнай прасторы — як знакі свядомасці — павольна ўзнікаюць музычныя цытаты: хор Gaudeamus, папулярныя мелодыі 1950 — 1960-х, песня «Мішэль» групы «Бітлз». Школьная гама ці чуллівае танга ўспрымаюцца як сімвалы пэўных этапаў жыцця героя або аўтара. Пазней матывы «Капрычыо» атрымалі больш разгорнутую форму ў стужцы «Мёд асы» (1991) — цікавым спалучэнні анімацыйнага і ігравога кіно.

Візуальныя вобразы ў «Канчэрта гроса» (1988) нагадваюць сюррэалістычныя карціны Сальвадора Далі і нясуць прадчуванне сацыяльнай катастрофы. На экране агідныя пацукі, рыбы з разяўленымі ратамі, маскі-пысы людзей у процівагазах. Шэраг фатаграфій з дэманстрацыямі і парадамі савецкага часу надае выяве дакументальны характар. Экранізацыя невялічкай навелы пераўтвараецца ў прыпавесць пра невядомае і таямнічае, увасобленае ў вобразе незвычайнай бомбы, светлавога шара. Экран дакладна перадае атмасферу трывогі і насцярожанасці, якія панавалі падчас стварэння «Канчэрта гроса» ў грамадстве.

Стужка «Скерца» (1994) здымалася ў доме знакамітага рускага акцёра Барыса Шчукіна і распавядае аб пражытым жыцці. Прастора старой кватэры быццам пашыраецца праз фатаграфіі, якія вісяць на сценах і шмат чаго расказваюць пра гаспадара. Той уваходзіць у пакой, бярэ акуляры, але яны падаюць і разбіваюцца. Жыццё скончылася.

У фільме «Пастараль» (1998) існуюць два светы — прыродны і чалавечы. Свет прыроды паказаны тонка, дэталёва, лірычна, у той час як чалавечы — больш проста, гумарыстычна, сакавіта: трактар з п’яным трактарыстам падае з моста і барозніць дно ракі, няўдачлівыя рыбакі шукаюць схаваную ў дровах бутэльку. А поруч — таямнічае жыццё падводных жыхароў і прыгожы світанак над возерам, калі ружавее небасхіл, ціха плёскаецца вада, павольна варушацца водарасці. Атрымалася свайго кшталту аптымістычная антыпастараль, зробленая цалкам у манеры Волчака, які свавольна спалучае гумар і драму, трагікамедыю і карыкатуру.

Неяк асобна стаіць стужка «Скрозь шэрае каменне» (1987), дзе відавочныя прыкметы дакументальнасці — кадры Петрапаўлаўскай крэпасцi ў Пецярбургу, яе доўгiх, цёмных калiдораў, Адміралцейскага шпіля, каменных ільвоў на ўзбярэжжы Нявы, а таксама фотаздымкі цара. Два светы, дзве стылістыкі суіснуюць у карціне — свет турэмнай камеры з выразным карычневым каларытам, які нагадвае старыя гравюры, і «віньетачны» свет Пецяргофа са славутым фантанам «Шуціха», прыгожымі дамамі і галантнымі кавалерамі. Цяпер рэжысёр прызнае, што нешта ў стужцы не атрымалася з-за яе шматслойнасці, не вельмі дакладна прачыталася галоўная ідэя: не турэмшчык Серафім гуляе на волі, наадварот — арыштант, у якім пазнаецца народаволец Кібальчыч, валодае сапраўднай свабодай — свабодай духу. Ён мысліць сусветнымі, касмічнымі катэгорыямі, таму менавіта да яго ў камеру павольна ляціць вогненны шар, сімвал вольнай энергіі.

Сёння здаецца, што прытчавы накірунак узнік у творчасці Волчака зусім невыпадкова. Яшчэ ў 1973 годзе з’явілася стужка «Хлопчык і птушка» (1973) рэжысёра Уладзіміра Піменава. Работа была шмат у чым эксперыментальная, крыху наіўная па форме, але сур’ёзная па змесце. Яна прапанавала беларускай анімацыі жанр і паэтыку філасофскай казкі-прыпавесці, па шляху якой пазней і пайшлі айчынныя майстры. На гэтай стужцы Ігар Волчак — што сімвалічна — быў музычным афарміцелем. Падабраная музыка Сяргея Пракоф’ева вылучалася лірызмам і вытанчанасцю, адлюстроўвала тэму суадносін мастацтва і жыцця, стан юнацкай душы. Нездарма гэты матыў набыў працяг у далейшай творчасці Волчака, які праз трыццаць пяць гадоў звярнуўся да фільма аб Пракоф’еве.

