ЗАМЕР ПАТЭНЦЫЯЛУ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Сотні эскізаў, тысячы дотыкаў пэндзлем або разцом, выпрабаванне ідэй «на трываласць» і пошукі галоўнага... Адоранасць, спалучаная з прафесійным майстэрствам, закладзеным настаўнікамі за гады вучобы, можа дапамагчы маладому мастаку пераадолець цяжкасці, амаль непазбежныя ў пачатку самастойнага шляху, захаваць натхненне і настойлівасць.

Абарона дыпломных работ выпускнікоў мастацкага факультэта дае магчымасць убачыць «таямніцу нараджэння» новых творцаў. У мінулым годзе тых, хто ўзяў гэты апошні бар’ер, было не так і многа: усяго васемнаццаць чалавек. Іх работы дэманстраваліся ў галоўнай выставачнай зале сталіцы. На экспазіцыі ўніклівы даследчык мог убачыць актуальны зрэз сённяшняга маладзёжнага мастацтва. Тут вызначаліся тэмы, якія хвалююць маладых, матэрыялы, якімі яны валодаюць найлепш, пластыка, якую яны лічаць адпаведнай сваім задумам.

Не страчвае актуальнасці пытанне: па якіх крытэрыях разглядаць і ацэньваць дыпломную работу? Як вынік шасцігадовага навучання — дэманстрацыю валодання тэхнікай выканання і ўмення грунтоўна раскрыць тэму? Або як першы аўтарскі твор? Дыпломная работа, відавочна, знаходзіцца недзе на памежжы. Гэта яшчэ не цалкам самастойнае выказванне, а пацвярджэнне кваліфікацыі, майстэрства, набытага ў сценах alma mater, у якім ёсць часцінка індывідуальнасці студэнта, што праяўляецца ў стылістыцы і пластыцы твора. У любым выпадку, выпускны экзамен варта назваць не апошняй кропкай, а хутчэй — пачаткам уласнай творчай біяграфіі. А яшчэ гэта свята, на якое збіраюцца і былыя выпускнікі, і сённяшнія студэнты, — прычым не менш важнае, чым афіцыйна прызначаны на 12 лістапада Дзень акадэміі.

Абарона — своеасаблівы «замер» патэнцыялу — адказны момант для выпускніка, які павінен выявіць усё, што назапасіў, напрацаваў за гады вучобы. На «выдатна» атрымліваецца гэта далёка не ў кожнага. Бывае, не хапае часу, каб давесці работу да пэўнай ступені дасканаласці, а бывае, не стае ўпартасці... Не сакрэт, што іншым разам хібы і памылкі дыпломнікаў выпраўляюцца цвёрдай рукой кіраўніка. І тады прадстаўленыя на разгляд работы падаюцца дэфармаваным адлюстраваннем стылю выкладчыкаў, дзе толькі калі-нікалі мільгае ўласны твар аўтара. Зрэшты, пад ценем высокага дрэва сапраўды спакайней. Але, на жаль, не такі ўжо рэдкі выпадак у мастакоўскай практыцы, калі ўдалы дыплом, даведзены да ладу вопытным майстрам, становіцца свайго кшталту «лебядзінай песняй» маладога творцы.

Дапамагаць трэба таленавітым, а няздатныя праб’юцца і самі. Гэтыя вядомыя словы могуць стаць дэвізам для многіх выкладчыкаў Акадэміі, якія лічаць, што найбольшай увагі вартыя тыя, хто насамрэч імкнецца да ведаў.

Праца над дыпломам — працэс больш складаны, чым звыклая ўжо для студэнтаў штудзіроўка натуры і выкананне курсавых работ. Трэба выяўляць не толькі рэальныя прадметы, але іх вобразы, перадаваць гледачам унутранае светаадчуванне, развіваць творчы погляд на жыццё. Таму педагогі стараюцца за гады навучання разгледзець у кожным студэнце ўнікальную асобу — хай несфармаваную яшчэ, але адметную і індывідуальную. Сярод эскізаў і работ з летніх практык выбіраюць найбольш характэрныя па пластыцы і манеры выканання, вызначаюць найбольш блізкую для дыпломніка тэматыку, якая дазваляе паказаць не толькі майстэрства, але духоўны свет аўтара. І, безумоўна, няма большай трагедыі для маладога мастака, як глядзець на свет вачамі настаўніка, а не працаваць самастойна.

