АRT NOUVEAU РЭГІЁНАЎ

№ 3 (312) 10.03.2009 - 10.04.2009 г

Выстава «Сябрына» сабрала ў залах Палаца мастацтва прадстаўнікоў абласных суполак Беларускага саюза мастакоў.

Гэта буйное і маштабнае мерапрыемства дазволіла ўбачыць і асэнсаваць працэсы, якія адбываюцца ў рэгіянальных мастакоўскіх асяродках.Арганізатары выставы слушна не зрабілі ў назве акцэнту на правінцыйнасць, тым больш што гэта не столькі геаграфічнае, колькі духоўнае паняцце, і часам адзнака правінцыйнасці прысутнічае і ў работах некаторых сталічных майстроў. Экспазіцыя прапанавала дыферэнцыяцыю традыцый і стыляў, дала магчымасць параўнаць узроўні майстэрства і маштабы філасофскіх разваг, выявіць сугучнасць з еўрапейскімі тэндэнцыямі і імкненні да нацыянальнага духоўнага адраджэння ў творцаў з розных рэгіёнаў. У гэтым цікавым і павучальным дыскурсе не хапіла, на жаль, магутнага акорда Гродзеншчыны, якая сёння аб’ектыўна мае адну з найбольш актыўных творчых суполак, а таксама работ некаторых вельмі цікавых і яркіх мастакоў іншых рэгіёнаў, якія маглі б прыўнесці яркія фарбы ў экспазіцыю, змяніць некаторыя ўстойлівыя ўяўленні аб творчасці абласных мастакоў. Прычыны гэтага розныя. Але вынік адзіны — пацярпеў агульны ўзровень экспазіцыі, а значыць, і глядач.

Калі знаёмілася з экспазіцыяй выставы «Сябрына», задавалася пытаннем: наколькі ўнікальная мастацкая сітуацыя ў рэгіёнах? З пэўнымі агаворкамі яе можна было б назваць хутчэй тыповай, бо працэсы, якія адбываюцца ў нашай краіне ў перыяд «экстазу масавых камунікацый» і імклівай стратыфікацыі грамадства, прыкладна тыя ж, што і паўсюль у постсавецкай прасторы, а праблемы, з якімі сутыкаюцца мастакі з Віцебска, Гомеля, Магілёва і г.д., аналагічныя тым, з якімі маюць справу творцы з буйных правінцыйных цэнтраў Расіі і Украіны.

Ва ўмовах інфармацыйнага патопу мастакі вымушаны выплываць самастойна, пазбягаючы, па магчымасці, непрадказальных эканамічных віроў. Аднак гаворка ідзе ўсё ж не аб матэрыяльнай выгадзе, але аб творчасці, якую ніякія стрэсавыя сітуацыі не ў стане спыніць.

Выстава «Сябрына» дала магчымасць удумліваму гледачу заўважыць пэўныя стылёвыя асаблівасці кожнага з прадстаўленых рэгіёнаў. Віцебскія творцы пазнаваліся па агульным імкненні да экспрэсіі колеру, прыхільнасці да фармальных пошукаў, пабудове складаных кампазіцыйных канструкцый. Гамяльчане засведчылі сваю стабільную цікавасць да гучных алейных пейзажаў і празрыстых акварэляў. Брэсцкія майстры ў межах гэтай выставы аказаліся найбольш рознабаковымі: у экспазіцыі былі прадстаўлены графіка, эмалі, габелены, жывапіс, скульптура. Магілёўскія творцы скіраваліся ў бок мадэрна, чыстую ноту гучання ўнеслі бабруйскія керамісты.

Увогуле, у мастацкім жыцці рэгіёнаў у апошнія гады творчыя пошукі сталі больш шматграннымі. Існаванне разнастайных мастацкіх накірункаў было прызнана і ў пэўнай меры дазволена яшчэ ў сярэдзіне 1980-х. Сёння працэс мае выразны працяг. Аднак свабода самавыяўлення вызначыла і несіметрычнасць развіцця рэгіянальных культур.

Множнасць моў вядзе адпаведна і да множнасці сэнсаў. Ёсць адчуванне, што некаторая іх частка механічна запазычана разам з вонкавымі адзнакамі стылю, а не народжана ўнутранай патрэбнасцю аўтара і сістэмай сэнсаў навакольнага жыцця.

