Мірная мастацкая зброя

№ 3 (312) 10.03.2009 - 10.04.2009 г

Студыя ваенных мастакоў Міністэрства Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь згуртавала восем вядомых творцаў старэйшага пакалення. За пяць гадоў існавання склад яе сяброў не змяніўся. Міхаіл Савіцкі, Леанід Дударэнка, Мікалай Апіёк, Уладзімір Гардзеенка, Уладзімір Уродніч, Іван Міско, Уладзімір Церабун, Георгій Лойка актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх экспазіцыях, якія штогод ладзіць гэтая суполка. Новыя работы былі прэзентаваны і на выставе «Айчыне служым», якая адбылася ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя засведчыла, што ў сучасным беларускім мастацтве існуе безліч яшчэ мала распрацаваных жывапісных, графічных, скульптурных тэм і сюжэтаў, якія адлюстроўваюць гістарычныя падзеі і сённяшні стан армейскага жыцця, яго спецыфіку і асаблівасці.

Тэма вайны, змагання, перамогі заўжды была актуальная для беларускіх творцаў. Гераічны пафас барацьбы і вызвалення, манументальны вобразны шэраг, эмацыянальная гіпербалізацыя пачуццяў пераважалі ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі. Для мастакоў старэйшага пакалення вайна была часткаю іх гераічнай біяграфіі. Кожны твор станавіўся эпічным аповедам, часта пабудаваным на канкрэтыцы сюжэтаў, на літаратурнай канве, праз дэкаратыўную, пастановачную кампазіцыю. Чым больш аддаляўся ад нас час ваенных падзей, тым часцей мастакі звярталіся да іх псіхалагічнай, рамантычнай альбо лірычнай трактоўкі. Вайна пачала набываць «чалавечы» твар. Аўтары не толькі адлюстроўвалі пэўныя рэальныя абставіны і ўчынкі — яны шукалі асацыяцыі, перадавалі эмоцыі, смуткавалі, радаваліся і спадзяваліся. Для творцаў адкрылася магчымасць перадаваць таемныя, інтымныя думкі, пачуцці і ўспаміны.

У ХХІ стагоддзі батальны жанр атрымаў далейшае развіццё. Але калі раней пра вайну гаварылі «ад першай асобы», арыентаваліся на ўласныя ўспаміны, сёння мастакі прачытваюць тэму асацыятыўна, перакладаючы яе на гістарычную праблематыку, на мужнасць людзей у змаганні з ворагам, на адлюстраванне шчырай радасці спакойнага жыцця. Кіраўнік студыі Мікалай Апіёк лічыць: «Наша задача — не згубіць тое лепшае, што было дасягнута папярэднікамі. Мы практычна не маем табуіраваных тэм. Усё залежыць ад здольнасцей і смеласці мастака, яго грамадзянскай пазіцыі. Калі хтосьці імкнецца паглыбляцца ў гісторыю, хай не шукае для сябе толькі самыя эфектныя яе моманты. Гэта прынцыпова — паказваць не толькі перамогі, але і паражэнні, радасць і боль, нашу сілу і часовую бездапаможнасць. Неабходна быць сумленнымі перад гісторыяй і сучаснасцю».

Мастакі-студыйцы свабодныя ад рэгламентацыі і стандартаў у стварэнні выяўленчых аповедаў. Яны не факталагічныя інфарматары, вобразы іх работ акумулююць у сабе абагульняючы філасофскі падтэкст. Творцы імкнуцца вывучыць умовы армейскай службы, пазнаёміцца са статутам, тэхнічным аснашчэннем частак і гарнізонаў, умовамі быту і адпачынку асабовага складу. Пасля паездак на канкрэтныя воінскія аб’екты шматлікія замалёўкі і эцюды кладуцца ў аснову карцін на армейскую тэматыку. Згадаю толькі некаторыя з іх: «Выпускнікі Мінскага Сувораўскага» Мікалая Апіёка, «Буйніцкае поле» Уладзіміра Уродніча, «Балада пра лётчыка Уладзіміра Карвата» Уладзіміра Гардзеенкі, «Бюст Казіміра Семяновіча» Івана Міско.

Пачатак вялікай і годнай творчай справы закладзены на належным арганізацыйным і прафесійным узроўні. Можна ўпэўнена рухаць яе наперад. Але ці хопіць для гэтага ў студыйцаў неабходнага энтузіязму і мэтанакіраванасці? У згаданых мастакоў дастаткова вопыту і здольнасцей, каб вырашыць складаныя пластычныя і тэматычныя задачы. Арыентацыя на дасягненні савецкага батальнага жывапісу, напрыклад, палотны Аляксандра Дайнекі «Абарона Севастопаля», Яўгена Зайцава «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», Валянціна Волкава «Вызваленне Мінска 3 ліпеня 1944 г.», дапамагаюць студыйцам адчуваць сябе на сапраўднай вышыні творчай пераемнасці. Разам з тым вялікая спадчына не церпіць механічнага пераносу ў наш час. Патрабуюцца такія сродкі выразнасці, дзе не было б месца халоднай параднасці, статычнасці, традыцыйным прыёмам адлюстравання, якія лёгка ператвараюцца ў штампы і рамесніцкія паўторы. Згадаю, што ў перыяд 1990 — 2000-х гадоў наша беларуская гістарычная навука зрабіла рашучы інфармацыйны і даследчыцкі прарыў, і гэта прыадчыніла для мастакоў велізарны вобразны свет некранутых тэм, звязаных не толькі з сівой мінуўшчынай, але і з падзеямі, асабліва ваеннымі, ХХ стагоддзя. Замест дакументальнай аб’ектыўнасці ў свядомасці грамадства шмат дзесяцігоддзяў насаджаліся розныя ідэалагічныя міфы. Цяперашні час дазваляе ўбачыць мінуўшчыну без навязаных раней стэрэатыпаў, не аддаць забыццю пакутніцкае і самаахвярнае.

Вось ужо шэсцьдесят пяць гадоў над нашай беларускай зямлёй мірнае неба, блакіт якога адбіваецца не толькі ў вачах нашых дзетак, але і ў жывапісе, манументальных роспісах, плакатнай графіцы і іншых відах творчасці. Міралюбства і чалавекалюбства — нацыянальныя рысы беларусаў, якія наша мастацтва не стамляецца ўслаўляць, пашыраць іх уздзеянне ў грамадстве намаганнямі творцаў.

Яўген шунейка