Цярпеў і нам загадаў

№ 3 (312) 10.03.2009 - 10.04.2009 г

«Вальс». Рэжысёр Віктар Аслюк. Аператар Анатоль Казазаеў. Аўтар сцэнарыя Вольга Дашук. Музыка гурта «Ліцвіны». Студыя «Летапіс», 2008 год.

Правінцыйныя дактары ў далёкай Аўстраліі, каб рабіць візіты, з-за вялікіх памераў сваіх участкаў вымушаны карыстацца самалётамі. Беларускі ўрач Пётр Квяцінскі ад пацыента да пацыента дабіраецца на веласіпедзе, хоць і жывуць яго хворыя на значнай адлегласці адзін ад другога. Нічога не зробіш — вясковы лекар! А гэта значыць, у спёку і холад, у дождж і снег трэба круціць педалі. І так усё жыццё...

Даўно заўважана: нашаму знакамітаму дакументалісту Віктару Аслюку лепш за ўсё ўдаюцца групавыя партрэты. Яго выбітныя працы «Мы жывем у краі» і «Кола» (абедзве 2002 года) — прыклады менавіта гэтага надзвычай цікавага, але і вельмі складанага жанру. Партрэт у Аслюка звычайна выходзіць на ўзровень абагульнення. Большасць стужак рэжысёр зняў у беларускай вёсцы, стварыўшы яе ўнікальны вобраз на мяжы стагоддзяў. Традыцыйная аграрная культура, што беззваротна адыходзіць у нябыт, раскрываецца ў стужках Аслюка праз вобразы вясковых жыхароў, іх дыялогі, эмацыянальныя рэакцыі. Героі яго фільмаў часта ананімныя, але ў «Вальсе» асноўны персанаж дакладна абазначаны ў фінальных цітрах. Асноўны — але не галоўны. Доктар Пётр Пятровіч Квяцінскі толькі сувязнае звяно, стрыжань, на які нанізаны сюжэт карціны. Бо яна не адно пра медыцыну на вёсцы.

Любімы творчы метад Аслюка — назіранне. Рэжысёр, насуперак стэрэатыпным уяўленням аб ягонай прафесіі, не любіць умешвацца ў падзеі. У лепшых стужках Аслюка няма маналогаў «на камеру». У яго фільмы звычайна трапляюць толькі тыя кадры, на якіх героі быццам бы не заўважаюць здымачнай групы. Зразумела, такога даверу ад аб’екта назірання нельга дасягнуць за некалькі гадзін. Але, пэўна, справа тут не ў часе, а ў нечым іншым. Кіна- ці відэакамера Віктара Аслюка ўглядваецца ў людзей або пейзаж не проста вельмі ўважліва — з пэўнай пяшчотай. Каб так здымаць сваю краіну, трэба яе любіць. І Аслюк любіць не абстрактную Беларусь з бліскучых паштовак, а тых людзей, якія ў ёй жывуць. Можа, таму і героі яго фільмаў так спакойна рэагуюць на камеру і здымачную групу, што адчуваюць адносіны рэжысёра да сябе і сваёй зямлі?

Доктар Квяцінскі, безумоўна, alter ego стваральніка «Вальса». Яго штодзённы аб’езд вёсак на веласіпедзе можна параўнаць з працай дакументаліста — работа патрабуе цярпення не менш, чым творчасці. Вось яна, метафара тутэйшага існавання — вечна мокрая дарога і манатоннае, але моцнае і ўпэўненае націсканне на педалі. Размераны рух пад гукі просценькай музыкі, пакуль ёсць патрэба і хапае сіл.

Сюжэт «Вальса» вельмі просты. Доктар аднаго за адным наведвае хворых старых і больш размаўляе з імі, выслухоўвае скаргі, чым непасрэдна лечыць. Рэжысёра, відавочна, больш хвалявалі стасункі паміж доктарам і яго пацыентамі. Пётр Квяцінскі і хворыя размаўляюць не толькі аб стане здароўя, але і аб цяжкасцях жыцця на яго апошнім этапе. Відовішча нямоглых пажылых людзей, якія жывуць у самоце, безумоўна, шакіруе. Вусцішна глядзець не столькі на паўжабрацкія хаты былых калгаснікаў, колькі на іх твары. Гавораць, што старасць — гэта час мудрасці, спакою, адпачынку ад актыўнага жыцця. Не! У вачах старых, да якіх заязджае доктар Квяцінскі, страх адзіноты ды жудасць чакання немінучага канца.

Вось сямейная пара: ён і яна. Яна перасоўваецца ў інвалідным вазку, ён нават руку ўзнімае з вялікай цяжкасцю. «Надзеі ніякай. Чакаем, калі памром», — кажа старая. А яшчэ адна бабулька скардзіцца доктару нават не на хваробу. Нехта збіў, адабраў пенсію, дзякуй Богу, што жывая засталася. Так у кожнай хаце: выйсця няма, смерць на парозе. І, нягледзячы на гэта, ехаць у горад, да дзяцей — не. Кінуць свой кут — горш за смерць. Пэўна, адзінае, што засталося ў герояў «Вальса», — гэта пачуццё роднай зямлі.

Аднак не толькі трагедыя сыходу цэлага пакалення паўстае ў кінастужцы, гэта таксама і аповед пра прафесіяналізм і служэнне людзям. Без залішняй гераізацыі і пафасу Віктар Аслюк паказвае працу доктара Квяцінскага. І гэты вонкава не надта прыкметны, ціхі чалавек у акулярах выглядае — ні больш ні менш — як абагульнены вобраз сапраўднага беларуса, які прывык штодзённа, у любое надвор’е «круціць педалі» і без лішніх слоў выконваць свой абавязак. Бязмежная цярплівасць — вось чаму можна павучыцца ў Пятра Квяцінскага. Паказальны эпізод: недаверлівая бабулька не адчыняе доктару дзверы. Той настойліва грукае ў старыя дошкі — раз, другі, трэці, спрабуе растлумачыць мэту свайго візіту. Іншы б адступіўся, гэты чакае.

І калі адна з пацыентак раптам пачынае танцаваць разам з доктарам, гэта ўспрымаецца як заканамерная праява жыцця. Праўда, на радасці Пятру Квяцінскаму і яго хворым адведзена вельмі няшмат часу. Доктар з «Вальса», зразумела, не выглядае асілкам. Але трэба быць вельмі дужым, каб дзень пры дні, раз за разам, няўхільна пагружацца ў амаль невыносную атмасферу чалавечага згасання. І трэба быць не менш дужым, каб здымаць пра гэта кіно.

Антон сідарэнка