Ва ўсякім разе, сённяшняя мастацкая рэчаіснасць падобная да дрымучага лесу, у якім ёсць узоры ўсіх этапаў расліннай эвалюцыі: імхі поставангарда, ягадныя зараснікі салоннага мадэрна, гнуткія ліяны «сюру», што абвіваюць дубы правінцыйнага натуралізму, і г.д. Над усім гэтым гушчаром часам узнікае лёгкая вясёлка дыскурсу.

Паспрабуем разгледзець, зразумець гэтую сітуацыю, падумаць аб яе асноўных праблемах, тэндэнцыях, міфах, перспектывах і асаблівасцях.

Пошукі архетыпу

Многія беларускія мастакі захоплены этнанацыянальнай праблематыкай. Павышаная ўвага да гісторыі і культуры свайго народа звязана з пошукам нацыянальнай ідэнтычнасці. У аснове гэтых пошукаў — думка пра дыялог культур Захаду і Усходу, які можа разглядацца як сустрэча сучаснага і архаічнага мастацтваў. Чалавек ХХІ стагоддзя рэфлексуе, звяртаецца да сваіх каранёў з усведамленнем іх язычніцкай першаснасці. Асабліва заўважна гэта ў работах керамістаў — Валерыя Калтыгіна і Алега Ткачова з Бабруйска, Алены Калуханавай з Віцебска, у эмалях Мікалая Кузьміча, габеленах Галіны Рабавай з Брэста. Імкненне зразумець спрадвечную сутнасць прыроды і чалавечых адносін адчувальнае ў работах Алега Скавародкі, Васіля Васільева з Віцебска, Юрыя Несцерука з Магілёва, Анатоля Отчыка з Гомеля. Неўтаймаваная ўнутраная энергія вылучае жывапісныя палотны Наталлі Чарнагаловай з Брэста.

Зробленая шэрагам абласных мастакоў спроба стварэння ўласнага арыгінальнага стылю на аснове сінтэзу сучаснага і старажытнага мастацтваў — гэта спроба мастацкага ўсведамлення менталітэту народа не толькі ў прасторавых, але і часавых каардынатах. Творы, якія вызначаюцца архаічнай вобразнасцю, пазбаўляюцца абязлічанасці і набываюць новую выразнасць і змест. З часоў Гагена і ранняга Пікаса еўрапейскае мастацтва стала заглядвацца ў бок «прымітыўных» культур — і ўрэшце зразумела, што не такія ўжо яны і прымітыўныя, бо маюць цэльную міфалагічную сістэму.

Пошукі архетыпу — гэта спроба пранікнуць у архаічную свядомасць, у космас тых, хто жыў на гэтых землях за тысячы гадоў да нас. Гэта імкненне знайсці, адчуць, выявіць адвечныя вобразы, зразумець і пластычна ўвасобіць той «дух прыроды», пра які мы амаль не думаем, змяняючы ландшафт заводамі і тыпавымі новабудоўлямі.

Стыль, які ўзнік з пошукаў архетыпу, ніколі не дэклараваўся, ён складваўся натуральна — праз выставы, паездкі мастакоў у археалагічныя экспедыцыі. Найбольш відавочна дэманструюць цікавасць да тэмы палешукі — брэстчане і гамяльчане. Пры гэтым нельга сказаць, што архаікай захоплены толькі тыя, хто жыве на Палессі. Прыхільнікі язычніцкай першаснасці ёсць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і сярод сталічных майстроў. Гэта адгалінаванне больш шырокай тэндэнцыі, якая паўсюдна прысутнічае ў сучасным мастацтве — ад Аўстраліі да Амерыкі.

Поставангард

Досыць яркая з’ява ў творчым жыцці рэгіёнаў — «другое прышэсце» і новае перажыванне класічных стыляў авангарда ХХ стагоддзя. Прычым перажыванне гэтае мае глыбока індывідуальны, па-мастацку значны характар. На хвалі неаавангарда ў Віцебску быў адкрыты Цэнтр сучаснага мастацтва, працяглы час актыўна працавала суполка «Квадрат».

