ПАКАЛЕННЕ НАВАТАРАЎ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Выстава «Новы час», якая адбылася ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» ў ліпені 2008 года, шырока прадставіла творчасць выпускнікоў мастацкага факультэта 2002—2007 гадоў. Арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі саюз мастакоў. Экспазіцыю склалі сто трыццаць работ шасцідзесяці аўтараў.

Кафедры імкнуліся зрабіць акадэмічную справаздачу з курсавых і дыпломных работ, паказаць дасягненні педагагічнай практыкі, прадэманстраваць адточаныя методыкі выкладання, балазе такі накірунак выставачнай дзейнасці ў Акадэміі добра адладжаны. Але асноўныя задачы мерапрыемства, арганізаванага на падставе рашэння калегіі Міністэрства культуры, меліся на ўвазе іншыя. Важна было не толькі выявіць стан акадэмічнага выкладання, пачатковы творчы патэнцыял выпускнікоў або іх здольнасць да засваення традыцый і прагу да эксперыментальных пошукаў, але і прааналізаваць сістэмную эфектыўнасць падрыхтоўкі кадраў, ацаніць сацыяльную абароненасць моладзі і яе першыя самастойныя крокі. Пасля атрымання дыплома творца не проста пакідае сцены Акадэміі — ён завяршае асноўны цыкл засваення майстэрства, які цягнецца звычайна больш за дзесяцігоддзе (калі ўлічваць таксама час падрыхтоўкі ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах).

Адна з самых набалелых праблем — працаўладкаванне маладога мастака. Калі попыт на манументалістаў сёння даволі вялікі, то станкавістам даводзіцца доўга і напружана шукаць сабе заробак. Пазбягаючы правінцыйных асяродкаў, выпускнікі імкнуцца застацца ў сталіцы, паступіць у Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры пад кіраўніцтвам Міхаіла Савіцкага. Аднак колькасць месцаў там абмежаваная. Многія становяцца настаўнікамі мастацкіх школ, актыўна супрацоўнічаюць з кніжнымі выдавецтвамі, выконваюць заказы па афармленні інтэр’ераў дзяржаўных і прыватных устаноў, храмавых комплексаў, працуюць у рэкламных агенцтвах, цэнтрах дызайну.

Але ці сягаюць яны ў вяршыні мастацтва, пра якія марылі цягам шасці гадоў студэнцтва? Далёка не ўсе. І гэтую праблему выявіла выстава «Новы час». У экспазіцыі, на жаль, не было вялікіх жывапісных палотнаў нацыянальнай, гістарычнай тэматыкі. Разам з тым некаторыя работы ўражвалі прафесійнасцю выканання, імкненнем моладзі да філасофскага асэнсавання рэчаіснасці і выкарыстання фальклорных матываў, прагай да пошукаў і эксперыментаў у пластыцы.

Экспазіцыя найперш канстатавала пераемнасць традыцый, якая з’яўляецца асновай нашай мастацкай школы. Анкетаванне ўдзельнікаў выставы выявіла, што пераважная большасць творчай моладзі не пакінула прафесію. Выпускнікі факультэта актыўна ўключыліся
ў мастацкае жыццё Беларусі, стала паказваюць свае работы на выставах, удзельнічаюць у пленэрах, аздабленні гарадскога асяроддзя. Багата ў пераліку іх творчых акцый і замежных мерапрыемстваў. На жаль, творы маладых манументалістаў можна было бачыць толькі на фотаілюстрацыях, размешчаных на інфармацыйных стэндах. Але без гэтых стэндаў і мастацкай інсталяцыі з ручнікоў Аляксея Лосіка выстава стала б паўтарэннем іншых маладзёжных экспазіцый.

«Наваспечаны» мастак пасля заканчэння Акадэміі юрыдычна больш не падпарадкаваны роднай ВНУ, мае ўласныя творчыя і жыццёвыя планы. Разам з тым выпускнікі дружна адгукнуліся на прапанову, у экспазіцыю з-за недахопу месца нават не ўвайшлі некаторыя з прадстаўленых работ. Былі і праблемы арганізацыйнага характару, бо нявопытнаму яшчэ аўтару складана без гарантаванага заказу і метадычнай дапамогі куратара падрыхтаваць твор для буйной выставы і своечасова прад’явіць яго аргкамітэту.

Тым не менш, на выставе адбылося і адкрыццё таленту. На мой погляд, «зоркай» стаў малады выпускнік кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Дзяніс Чубукоў. Яго работы вылучаліся ўпэўненым майстэрствам, плённым пошукам уласнага почырку. У экспазіцыю былі без абмежаванняў дапушчаны ўсе творы аўтара. Праз месяц пасля закрыцця экспазіцыі Дзяніс стаў пераможцам сусветных Дэльфійскіх гульняў у намінацыі «выяўленчае мастацтва», а яго ўдзел ў выставе «Новы час» адзначаны дыпломам ЦК БРСМ.

Многія маладыя творцы браліся за тэмы, звязаныя з нацыянальнай спадчынай. Згадваюцца манументальная праца Аляксея Лосіка «Слуцкія паясы», серыя жывапісных палотнаў Дзяніса Чубукова «Вечар у Ратамцы», скульптурны твор Алеся Шацілы «Прысвячэнне Біруце Гедымінаўне», карціна Міхаіла Крота «Дарога». Тэма сучасніка знайшла выразнае адлюстраванне ў жывапіснай рабоце «Час гульняў» Таццяны Кандраценка, графічнай серыі Вольгі Бычко-Піскун «Камертон спадчыны», трыпціху Маргарыты Сташулёнак «Другая геаграфія». Хараство роднай прыроды ў самых розных пластычных праявах прадэманстравалі Кацярына Сумарава, Вера Асядоўская, Наталля Гедрановіч, Васіль Пяшкун, Святлана Ржэвуцкая і іншыя. Віртуознае графічнае майстэрства вылучала работы Рамана Сустава, Любові Абрамавай, Аляксандра Зінкевіча, Філіпа Басалыгі.

