Ад лінейных наскальных роспісаў да камп’ютэрнага дызайну, у выглядзе архітэктурных і скульптурных замалёвак, эскізаў да карцін і інсталяцый — рысунак заўжды спадарожнічаў чалавеку, застаючыся базісам яго творчых магчымасцей, з’яўляючыся прадвеснікам іншых жанраў — свайго кшталту «бацькам» усяго выяўленчага мастацтва.
Цягам апошніх гадоў малюнак карыстаецца асаблівай куратарскай увагай у сферы еўрапейскай выставачнай дзейнасці. Поруч з такімі «вялікімі» відамі, як жывапіс і скульптура, ён сцвердзіўся і знайшоў годнае месца на міжнародных арт-кірмашах і ў калекцыйных зборах. На думку шэрагу крытыкаў, гэты жанр перажывае сёння свой росквіт. Адкрыта мноства галерэй, якія экспануюць выключна малюнак, паўстаў шэраг адметных мастакоў-рысавальшчыкаў і калекцыянераў, скіраваных адпаведным чынам.
А выбіраць ёсць з чаго: сёння ў гэтай сферы пануе надзвычайная разнастайнасць — ад чыстай халоднай геаметрыі мінімалістычнага мастацтва да спантаннай афектацыі неаэкспрэсіянізму. Галоўнага накірунку няма — у адрозненне, скажам, ад 1-й паловы ХХ стагоддзя, калі малюнак трактаваўся перадусім як «сейсмаграфічнае адлюстраванне псіхікі»: дастаткова згадаць працы Клее і Кандзінскага, модную ў тыя часы цікавасць да творчасці дзяцей і псіхічна хворых. У 1960-х адбыўся пералом, і гэты від выяўленчага мастацтва атрымаў новы канцэптуальны ўзровень прачытання.
Тут акрэсліваецца прынцыповая асаблівасць, якая адрознівае рысунак станковы (як самастойны жанр) ад рысунка акадэмічнага (як навучальнай дысцыпліны). Падыход з «акадэмічных» пазіцый перадусім вымагае вывучэння заканамернасцей пабудовы формы. Крытэрыі ацэнак у гэтым выпадку застаюцца нязменнымі — ад часоў Энгра да нашых дзён. .
У Беларускай акадэміі рысунку навучаюць цягам пяці гадоў — прычым з пастаяннымі, амаль штодзённымі практычнымі заняткамі. Гэтая дысцыпліна ў нас захавана ў сваім класічным, традыцыйным сэнсе і мае два складнікі. Першы — веданне пластычнай анатоміі, разуменне анатамічных узаемасувязей формы, дакладнае ўяўленне аб прапорцыях і ракурсах. Другі — уменне творча ўвасобіць гэтыя веды на плоскасці. Гэтыя пачаткі, аналітычны і выяўленчы, у мастацтве рысунка спалучаюцца ў адзінае цэлае. Малюнак вымагае засяроджанай сканцэнтраванасці, бо неабходна адначасова аналізаваць узаемасувязі аб’ёмаў, рабіць іх бачнымі для гледача і пры гэтым пераадольваць супраціўленне матэрыялу. Цягам вучобы прылады і прыёмы працы змяняюцца — ад простага алоўка і паперы да ўсемагчымых варыяцый з грунтамі і тэхнікамі нанясення сангіны, сепіі, вугалю. Кожны матэрыял мае свой патэнцыял, які трэба навучыцца рэалізоўваць. Лепшыя майстры малюнка ўмеюць спалучыць засяроджаны аналіз і спантанны творчы жэст. Той, хто набыў мысленне рысавальшчыка, захавае яго на ўсё жыццё. Як пісаў Мікеланджэла, той, хто ўмее рысаваць, з аднолькавым бляскам праявіць гэта і на маленькім кавалачку пергаменту, і ў манументальным роспісе.
Многія творы, выкананыя навучэнцамі кафедры за апошнія дзесяцігоддзі, атрымалі статус узорных: яны захоўваюцца ў фондах, экспануюцца на ўнутрыакадэмічных выставах, некаторыя з іх змешчаны ў кнізе «Вучэбны малюнак Акадэміі мастацтваў». Па руках ходзяць у выглядзе фатаграфій або ксеракопій рысункі Уладзіміра Ганчарука, Руслана Вашкевіча, а таксама іх маладзейшых калег — Дзяніса Сінюгіна, Аляксандра Некрашэвіча, Ксеніі Шапо, Тамары Шэлест, Таццяны Казанцавай, Аляксандра Рыбіна, Дзяніса Чубукова…
Азірнуўшыся назад, убачым, што беларуская школа акадэмічнага рысунка фарміравалася на стыку традыцый віленскай і расійскай школ. З гэтага сінтэзу цягам дзесяцігоддзяў выбудоўвалася своеасаблівая сістэма навучання, падыходы і прыярытэты якой характэрны для сённяшняй Акадэміі мастацтваў. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгралі індывідуальнасці такіх значных мастакоў і педагогаў, як Валянцін Волкаў, Аляксандр Мазалёў, Віктар Грамыка, якія выкладалі на кафедры малюнка ў гады яе станаўлення. Вядома, што гэтай дысцыплінай можна авалодаць адзіным шляхам: пераймаючы досвед настаўніка. Таму толькі з іроніяй можна ставіцца да ўсемагчымых «кароткіх курсаў рысавання» і дапаможнікаў кшталту: «Навучыся маляваць партрэт за 10 дзён». Менавіта пераемнасць (ад педагога да вучня, і нават ад вучняў ранейшых пакаленняў — да цяперашніх) забяспечвае трываласць і засцерагае працэс выкладання ад прафанацыі.