Узровень работ выпускнікоў факультэта кожны год розны, бываюць і ўздымы, і падзенні. Яшчэ дзесятак гадоў таму відавочна панавалі драбнатэм’е, фармалізацыя кампазіцыйных сродкаў. Безумоўна, дыпломніку цяжка заставацца ў межах акадэмічнай адукацыі пры наяўнасці спакуслівых навамодных накірункаў, дый сама моладзь стала больш рухомай, на яе ўплываюць шырокае інфармацыйнае поле, інтэрнэт, тэндэнцыі замежнага мастацтва. Тым не менш школа прадугледжвае пэўныя параметры дыпломных твораў, якія выпускнікі павінны вытрымліваць, каб абгрунтавана пацвердзіць набытае імі прафесійнае майстэрства. Рэдка, але бываюць выпадкі, калі кагосьці з навучэнцаў не дапускаюць да абароны ў самы апошні момант.

У савецкія часы Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут лічыўся адной з найбольш моцных мастацкіх ВНУ краіны. На ўсесаюзных выставах студэнцкіх работ у Маскве беларускі раздзел заўжды вылучаўся тэхнічна дасканалымі творамі. Адзначаліся выключнае адчуванне колеру, выдатнае валоданне малюнкам, своеасаблівая нацыянальная нота гучання, якая выяўлялася і ў адсутнасці залішняй кампазіцыйнай жорсткасці, і ў няпросталінейным прачытанні тэмы, і ў мяккасці каларыту. Студэнцкія работы займалі першыя месцы на конкурсах, а іх аўтары атрымлівалі прэстыжныя ўзнагароды і спецыяльныя стыпендыі. Закладзеная ў тыя часы сістэма выкладання і навучання захавалася ў нас да сённяшняга дня.

У Музеі акадэміі захоўваюцца дыпломныя работы розных гадоў. Па іх можна прасачыць шлях, які прайшла беларуская школа мастацкай адукацыі, тыя змены ў адносінах да пластыкі і тэматыкі, якія вызначаюць сёння яе прынцыпы. Выкладчыкі факультэта выйшлі за вузкапрактычныя рамкі чыста цэхавых інтарэсаў, адушавілі майстэрні атмасферай пазнання. Іх строгія і ўзвышаныя адносіны да творчасці наклалі станоўчы адбітак не толькі на вучэбныя работы, напісанне дыпломных эскізаў, але і на развіццё беларускага мастацтва ўвогуле.

Пяцідзесятыя гады, час станаўлення факультэта, былі, як і паўсюль у Савецкім Саюзе, адзначаны барацьбой розных накірункаў у творчасці. З аднаго боку, яшчэ моцныя былі пазіцыі прапагандысцкага «адлюстравання», калі роля мастака зводзілася да функцыі простага рэгістратара падзей, абавязкова пафаснага і пампезна-аптымістычнага. З другога — натуралізму супрацьстаяла творчасць тых майстроў, якія, застаючыся на рэалістычнай глебе, стваралі эмацыянальныя вобразы, шырока абагульнялі рэчаіснасць.

Галоўным стрыжнем тагачаснага мастацтва была тэматычная карціна. Гэты жанр стаў вызначальным і для дыпломных работ жывапісцаў. Шмат увагі надавалася выхаванню ў студэнтаў прафесійнага падыходу да працы. Нават эскізы будаваліся па законах акадэмічнай кампазіцыі — з яе рытмічным чаргаваннем фігур, пераходам ад цёмнага першага плана да пленэрна-светлавой перспектывы. Разам з тым ужываўся прыём спалучэння класічнай схемы з перадачай нязмушанага, нібы выпадковага погляду мастака на падзею. Персанажы пісаліся без манернасці, пазіравання, выглядалі непасрэдна. Прастора выяўлялася так, як яна б успрымалася гледачом — саўдзельнікам падзей.

