УЦЁКІ АД ШТОДЗЁННАСЦІ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Віктар Альшэўскі ў 1980 годзе скончыў кафедру манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. Ужо больш за дзесяць гадоў выкладае ў Акадэміі мастацтваў. «Манументальнае мастацтва, — лічыць ён, — замест дэталёвай выпісанасці патрабуе абагульненасці, вылучэння галоўнага і знакавага ў кампазіцыі, і гэтым змяняе мысленне моладзі.

Выпускнікі не проста валодаюць майстэрствам мазаікі, роспісу, энкаўстыкі і вітража, яны мысляць філасофскімі катэгорыямі, засяроджваюцца на форме і пошуку пластычнасці мастацкай мовы».

Сам Віктар Альшэўскі яшчэ са студэнцкіх гадоў прыдумваў для ўласных жывапісных штудый, якімі займаўся з вялікім захапленнем, асноўны знакавы код, адмаўляючыся ад выяўлення другасных дэталей. Ужо ў канцы 1980-х на буйных палотнах ён абстрагаваў фігуры ад рэаліяў, пазбаўляў іх пазнавальнасці, з-за чаго яны падаваліся марыянеткамі, лялькамі. Мастак аддаляў перспектыву, пакуль яна цалкам не растваралася ў агульным глухім фоне. У той час ён аддаваў перавагу сіне-зялёнай гаме, якая стварала таямнічую «бяздоннасць» палатна. Нават на тых карцінах, дзе мастак «падкідваў сонца», заставалася адчуванне трывогі ў халодных ценях вакол прадметаў. Творы жывапісца вылучаліся не толькі яркім і гучным колерам, але і кампазіцыйнай прадуманасцю.

Аднак Альшэўскі не пайшоў па спрошчаным шляху звычайнай калажнасці, якая надае карціне прыцягальную дэкаратыўнасць, але механічна і штучна камбінуе цалкам несумяшчальныя рэчы. Творцу ўдалося паяднаць на палатне адарваныя ад рэальнага асяроддзя прадметы, архітэктурныя збудаванні і вобразы людзей, прычым дакладнасць партрэтных характарыстык, нават акадэмічная выпісанасць твараў не перашкаджаюць перадаваць унутраны стан персанажаў, пачуццёвасць, духоўную энергію. Сапраўды, творчасць Альшэўскага нельга атаясамліваць толькі з прадуктам абстрактных разваг. Гэта не набор штучна сабраных сімвалаў і знакаў, з’яднаных адно логікай: не халодны роздум і разлік інтэлектуала ўкладвае ў працэс творчасці аўтар, а сваю духоўную існасць.

Латнік з адкрытым забралам — такім у творчасці і жыцці ўяўляецца Віктар Альшэўскі. Вобразы дамы сэрца, пяшчотнай і адначасова халоднай лілеі сталі дамінуючымі ў яго жывапісных палотнах. Майстар часта выяўляе ў партрэтах, сцэнах палявання, міфалагічных фантазіях постаці рыцараў. Большасць з іх не мае твараў, шлемы наглуха закрытыя. Апранутыя ў цяжкія даспехі, бліскучыя ад гульні святла і ценю, рыцары здаюцца абяздушанымі прадметамі. Нават хутчэй фрагментамі «ўспамінаў» пра часы Сіда, Раланда, Артура, Дон Кіхота. Аднак менавіта сярэднявечная атрыбутыка дапамагае мастаку перадаць свае развагі пра месца чалавека ў сённяшнім свеце, яго адзіноту сярод сучаснікаў.

Сам мастак лічыць, што такім чынам ён стварае «новую рэчаіснасць». Але справа тут не ў назве. У братоў Стругацкіх ёсць выдатнае вызначэнне навуковай фантастыкі — «няўдалая спроба ўцёкаў». Маюцца на ўвазе ўцёкі ад штодзённасці, калі героі спрабуюць вырвацца ў ідэальную прастору, але застаюцца ў сваім часе. У карцінах Віктара Альшэўскага, здаецца, сучаснасць амаль не прысутнічае. Купалы і калоны, фасады і парталы, сфінксаў і піраміды, Сан-П’етра і Пізанскую вежу — архітэктуру Беларусі, Расіі, Італіі, Францыі, Егіпта ён вырывае з кантэксту рэальнасці. Мастак не акцэнтуе ўвагі на архітэктурнай дакладнасці ці пазнавальнасці, помнікі дойлідства ў яго не становяцца часткаю краявіду: гэта адбіткі, знакі дзейнасці чалавека, ілюзіі. Аўтар не столькі аперыруе якасцямі індывідуальных культурных ідэнтычнасцей, колькі ацэньвае розныя ўніверсальныя мастацкія праекты. І пасля спалучае ўсё гэта на палатне як стройную сістэму, дзе кожны чыннік — своеасаблівы мэсідж з мінулага ў будучае.

Кожная яго карціна — загадка. На першы погляд нічым не звязаныя постаці і рэчы ўспрымаюцца ірэальна, як зашыфраванае пасланне. Гэта не капіраванне вонкавай формы. Прачытанне зместу работ Альшэўскага шмат у чым залежыць ад самога гледача. Не трэба абмяжоўваць уласнае ўспрыманне свету, лічыць мастак, засяроджвацца на стэрэатыпах — варта даць волю фантазіі, інтуіцыі і пачуццям.

 Наталля жогла