Цікава, што досыць часта ў асяродку студэнтаў Акадэміі надараюцца перыяды агульнага захаплення тым або іншым мастаком, прычым уплыў куміра асабліва ярка выяўляецца менавіта ў малюнку. Так прыйшлі і адышлі «моды» на Мікалая Фешына, Густава Клімта, Эгана Шыле, Паўля Вундэрліха — творцаў, што былі бліскучымі рысавальшчыкамі. Кожная такая «хваля» прыўносіць пэўныя пластычныя і стылістычныя прыёмы, якія, безумоўна, у больш аддаленай перспектыве ўзбагачаюць багаж выпускнікоў. Трэба прызнаць, што кафедры малюнка, якую сёння ўзначальвае прафесар Уладзімір Тоўсцік, удаецца захоўваць стрыжань акадэмічнага выкладання прадмета і пры гэтым ісці ў нагу з часам. Дзякуючы спалучэнню цвёрдасці прынцыповых пазіцый з гібкасцю і адкрытасцю актуальным рэаліям адбываецца сінтэз класічных традыцый і наватарства. Таму ў лепшых работах студэнтаў сучасная стылістыка, манера неаддзельныя ад добрага ведання формы.
Аднак зусім новая сітуацыя чакае мастакоў пасля заканчэння Акадэміі. Яны апынаюцца па-за звыклым кантэкстам, і не кожны гатовы самастойна шукаць сваё месца ўнутры складанай і дынамічнай сучаснай культуры. А жывем мы ў асяродку, надзвычай насычаным візуальна. Размаітыя выявы сталі ўсюдыіснымі чыннікамі нашай паўсядзённасці. Нашэсце гэтых выяў, экспансія лічбавых сродкаў, віртуальных светаў і інтэрнэта — усё разам стварае бурлівую плынь, якая імкліва ўзмацняецца. Роля традыцыйнага выяўленчага мастацтва ва ўмовах дамінавання медыя-культуры становіцца няпэўнай. Мастаку, які скончыў вучобу, даводзіцца самастойна знаходзіць і выбудоўваць сваю творчую стратэгію або з імкненнем адпавядаць сітуацыі, або ігнаруючы яе.
Прыкладамі вырашэння гэтай праблемы могуць служыць дзве выставы-праекты, што прайшлі ў Мінску позняй восенню мінулага года, у кожнай з якіх па-свойму трактуюцца актуальныя культурныя і грамадскія працэсы: «Цюнінг» Аляксандра Некрашэвіча і «Дыханне ў спіну» Уладзіміра Кандрусевіча.
Некрашэвіч і Кандрусевіч — творцы аднаго пакалення, абодвум цяпер каля трыццаці, яны скончылі Беларускую акадэмію мастацтваў, іх работы змешчаны ў кнізе «Вучэбны малюнак» і захоўваюцца ў фондзе кафедры. Сёння ў мастакоў розныя стратэгіі, мэты і спосабы формаўтварэння, але іх жывапіс — і рафінаваная лічбавая эстэтыка Некрашэвіча, і натуралізм урбаністычнай паўсядзённасці ў Кандрусевіча (у аднаго знакава, у другога апавядальна) — адлюстроўвае свядомасць і настрой нашага часу. Аднак важна тое, што, паказаўшы сябе падчас вучобы выдатнымі рысавальшчыкамі, яны дэманструюць дасканалае валоданне малюнкам і ў сваіх вельмі далёкіх ад акадэмічнай традыцыі творчых работах.
Аляксандра Некрашэвіча займаюць пытанні ідэнтычнасці, якая нясе на сабе адбітак спакусы, зачараванасці і бляску медыялізаванай рэчаіснасці. Мастак апелюе да сённяшніх грамадскіх і сацыяльна-псіхалагічных сувязей, у яго творах — тэхніцызм і штучнасць, знакі клубнай культуры і эстэтыка мас-медыя. Вялікі горад Уладзіміра Кандрусевіча — зрэжысіраваныя карціны дынамікі, спантаннасці і ананімнасці. Сцэны напоўнены акцёрамі, але мэта мастака — не індывідуальнае, а агульнае і тыповае. І хоць людзі нібыта знаходзяцца ў цэнтры ўвагі, насамрэч яны толькі пасрэднікі, што нясуць пазнакі часу: іх вопратка, прычоскі досыць выразна сведчаць пра тое, што дзея адбываецца «тут і цяпер». Мы бачым выяўленыя буйным планам рысы паўсядзённасці, сканцэнтраванай у гіпермаркетах, кавярнях, на вуліцах і на дыскатэках.
Можна, на мой погляд, назваць гэтых мастакоў прыхільнікамі новай для беларускага жывапісу тэндэнцыі — непасрэднага звароту да навакольных рэалій урбаністычнай культуры. І незалежна ад мастацкай пазіцыі, тэм, праблематыкі, стылістычных і тэхнічных асаблівасцей мы бачым у іх творчасці штосьці агульнае: дасканалае валоданне законамі формабудовы, прапарцыяніравання. Іншымі словамі — добры рысунак. І гэта пацвярджае слушнасць меркавання, выказанага Андрэасам Штальхорнам: «Нават пасля ўсіх тэхнічных рэвалюцый, ад фатаграфіі да лічбавых выяў, малюнак — гэтак жа, як манускрыпт, — застаецца першым інструментам і доказам мастацкага майстэрства».
Таццяна КАНДРАЦЕНКА