Ірэальны дыялог

№ 3 (312) 10.03.2009 - 10.04.2009 г

Мастак «унутры» праекта. Што ён хацеў у ім увасобіць, а што атрымалася рэалізаваць? Фатограф Сяргей Ждановіч разважае пра свой удзел у выставе «Irrealis / страчаная прастора», якая праходзіла ў галерэі «Падземка». Разам з ім у экспазіцыі былі прадстаўлены графічныя работы Мандзі Кноспэ (Германія).

 Ідэя аб’яднаць мае фатаграфіі і графіку Кноспэ належыць галерэі «Падземка», яе дырэктару і куратару Валянціне Кісялёвай. Кожны творца прадставіў сваю тэму, свой погляд на рэальнасць. Мая частка ўключала тры серыі фатаграфій: «Не існуе» (1996—2005), «У прасторы знака» (2001—2005), «Forte» (2005). Усе фатаграфіі выкананы ў тэхніцы ручнога друку (жэлацінава-сярэбраная фатаграфія) з прымяненнем аўтарскай тэхналогіі дапрацоўкі негатыва і актыўнага маскіравання выявы, што па сутнасці набліжае гэтыя творы да традыцыйных відаў выяўленчага мастацтва.

За аснову сваёй работы я браў фотавыяву, якая мела прывязку да канкрэтнага месца і часу, мяняў і трансфармаваў яе пры дапамозе графічных прыёмаў, адштурхоўваючыся ад рэчаіснасці дакументальнай, ствараў уласную. Гэтую сукупнасць дзеянняў называю «актыўным укараненнем у рэальнасць».

Я атрымаў вельмі цікавы досвед, выстаўляючы свае фатаграфіі поруч з графічнымі аркушамі Мандзі, выкананымі ў тэхніцы афорта, дзе працэс стварэння выявы супрацьлеглы майму. Яна будуе ўласную рэальнасць на аснове фантазій і шукае цягам працы прывязку да канкрэтнага месца і персанажаў. У графічнай серыі «Irrealis» (2007) выява складаецца з калейдаскопа падзей, персанажаў, аб’ектаў. Серыя нагадвае рэтраспектыву сноў, дзе сустракаюцца паасобныя кавалкі явы, утвараючы калаж мараў і ўспамінаў. Выкарыстоўваючы фатаграфію як эскіз, Мандзі пераносіць фрагменты рэальнасці ў фармат малюнка. Менавіта гэтая псеўдадакументальнасць (тыпавыя хмарачосы, партовая баржа, прыватны сектар) узмацняе адчуванне ірэальнасці, дзе сфера фантазійнага ўзаемадзейнічае са звычайным і прывычным. Серыя зроблена «на адным дыханні» — восем графічных аркушаў выглядаюць кампактна і змястоўна. Такі графічны стыль не прадугледжвае далікатнага малюнка і вытанчаных ліній. У працах адбываецца, хутчэй, пошук унутранага стану аўтара, выяўляецца яго экзістэнцыя. Як прыклад можна ўзгадаць графічныя аркушы Ёзэфа Бойса, тое магутнае ўражанне, якое яны пакідаюць, маючы пры гэтым дастаткова ўмоўны малюнак.

«Няісная прастора» — іншая ў маёй частцы экспазіцыі. Гэта «страчаная прастора» — рэальнасць мінулага, забытых падзей, што засталіся толькі на фатаграфіях. Я аддаю перавагу фотавыяве, яна больш таемная і глыбокая, чым выява намаляваная. Працую і з матэрыяй часу і дакумента — такой магчымасці выяўленчыя віды мастацтва практычна пазбаўлены.

У пэўным сэнсе любая фатаграфія — страчаная прастора, тое, што аднойчы было і больш не паўторыцца. Змяняемся мы, змяняецца ўсё вакол. Знесены дом пачынае жыць іншым жыццём на фатаграфіях і ва ўспамінах. Але старэе і фатаграфія. Гляджу на адбіткі 10-гадовай даўніны і мне падаецца, што іх рабіў нехта іншы. Так, 10 гадоў таму я насамрэч бачыў і адчуваў усё крыху іначай і сам быў іншым. Гэтае адчуванне відавочнае ў серыі «У прасторы знака» (2001—2005), дзе фатаграфаваў аб’екты і абсягі са сваім ценем. Цень тут выступае як пасрэднік паміж мной і прасторай, як сведчанне сапраўднасці дакумента: я пакінуў у гэтым абшары свой след і зафіксаваў яго. Зафіксаваны цень атрымліваў асабліва важнае значэнне, бо гэта — прамая праекцыя ў прастору, якая становіцца таксама праекцыяй у часе.

Калі выстава адчынілася, я глядзеў на творы на сценах галерэі «Падземка» — палярныя па ідэях, розныя па стылістыцы — і быў уражаны цэльнасцю экспазіцыі. Сэнсавае напаўненне, візуальнае вырашэнне нашых работ узаемна перасякаліся, нараджаючы нейкі новы твор — наш праект «Irrealis / страчаная прастора».сяргей ждановіч