Але першымі крокамі маладога аўтара былі анімацыйныя казкі — «Пра Ягору, пра варону» (1983) і «На досвітку ў двары» (1985). Апошняя адрасавалася самым маленькім гледачам і з гумарыстычнай інтанацыяй распавядала гісторыю пра маладога і старога пеўняў, пра змену пакаленняў у межах птушынага двара. Стылістыка комікса з яркімі лакальнымі фарбамі спрыяла стварэнню выразных і смешных персанажаў — лянівага барана, стомленага каня, пузатага гусака. Запаміналася фігура старога пеўня: выдранае пер’е, апушчаны грэбень, ахрыплы голас нагадвалі заўзятага гуляку і п’яніцу ў гадах. Ён вядзе зусім «чалавечы» дыялог з сябрам-гусаком: «Старэем, Пеця. А памятаеш?.. — Памятаю... — А што, калі мне замест цябе пракукарэкаць? — Паспрабуй. — Ку-га-ку-га! Прабач, не магу». Але пасля звонкага сола маладога пеўня стары горда гаворыць аб сыне: «А голас-та, голас, зусім як мой!» Ужо тут праявіліся тыповыя для Волчака прыёмы — гумарыстычнае прачытанне сюжэта і ўвага да фанаграмы, дзе гучалі галасы выдатных акцёраў Уладзіміра Вінакура, Армена Джыгарханяна, Барыса Новікава.

Пазней, у 1990-я, стаўленне да экраннага ўвасаблення народнай і аўтарскай казкі пэўным чынам змянілася. У анімацыйным перакладзе казка атрымала новыя рысы, сучасныя дэталі, пачала існаваць у кантэксце аўтарскага прачытання. У парадыйным ключы паказаны знаёмыя фальклорныя персанажы ў карціне «Як ліса ваўка судзіла» (1989), створанай па матывах казак. Па словах рэжысёра, ён «захацеў пажартаваць» і стварыў «вясёлы, жанравы, дынамічны фільм на беларускую тэму». Сапраўды, стужка поўная смешных дэталяў. На фоне плаката «Беражыце прыроду!» мужыкі, якія быццам сышлі са славутай карціны Васіля Пярова «Паляўнічыя на прывале», разліваюць гарэлку з... дула ружжа. Каток, які ідзе па лесе, чытае газету «Правда» і ўздыхае: «Няма праўды, гаспадар мяне выгнаў». У сцэне ляснога суда ўсмешку выклікае выкананне вядомай песні «Наша служба и опасна, и трудна».

Ігар Волчак гаворыць, што толькі цяпер «пачаў нешта разумець у казцы, і да гэтага разумення трэба было дарасці». Нездарма энергія казачнай плыні абудзілася праз шмат гадоў у праекце «Несцерка». Здымачная група пад кіраўніцтвам Волчака звярнулася да знакавага для беларускага мастацтва вобраза і распрацавала агульную канцэпцыю маляванага фільма з васьмі серый. «Несцерка», які з’явіўся ў 2004 годзе, «набірае абароты». Калі першыя серыі былі крыху стрыманыя, што зразумела для пачатку, то зараз вобраз «акрамя цела, набывае душу», характары становяцца ўсё цікавейшымі, усё больш разнастайнымі. Гэта тычыцца не толькі галоўнага героя, але і ягоных спадарожнікаў — сабакі і ката, у кожнага з якіх — свой нораў. Несцерка таксама ўзбагачаецца «цёплымі» рысамі, адыходзіць ад выгляду тыпажу. Ён сустракае сваю каханую — Ядвігу. Але яе бацька, пан Патоцкі, дае кемліваму хлопцу тры заданні, выкананню якіх прысвечаны наступныя серыі. Цяпер ідзе праца над пятай — «Як Несцерка персцянёк шукаў». У восьмай серыі нарэшце адбудзецца доўгачаканае вяселле адвечнага халасцяка. Серыял беларускамоўны і накіраваны на ўвасабленне знакавых этнічных каштоўнасцей.

Рэжысёр таксама захоплены расійска-беларускім праектам «Казкі старога піяніна». Гэтая стужка будзе прысвечана самаму, бадай, сонечнаму рускаму кампазітару ХХ стагоддзя — Сяргею Пракоф’еву.

Калектывісцкі характар дзейнасці Волчака адбіўся і ў яго іншых праектах. Альманахі «Лабірынт-1» і «Лабірынт-2» у свой час далі магчымасць паспрабаваць свае сілы маладой рэжысуры — тут было шмат дэбютаў, вельмі важных для тагачаснай анімацыі. Па прызнанні рэжысёра, першы альманах узнік ледзь не выпадкова: на фестываль у Сасновіцах (Польшча) трэба было прывезці аднахвілінныя стужкі — гэтага вымагаў рэгламент. Волчак «кінуў заклік» і разам з рэжысёрамі Вячаславам Крэсікавым, Наталляй Касцючэнка, Міхаілам Беранштэйнам і Аляксандрам Ленкіным літаральна за месяц падрыхтаваў мініяцюры. І недарэмна: навела Волчака «Муха» атрымала Гран-пры!

