Цыганскае шчасце

№ 3 (312) 10.03.2009 - 10.04.2009 г

«Алека». Опера ў адной дзеі паводле паэмы Аляксандра Пушкіна «Цыганы». Музыка Сяргея Рахманінава. Рэжысёр-пастаноўшчык Валерый Анісенка. Музычны кіраўнік і дырыжор Валерый Пласкіна. Мастак-пастаноўшчык Вольга Грыцаева. Харэограф Алена Дзімітрава-Лаўрыновіч. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Цыганская тэма заўжды вабіла кампазітараў і музычны тэатр рамантычнай маляўнічасцю і моцнымі страсцямі. Дастаткова згадаць «Кармэн» — у оперы, «Цыганскага барона» — у аперэце, «Эсмеральду» — у балеце. У рускай музыцы да гэтай тэмы першым звярнуўся Сяргей Рахманінаў. Опера «Алека», створаная на сюжэт паэмы Пушкіна, сталася дыпломнай працай 19-гадовага студэнта Маскоўскай кансерваторыі. Опера была напісана за 17 дзён, у якасці выпускнога экзамена па кампазіцыі. Па выніках іспытаў Рахманінава ўзнагародзілі Вялікім залатым медалём, а партытура ўвайшла ў скарбонку опернага жанру.

У новай рабоце тэатра найперш прывабліваюць прыгажосць музыкі, яе выразнасць і меладычная шчодрасць, тонка перададзеныя аркестрам, акцёрскія работы, вобразная выразнасць сцэнаграфіі і касцюмаў.

Са сцэнаграфіі, вынаходлівай і шматфункцыянальнай, і хацелася б пачаць гаворку. Вобразны лад спектакля мастачка Вольга Грыцаева ўвасобіла ў выглядзе велізарнай, маляўніча распісанай цыганскай хусткі. Яна нагадвае то шацёр, то хваляванне стэпавага кавылю ад павеваў начнога ветру, то крылы нейкай дзівоснай птушкі. Часам здаецца, што гэта душа гераіні, якая трымціць і замірае ў прадчуванні спаткання... Наўздзіў яркі і нечаканы вобраз!

Рэжысура Валерыя Анісенкі падалася больш спакойнай. Дастаткова традыцыйнай і рэалістычнай. Без вялікіх адкрыццяў, нечаканасцей і азарэнняў. Крыху натуралістычнымі ўспрымаюцца любоўныя сцэны. Ёсць у спектаклі фрагменты, калі гучыць аркестр, а на падмостках нічога не адбываецца. Думаю, тое супярэчыць законам жанру. Рэжысёрская дэталь, якая сапраўды ўражвае, — бізун у руках Алека. Ім у фінале герой падцягвае бліжэй да сябе безабароннага саперніка. Падцягвае, каб потым забіць... Увогуле запрашэнне ў тэатр оперы рэжысёра, які стала працуе ў тэатры драматычным, — гэта, з аднаго боку, сведчанне эксперымента і пошуку, але ў той жа час і доказ таго, што з падрыхтоўкай рэжысёраў музычнага тэатра ў нас існуюць праблемы.

Да ліку ўдач нельга аднесці вырашэнне харэаграфічных сцэн, якія маглі б зрабіцца сапраўднай «разынкай» пастаноўкі. Атрымалася ж неяк занадта традыцыйна, калі не сказаць трафарэтна. Без фантазіі, без уздыму. Шкада... Бо цыганскія і іспанскія танцы належаць да ліку тых пачуццёвых кульмінацый, якія глядач успрымае асабліва эмацыйна.

Да прэм’еры тэатр падрыхтаваў некалькі складаў выканаўцаў. Алека Уладзіміра Громава выглядае маладзейшым у параўнанні з героем Уладзіміра Пятрова. Калі ў першага часцей пераважае стан раздражнёнасці, затоенай пагарды («я диких песен не люблю!»), нават інфернальнасці, дык другі да глыбіні душы ўражаны здрадай Земфіры і ўсведамленнем канчаткова згубленага шчасця. Знакамітую каваціну «Весь табор спит...» герой Пятрова заканчвае амаль на мяжы вар’яцтва. Псіхалагічным абліччам галоўны герой оперы трывала з’яднаны з іншымі «лішнімі людзьмі» рускай літаратуры — Анегіным, Пячорыным. Калі ж згадаць герояў больш блізкага часу, дык, як ні дзіўна, — з вампілаўскім Зілавым.

Кантраснай колеравай плямай вылучае сцэнограф постаць героя сярод маляўнічага, стракатага натоўпу цыган. Алека — у чорным... Гэта адлюстраванне ягонай прыгнечанасці, падазрэнняў, змрочнасці думак. Колерам адзення і ўласным настроем герой адасоблены ад усіх, у тым ліку і ад Земфіры.

З дзвюх убачаных гераінь больш блізкай да пушкінскай «першакрыніцы» (найперш вонкава, зрокава) падалася Земфіра Аксаны Якушэвіч — чарнявая, хударлявая, смуглявая. Глыбокая і непахісная ў пачуццях, яна не тое што расчаравалася ў Алека — ён перастаў быць для яе цікавым, таму сэнсу ў далейшых адносінах няма. Земфіра Святланы Марусевіч увасабляе не ўсходні, а хутчэй славянскі тып жанчыны. Яна маладзейшая, пужлівая і трапяткая. Для яе Алека — сапраўды «старый муж». Абодва выканаўцы партыі Маладога цыгана (Эдуард Мартынюк і Аляксандр Жукаў) прывабліваюць найперш расхінутасцю пачуццяў, зачараванасцю — жыццём, каханнем, жанчынай... Менавіта таму такой недарэчнай і адначасна трагічнай успрымае Земфіра ягоную смерць.

Алека тут не толькі «лішні». Ён, па сутнасці, — забойца і злачынец. Псіхалагічная праўда перададзеных пачуццяў выводзіць сюжэт за межы «любоўнага трохкутніка». Крывавая драма напрыканцы оперы набывае рысы ці не трагедыі. Куды далей ісці Алека, калі ўвесь цыганскі табар адварочваецца ад яго? Каму ён патрэбен? Ці не занадта дорага — уласным жыццём — заплацілі Земфіра і Малады цыган за імкненне Алека вярнуць страчанае шчасце?..таццяна міхайлава