Хто з іх свавольніца?..

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Адна з самых ранніх п’ес У.Шэкспіра «Утаймаванне свавольніцы» ўбачыла святло рампы Нацыянальнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, ператварыўшыся з камедыі ў штосьці падобнае да мюзікла -- дынамічнага, з закручаным сюжэтам і «хэпі эндам» напрыканцы

«Утаймаванне свавольніцы» Уільяма Шэкспіра.
Рэжысёр -- Валянціна Еранькова.
Кампазітар -- Аляксей Еранькоў.
Сцэнаграфія -- Аляксандр Касцючэнка.
Касцюмы -- Таццяна Лісавенка, Ніна Гурло.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага.
 

 /i/content/pi/mast/2/32/p.10_1.jpg
Сцвярджэнне, што наш час вымагае ад тэатра відовішчнасці і забаўляльнасці, сталася ўжо агульным месцам. Часам здаецца, што стваральнікі спектакляў найбольш думаюць пра аншлаг: будзе запоўненая зала -- будзе і каса. Так, сённяшняя рэчаіснасць і рынкавыя адносіны дыктуюць асаблівыя ўмовы, але і ў такой сітуацыі ніхто не забараняе дзеячам тэатра ствараць арыгінальныя і якасныя пастаноўкі. Але, на жаль, здараецца, што рэжысёры трапляюць у палон сучасных «каштоўнасцей» -- і ў выніку такога «зняволення» атрымліваюцца музычна-драматычныя касцюміраваныя шоу-балеты з «клёвымі фішкамі», якія перашкаджаюць успрымаць сэнс пастановак, калі ўвогуле гэты сэнс існуе.
Адна з самых ранніх п’ес У.Шэкспіра «Утаймаванне свавольніцы» ўбачыла святло рампы Нацыянальнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, ператварыўшыся з камедыі ў штосьці падобнае да мюзікла -- дынамічнага, з закручаным сюжэтам і «хэпі эндам» напрыканцы. Дынаміка, закручаны сюжэт, шчаслівая развязка -- тры «кіты», у якіх мае патрэбу сучасны рэцыпіент. Зрэшты, тыя ж складнікі спектакля былі патрэбны і гледачу эпохі Адраджэння. У той час пастаноўкі ішлі на працягу дзвюх -- дзвюх з паловай гадзін, а большая частка прысутных глядзела спектакль стоячы. У.Шэкспір трымаў публіку яркасцю, дынамічнасцю і эксцэнтрычнасцю пастаноўкі. А чым жа заваражыла рэжысёр В.Еранькова сучаснага гледача, чым здзівіла, кранула, парадавала альбо, наадварот, расчаравала?
Рэжысёр і кампазітар здзівілі тым, што «Утаймаванне…» вызначылі як «драматычны твор у жанры мюзікла», ведаючы, што ў ім павінна гучаць жывая музыка -- не так істотна, ці гэта будуць адна-дзве скрыпачкі, ці цэлы сімфанічны аркестр: абы жывая. Увогуле, цудоўная музыка А.Еранькова заслугоўвае таго, каб яе выконвалі непасрэдна музыканты, ад гэтага выйграе спектакль.
Адсутнасць галоўнай музычнай тэмы, якая магла б праходзіць праз увесь спектакль, надае яму некаторую недагаворанасць. Не было выразнага хіта, які б «стрэліў» і застаўся ў памяці ўзрушаных гледачоў, якія, выходзячы з тэатра, маглі б напяваць сабе пад нос галоўную песню мюзікла. Але ўсё да такой ступені «арыгінальна» і «запамінальна», што не запамінаецца анічога, акрамя чырвонай спадніцы Катарыны. У рэшце рэшт задаеш сабе пытанне: «А дзеля чаго ўсё гэта?».
 /i/content/pi/mast/2/32/p.10_2.jpg

 С.Чэкерэс (Петручыо)