Дарэчы, з’яўленне рознага кшталту груповак — характэрная прыкмета не толькі цяперашняга часу. Тэндэнцыя да аб’яднання мастацкіх супольнасцей, абумоўленая працэсам узнікнення разнастайных мадэрнісцкіх плыняў, пачала фарміравацца яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Калектыўнасць дзеянняў у распрацоўцы маніфестаў, канцэпцый, выставачных стратэгій была адзнакаю art nouveau. Сённяшняе мастацтва таксама перажывае працэс аб’яднання дзеянняў: індывідуальныя практыкі ўсё часцей саступаюць месца калектыўнаму руху. Таму ўзнікненне творчых гуртоў самай рознай стылістычнай накіраванасці, што пачалося ў 1990-х, стала заканамернай з’яваю не толькі ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах: так выяўлялася імкненне мастакоў з рэгіёнаў далучыцца да мэйнстрыму.

Творчасць прыхільнікаў поставангарда нельга назваць другаснай, знарочыстай: яна мае моц, абаяльнасць, сапраўднасць жывой з’явы. У маштабе ХХ стагоддзя такія работы не новыя па выяўленчай мове, але ва ўмовах рэальных часу і прасторы яны, безумоўна, выклікаюць цікавасць, бо становяцца часткай мясцовай культурнай традыцыі. Гэта найбольш характэрна для віцябчан. Метафізічныя кампазіцыі Васіля Васільева, гарманічны абстракцыянізм Галіны Васільевай, дакладныя канструкцыі Віктара Шылко, беспрадметныя фантазіі Вадзіма Осіпава і Аляксея Краўчанкі вылучаюцца прысутнасцю духоўнага складніка, філасофскай канцэпцыі. Пераканальна выглядае і творчасць сяброў суполкі «Аршыца» — Анатоля Жураўлёва, Барыса Іванова. Так, гісторыя авангарда быццам бы ўжо напісана, а ў нас, на жыватворнай глебе віцебскіх эксперыментаў пачатку 1920-х гадоў, і сёння з’яўляюцца новыя таленты. Адкрыцці адбываюцца там, дзе ўсё, здаецца, вынайдзена і зафіксавана, але мы пры гэтым зноў і зноў даказваем самі сабе, што гэта сапраўды таленавітае і вартае ўвагі.

У творчасці магілёўскіх мастакоў вельмі моцнай бачыцца прыхільнасць да мадэрнісцкай эстэтыкі, што праяўляецца ў шырокім спектры стылявых асаблівасцей: тут прысутнічаюць элементы абстракцыянізму, прымітывізму, кубізму, фавізму, дадаізму, сюррэалізму, канцэптуалізму. Па работах мастакоў можна вызначыць, якому накірунку яны аддаюць перавагу.

Тэндэнцыя паўторнага звароту да знакамітых стыляў існуе ў правінцыйных мастацкіх суполках многіх постсавецкіх краін. Мабыць, спрацоўвае заканамернасць: кожны стыль, кожная ідэя мусяць «адыграць» сваё. У рэгіянальнай прасторы буйныя мастацкія ідэі не знікаюць бясследна. Іх трэба перажыць. Таму дарослыя сур’ёзныя мастакі адчуваюць і ажыццяўляюць сваю «сюррэалістычную місію»: настальгуючы па хэпенінгу, стаміўшыся ад сур’ёзнасці быцця і творчасці, яны разыгрываюць вулічныя перформансы, займаюцца лэнд-артам, захапляюцца відэаінсталяцыямі. І гэтыя дзействы, у якіх шмат непасрэднасці, пашыраюць прастору канвенцыяльнай культуры ў гарадах, дзе штораз становіцца ўсё больш складана, не апускаючыся да вульгарнасці, прыдумваць штосьці нязвыклае... Аднак, калі разгарнуць падручнік па гісторыі заходняга мастацтва ХХ стагоддзя, пагартаць часопісы, «палазіць» па інтэрнэце — можна знайсці немалую колькасць ідэй, якія яшчэ не адыгралі сваю ролю на мясцовай сцэне. Так што на бліжэйшыя гады відавочна хопіць матэрыялу для новых адкрыццяў лакальнага значэння...

