РЫБА Ў ЧЫСТАЙ РАЦЭ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Нездарма філосафы называюць крытыку метамастацкай дзейнасцю. Яна спалучае ў сабе шмат аспектаў, эстэтычная ацэнка дапаўняецца раскрыццём сацыяльна-этычнага зместу твора, і ўсё гэта павінна мець эмацыйную, яркую форму.

Без крытыкі нельга ўявіць сабе сучаснае мастацтва. Разнастайнасць метадаў, а значыць, і саміх спосабаў разумення рэчаіснасці, непазбежна вядзе да рэальнага існавання розных поглядаў на твор. Крытыка, па сутнасці, — гэта працэс грамадскага асэнсавання вынікаў натхнёнай працы, і ў яго ўключаны многія прафесіяналы, а таксама, вядома, гледачы, публіка.

Крытык ці мастацтвазнаўца?

Выпускнікі кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў — універсальныя спецыялісты, па сутнасці, яны маюць некалькі прафесій. Могуць стаць навукоўцамі-даследчыкамі і захавальнікамі музейных калекцый. Могуць авалодаць сакрэтамі экспертызы, знайсці сваё месца на рынку антыкварыяту. Арганізатары праектаў, выставак, галерэй — таксама мастацтвазнаўцы. Але самы цікавы шлях чакае тых, хто абірае прафесію крытыка.

Аснову прафесійнага арсенала даследчыка складаюць грунтоўныя веды па гісторыі мастацтва і разуменне логікі творчага працэсу. Мы добра ведаем, якой была традыцыя, якія склаліся стылі, але наша задача ў іншым, паколькі аб’ектам работы аналітыка заўсёды будуць не традыцыі, а навацыі. Радыкальныя выяўленчыя эксперыменты ў ХХ—ХХІ стагоддзях паставілі перад намі новыя пытанні.

Мова сучаснай выяўленчай творчасці складаная, зменлівая, шматварыянтная, і толькі аналітыка здольная ўзяць на сябе функцыю інтэрпрэтацыі, тлумачэння, дэкадзіроўкі. Асэнсаванне — такі ж творчы напружаны працэс, як і стварэнне. Прафесія крытыка вучыць чалавека адкрываць душу для нязвыклага, новага, разумець таямнічыя памкненні мастака, бачыць схаваны сэнс новых з’яў.

Канфлікт або паразуменне?

Як сказаў калісьці Эрнст Гомбрых, творцы-эксперыментатары ХХ стагоддзя «разбурылі частакол стэрэатыпаў, што існаваў вакол Мастацтва з вялікай літары». Аднак радыкальна новае разуменне творчага працэсу не вызваліла ад стэрэатыпу ў стаўленні да крытыка як да антаганіста. Мастак і пераўтваральнік жыцця часам з бояззю і прыхаванай варожасцю сустракае разбор і аналіз сваёй працы, не разумее (ці не хоча зразумець?) пазіцыю крытыка.

Дзіўна, што ў асабістых узаемаадносінах некаторыя мастакі і крытыкі нібыта засталіся ў даўнім XVIII стагоддзі, пра якое гісторык Валерый Турчын пісаў: «на крытыкаў малююць карыкатуры, здараюцца дуэлі... Здаецца, што французскае грамадства яшчэ не вырашыла, ці мае крытыка права на існаванне». У тыя часы мастацкая крытыка перажывала перыяд станаўлення. Яна заняла належнае месца ў мастацкім працэсе пазней — падчас мадэрнісцкай рэвалюцыі, калі побач з мастаком стаў на барыкады аналітык. Яны змагаліся за новае плячо ў плячо — Пабла Пікаса і Гіём Апалінэр, Філіпа Марынэці і італьянскія футурысты... Сучаснасць дала адказ на пытанне пра ролю аналітыка ў мастацкім працэсе: сёння ён — рухавік развіцця.

Прафесія крытыка значна маладзейшая за прафесію мастака. У грамадствах мінулага выяўленчае мастацтва ацэньвалася з кананічных пазіцый: чым бліжэй да ўзораў сярэднявечныя рэлігійныя творы — тым лепш. Між іншым, такое ж рэгулятыўна-рэпрэсіўнае стаўленне існавала (пад маскай крытыкі) у таталітарных дзяржавах ХХ стагоддзя. Сапраўдная аналітыка ўзнікае там, дзе ёсць свабода творчасці, — гэтак жа, як рыба з’яўляецца ў чыстай рацэ.

Крытыка — неабходны кампанент мастацкага працэсу, бо яна падтрымлівае прагрэсіўныя напрамкі і метады. А значыць, сучасныя адносіны паміж крытыкам і творцам заснаваны на глыбокім разуменні агульных задач. Карціны, пра якія друк і кваліфікаваныя эксперты маўчаць, — як правіла, штосьці нязначнае.

Стасункі з публікай

Найважнейшая ўмова функцыянавання крытычных жанраў — наяўнасць кантакту паміж даследчыкам і аўдыторыяй. Незалежнасць і самастойнасць мыслення эксперта павінны спалучацца з імкненнем да дыялога, а з боку публікі абавязковы давер да аналітыка.

Дзейнасць крытыка заўжды звязана з імкненнем падзяліцца з аўдыторыяй перажываннямі і развагамі пра мастацтва. Калі прадстаўніку гэтай прафесіі пры глыбокіх навуковых ведах бракуе эмацыйнасці або калі ягонаму кантакту з публікай перашкаджае эстэцкі снабізм — ён пераўтвараецца ў лепшым выпадку ў гісторыка мастацтва, навукоўца, не зацікаўленага ў перадачы сваіх ведаў. Толькі калі крытак здолее ўстанавіць кантакт з публікай, яго прафесійную задачу можна лічыць выкананай.

