ФАМІЛЬНАЯ СПАДЧЫНА

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

У творчасці Ларысы Макатун асноўнае месца займаюць пошукі сутнасці прадметаў і з’яў. Менавіта гэта вызначае стылістыку і фармальную мову яе жывапісных работ. Мастачка пазбаўляе формы матэрыяльнасці, пераносіць іх ва ўмоўную прастору. Спрабуе скрозь вонкавую абалонку ўбачыць схаваны ўнутраны сэнс выяўленых рэчаў. Нават у назвы, якім надае вялікую ўвагу, закладвае пэўны інтэлектуальны пасыл да гледача, і гэта становіцца першай прыступкай для далейшага асэнсавання патаемнай глыбіні аўтарскай задумы.

Няўрымслівасць і непаседлівасць, прага да эксперыментавання, імкненне да спазнання сябе і навакольнага свету, прывабнага адкрытай і шчырай прыгажосцю натуральнай пластыкі, — перадусім на гэтым грунтуецца яе творчасць. Майстэрства, набытае ў гады вучобы ў Акадэміі на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, якую Ларыса скончыла ў 1998 годзе, прывучыла мысліць маштабамі, плоскасцямі, сімваламі, вылучаць асноўны візуальны вобраз, які б адразу прачытваўся гледачом у сваёй сэнсавай значнасці. Школа дала ёй свабоду незалежнага пошуку, бо толькі прафесіянал, які ведае сваё рамяство да дробязей, вольны ў выбары ўласнай мовы. Невыпадкова Уладзімір Зінкевіч некалькі гадоў таму запрасіў сваю былую вучаніцу выкладаць жывапіс на кафедры. Яна і сама выдатны майстар пэндзля: адносячыся да станковай карціны як да складанага візуальнага аб’екта, карыстаецца такімі кампазіцыйнымі, рытмічными, светлавымі хадамі, такімі прыёмамі мадэлявання прасторы, дзякуючы якім найбольш выразна выяўляецца пластыка фігур і прадметаў.

Яе першая персанальная выстава адбылася ў сценах Акадэміі і называлася «Дом» — сімвалам яго мастачка лічыла старую шафу. Але цікавіла аўтарку не форма мэблі, нават самай антыкварнай (Ларысу не захапляюць рэчы сучаснага дызайну). Галоўнае — прадметы, якія захоўваюцца ўнутры дома: старыя фотаздымкі, што засталіся ад бабулі, калекцыя цяжкіх паравых прасаў, дзядулева люлька… А яшчэ — батон, кілбаса, сыр... Чым не сямейны алтар? Парадавалі гледачоў і цёплы настрой «Святога вечара», і джынсавыя крылы «Майго анёла», пададзеныя таксама як частка фамільнай спадчыны.

Сама Ларыса ніколі тэматычна не абмяжоўвала сваю творчасць — хутчэй дасціпна абыгрывала ранейшыя знаходкі. Карціна «Выкраданне Еўропы», дзе аголеную — згодна з класічным сюжэтам — жанчыну ўзяла ў палон хатняя канапа, стала іранічным працягам дыпломнай работы. Гэта вельмі карэктная іронія, без з’едлівасці, якая прысутнічае ў іншых работах: касцюмчык джынсавага анёла «прашыты» тэкстамі малітвы, а стары жалезны прас мае напышлівую назву «Тытанік».

Аднак канфліктны зарад у работах мастачкі адсутнічае. Яе першыя самастойныя палотны прысвячаліся вобразам дзяцей — напоўненыя святлом, пазбаўленыя бытапісальніцтва карціны былі спробай пераасэнсаваць падзеі ўласнага жыцця, перадаць эмацыянальна-шчымлівы настрой і адчуванне бязмежнага шчасця. Спакойным, філасофскім поглядам на прыроду рэчаў вызначаюцца больш познія работы. Ларысу Макатун найперш цікавяць кампазіцыя, прадметна-выяўленчы знак. У серыі «Шкуры» яна дала волю сваёй графічнай фантазіі. Нават карта Мінска ператвараецца ў мудрагелістую канструкцыю і нагадвае пры пільным разглядванні мядзведзя. Зрэшты, у выглядзе шкуры яна ўспрымае і вычварную яшчарку, і старую шафу, і дыван на падлозе.

Карціны Ларысы Макатун паказваюць рэчы, якія знаходзяцца ва ўмоўнай прасторы — паміж геаметрычнай абстракцыяй і рэалістычна абрысаванай дэталлю, шматслойнай, пругкай, зрокава метафізічнай. На яе палотнах гэтая прастора не мае вонкавага слоя, у які так пільна ўзіраюцца гіперрэалісты, але не аголена і геаметрычная схема, анатамічны «касцяк», што з’яўляецца прадметам абстрактнага жывапісу. Зрэз знаходзіцца недзе пасярэдзіне, сярод «мышачных напластаванняў» і «валакністых спляценняў» — той мяккай арганічнай тканіны, праз якую адбываецца абмен рэчываў, метабалізм асяроддзя. Усё гэта асаблівасць светаўспрымання мастачкі, дзе «будаўнічымі сродкамі» становяцца выявы-метафары.

Наталля жогла