Традыцыяналісты

Місія мастацтва не вычэрпваецца бясконцым абнаўленнем мовы. Больш за тое, само абнаўленне становіцца бессэнсоўным і сімулятыўным без новых ідэй. Зазор паміж складанасцю навакольнага быцця і традыцыйнасцю выяўленчай мовы імкліва знікае. Дый само жыццё хоць і змяняецца хутка, але не можа цалкам перайначыцца за кароткі тэрмін. На кансерватыўнасці фундаментальных асноў жыцця грунтуюцца традыцыяналісцкія міфалагемы ў мастацтве.

Большасць абласных мастакоў стала працуюць «у сярэдніх хвалях» дыяпазону: без непатрэбнай мітусні, з задавальненнем пішуць рэалістычныя пейзажы, партрэты, нацюрморты, вельмі рэдка — тэматычныя кампазіцыі. Мала хто займаецца друкаванай графікай (выключэннем на выставе сталі аўталітаграфіі Льва Алімава з Брэста), аддаюць перавагу больш даступным у выкананні алоўкавым малюнкам, акварэлям. Было прадстаўлена ў экспазіцыі і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва — некалькімі габеленамі, батыкамі і работамі бабруйскіх і віцебскіх керамістаў. Жывапісныя ж палотны прадэманстравалі тэндэнцыю да развіцця індывідуальных выяўленчых моў і пазнавальнай пластыкі, да адмовы ад фетышу навізны. Абласныя мастакі відавочна шукаюць асабістай адэкватнасці ў творчасці. Характэрныя пластыка, каларыт, асаблівасці кампазіцыйных пабудоў, манер пісьма, тэматычныя прыхільнасці, унутраны стан робяць лёгка пазнавальнымі работы гамяльчан Мікалая Казакевіча, Роберта Ландарскага, Святланы Курашовай, брэстчан Пятра Данэліі, Міхаіла Канькова, бабруйчаніна Сямёна Абрамава, магіляўчанкі Веры Юрковай, гродзенца Сяргея Асапрылкі. Непаўторнай дэкаратыўнасцю вылучаецца стылістыка палотнаў магілёўскага жывапісца Галіны Конанавай. Усе згаданыя майстры працуюць на даволі высокім прафесійным узроўні, задаюць тон у сваіх абласных сябрынах, дадаюць творчай супольнасці ў рэгіёнах стылёвую разнастайнасць. У жывапісе гэтых мастакоў знайшлі сваё ўвасабленне такія рысы і адметнасці, як стылізаванасць, змяшэнне элементаў стыляў, сэнсавая шматслойнасць, кадзіраванасць, цытатнасць, іранічнасць.

Цікава, што многія тэндэнцыі аднолькава прысутнічаюць у творчасці мастакоў як старэйшага, так і малодшага пакаленняў. Нягледзячы на рознасць тэмпераментаў, норм паводзінаў, арыенціраў, паміж пакаленнямі больш агульнага, чым здаецца на першы погляд. Усе яны працуюць пад уплывам навацый ХХ стагоддзя, усе яны прадстаўнікі культурнага традыцыяналізму сучаснага мастацтва.

Зрэшты, даволі заўважны разрыў паміж сталічным і рэгіянальнымі мастацкімі кантэкстамі існаваў здаўна. У буйным мегаполісе візуальная інфармацыя была стымулам, каталізатарам творчага працэсу. У рэгіёнах жыццё мела іншы рытм. Пошукі былі абмежаваны беднасцю інфармацыйнага поля месца пражывання. Аднак сёння былыя суадносіны сталічнага і рэгіянальнага мастацтва змяняюцца, і гэты кардынальны зрух звязаны са сціраннем інфармацыйных межаў цэнтра і перыферыі, дзякуючы якому рэгіянальныя мастакі ўваходзяць у глабальны мастацкі працэс. Многія паспяхова выстаўляюцца за мяжой. Сёння ўжо няма заходняй манаполіі на сучаснае мастацтва. Відавочна, што няма на яго і манаполіі сталіц, таму што ідэнтыфікацыя творчасці і эстэтычных прыярытэтаў з постмадэрністычнай парадыгмай залежыць ад персанальнага адчування аўтарам сваёй блізкасці да сусветнага мастацкага працэсу.Наталля шаранговіч