Кубак, турка, ключ

№ 3 (312) 10.03.2009 - 10.04.2009 г

«Tête-à-tête» — так называлася персанальная выстава маладой мастачкі Наталлі Жыгамонт, якая адбылася ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры».

Яе жывапіс — метафарычны і алегарычны. На палотнах няма ўласных выяў аўтаркі, дый вобразы людзей у якасці суразмоўцаў застаюцца па другі бок палатна. Гэта гутарка, якую мастачка вядзе са светам сам-насам, tête-à-tête. Яна востра адчувае час, у якім жыве. Аднак пэндзаль не выхоплівае з яго імгненныя ўражанні, а перадае складаныя філасофскія развагі.

Першымі «персанажамі» яе палотнаў былi рэчы. Прадметы, якiя бачыла ў маленстве, у бацькоўскiм доме. Гэта маглi быць дзядулева цукарнiца, бабулiны шкатулка i брошка, матулiны пацеркi, армянскi збанок бацькi, чаравiчкi немаўляці, якiя перадаюцца з пакалення ў пакаленне i стаяць на камодзе як сямейная рэлiквiя. Яны — сведкi падзей i адносiн паміж людзьмі, захавальнiкi чагосьці нябачнага, але значнага i дарагога для аўтара — успамінаў, адухоўленасці, душэўнай цеплыні.

Рэчы на палотнах Наталлі Жыгамонт страчваюць сваю ўтылiтарную функцыю, часам i першапачатковае сэнсавае значэнне, ператвараюцца ў сiмвалы, якiя выклікаюць тыя цi iншыя ўстойлiвыя асацыяцыі. Яны важныя не самі па сабе, а — сваёй прысутнасцю ў кампазіцыі работы. З нацюрморта ў нацюрморт вандруюць кубак, турка, ключы і шмат iншага. Яны вядуць цiхае, непрыкметнае, ненадакучлiвае існаванне, становяцца фонам, акампанементам для асноўнай мелодыi жыцця людзей, iх роздумаў.

Наталля — безумоўна, жывапісец па светаадчуванні. Яна бачыць, дыхае, піша колерам. З лёгкасцю пашырае традыцыйныя ўяўленні пра станковы жывапіс. Калі колер для яе гаспадар, дык тэхналогія — служка. Палатно становіцца полем для эксперыментаў, дзе для дасягнення жаданага каларыстычнага эфекту спалучаюцца на першы погляд несумяшчальныя рэчы. Паняцці «аўтарскае», «асабістае», «незапазычанае» — вельмі характэрныя для Наталлі Жыгамонт. Ва ўсім яна шукае і знаходзіць сваё: кола (а дакладней, вектар) тэм, свет вобразаў, ланцужок асацыяцый, нарэшце, асабістую сімволіку... У дачыненні да яе палотнаў можна гаварыць пра тонкі псіхалагізм, філасафічнасць, сузіральнасць, дынамічную, паліхромную, гучную, часам змякчаную палітру, якая быццам прыпынілася на імгненне ў віхуры танца.

Тым больш нечаканай здаецца канструктыўная ўстойлівасць графічных аркушаў, дзе «жывыя» акварэль, пастэль і аплікацыя сутыкнуліся на паперы з камп’ютэрнай графікай. Гэта — гульня плоскасцямi ў пошуках дэкаратыўнасцi, дзе папера, тканіна страчваюць сваю першапачатковую ролю. Спалучаючы асобныя элементы, мастачка надае iм іншае значэнне, яны ўтвараюць агульную фактуру, здабываюць новае жыццё ў аўтарскiм кантэксце.

Кампазіцыі яе работ будуюцца на свабоднай тэктоніцы колеравых мас і плоскасцей, змене рытмаў, на часам нечаканых ракурсах. Гэта ўвасабленне таго, што яе настаўнiк Міхаіл Бяляеў некалi назваў «гармоніяй паміж элементам і прасторай». Невыпадкова сама мастачка часта згадвае словы Анры Маціса: «Я пішу не прадметы, а розніцу паміж імі». У карцінах Наталлі прадметы — а дакладней, іх знакі, аўтарскія аналагі, урэшце, рэчы-характары ў нацюрмортах і інтэр’ерах — наладжваюць паміж сабой «чалавечыя» адносіны. І, карыстаючыся свабодай умоўнасці, якая была першапачаткова зададзена аўтарам, з лёгкасцю перацякаюць з інтэр’ернага ў пейзажны асяродак.

Пейзаж Наталля пазбаўляе той меры абагульненасці, якая ўласціва шэрагу яе нацюрмортаў, але яго фрагментамі, як пластамі часу, разыгрывае складаную партытуру ў жывапіснай прасторы. Так яскрава праяўляюцца шматграннасць і палярнасць яе характару, дзе спалучыліся экспрэсія, усходні тэмперамент армянскіх продкаў бацькі-кінаінжынера, расійская стрыманасць і грунтоўнасць маці, прафесара педагогікі.

Рэфрэнам праходзіць праз многія работы Наталлі Жыгамонт вобраз чыстага палатна — як міраж у прасторы. Гэтае палатно вабіць сваёй недасяжнасцю, прымушае замерці кожны раз, калі неабходна пэндзлем парушыць некранутасць і чысціню яго прасторы.Ларыса фінкельштэйн