У цэлым стылістыка гэтых твораў нечым нагадвае дакументальныя фільмы з іх увагай да знакавых дэталей, любаваннем прыкметамі быту і жыццярадасным «новым чалавекам». Тэма працы, найбольш упадабаная дыпломнікамі, вырашалася па-рознаму. Безумоўна, менавіта гэтая тэма давала магчымасць пачынаючаму жывапісцу праявіць сваю пазіцыю і ўменне творча абагульняць пэўныя тыповыя з’явы, паказаць ступень уласнага майстэрства. Да паслуг мастака было само жыццё, натурны матэрыял. А інтэрпрэтацыя яго залежала толькі ад аўтара.

Зусім іншыя творчыя падыходы дэманструюць дыпломныя работы 1990-х. Выпускнікі рэдка звяртаюцца да ваенна-гістарычнай тэматыкі, а калі такія работы і з’яўляюцца, то яны напоўнены меншай канкрэтыкай, вырашаюцца абагульнена, нават аскетычна, дый прастора страчвае аб’ёмнасць — умоўна перададзенае месца дзеяння становіцца проста танальным апраўданнем асноўнай масе выяўленага на палатне. Ёсць новае і ў падыходзе да плоскасці карціны: паверхня не прарываецца перспектывай, сілуэты людзей размяркоўваюцца так, каб быў цікавы кожны персанаж сам па сабе, увага надаецца фонавым прабелам і паўзам. Асаблівае значэнне атрымлівае графічная выразнасць работы. Гэта не мае на ўвазе адмену колеравай пластыкі — проста жывапіс, нібыта вызваліўшыся ад маментальнага, імгненнага ўражання, пачаў адыгрываць іншую ролю. Час у карціне расцягнуўся.

Сёння на абаронах можна ўбачыць работы эмацыянальныя, паэтычныя, дэкаратыўныя. Усё большай папулярнасцю карыстаецца пейзаж. Не менш, чым жыццё равеснікаў, маладых мастакоў займаюць вобразы знікаючых вёсак, бытапісанне правінцыйных гарадкоў. Часам творы ўзнікаюць праз дотык да іншых культур. Але што б ні хацелі перадаць выпускнікі — сузіральнасць, паглыбленасць у прыватныя лёсы людзей, спакой і прыгажосць прыроды або знакавасць гістарычнай падзеі, — яны павінны найперш прадэманстраваць веданне законаў кампазіцыі і выяўлення. Валоданне акадэмічнымі навыкамі з’яўляецца адпраўной кропкай для ацэнкі дыпломнай работы. Але гэта не значыць, што пры высокім узроўні прафесійнага майстэрства ўсе прадстаўленыя працы будуць між сабой падобныя, як свежаспечаныя аладкі. Няма агульнага рэцэпта для атрымання цікавага і змястоўнага выніку. Той, хто сур’ёзна накіраваны на прафесію, павінен быць гатовым да самастойнага пошуку свайго шляху.