Важным асветніцкім праектам, які знаходзіцца ў культуралагічным рэчышчы, з’яўляецца фільм «Аповесць мінулых гадоў» (2006), прысвечаны гісторыі ўзнікнення гербаў гарадоў Беларусі. Зробленая ў змешанай тэхніцы (малюнак з элементамі камп’ютэрнай графікі), стужка расказвае пра сімвалы, якія выяўлены на гербах і маюць старадаўняе паходжанне. Сцэнарысты Дзмітрый Якутовіч і Марына Бершацкая разам з калектывам вядомых майстроў айчыннай анімацыі (рэжысёры Ігар Волчак, Міхаіл Тумеля, Аляксандр Ленкін, Уладзімір Пяткевіч; мастакі Ала Мацюшэўская, Таццяна Кубліцкая, Яўген Надточый) аднавілі легенды і паданні, якія звязаны з важнымі гістарычнымі падзеямі і фактамі, з роллю горада ў гісторыі дзяржавы. Волчак выступае тут як мастацкі кіраўнік і рэжысёр. Ён узяў самы, мабыць, прывабны і цікавы з гістарычнага гледзішча горад Беларусі — Гродна. Фільм у дасціпнай, яскравай, часам гумарыстычнай форме распавядае важныя рэчы. Здаецца, вось доўгачаканы матэрыял для ненавязлівага асветніцтва, скіраванага на малых і дарослых беларусаў! Так і просіцца ён на маніторы, якіх нямала цяпер на вуліцах, вакзалах, станцыях метро. У чаканні транспарту замест нязграбных кліпаў ці надакучлівай рэкламы народ глядзеў бы захапляльныя сюжэты пра гісторыю сваёй краіны. Але не зацікавіліся пакуль што пракатчыкі і іншыя адпаведныя асобы гэтым праектам... Дарэчы, пытанне, дзеля чаго ствараецца мастацкі твор, — для Волчака вельмі балючае. Рэжысёр, які з вялікай павагай ставіцца да свайго гледача, імкнецца не апускацца да ўзроўню сярэдняга спажывецкага густу.

Анімацыйны свет Волчака мае свае адметнасці. Часам складаецца ўражанне, быццам у яго стужках з’ядналіся творчыя манеры славутых майстроў, яго настаўнікаў і сяброў — Эдуарда Назарава і Юрыя Нарштэйна: з аднаго боку, жанравая характэрнасць, рысы анекдота, байкі, небыліцы, а з іншага — паэтычнае і тонкае, на паўтонах, выяўленне. Увогуле Ігар Волчак унёс у анімацыйную беларускую прыпавесць сучасныя матывы, жанравыя замалёўкі, сакавіты гумар. Можна зазначыць, што перыяд, звязаны з імем Алега Белавусава, — гэта час станаўлення айчыннай анімацыі, а з Ігарам Волчакам яна набыла мастацкі ўзровень і міжнароднае прызнанне. Не падлягае сумненню станоўчая, нават выключная роля Волчака ў развіцці беларускай анімацыі менавіта як мастацтва.

Калі ў 1992 годзе ў Акадэміі мастацтваў упершыню быў аб’яўлены набор на аддзяленне рэжысёраў анiмацыйнага кіно, кiраўнiком курса стаў Iгар Волчак. Гэта была спроба стварэння новай генерацыі айчынных аніматараў. Вучні апраўдалі чаканні настаўніка, амаль усе працуюць у кіно. Дакладней кажучы, пяцёра з шасці. Таленавітыя Марына Карпава і Наталля Хаткевіч ужо сталі вядомымі майстрамі сваёй справы. Ужо практыкуюць былыя выхаванцы славутай дзіцячай студыі «Скляпок». Адна з іх — Вераніка Фёдарава — скончыла ВГІК і з’яўляецца лаўрэатам міжнародных фестываляў.

У наступныя гады арганізоўваліся гадавыя курсы мастакоў-аніматараў. Апошні прыклад — леташні набор, які быў аб’яўлены студыяй анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Сярод выкладчыкаў такія майстры, як Міхаіл Тумеля, Валерый Казлоў і, натуральна, Ігар Волчак.

На балючае пытанне пра школу айчыннай анімацыі Волчак адказвае катэгарычна: яе няма, ёсць толькі вялікая прастора, у якой існуе мноства таленавітых людзей з вялікім жаданнем працаваць. Дзякуй Богу, ёсць і дзяржаўная падтрымка, без якой анімацыя не пражыве. Трэба прыгадаць, што менавіта Волчак у цяжкія 1990-я ўзначаліў мультыплікацыйнае аб’яднанне на «Беларусьфільме». І цяпер ён, як капітан на караблі, застаецца на сваім месцы.Антаніна карпілава