ЦЕРАЗ ЖАНРЫ ДА ЗОРАЎ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

За вядомым мастацкім тэрмінам «жанр» (ад франц. «genre» — род, від) паўстае больш як пяцісотгадовая гісторыя еўрапейскага жывапісу, графікі, скульптуры. У нашым сучасным разуменні жанрамі называюцца ўнутраныя падраздзяленні пэўных відаў мастацтва, якія адрозніваюцца адно ад аднаго па тэмах, аб’ектах і формах адлюстравання. Жанры спрыяюць больш глыбокаму пранікненню ў свет аб’ектыўнай матэрыяльнай рэчаіснасці, дапамагаюць выпрацаваць неабходныя для гэтага выразныя сродкі.

Пытанне чысціні і змешанасці жанраў востра і актуальна паўстала ў нашым выяўленчым мастацтве ў 1990-я гады. Мастакі з акадэмічнай адукацыяй (а такіх у Беларусі пераважная большасць) пачалі актыўна «перакладаць» класічныя стылі на сучасную аўтарскую мову. Не толькі айчынныя, але і ўсе заходнееўрапейскія творцы працуюць сёння ў прасторы постмадэрнізму. Гэты накірунак характэрны тым, што дазваляе вобразна і пластычна трансфармаваць жанры, за дакладна акрэсленыя межы якіх аўтары раней не дазвалялі сабе выходзіць. Безумоўна, нельга сказаць, што на выставах мы ўжо не бачым «чыстых» нацюрмортаў, пейзажаў, партрэтаў. Аднак усё часцей мастакі нязмушана, артыстычна, нават віртуозна спалучаюць у адной рабоце характэрныя адзнакі розных жанраў, што дапамагае ім выявіць філасофскі падтэкст сваіх кампазіцый. А вось бытавыя, гістарычныя, міфалагічныя і іншыя тэмы ў іх узорным выглядзе вельмі рэдка распрацоўваюцца нават старэйшымі творцамі. Такая тэндэнцыя адбілася і на студэнцкіх акадэмічных практыкаваннях. Гэта зразумела, бо выкладчыкі, вядучыя майстры, прыўносяць у педагагічную методыку ўласныя погляды на творчасць. Сучасныя мастацкія тэндэнцыі спалучаюцца з практыкай класічнай адукацыі, што дае нечаканыя вынікі.

Калі ў 1991 годзе Дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут стаў Акадэміяй мастацтваў, гэта запатрабавала мадэрнізацыі навучальнага працэсу згодна з новым статусам установы. Вучыць па састарэлых савецкіх праграмах было немагчыма. Таму к пачатку ХХІ стагоддзя амаль усе педагогі мастацкага факультэта сталі аўтарамі навучальна-метадычных дапаможнікаў па розных дысцыплінах. З’явіліся па-сапраўднаму «піянерскія» распрацоўкі Віктара Альшэўскага, Уладзіміра Савіча, Рамана Кароткіна, Юрыя Каралевіча, Алеся Ксяндзова, Уладзіміра Слабодчыкава па малюнку, кампазіцыі, жывапісных жанрах партрэта, нацюрморта. Новым словам сталі альбомы «Вучэбны малюнак у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў», складзены Уладзімірам Тоўсцікам, вучэбны дапаможнік «Жывапіс з натуры. Шлях да вобраза» Мікалая Кірэева. Што важна, у гэтых выданнях улічваецца вялікі акадэмічны вопыт не толькі айчыннай, але і замежных школ.

На жаль, заходнееўрапейская культура другой паловы ХХ стагоддзя ўжо не дае належных метадычных узораў жывапісу, графікі і скульптуры. Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва адышло на перыферыйны (нават дылетанцкі) другі план пад наступам рэкламы і «хайтэкаўскага» дызайну. Цяжка адназначна вітаць чыста «крэатыўныя» падыходы да мастацкай падрыхтоўкі на Захадзе, калі прафесійныя крытэрыі выяўленчага трохмернага адлюстравання не маюць там прынцыповага значэння.

Ёсць пэўны неспакой і за бліжэйшую будучыню нашай школы. Былі гістарычныя прэцэдэнты, калі вядучыя еўрапейскія акадэміі паступова ці хутка згасалі ў выніку падпарадкавання салоншчыне, патурання мяшчанскай безгустоўшчыне, сервільнасці, стагнацыі. Можна заўважыць і пэўныя праявы творчай індыферэнтнасці да актуальных праблем, якія могуць спрыяць нежаданаму і неадэкватнаму налёту дэкадансу ў працах беларускіх мастакоў. Але «млявыя» хвалі псеўданаватарскай безыдэйнасці пакуль не могуць размыць магутны падмурак нашай прафесійнай мастацкай адукацыі, на якім выхоўвалася не адно пакаленне актыўных, няўрымслівых, натхнёных майстроў.

Практычна кожны студэнт Акадэміі, дзякуючы традыцыйнай рукатворнай методыцы, якой ён авалодвае ў працэсе навучання, можа рабіць выдатныя копіі з твораў айчыннай і еўрапейскай класікі. Гэта дае магчымасць зразумець, якімі сродкамі выразнасці быў дасягнуты вынік працы таго ці іншага выдатнага майстра. Маладыя мастакі могуць прасачыць і вызначыць для сябе сутнасць трансфармацыі натурнага матэрыялу з неабходным абагульненнем, кантраснай абвостранасцю цёмных і светлых частак кампазіцыі. Пры гэтым яны развіваюць тыя вобразныя ідэі, якія былі закладзены вялікімі майстрамі еўрапейскага нацюрморта, партрэта і іншых жанраў, але ўжо на сучасным узроўні разумення мастацкага стылю. Repetitio est mater studiorum (паўтарэнне — маці навучання), як казалі старажытныя. Але немагчыма дасягнуць прынцыпова новых вынікаў, арыентуючыся толькі на перайманне.

Праз засваенне жанраў нацюрморта, пейзажа, партрэта малады мастак яшчэ ў студэнцкія гады далучаецца да найкаштоўных магчымасцей вобразнага адлюстравання свету, у якім тоіцца невычэрпнае хараство, выразнасць, шматзначнасць, асацыятыўнасць, эўрыстычнасць. Вучэбныя праграмы прадугледжваюць і працу ў майстэрні, і капіраванне твораў у музеях, і пленэрныя замалёўкі падчас летніх практык. На пэўным этапе ўдасканалення майстэрства прыходзіць уменне абагульняць. Скрупулёзная дэталёвасць саступае месца цэльнаму ўспрыманню формы. Вось тут і пачынаюцца малыя і вялікія цуды творчасці, калі лаканічна перадаецца самае галоўнае, сутнаснае. Мастацкім адкрыццём можа стаць самая звычайная для вока рэч — просты кошык з яблыкамі або галінка духмянага бэзу. Такія сціплыя азарэнні ў творчым бачанні свету абавязкова чакаюць удумлівага маладога творцу ў майстэрні, на эцюдах у горадзе, на ўлонні прыроды. Час не патрачаны марна, нават калі нейкая вучэбная праца не зусім атрымалася. Пачаткоўцам здаецца недасяжным глыбокае асэнсаванне наваколля на прасторы палатна або ліста паперы. Аднак праз шэсць гадоў дыпломнікі адмаўляюцца ад капіравання рэчаіснасці, звяртаюцца да ўласных уяўленняў. Нездарма кажуць: чым далей ад натуралістычнасці, тым бліжэй да жыццёвай выразнасці.

Яўген ШУНЕЙКА