З МАЙСТЭРНІ Ў ГОРАД

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Фарміраванне сучаснай нацыянальнай школы манументальна-дэкаратыўнага жывапісу пачалося ў 1960-х, калі ў тэатральна-мастацкім інстытуце была адкрыта адпаведная кафедра. Першым яе кіраўніком стаў Гаўрыіл Вашчанка. Яго погляды на творчасць вызначылі прынцыповыя пазіцыі ў выхаванні будучых мастакоў-манументалістаў. Вашчанка, а разам з ім і іншыя выкладчыкі кафедры — Аляксандр Кішчанка, Уладзімір Стальмашонак, Іван Стасевіч, Анатоль Бараноўскі, — вучылі сваіх студэнтаў выкарыстоўваць шматлікія традыцыі беларускага іканапісу, фрэскавага жывапісу, сучаснага манументальнага мастацтва.

З МА

Вялікую ўвагу на кафедры заўсёды надавалі кампазіцыі, не засяроджваліся на вонкавай дэкаратыўнасці. Стараліся паглыбляцца ў змест работ, з хваляваннем, годнасцю, душэўнай цеплынёй выяўляць у творах адметнасці роднай зямлі.

На месца Гаўрыіла Вашчанкі прыйшоў яго вучань Уладзімір Зінкевіч, які ўзначальвае кафедру ўжо больш за дзесяць гадоў. Захаваўшы асноўныя прынцыпы, ён змяніў некаторыя акцэнты ў навучанні будучых мастакоў. Выхаванцы Зінкевіча, сярод якіх не толькі хлопцы, але і шмат дзяўчат, імкнуцца да больш складанай кампазіцыйнай і пластычнай мовы, асацыятыўнасці, метафарычнасці, цікавяцца гістарычнай і нацыянальнай тэматыкай.

Не ўсе пагаджаюцца з тым, што беларускі манументальны жывапіс мае адметнае нацыянальнае аблічча. Некаторыя даследчыкі лічаць, што гэты від творчасці інтэрнацыянальны па сваёй сутнасці. Сваю тэорыю яны аргументуюць спасылкамі на тое, што манументальнае асяроддзе ў Беларусі першапачаткова стваралі мастакі і архітэктары, запрошаныя з іншых рэспублік, дый увогуле руская, беларуская і ўкраінская мастацкія школы маюць агульныя карані і моцна ўплываюць адна на адну. На іх думку, толькі ў некаторых творах айчынных манументалістаў ёсць адзнакі нацыянальнага стылю, у асноўным выяўленыя праз арнаменты. Адрозненні трох усходнеславянскіх школ — другасныя. Напрыклад, большая дэталіроўка работ, меншая ў параўнанні з творамі расійскіх майстроў маштабнасць не вызначаюць заўважную адметнасць айчыннага мастацтва.

Ці можна пагадзіцца з такімі сцвярджэннямі? Думаю, што нельга. Згадаю, што на Беларусь — перадусім праз яе геаграфічнае становішча — заўжды ўплывалі еўрапейскія традыцыі. Студэнцкія работы яшчэ ў 1970-х адрозніваліся тэматычнай разнастайнасцю, а ў апошнія дзесяцігоддзі ў вучэбных кампазіцыях шырока прадстаўлены вобразы асветнікаў, культурных дзеячаў нашай краіны, беларускі ландшафт, помнікі айчыннай архітэктуры, нацыянальная геральдыка. «Менавіта ў Беларусі ўпершыню з’явіўся манументальны сацыяльны габелен, — гаворыць Уладзімір Зінкевіч. — Яго піянерамі сталі Аляксандр Кішчанка і Міхаіл Савіцкі. Дагэтуль габелены былі маленькімі застаўкамі ў інтэр’еры. Яшчэ ў савецкія часы ў манументальны жывапіс шырока ўводзілася энкаўстыка, была моцная школа вітража. Мастакі пры аздабленні інтэр’ераў звярталіся да традыцыйных матэрыялаў, працавалі з керамікай, дрэвам, натуральнымі камянямі. А самае галоўнае, школа фарміравалася асобамі, якія вывучалі вытокі айчыннага мастацтва, яго вобразную сістэму». Яшчэ адзін важны момант: калі ў Расіі (магчыма, з-за велізарнага аб’ёма работ) роспісы часта спрашчалі — лакальна «залівалі» сцяну фарбай і прапрацоўвалі толькі некаторыя акцэнты, то ў творах беларускіх мастакоў усё было зроблена з большай дэталіроўкай.

Усё гэта дазваляе зрабіць выснову: у Беларусі яшчэ колькі гадоў таму склалася адметная школа манументальнага мастацтва. Безумоўна, на яе развіццё ўплываюць шмат якія фактары. У апошні час адбыліся прынцыповыя зрухі. Заказчык — ужо не толькі дзяржава, але і прыватныя асобы. Мяняюцца якасць і колькасць пабудаваных аб’ектаў, іх стыль і прызначэнне. Манументальны жывапіс на прыватных аб’ектах страціў пампезнасць, стаў больш камерным. Цікава, што Акадэміі мастацтваў удалося захаваць класічны накірунак навучання нават у перыяд крызісу 1990-х, калі большасць мастакоў-манументалістаў з-за цяжкіх эканамічных умоў занялася станковым жывапісам або выкананнем чыста камерцыйных заказаў.

