З ЭЦЮДНІКАМ ПА БЕЛАРУСІ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Пётр Крохалеў (1919—1998) нарадзіўся ў Расіі, але большую частку жыцця правёў у Беларусі. Тут напісаў свае лепшыя палотны, тут атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў. Трыццаць з лішнім гадоў Пётр Крохалеў выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, быў загадчыкам кафедры жывапісу. Развіваў у сваіх вучнях увагу да жывой дэталі, пластыкі і каларыстыкі. І любіў ім паўтараць: «Перад чыстым палатном кожны з нас роўны Рэмбранту».

Форма прадмета, важкасць матэрыі, законы пабудовы кампазіцыі, колеравая пластыка — усімі гэтымі элементамі акадэмічнага майстэрства Пётр Крохалеў авалодаў у маскоўскім Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Ільі Рэпіна. Яшчэ падчас вучобы ён пачаў пісаць буйныя тэматычныя палотны. Пазней, пасля Вялікай Айчыннай вайны і прыезду ў Беларусь, мастак напісаў дзесяткі сюжэтна-тэматычных карцін, прысвечаных барацьбе народа супраць нямецкіх захопнікаў, працоўным будням жыхароў сяла. «Я вырас у вёсцы, — расказваў Крохалеў. — Памятаю цяжкія гады стварэння калгасаў, эпоху вялікага пералому ў лёсах, свядомасці. Гэтае адчуванне назаўсёды стала асноўным падчас маіх творчых пошукаў».

У ранніх працах Пятра Крохалева, дзе прыкметныя адгалоскі традыцый рускіх перадзвіжнікаў, можна адзначыць буйны мазок і жывую эскізную манеру. Пазней галоўным у напісанні карціны для мастака стаў зместавы складнік. Кампазіцыю вызначала тэма, а не ўнутранае імкненне да выяўлення ўласных думак і перажыванняў. Пэўная плакатнасць твораў Крохалева — даніна часу, які патрабаваў узбуйнення планаў і манументальных вобразаў.

Жывапіснае майстэрства Пятра Крохалева яскрава праявілася ў іншым жанры. Яго адметны почырк і выразны стыль, пластыку выяўленчай мовы — эмацыянальную, часам экспрэсіўную, вызначалі пейзажы. Іх адносна нямнога ў творчай спадчыне мастака. Творца імкнуўся ў эскізнай манеры зафіксаваць асабістыя перажыванні, занатаваць зменлівасць фарбаў, асвятлення. Гэта надавала яго палотнам рухомасць, усхваляваную пачуццёвасць. Пейзаж стаў сродкам, які дазволіў данесці да гледача блізкі жывапісцу свет ідэй і вобразаў. Беларусь зачароўвала яго мяккімі фарбамі, простымі, запамінальнымі матывамі. Працы Крохалева далёкія ад ілюстрацыйнасці і «люстэркавага» падабенства выявы і натуры. Іх змест раскрываецца праз аўтарскую інтэрпрэтацыю і філасофскае асэнсаванне прыродных матываў і з’яў, праз мелодыку тонавых спалучэнняў.

З эцюднікам мастак аб’ездзіў усю Беларусь. Пісаў маштабныя абагульненыя краявіды, але часта звяртаўся да характэрных дэталяў. Паэтычнае захапленне падрабязнасцямі выяўляла ўнутраны сэнс пейзажнага вобраза Пятра Крохалева. Насычаны, сакавіты жывапіс быў прасякнуты трапяткой эмацыйнасцю пластыкі, колер работ вызначаўся складанасцю, амаль матэрыяльнай адчувальнасцю, цякучасцю.

На пейзажах Пятра Крохалева няма людзей, што ўзмацняе атмасферу таямнічасці, ірэальнасці. Прыродны стан — змярканне, вечар, туман, сонца на досвітку, імжа — не фізічны, а духоўны прадмет аўтарскай увагі. Мастака цікавілі псіхалагічныя характарыстыкі краявіду, для выяўлення якіх не патрабавалася шырокай панарамы — было дастаткова вузкага ракурсу.

Празрыстыя танюткія бярозкі, лясны гушчар у вячэрнім паўзмроку, азёрная роўнядзь — ёмістыя вобразы святыняў беларускай зямлі. У карціне «Зімовы дзень» (1976), якая захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, усю прастору займаюць бярозы, падобныя на спрадвечных вартавых часу. Перад намі не проста краявід, які крануў душу мастака элегічнай прыгажосцю, а своеасаблівы адбітак старадаўняга светаўспрымання з адчувальным язычніцкім культам дрэва. Ствараецца ўражанне, што аўтар наўмысна пакінуў шумныя сталічныя вуліцы, каб знайсці спакой тут, сярод беластвольных бяроз. Зачароўвае асаблівая вытанчанасць вібрыруючага мазка — сінія цені і золата фарбаў на вохрыста-срэбных ствалах.

У сваіх успамінах мастак зазначаў: «Краіна, якую я вызваляў ад нямецкіх захопнікаў, стала для мяне роднай. І хіба можна не пісаць гэтую зямлю?»

Людміла налівайка