«Гук ёсць колер»

№ 3 (312) 10.03.2009 - 10.04.2009 г

Фестываль сучаснай музыкі «Музычныя далягляды: да 100-годдзя з дня нараджэння Аліўе Месіяна». Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі.

Імя Аліўе Месіяна на працягу мінулага года з’яднала дзесяткі выканальніцкіх калектываў, кампазітараў, навукоўцаў і музыказнаўцаў усяго свету. Канцэрты, канферэнцыі, фестывалі, прысвечаныя 100-гадоваму юбілею французскага музыканта-філосафа, дазволілі па-новаму ўбачыць і асэнсаваць галоўныя тэндэнцыі сучаснай музыкі і вызначыць накірункі творчага руху. Пра важкасць згаданага юбілею сведчаць больш за 1000 мерапрыемстваў, што ладзіліся ў 50 краінах. Сярод іх навукова-творчыя праекты ў Францыі (а іх колькасць перавысіла 400!), найбуйнейшы Месіянаўскі кангрэс у Бірмінгеме (Вялікабрытанія), Першы Міжнародны фестываль, прысвечаны Месіяну, у Маскоўскай кансерваторыі імя Чайкоўскага і інш.

Жаданне не заставацца ўбаку ад сусветнай падзеі зрабілася асноўным стымулам для арганізатараў беларускай навукова-практычнай канферэнцыі «Музычная культура і жыццё: новыя рэаліі» і фестывалю, прысвечаных Месіяну. Іх правялі Беларуская акадэмія музыкі пры падтрымцы Міністэрства культуры, Польскі Інстытут у Мінску і Беларускі саюз кампазітараў. Падзею без перабольшання можна назваць знакавай. Адна з асноўных задач праекта — прадставіць творчасць Месіяна ў кантэксце сусветнай мастацкай культуры, а таксама абмеркаваць «гарачыя», актуальныя праблемы музычнага працэсу.

Стогадовы юбілей — рубеж, які дазваляе даць ацэнку і значнасці створанага майстрам, і сіле яго ўздзеяння на культуру. Жыццёвы і творчы шлях Месіяна аказаўся цесна знітаваным з усімі вузлавымі этапамі эпохі. Шматбаковая асоба — арганіст парыжскага сабора Святой Троіцы, педагог, прафесар Парыжскай кансерваторыі, аўтар шэрагу музычна-тэарэтычных прац, арнітолаг, — Месіян сыграў адмысловую ролю ў развіцці філасофскай канцэпцыі і тэхнікі музычнай мовы ў культуры ХХ стагоддзя. Ён зрабіўся, паводле слоў Радзівона Шчадрына, «адным з Піменаў» нашага часу, які верыў «у вышэйшае прызначэнне Музыкі» і паўплываў на свядомасць цэлага пакалення.

На працягу ўсяго кампазітарскага жыцця Месіян асэнсоўваў музычна і па-філасофску чатыры знакавыя пытанні, якія датычылі сутнасці рытму, каларыту, спеваў птушак і веры, вырашаў іх з уласцівай яму «каліграфічнасцю мыслення».

Шматмерны і шматаблічны гукавы сусвет Месіяна. У ім — тэмы вечнасці тварэння і жыцця, пакут і ўзнясення (арганныя цыклы «Раство Госпада» і «Медытацыі»); вобразы Апакаліпсіса ў «Квартэце на канец часу», створаным кампазітарам у лагеры для ваеннапалонных і выкананым там жа; «Сімвал веры», спавядальныя матывы і пошук ісціны ў оперы «Святы Францыск Асізскі»; экзатычныя заклінанні кахання і касмічная нірвана ў «Турангаліле-сімфоніі». У яго пантэістычнай філасофіі вялікімі настаўнікамі з’яўляюцца маленькія птушкі, «самыя геніяльныя музыканты на нашай планеце». Адсюль іх глыбокае вывучэнне, стварэнне энцыклапедыі галасоў і разнавіднасцей.

Для беларускай музычнай культуры да нядаўняга часу імя Месіяна гучала экзатычна (паўплывалі адсутнасць нот, запісаў, навуковых даследаванняў) і разам з тым прывабна, пра што сведчылі распрацоўкі музыказнаўцаў, уключэнні сачыненняў кампазітара ў канцэрты. Сёння, калі сітуацыя ў айчыннай культуры спрыяе адкрыццю новага, разам з імем кампазітара паўсталі далягляды вывучэння філасофіі бесперапыннага Часу і ўсёабдымнай духоўнай прасторы.

Ідэя беларускай канферэнцыі і фестывалю — дыялог культур, нацый, менталітэтаў. У канферэнцыі прынялі ўдзел вядучыя музыказнаўцы, кампазітары і выканаўцы з Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі, а яе асаблівасцю зрабілася індывідуальнае запрашэнне спецыялістаў з розных галін сучаснай музычнай культуры, што абумовіла нешматлікасць удзельнікаў, але дазволіла кожнаму з госцей выступіць з лекцыяй і правесці майстар-клас.