Наведвальнікам экспазіцыі цікава было даведацца, наколькі маладыя творцы схільныя да пошукаў у галіне выразнасці пластычнай мовы. Плакат да выставы студэнта кафедры графікі Сяргея Шабохіна выяўляў менавіта наватарскую частку канцэпцыі. Часам пра Акадэмію мяркуюць як пра надзвычай кансерватыўны асяродак: яна, маўляў, не ўлічвае дасягненні сусветнага сучаснага мастацтва і не цікавіцца імі, а выпускнікі яе няздольныя на творчыя знаходкі і прарывы. Сапраўды, Акадэмія не збіраецца прыкладаць намаганні для пашырэння поп-прасторы аматарства і прафанацыі. У той жа час шматлікія прадстаўленні прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнцтва за межамі краіны, міжнародная актыўнасць сведчаць не толькі пра пастаяннае асэнсаванне працэсаў творчай практыкі нашых бліжэйшых суседзяў, але і пра навуковы аналіз прынцыпаў сэнса- і формастварэння асноўных плыняў сучаснага мастацтва, шляхоў развіцця мастацкіх школ далёкага замежжа. Сцены Музея Акадэміі цягам апошніх пяці гадоў дэманстравалі студэнтам арыгінальныя творы многіх прызнаных у мастацкім свеце аўтараў, прадстаўнікоў самых розных кірункаў — такіх як Хорст Янсен, Лівіус Дзюлаі, Томас Руф, Ёзэф Бойс, Андрэас Гурскі, Цім Ульрыхс і іншыя. Ніводная іншая навучальная ўстанова не мае такой метадычнай выставачнай прасторы, на базе якой могуць атрымліваць веды не толькі студэнты-мастакі, але і маладыя мастацтвазнаўцы. Навучэнцы мастацкага факультэта ў 2008 годзе былі ўдзельнікамі майстар-класа прэзідэнта Расійскай акадэміі мастацтваў Зураба Цэрэтэлі.

Яскравым пацвярджэннем цікавасці да эксперыментальнай тэндэнцыі стала работа «Без назвы» ў дзвюх частках Дар’і Мароз-Карат. Мастачка ў 2002 годзе скончыла графічнае аддзяленне факультэта. Яшчэ студэнткай яна перамагла ў міжнародным конкурсе «Мастацтва і Алімпіяда», прысвечаным Алімпійскім гульням у Сіднеі, пасля вучылася ў Францыі, а цяпер жыве і творча працуе ў Слуцку. Відавочныя прыкметы ўплыву сучаснага мастацтва бачныя ў работах Міхаіла Гуліна, Антаніны Слабодчыкавай, Паўла Амялюсіка, Паўла Кастусіка, Юрыя Пеўнева, Антона Шыпіцы.

Экспазіцыя выпускнікоў майстэрні народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана спецыялізацыі «тэатральна-дэкарацыйны жывапіс» рэзка мяняла тэмп агляду выставы, прымушала спыніцца і дэтальна вывучаць вытанчаныя эскізы і макеты афармлення спектакляў. Можна канстатаваць, што амаль усе ідэі аўтараў былі рэалізаваны ў тэатрах краіны. Частка эскізаў у 2007 годзе была паказана ў беларускім павільёне Пражскай квадрыенале сцэнаграфічнага мастацтва. Асабліва хацелася б адзначыць працу Вольгі Мацкевіч да спектакля Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта». Усё, створанае ёю і прадстаўленае на выставе, вартае музейнай экспазіцыі. Эскізы касцюмаў раскрываюць псіхалагічныя рысы персанажаў, колеравае вырашэнне сцэны не толькі мае выразную архітэктоніку, але і надзвычай жывапіснае. Мастачка адчула, што прастора купалаўскай сцэны — надзвычай ёмістае поле для каларыстычнага эксперымента. Хто быў на спектаклі, мог убачыць выдатны вынік глыбокага вобразна-мастацкага вырашэння сцэнаграфіі, якая злілася ў дынамічнай феерыі фарбаў і іх нюансаў з выдатнай рэжысурай і работай акцёрскага калектыву. Дарэчы, самых станоўчых водгукаў вартыя і астатнія вучні Герлавана — Ігар Анісенка, Валянціна Праўдзіна, Андрэй Меранкоў, Ала Сарокіна, Лія Станевічутэ.

У пэўным сэнсе выстава ўспрымалася як з’ява глабальнага, сімфанічнага плана. Яе асэнсаванне сталася і досыць складанай задачай для мастацкай крытыкі, якая ахвотней адгукаецца на нязначныя экспазіцыі, праекты з відавочным сутыкненнем канцэпцый. Маладыя выпускнікі мастацкага факультэта выявіліся праз гэтую выставу пакаленнем, якое складаецца з яскравых індывідуальнасцей, прадстаўнікоў розных кірункаў, творчых метадаў, аб’яднаных уласным «новым часам» і акадэмічнымі каштоўнасцямі нацыянальнай мастацкай школы.

 Міхал баразна