Адметнасцю мюзікла з’яўляецца яго яркасць, але яркасць заключаецца не толькі ў касцюмах выканаўцаў «кіслотнага» колеру, але, на шчасце, і ў сцэнаграфічным, рэжысёрскім, акцёрскім вырашэнні.
Сцэнаграфія, мармуровыя прыступкі на ўсю пляцоўку, якія даходзяць ледзь не да каласнікоў, патрабуюць ад выканаўцаў незвычайнай увагі. Акцёры штохвіліну глядзяць сабе пад ногі, і ствараецца ўражанне, што яны думаюць найперш пра тое, каб не спатыкнуцца на вельмі «зручных» прыступках. Атрымліваецца, што сцэнаграфія, прызначаная дапамагаць акцёру існаваць у вобразе, наадварот -- замінае. Яна зрабілася лішнім элементам, так бы мовіць, своеасаблівым «апендыксам». Ва «Утаймаванні свавольніцы» музыка, касцюмы, сцэнаграфія, рэжысура, акцёрскае выкананне адрозніваюцца адно ад аднаго па стылі. Яны настолькі «розныя», што, здаецца, іх увогуле нельга сумясціць у адным спектаклі.
Так, сцэнаграфія адпавядае дэкарацыям тэатра эпохі Адраджэння: размаляваны, шыкоўны заднік з выявамі месцаў, дзе адбываецца дзеянне, мінімальныя дэкарацыйныя сродкі і неабходны рэквізіт. Таму сцэна не загрувашчана непатрэбнымі дэталямі, і гэта зразумела, бо ў тэатры У.Шэкспіра дэкарацыі адыгрывалі менш чым другасную ролю. Сцэнаграфічнае вырашэнне і, безумоўна, тэкст п’есы -- вось хіба і ўсё, што змог увабраць у сябе сучасны мюзікл з той даўняй эпохі.
 /i/content/pi/mast/2/32/p.11_1.jpg
В.Краўчанка (Траніо), А.Сянчыла (Біяндэла).
Супрацьлеглымі па стылі з’яўляюцца касцюмы герояў. Убранне Катарыны нагадвае кавалак тканіны, у якім прарэзалі дзірку для галавы; касцюм Пятручыо складаецца з падзёртых джынсавых штаноў, накідкі і красовак; а на галаве Лорда -- капялюш хіпі і дрэды. Можна сказаць, што гэта эпатажна, але толькі тады, калі ў гэтым ёсць сэнс.
У спектаклі ўражваюць маладыя акцёры тэатра, якія зусім нядаўна выйшлі са сцен Беларускай акадэміі мастацтваў. «Утаймаванне свавольніцы» -- дэбют В.Пляшкевіч, Ю.Кадушкевіч, В.Краўчанкі, І.Савенкавай, І.Труса, А.Сянчылы, В.Яленскай. Шчаслівая «сямёрка», бо ўсе яны -- былыя вучні Ф.Варанецкага. Менавіта з імі В.Еранькова паставіла ў Акадэміі мастацтваў п’есу «Сільвія» паводле О’Генры. Спектакль атрымаўся стракатым, дынамічным і непаўторным, як і ўсе папярэднія пастаноўкі рэжысёра.
Музыка, танцы, спевы, сцэнічны бой, стылізаваныя касцюмы герояў -- гэта і ёсць сучасная «Свавольніца». Акцёрскае выкананне ажыўляе спектакль, напаўняе каскадам жартаў і не дае яму ператварыцца ў музычна-касцюміраванае шоу. Адметныя і эксцэнтрычныя сцэны ўвасабляюць В.Пляшкевіч у ролі Катарыны і С.Чэкерэс у ролі Петручыо. Вобраз Катарыны, створаны В.Пляшкевіч, уражвае сваім вонкавым
 /i/content/pi/mast/2/32/p.11_2.jpg

 В.Пляшкевіч (Катарына)

вырашэннем: раскудлачаныя, як у вядзьмаркі, валасы, шырокі балахон-накідка, у руках штосьці падобнае да шпагі. Першае з’яўленне Катарыны суправаджаецца жудасным выццём, якое наганяе жах, яна -- быццам смерч, які зносіць усё на сваім шляху, яе энергія імгненна запаўняе залу -- і ўжо немагчыма адарваць вачэй ад гэтай дзёрзкай свавольніцы. Затое яе малодшая сястра Б’янка (Ю.Кадушкевіч) -- сама пяшчотнасць і непаўторнасць, рэдкай прыгажосці кветачка, птушачка, якой не церпіцца вырвацца з-пад улады бацькі. Але яе пяшчотнасць і паслухмянасць падманлівыя: гэта маска, якую Б’янка скідае адразу пасля шлюбу. Але і свавольства Катарыны – таксама маска, пад якой хаваюцца і цвярозы розум, і прывабная жаноцкасць.
«Дык хто ж з іх свавольніца, Катарына альбо Б’янка?» -- напрошваецца пытанне напрыканцы мюзікла. Гледачы пачынаюць здагадвацца, што сутыкненне двух моцных характараў Катарыны і Петручыо было іх шляхам да ўзаемаразумення і будучага шчасця, а вось ў сям’і закаханага Лючэнцыо і пяшчотнай Б’янкі не будзе шчаслівага жыцця... Менавіта фінальная сцэна п’есы дае падставу для разваг: «А ці сапраўды шэры воўк -- злыдзень, а Чырвоны Каптурык -- цудоўная дзяўчынка?».
Спектакль «Утаймаванне свавольніцы» -- гэта і гісторыя пра каханне, якое змяняе людзей, і парада свавольніцам стаць паслухмянымі, і расповед пра мужнага, хітрага Петручыо, але галоўнае -- выснова пра тое, што «белае можа аказацца чорным, а чорнае -- белым». Толькі, на жаль, стваральнікі спектакля час ад часу перашкаджаюць засяродзіцца на гэтай арыгінальнай думцы.

Ганна КЛІШЭЎСКАЯ