Месіянаўская праблематыка была агучана з розных бакоў. З дакладам пра настаўніка Месіяна, Морыса Эмануэле, выступіла прарэктар факультэта музыкі і музыказнаўства ўніверсітэта Сарбона-Парыж IV Сільві Душ. Сапраўдным падарункам для слухачоў стаў прыезд вучняў і паслядоўнікаў Месіяна, аўтарытэтных польскіх музыкантаў — доктара мастацтвазнаўства прафесара Інстытута музыкалогіі Ягелонскага ўніверсітэта Малгажаты Возьна-Станкевіч і яе мужа, старшыні Кракаўскага саюза кампазітараў прафесара Ежы Станкевіча. Яны прадставілі цікавыя ўспаміны пра вучобу ў класе Месіяна, разважанні пра яго творчы метад, далі магчымасць убачыць і пачуць слова самога кампазітара — адбыўся прагляд (з каментарыямі Ежы Станкевіча) фільма «Літургія крышталю» (2007). Каштоўныя архіўныя кадры захавалі моманты стасункаў Месіяна з птушкамі, «маленькімі служкамі несмяротнай радасці», працэс запісу іх галасоў і разважанні пра сутнасць музыкі, якая, паводле слоў кампазітара, «бясконцы дыялог паміж прасторай і часам, паміж гукам і колерам; дыялог, які імкнецца да таго яднання, калі Час ёсць прастора, гук ёсць колер, прастора ж ёсць цэлае, утворанае накладаннем пластоў Часу, а гукавыя комплексы існуюць адначасова як спалучэнні фарбаў. Музыкант, які думае, сузірае, слухае, гаворыць, адштурхоўваючыся ад гэтых фундаментальных асноў, пры пэўных умовах можа наблізіцца да “пазасветнага”».

Праз музыку Месіяна надзвычай выразна ўспрымаецца дыялог мінулага і цяперашняга, традыцыі і наватарства, нацыянальнага і ўніверсальнага. Менавіта таму ў выступленнях дакладчыкаў былі ахоплены многія праблемныя зоны — ад музычнага тэатра, інструментальнай музыкі заходнееўрапейскіх, расійскіх і беларускіх кампазітараў да філасофіі гуку.

І ў гэтым кантэксце сапраўдным адкрыццём сталася знаёмства з запісам мультымедыя-оперы расійскага кампазітара Уладзіміра Тарнапольскага «Па той бок ценю», якую прааналізавала на майстар-класе доктар мастацтвазнаўства прафесар Маскоўскай кансерваторыі Святлана Савенка. Опера была створана спецыяльна па замове Бетховенскага фестывалю ў Боне (Beethovenfest-Rossija, 2006), там і адбылася сусветная прэм’ера (пастаноўка Бонскай оперы і Palindrome Multimedia Dance Group). Абстрактная ідэя, пакладзеная ў аснову лібрэта (яно напісана самім кампазітарам), спараджае мноства асацыяцый: ад прыпавесці Платона да філасофскай канцэпцыі «гуку-рэха / выявы-ценю». Опера Тарнапольскага пазначыла новы вектар опернага мастацтва, дзе ў агульнай прасторы яднаюцца гук, танец, слова, інструментальная музыка, святло, візуальныя эфекты. Абстрактнасць-сімвалізм-мінімалізм — «тры кіты» прадстаўленага музычна-тэатральна-візуальнага дзейства — утвараюць, карыстаючыся вагнераўскай тэрміналогіяй, шматслаёвы Gesammtkunstwerk — на аснове адзінства супрацьлегласцей: чорнае/белае, жыццё/смерць, гук/цішыня, святло/цень.

Паказ спектакля выклікаў у тых, хто прысутнічаў на майстар-класе, непадробную цікавасць і супярэчлівыя рэакцыі (ад поўнага адмаўлення да захаплення). Паўстаў і шэраг пытанняў, што акрэслілі некаторыя праблемы: якая музыка неабходна сучаснаму слухачу? Ці варта скарачаць велізарную адлегласць паміж інтэлектуальна-акадэмічным і масава-эстрадным? Хто стане вызначальным маяком музыкі Новага часу?

Вынікі канферэнцыі падвёў «круглы стол», на якім прагучала шмат канструктыўных ідэй, у тым ліку пра перспектывы штогадовых сустрэч, пашырэнне межаў супрацоўніцтва. Для навукоўцаў, якія даследуюць найноўшую музыку, акрамя прафесійных, прынцыповымі робяцца пытанні эстэтычнага і этычнага характару. Музычная карціна сучаснага перыяду яшчэ поўная белых плям і «размытых фрагментаў». Для асэнсавання некаторых патрэбны позірк з адлегласці, іншыя — яшчэ не канчаткова акрэсленыя ў гістарычным працэсе, а ў гэтым выпадку, як пісаў Павел Фларэнскі, лепш пакінуць карціну незавершанай, чым самім дамалёўваць «спалучальныя пратокі думкі», каб не атрымалася «прасторавая няўзгодненасць». І разам з тым нельга прапусціць дакладны час для стварэння, аналізу і сістэматызацыі новых артэфактаў культуры.

