Канстанты. Катэгорыі. Каштоўнасці

№ 3 (312) 10.03.2009 - 10.04.2009 г

«Рух» і «Графічныя варыяцыі» — выставачныя праекты, якія прадстаўлялі фатаграфію і графіку айчынных творцаў у мінскай галерэі «Новы ракурс». Работы вядомых мастакоў Юрыя Якавенкі, Міхала Баразны, Мікалая Казлова, а таксама маладых аўтараў Рамана Сустава, Юрыя Алісевіча, Юрыя Пеўнева павінны былі сцвердзіць шматасацыятыўнасць сучаснага беларускага мастацтва, прыхільнасць яго да эксперыментаў.

Міхал Баразна паказаў новую серыю «Рух у чырвонае». Нязвыкла квадратныя, яркія, насычаныя колерам фатаграфіі былі аб’яднаны агульнай тэмай, якая дала назву работам. Гэта своеасаблівыя вынікі падарожжаў апошніх гадоў у Кітай, Германію, Турцыю. Здымкі напоўнены характэрнымі для аўтара ўзаемапранікненнямі форм, тэкстаў, колеру, руху. Для Міхала Баразны рэчаіснасць — асноўны штуршок да творчасці, які раней або пазней зноў выведзе аўтара на бераг выпрабаванняў і сцірання межаў. Этычны імператыў абуджае эмацыянальнасць і аналітычнасць — неабходныя складнікі, якія напаўняюць сэнсам знойдзены аб’ектывам прадмет.

Спантаннасць рэжыму здымкі ніколі не вынікае з выпадковасці моманту. Цыкл гэты натуральна развіваецца ад адбітка да адбітка. Кожны наступны дапаўняе і ўзбагачае папярэднія і ў той жа час з’яўляецца самастойным аповедам. Мастацтва, якое прадстаўляе творца, заўжды і вельмі лагічнае, і эстэтычна апраўданае. Гэта нязменна мастацтва «з першых рук», вынік эмацыянальнага і інтэлектуальнага багацця натуры. Іранічны філосаф, Міхал Баразна пераўтварае сусвет праз вобразнае ўспрыманне. Вобраз для яго — не проста інструмент для капіравання аб’ектаў наваколля, а «ноу-хау», спосаб кадзіравання ўласных перажыванняў. Мова фотатвораў Міхала Баразны дазваляе амаль кожнаму гледачу па-свойму прачытваць многія з яго работ.

Юрый Алісевіч прадставіў шэраг афортаў, не звязаных агульнай тэмай. Вобразы мастака адрозніваюцца відавочным псіхалагізмам, далікатнасцю і гармоніяй колеравых спалучэнняў, казачнасцю і метафарычнасцю пластычнага адлюстравання. Ён «спыняе імгненне» падчас пераносу на паперу сцэн з жыцця — рознасезонных і рознанастраёвых. Маштабнае бачанне агульнай структуры кампазіцый, упэўненая прамалёўка тонкіх ліній — характэрныя рысы творчасці Юрыя Алісевіча, працы якога прыцягваюць і адначасова прыкрываюць тое, што адбываецца, свайго кшталту тэатральнай маскай, кожны раз новай. Дый самому аўтару ўласціва прыроджанае духоўнае багацце і гатоўнасць падзяліцца ім з гледачом. «Талент — толькі падстава для поспеху, усё астатняе — праца, як вытворнае жыцця, — гаворыць мастак. — Сапраўднае мастацтва заўсёды нараджаецца або з матэрыялу сённяшняга дня з яго вірам твараў, жэстаў, слоў, або — з невытлумачальных адчуванняў нерэальнасці ці, наадварот, няўхільнасці таго, што адбываецца».

Фотаздымкі Юрыя Пеўнева паказваюць горад і дэталі будзённага жыцця яго жыхароў у непрадказальных фактурах і колерах, якія нечакана збліжаюць або аддаляюць знаёмыя аб’екты. Невялікія па памеры (30 на 45 сантыметраў), здымкі звяртаюць увагу гледача то на кроплі дажджу на нязвыкла ярка-чырвоным — ад стоп-сігналаў машын — аконным шкле, то на дзіўную фактуру сцяны дома. Два вялікія графічныя лісты — фрагменты дыпломнай работы — прадстаўляюць мастацкі эксперымент з колерам. Для іх, дарэчы, аўтар выкарыстоўваў у якасці эскізаў свае фотаздымкі. Энергетыка работ спрыяе імгненнаму кантакту з гледачом. Мастак знайшоў сваю кампазіцыйную схему, выпрацаваў пэўныя прыёмы і пластычныя лініі. Вялікую ролю адыгрывае фактура, насычаная яркімі плямамі.