Выпускнікі кафедры графікі штогод пацвярджаюць: школа майстэрства захоўваецца і мацуецца на глыбока індывідуальным падыходзе да раскрыцця тэмы. Формы выяўлення мастацкага вобраза сталі больш шырокімі. Выкладчыкі не стрымліваюць фантазію, унутраны імпульс студэнтаў, зважаючы на тое, што сённяшняя моладзь мае іншы погляд на творчы працэс, шукае кампраміс паміж класічным і індывідуальным. Вынік пераконвае нават скептыкаў. Маладыя мастакі дэманструюць валоданне класічнымі тэхнікамі афорта і гравюры, фармальнай кампазіцыяй, сродкамі канкрэтызацыі і абагульнення вобразаў. Так, мінулагоднія дыпломнікі абіралі не толькі фальклорныя, але і глыбока філасофскія тэмы. Юлія Мацура шукала вытокі «Святла двух шляхоў», што аб’ядноўваюць супрацьлегласці — мужчыну і жанчыну — у адзінае цэлае. Настасся Лебядзінская імкнулася спазнаць «Краі, дзе вандруе душа»: на яе аркушах сыходзіліся сонца Захаду і месяц Усходу ды ўзнікаў у тумане яблыневы сад далёкага маленства. Марына Мароз звярнулася да тэмы «Вечных заступнікаў» — архаічных вераванняў нашых прадзедаў у дрэвы, што ахоўваюць ад нягод, у горных атлантаў і матухну-зямлю, якая покрывам любові зможа абараніць усіх сваіх дзяцей. Работы Лізаветы Пастушэнка (серыя афортаў «Партрэты сучасніц») запомніліся яшчэ на тых выстаўках, у якіх дзяўчына ўдзельнічала падчас вучобы. Вытанчаныя вобразы, выкананыя ў стылі мадэрн, надзвычай лірычныя і трапяткія. Здаецца, яе гераіні толькі на хвілінку з’явіліся перад гледачамі — каб вокамгненна знікнуць у спляценні таямнічых траў ці ператварыцца ў кветкі. Усе мастачкі ў нечым не адпавядаюць сучасным «канонам»: яны жаноцкія, рамантычныя, наўмысна трымаюцца крыху ўбаку ад шалёнай гарадской мітусні і зусім не адчуваюць з-за гэтага няёмкасці, наадварот — цешацца светам, што стварылі самі для сабе. У іх работах ёсць імкненне да грунтоўнасці, да дыскусіі, адчуваецца адгалосак дыялога асобы і сусвету.

Для кафедры скульптуры заўжды была характэрна найменшая колькасць выпускнікоў: многія «губляліся» ў час навучання. Апошні выпуск адметны тым, што дыпломнікі прапанавалі свой варыянт аздаблення адноўленага ўнутранага дворыка Акадэміі, яркай рысай якога хутка стане дэкаратыўная скульптура «Блізняты» Ірыны Шведзь. Увогуле, кафедра скульптуры апошнімі гадамі стала прапаноўваць да абароны работы, зробленыя для канкрэтных аб’ектаў і ўстаноўленыя на іх: у бальніцы ў Бараўлянах, у Дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры ў Мінску і іншых. У дыпломных праектах уражваюць разнастайнасць выкарыстаных матэрыялаў (натуральны камень, дрэва, метал, бронза, гіпс), рознабаковасць тэм (анімалістыка, фальклорныя і алегарычныя матывы), рэалістычнае выяўленне пластыкі фігур. Адчуваецца імкненне да манументальных і дэкаратыўных форм, разлічаных на ўспрыманне ў інтэр’еры і паркавым асяроддзі. Гэта сапраўды сур’ёзны крок наперад у дзейнасці кафедры: адбыўся адыход ад былой стылёвай аднастайнасці, залішняй стылізацыі, не заўжды апраўданага акцэнтавання сілуэтнасці постацей, іх дэфармацыі.

Знаёмячыся з працамі студэнтаў-выпускнікоў кафедры жывапісу, можна зрабіць выснову, што маладых мастакоў прывабліваюць не столькі сучаснасць і актуальная праблематыка, колькі падзеі мінулага. Андрэй Карпянкоў у карціне «Святло новага дня» імкнуўся ўсталяваць тонкую сувязь паміж сённяшнімі юнакамі і дзяўчатамі, што прыйшлі аддаць даніну памяці да Вечнага агню, і той моладдзю, што ў Вялікай Айчыннай адваявала для іх свабоду. Іна Мацвяйчук звярнулася да святочнасці «Вербнай нядзелі», Наталля Баранецкая ўзгадала гісторыю Беларусі, адлюстраваўшы «Каралеўскае паляванне», Павел Масленікаў прадставіў серыю пейзажаў «Дзедава спадчына». Неардынарнай выглядала карціна дыпломніка Анджэя Трубіцкага «Давід Гарадзенскі». Выкладчыкі адзначалі, што гэта бадай першая ў беларускім жывапісе работа, прысвечаная таленавітаму палкаводцу, які больш за чвэрць стагоддзя ўзначальваў барацьбу гарадзенцаў супраць крыжакоў. Цікава, што за распрацоўку гістарычнай тэматыкі ўзяўся ўраджэнец горада над Нёманам, якому ўдалося пераканальна раскрыць велічнасць асобы свайго земляка. Адметнай рысай сёлетніх дыпломных работ стала вяртанне моладзі да фігуратыўнай кампазіцыі ў мастацтве.

