Мастацтву тэатра адданыя

№ 5 (290) 01.05.2007 - 31.05.2007 г

Тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў -- складаны тэатральна-педагагічны комплекс. Тут вучацца акцёры і рэжысёры драмы, акцёры і рэжысёры-лялечнікі, акцёры музычнага тэатра, тэатразнаўцы і тэатральныя менеджэры, сцэнографы. І гэта стварае асаблівую творчую і прафесіянальную атмасферу, блізкую да ўзаемадачыненняў у свеце тэатра з яго калектывізмам.

 /i/content/pi/mast/2/31/p.6_1.jpg
В.Іваноўскі і студэнткі тэатразнаўчага аддзялення – аўтары гэтага нумара.
Кафедра гісторыі і тэорыі мастацтваў акадэміі рыхтуе спецыялістаў у галіне тэатразнаўства (гісторыя і тэорыя тэатра, арганізацыя і кіраванне тэатральнай справай), кінатэлезнаўства, мастацтвазнаўства (выяўленчае мастацтва і архітэктура). Па гэтых жа накірунках вядзецца падрыхтоўка магістрантаў і аспірантаў.
Галоўная задача кафедры -- сфарміраваць творчую асобу, даць студэнту глыбокія веды ў галіне нацыянальнага і сусветнага мастацтва, эстэтыкі, далучыць да крыніц культурнай спадчыны Беларусі з яе багатымі традыцыямі і шматвяковай гісторыяй, выдатна ўпісанымі ў кантэкст развіцця сусветнай творчай практыкі і навуковай думкі.
Падрыхтоўка тэатразнаўцаў распачалася ў 1962 годзе -- на завочным аддзяленні тэатральна-мастацкага інстытута. Адным з першых педагогаў быў доктар мастацтвазнаўства прафесар У.Няфёд. У 1993 годзе быў адкрыты стацыянар. Сёння свой досвед перадаюць студэнтам вядомыя тэатразнаўцы -- дактары мастацтвазнаўства прафесары А.Сабалеўскі, Р.Смольскі, кандыдат мастацтвазнаўства Т.Гаробчанка.
Тэатральная педагогіка -- справа жывая і рухомая. Гэта значыць, што кожнае новае пакаленне выкладчыкаў мусіць вырашаць заўжды надзённую праблему: якім чынам, якімі прыёмамі і сродкамі выхоўваць будучых тэатразнаўцаў, як навучыць студэнтаў асновам гэтай найцікавейшай і найскладанейшай тэатральнай прафесіі. Важна выбраць сярод мноства абітурыентаў найбольш здольных і апантаных, каб потым узгадаваць таленавітую змену, якая будзе здзіўляць, уражваць, хваляваць, радаваць, трывожыць чытачоў сваімі крытычнымі артыкуламі.
Перад будучымі тэатразнаўцамі натуральна паўстае пытанне наконт прафесійнай арыентацыі: гісторык тэатра, тэатральны крытык або журналіст, загадчык літчасткі тэатра або рэдактар?
Між тэатразнаўствам і тэатральнай крытыкай ёсць істотная розніца. Калі тэатразнаўца займаецца гісторыяй і тэорыяй тэатра, то крытык распавядае пра мастацкі працэс у сучасным тэатры, для чаго неабходны перадусім аператыўнасць, аналітычнасць, шчырасць і выдатнае валоданне словам.
Крытыка з’яўляецца неад’емнай часткай тэатра і важкім падмуркам тэатразнаўства. Без яе нельга вылучыць тэндэнцыі сцэнічнага мастацтва, зразумець яго развіццё і эвалюцыю. На мой погляд, тэатральная крытыка сёння павінна плённа працаваць у двух асноўных напрамках. Першы -- культуралагічны: аналіз сучаснага тэатра ў соцыякультурным кантэксце, даследаванне яго тэндэнцый і глыбінных працэсаў. Такога кшталту матэрыялы могуць быць сканцэнтраваны ў «тоўстым» спецыяльным часопісе, арыентаваным на спецыялістаў -- тэатразнаўцаў, рэжысёраў, акцёраў, сцэнографаў, прадстаўнікоў сумежных гуманітарных накірункаў.
Другі напрамак -- тэатральная журналістыка, звязаная з шырокім чытачом. І тут, зразумела, неабходны яркія, «кідкія» тэксты, фотаздымкі, жывыя эсэ, партрэты, рэпартажы, амаль забыты сёння жанр -- фельетон.
Тэатральны крытык -- гэта не той, хто бэсціць пастаноўку або фантазіруе, якім чынам сам паставіў бы спектакль. У любым спектаклі закладзена мноства зместавых пластоў, якія без дапамогі прафесіянала можна не заўважыць і не ацаніць. Тэатральны крытык не суддзя, а перакладчык на літаратурна-крытычную мову, своеасаблівае павелічальнае шкло, з дапамогай якога можна ўбачыць у спектаклі тое, што было ад гледача прыхавана, толькі цьмяна ім угадвалася і інтуітыўна перажывалася.
Тэатральная крытыка мусіць быць жывой і дынамічнай, каб зачапіць чытача. Гэта цэлая навука, аснова якой -- пастаянны пошук навізны ў расповедзе пра тэатр, творчасць акцёраў, рэжысёраў, мастакоў тэатра. Гэта жыццё не побач з тэатрам, а разам з ім.
Менавіта таму крытык -- не апанент тэатра. Ён той, хто аналізуе бягучы працэс, мастацкія асаблівасці сцэнічных твораў, робіць высновы, дае тлумачэнні, дапамагае чытачу зразумець сутнасць спектакля ці драматургічнага матэрыялу, рэжысёрскай і акцёрскай работы.Даўно вядома, што крытыка павінна быць доказнай і добразычлівай, а прафесіяй гэтай павінны займацца людзі, бязмежна адданыя тэатру.
І я шчыра рады, што і сённяшнія мае студэнты -- Дар’я Візнер, Любоў Дзёмкіна, Таццяна Ілюковіч, Ірына Кастылянчанка, Ксенія Князева, Вераніка Русаковіч, Ганна Селядкова, Крысціна Смольская -- менавіта такія: апантаныя тэатральным мастацтвам. 

Вячаслаў ІВАНКОЎСКІ, 
загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў БДАМ