Валерыя Славука невыпадкова называюць «класікам беларускай графікі». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, выкладчык Акадэміі мастацтваў, ён выхаваў не адно пакаленне маладых творцаў. Валерый Славук працуе ў станковай і кніжнай графіцы, яго работы — заўжды адлюстраванне шчырых пачуццяў і перажыванняў аўтара. Кожны графічны ліст — гарманічны свет, дасканаласць якога не выклікае сумненняў. Мастак не навязвае ўласныя перакананні — хутчэй, мякка запрашае гледача адчуць іх, падзівіцца яго марам і ўяўленням. Ні ў адной кампазіцыі Славука няма застылых, халодных форм, механічнай бездакорнасці, якая так падабаецца неспакушанай публіцы. Стыхія аўтарскіх фантазій, сусвет, населены як рэальнымі, так і выдуманымі істотамі, натуральна і без відавочнай складанасці пераносяцца на паперу. Работы лёгка ўспрымаюцца і выклікаюць захапленне неардынарнасцю творчай думкі і майстэрствам выканання. Свет людзей з іх эмоцыямі, пачуццямі, узаемаадносінамі мастак праецыруе на свет жывёл і раслін. Кожны сабака, жук, кожнае дрэва ў выкананні Валерыя Славука маюць ярка выяўленую індывідуальнасць.

Высокае графічнае майстэрства Юрыя Якавенкі адзначана мноствам узнагарод, прэмій і дыпломаў. Мастак мае схільнасць да сэнсавых і тэхналагічных эксперыментаў, артыстычна хавае ў складаных знакава-кодавых сістэмах, фактурах, філігранных штрыхах і сціплым фармаце свае выключныя адносіны да вялікага свету, што грунтуюцца на ўласных унутраных дэфініцыях. На выставе можна ўбачыць шэсць яго работ з новай серыі «Музы».

Мікалай Казлоў — майстар глыбокіх філасофскіх абагульненняў. Творчасць для яго — найперш патрэба душы. Для чатырох работ з серыі «Фантазус», якія прадстаўляюцца на выставе, характэрны агульныя рысы — існаванне ў мяккай, гратэскнай і знарочыста асацыятыўнай прасторы. Дакладная прадуманасць заўважная не толькі ў кампазіцыйнай будове работ, але і ў колеравым і графічным рашэнні кожнага адбітка. Ва ўсіх творах не больш за чатыры-пяць адценняў: чорны, шэры, чырвоны, сіні і жоўты з нязначнымі варыяцыямі. Новыя лісты адрозніваюцца не толькі прысутнасцю сіняга колеру, які раней не быў уласцівы палітры аўтара, але і нечаканым прасторавым вырашэннем: гэта круг, упісаны ў белы квадрат. Творы прыцягваюць гармоніяй, святлом, адасобленасцю ад мітусні штодзённага жыцця.

Работы Рамана Сустава вызначаюцца дакладным пачуццём балансу элементаў кампазіцыі як асобнага ліста, так і цэлай серыі. Мастаку нецікава працаваць толькі ў адной тэхніцы, яму неабходны разнастайнасць, новыя задачы. Раман Сустаў звяртаўся да афорта і літаграфіі, лінагравюры і гратажу. Яму падабаюцца паўзабытыя і рэдкія тэхналогіі, напрыклад, сухая іголка на арганічным шкле, якая так выдатна падыходзіць для хуткага выяўлення эмоцый, экспрэсіі. Раману ўласціва стрыманая колеравая гама — вохра, умбра, чорны; толькі ў апошні час у некаторых работах стаў з’яўляцца пурпурны. На выставе прадстаўлены новыя работы аўтара, выкананыя ў 2008 годзе: літаграфіі «Захад», «Золак», «Золата», «Крохкі сусвет», «Непераможны», «Разбураныя мары», гратаж «Сон белага дракона». Работы аб’яднаны агульнай ідэяй бясконцасці — як у вялікім, так і ў малым. Аўтар спрабуе ўраўнаважыць барацьбу дабра са злом, спасцігнуць стан спакою. Яго работы шматслойныя, у кожнай заключана некалькі гісторый, якія паступова «праяўляюцца» гледачу.

У сучасным свеце з яго развітымі тэхналогіямі мастаку немагчыма абысціся без яскравага, віртуознага майстэрства. Гэта — свайго кшталту «словы», з якіх складваецца філасофскі па сваёй сутнасці тэкст. Выставачныя праекты «Рух» і «Графічныя варыяцыі» прадставілі мастацтва як спалучэнне катэгорый, прасторавых канстант, каштоўнасцей, тэмпераментаў прадстаўнікоў розных пакаленняў беларускіх творцаў.Кацярына кенігсберг