Сённяшняя сітуацыя з манументальным жывапісам досыць аптымістычная. Ідзе будаўніцтва і аднаўленне маштабных грамадскіх будынкаў. З’яўляюцца важныя дзяржаўныя заказы, якія маюць шырокі рэзананс і дазваляюць мастакам працаваць з дарагімі і працаёмкімі тэхнікамі — энкаўстыкай, ляўкасам, фларэнційскай мазаікай. Знаходзіцца месца для працы і выхаванцам Акадэміі. Вярнулася добрая традыцыя — падчас летняй практыкі і дыпломных работ студэнты кафедры працуюць на аздабленні аб’ектаў, у тым ліку прыватных. Многія з твораў, зробленых студэнтамі, — цікавыя, сучасныя кампазіцыі, якія вылучаюцца прафесіяналізмам і глыбінёй зместу. Вось некалькі прыкладаў.

Юрый Івашкевіч у роспісе галоўнага корпуса Акадэміі мастацтваў (1995) удала выкарыстаў мінімальнае асвятленне тарцовай сцяны доўгага калідора будынка. Мастак сумясціў манахромны па колеры ляўкас і метал, які адлюстроўвае святло. Кампазіцыя пабудавана на простых геаметрычных формах, якія здалёк успрымаюцца як ззяючыя знакі-сімвалы. Прамавугольная дэталь з серабрыстага металу з тонкім медным крыжам месціцца ў цэнтры. Вянчае роспіс выява ладдзі, якая скіроўвае погляд гледача ўверх і зрокава павялічвае прастору вузкага калідора. Аб’ёмныя фігуры людзей і птушак, зробленыя ў архаічнай пластыцы, падобныя на каменныя скульптуры і надаюць працы Юрыя Івашкевіча асаблівую сэнсавую нагрузку.

Вітраж Мікалая Лаўшука ў Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі (2001) умоўны ў выяўленні прадметаў і фігур, складаны па кампазіцыі і колеравай пластыцы. Аўтар ілюстраваў легенду пра Жыровіцкі абраз Божай Маці. У кампазіцыю ўведзена выява велізарнага дрэва. Шкельцы светлага колеру выклікаюць у гледача адчуванне свята і духоўнай чысціні. Эфект ззяння дасягаецца выкарыстаннем вялікай колькасці абпаленага шкла. Вітраж нагадваў бы дзіцячы малюнак, калі б не жорсткія ўнутраныя перагародкі, якія трымаюць усю канструкцыю твора.

Інтэр’еры Музея гісторыі беларускай літаратуры ўпрыгожвае вітраж Аляксандра Трускоўскага (2002). Аконныя рамы ў зале музея выглядаюць як крыж, завершаны зверху арачнай паўкруглай формай. Гэта дыктуе і фармальнае кампазіцыйнае рашэнне вітража, у якім суіснуюць жорсткія вострыя формы і круглыя пластычныя элементы. Спалучэнне белага, цёмна-сіняга і залацістага колераў узбагачае інтэр’ер будынка.

Адраджаецца і культавая архітэктура. Шмат манументалістаў — выпускнікоў Акадэміі — працуюць цяпер у творчых майстэрнях Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску. У 2007 годзе ў храме гэтага манастыра ў гонар іконы Божай Маці, іменаванай «Дзяржаўная», была зроблена першая і пакуль адзіная ў краіне маштабная мазаіка на рэлігійную тэматыку. Спецыялістаў тутэйшых майстэрань часта запрашаюць на працу ва Украіну, Расію, Германію.

Сёння перад мастакамі адкрываецца шэраг магчымасцей у комплексным аздабленні архітэктурнага асяроддзя. Напрыклад, у новых гарадскіх мікрараёнах — у процівагу сухім формам высотных дамоў — шырока выкарыстоўваецца колер. З дапамогай так званай суперграфікі адбываюцца новыя чляненні фасадаў, зрокава змяняецца іх структура. Часам, праўда, занадта яркія фарбы не гарманізуюць асяроддзе, а парушаюць яго. І тады размаляваныя будынкі не ўпісваюцца ва ўжо ўсталяваны гарадскі пейзаж. Але роспісы могуць уносіць адухоўленасць і непаўторнасць у гарадскую забудову. Як станоўчы прыклад варта згадаць мазаічныя работы Аляксандра Кішчанкі ў мікрараёне «Усход» у Мінску. Манументальны жывапіс робіць горад прыгожым пры адносна невялікіх фінансавых затратах (асабліва гэта датычыць тэхнікі сграфіта, роспісу акрылам).

Спадзяемся, што творы айчынных мастакоў-манументалістаў усё часцей будуць упрыгожваць наша асяроддзе. А для выпускнікоў адпаведнай кафедры Акадэміі будзе адкрывацца ўсё больш магчымасцей для заняткаў любімай справай.

 Дар’я Іваноўская

Й СТЭР НІ Ў ГО РА