У праграмах «Музычных даляглядаў» прынцып дыялога нацыянальных культур і часоў быў захаваны. Перад слухачом паўставала своеасаблівая энцыклапедыя працы кампазітараў з гукам: ад традыцыйнай мажора-мінорнай сістэмы да мабільных санорных структур.

На канцэртах фестывалю прагучалі камерныя сачыненні Месіяна, Пуленка, Бартака, Вайнюнаса, Шнітке ў выкананні студэнтаў Акадэміі. Беларускую кампазітарскую школу прадставілі Дванаццатая сімфонія для струннага аркестра Дзмітрыя Смольскага, «Сярэднявечная музыка для струнных і ўдарных» Вячаслава Кузняцова, выкананыя камерным аркестрам Акадэміі музыкі Gradus ad Parnassum пад кіраўніцтвам Пятра Вандзілоўскага. У межах фэсту ў Белдзяржфілармоніі адбыўся сольны канцэрт арганнай музыкі французскіх кампазітараў яркага прадстаўніка Ліёнскай школы П’ера Іва Флёры (Францыя). Ідэя канцэрта грунтавалася на дыялогу эпох і стыляў, увасобленым у сачыненнях Франсуа Куперэна, Сезара Франка, Жана Алена і Аліўе Месіяна, што дазволіла прэзентаваць свайго кшталту анталогію французскага арганнага мастацтва, яшчэ больш ярка выявіць знітаванасць спадчыны кампазітара, чыё 100-годдзе мы адзначаем, са шматвяковымі традыцыямі.

У шэрагу канцэртаў прыкметна вылучылася адкрыццё фестывалю, на якім у шыкоўным выкананні фартэпіяннага дуэта Белдзяржфілармоніі Наталлі Котавай і Валерыя Баравікова прагучалі надзвычай глыбокія па задуме «Вобразы слова “Амінь”» Месіяна (1943). Гэтае сачыненне стварае малюнак Сусвету, які гучыць і зачароўвае сваёй вітальнай сілай. У працэсе ўслухоўвання ў гэтую «сімфонію для двух раяляў» пачынаеш асэнсоўваць магію музыкі Месіяна, якая высвечваецца паступова, праз найтонкія грані-адценні «гукакосмасу». Моцнае ўражанне пакінула і выступленне ўкраінскага віяланчэліста і кампазітара, саліста Нацыянальнага ансамбля «Кіеўская камерата» Золтана Алмашы. Яго сольная віяланчэльная праграма ўключала творы суайчыннікаў («Маленькая партыта» Вікторыі Гаўрык і «Эцюды старога горада» Любавы Сідарэнка), п’есу «Гуканне вясны» беларускага кампазітара Канстанціна Яськова, а таксама ўласную «Настальгію», у якой адметным каментарыем да голасу віяланчэлі зрабіўся спеў музыканта: венгерскую народную песню ён выконваў на мове свайго бацькі.

Пры ўсім пазітыўным зарадзе канферэнцыя і фестываль выразна выявілі і набалелыя пытанні. Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема недахопу «свежых» нот, аўдыё- і відэазапісаў сучаснай музыкі. А разам з тым у асяроддзі выканаўцаў можна назіраць бязмежную лакалізацыю рэпертуару і, на жаль, не заўсёды апраўданую пазіцыю: «Не ведаю — значыць не люблю і не іграю...» Адным з фактараў, якія стрымліваюць пранікненне новага, застаецца амаль поўная адсутнасць зацікаўленых музыкантаў, што прайшлі школу выканання класікаў ХХ стагоддзя (ад Булеза, Штокхаузена да Кейджа, Нона і інш.), прафесіяналаў, якія спалучаюць таленты рэжысёра, драматурга і акцёра, стымулююць творчую думку і гараць жаданнем першымі атрымаць ноты ад айчынных аўтараў.

З пачуццём радасці адзначым паступовае разбурэнне ўстойлівага міфа пра адсутнасць дастатковай колькасці падрыхтаваных слухачоў (так, здаецца, ніводнага званка мабільніка падчас выступленняў і ніякіх заўчасных апладысментаў паміж часткамі твора!). На канцэртах фестывалю, акрамя музыкантаў, можна было ўбачыць нямала прадстаўнікоў іншых прафесій. Ці не доказ гэта жыццяздольнасці фестываляў сучаснай музыкі ў нашай краіне? Ва ўсім, што адбывалася, адчувалася вострае жаданне далейшых сустрэч, жаданне, каб яны набылі статус традыцыі. Юбілей адбыўся і, перафразуючы словы Леанарда Бернстайна, можна з упэўненасцю сказаць: «Час Месіяна ў Беларусі надышоў!».наталля ганул