Якія прычыны такога «вяртання ў мінулае», калі вакол бурліць жыццё, што само падказвае больш актуальную тэматыку? Магчыма, спрацоўвае традыцыйная арыентацыя дыпломнікаў у асноўным на перадачу эмоцый (лёгкі смутак, задуменная лірычнасць, мары), што праз стылізацыю старасвеччыны зрабіць прасцей, чым праз пазнавальную канкрэтыку сучаснасці. Не ў тым бяда, што маладыя мастакі абіраюць названыя тэмы, засмучае тое, што яны іх вырашаюць пластычна, стылістычна і колерава аднастайна. Вялікая ўвага надаецца наўмысна фактурнай паверхні палотнаў. Аднак ствараюцца гэтыя фактуры на адзін капыл — прадрапваннем фарбавага слоя або залішне энергічнымі мазкамі мастыхіна. Шмат падобнага ёсць і ў кампазіцыях работ: фігуры людзей змяшчаюцца на абстрагаваным фоне, твары іх дакладна прапісаны, а астатняе размыта ў смузе, ніз палатна насычаны фактурамі. Аднак і на кафедры жывапісу ёсць станоўчыя зрухі. Дыпломнікі паспрабавалі свае сілы ў шматфігурных кампазіцыях, вырашэнні складаных сюжэтных ліній, адлюстраванні жыццёвых калізій, і гэта ў далейшым можа стаць выразнай адметнасцю, вызначальным крытэрыем у ацэнцы работ выпускнікоў кафедры.

Асаблівасць дыпломных работ манументальна-дэкаратыўнага аддзялення — у падначаленасці тэхнікі выканання і тэматыкі запатрабаванням рэальных аб’ектаў. Летась надзвычай прафесійныя дыпломныя работы ўпрыгожылі фасад аднаго з будынкаў прадпрыемства «Керамін» у Мінску. Аксана Стацкевіч ажывіла несамавітую сцяну «Чароўнай вадой», а Арцём Шалейка заваражыў прахалоднай святочнасцю «Каляднай ночы». Гмах інтэрната, які пасля маштабнага рамонту выглядае даволі спрошчана, што асабліва недаравальна творчай навучальнай установе, упрыгожылі сграфіта і вітраж Ігара Рымшы пад назвай «Шлях да святла». Становішча гэтай кафедры заўжды самае выйгрышнае. Нават дыпломныя праекты (а імі з-за прычын эканамічнага характару абараняецца апошняе дзесяцігоддзе большасць студэнтаў) абавязкова ўключаюць невялікі фрагмент, выкананы ў матэрыяле. І часта тое, што выглядае на эскізе не вельмі выразна, у фрагменце вітража або роспісу пераконвае камісію.

Кожная дыпломная работа мае свой лёс. Бывае, пасля абароны яна рэалізоўваецца ў выглядзе выдадзенай кнігі або зробленага аб’екта. Бывае, проста захоўваецца ў акадэмічным зборы і час ад часу з’яўляецца на юбілейных выставах навучальнай установы. Дый лёс выпускнікоў складваецца па-рознаму. У свеце мастацтва многае залежыць ад удачы, ад характару творцы, яго працавітасці. Але школа, набытая ў сценах Акадэміі, будзе заўжды падмацоўваць іх намаганні, вызначаць уласныя крытэрыі якасці, спрыяць далейшаму развіццю.

Наталля шаранговіч