У ацэнках мастацтва аб’ектыўнае меркаванне падпарадкавана суб’ектыўнаму перажыванню, і таму найважнейшую ролю адыгрываюць эмацыйная рэакцыя крытыка, яго тэмперамент, тое, у якой ступені сэнс і змест твора блізкія яго чалавечаму вопыту. Таму надзвычайнае значэнне маюць асабістыя якасці аналітыка. Якім ён павінен быць? Адкрытым, але тактоўным, дасведчаным, не ганарыстым. Безумоўна, таленавітым, бо аналіз, пабудаваны на эмацыйных інтанацыях, патрабуе ад аўтара высокай мастацкасці выяўлення. Толькі яркая індывідуальнасць аўтара здольная выклікаць водгук.

Непазбежная праблема — «дэперсаналізацыя» крытыка ў сродках масавай інфармацыі. У масавых выданнях, разлічаных на шырокую аўдыторыю, артыкулы, рэцэнзіі, нататкі не даюць чытачу пачуцця асабістага кантакта з аўтарам. Таму публіка і схільная ўспрымаць яго не як асобу, а як выразніка агульнага «меркавання рэдакцыі» або голас безаблічнай масы «мастацкага асяроддзя». Зразумела, што тады ўзровень даверу зніжаецца.

Для таго, каб крытыка магла падтрымліваць і развіваць новае ў мастацтве, раскрываць перад людзьмі шырокія духоўныя далягляды, ёй неабходныя сапраўды творчыя людзі, яркія таленты, эксперыментатары стылю, філосафы сучаснага мастацтва.

 Ганна шымялевіч

 Слова жывое і крытычнае

Доўгі час мастацтвазнаўцаў на Беларусі спецыяльна не рыхтавала ніводная вышэйшая навучальная ўстанова. Каб стаць даследчыкам выяўленчага мастацтва, трэба было кіравацца ў Маскву ці Ленінград. Там жа абаранялі дысертацыі — як кандыдацкія, так і доктарскія. Безумоўна, «правінцыялам» з Мінска прабіцца ў сталіцы было вельмі няпроста. Мастацтвазнаўчае ад дзяленне, на той час толькі завочнае, з’явілася ў Акадэміі мастацтваў у пачатку 1970-х. Вочнае аддзяленне было адкрыта нашмат пазней, на пачатку 1990-х.

Лекцыі, кіраўніцтва дыпломамі і дысертацыямі ажыццяўлялі практычна ўсе аўтарытэтныя беларускія даследчыкі, сярод якіх Міхаіл Кацар, Леанід Дробаў, Уладзімір Бойка, Павел Масленікаў, Віктар Шматаў, Міхась Раманюк, Генадзь Сакалоў-Кубай. Іх навуковы і педагагічны вопыт стаў надзейным падмуркам для развіцця беларускай школы мастацтвазнаўства. І сёння на кафедры працуюць вядомыя навукоўцы і крытыкі Эйнмарт Петэрсан, Ганна Шымялевіч, Алена Бохан, Міхал Баразна, Надзея Высоцкая, Валерый Жук, Яўген Сахута, Мая Яніцкая, Людміла Налівайка. У 1960 — 1980-я гады частымі і досыць дзейснымі былі крытычныя артыкулы ў прэсе, карысталіся папулярнасцю грамадскія абмеркаванні выстаў, адбываліся канферэнцыі і «круглыя сталы». Праўда, пазней, з сярэдзіны 1990-х, такая практыка была амаль скасавана. Адчуўшы вольніцу ў прэзентацыі твораў і ацаніўшы адсутнасць крытычных заўваг, не вельмі сціплыя і самакрытычныя мастакі сталі пачуваць сябе геніяльнымі — незалежна ад наяўнасці падстаў для гэтага. А дзейнасць мастацтвазнаўцаў успрымалі толькі ў кантэксце суцэльнага ўхвалення, кампліментаршчыны.

Сёння мы зноў спрабуем дыскутаваць. Бачым, як не хапае мастакам жывога крытычнага слова. Аднак мы проста не паспяваем за ўсім комплексам мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў Мінску і, тым больш, у абласных цэнтрах. Многія мастацтвазнаўцы, выпускнікі Акадэміі, займаюцца гісторыяй, музейнай альбо выкладчыцкай працай. Здараецца, прафесійныя крытыкі пазбягаюць непасрэдных кантактаў з творцамі, у якіх любая, нават нязначная заўвага дасюль выклікае шчырае абурэнне.

Калі ж гаварыць без жартаў, крытыка і мастацтва настолькі знітаваныя, што немагчыма ставіць адно вышэй другога. Іншая справа, што ў параўнанні з мастакамі, якіх сёння толькі ў БСМ больш за тысячу дзвесце, «армія» мастацкіх крытыкаў выглядае сціпла. Секцыя мастацтвазнаўства прайграе мастакам у моцы галасоў, у вазе «касцявой масы». Беларускія крытыкі — не касталомы. Яны выказваюць жывую думку, даследуюць прафесійнае, народнае мастацтва, дбаюць пра паўнавартаснае ўспрыманне нашай культуры ў міжнародным кантэксце. Яны вядомыя як аўтары артыкулаў, манаграфій, альбомаў, куратары выстаў.

 Яўген шунейка