АБ’ЁМ У ПРАСТОРЫ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

У параўнанні з іншымі відамі мастацтва скульптура не такая зменлівая, яна больш прытрымліваецца традыцый, яе новая выяўленчая мова фарміруецца паступова, з улікам мінулага вопыту. Станковая і манументальная пластыка выказвае ідэі свайго часу, мае ўнутраны імпульс і логіку, можа аддзяліць неабходнасць ад выпадковасці, стварае аб’ёмны вобраз эпохі.

/i/content/pi/mast/15/306/24.jpg 
 Настасся Чэкан. Змены. Зварны метал. 2008. Курсавая работа. Кіраўнік Анатоль Арцімовіч.
Перадумовы фарміравання нацыянальнай школы скульптуры на Беларусі ўзніклі ў 1953 годзе, калі ў тэатральна-мастацкім інстытуце была заснавана адпаведная кафедра. Першы яе загадчык Андрэй Бембель быў прыхільнікам класічнай методыкі навучання, што грунтавалася на лепшых традыцыях рэалістычнай школы, пачатак якім дала Санкт-Пецярбургская акадэмія. Значная ўвага надавалася пашырэнню мастацкіх даляглядаў студэнтаў, фарміраванню іх грамадзянскай пазіцыі. Неацэнны ўклад Бембеля ў станаўленне навучальнага працэсу, стварэнне матэрыяльнай базы.

Наступным загадчыкам кафедры стаў яе таленавіты выхаванец Анатоль Анікейчык. З 1989 года стырно ўлады ў руках Уладзіміра Слабодчыкава. Тут выкладаюць вядучыя майстры, натуральна спалучаючы творчую дзейнасць з педагагічнай. У розныя гады на кафедры працавалі народныя мастакі Беларусі Аляксей Глебаў, Леў Гумілеўскі. Некалькі пакаленняў беларускіх скульптараў лічаць сваімі настаўнікамі Анатоля Арцімовіча, які працуе пераважна ў манументальных формах, майстра партрэтнай выявы Генадзя Мурамцава. Свой досвед перадаюць вучням Аляксандр Фінскі, Аляксандр Дранец, Сяргей Логвін. Асабістым прыкладам яны вызначаюць для многіх сваіх выхаванцаў накірункі ў мастацтве, дапамагаюць ім знайсці ўласны стыль.

Працэс працы са студэнтамі — жывы і надзвычай складаны, яго мэта — узгадаваць асобу з адметным светапоглядам і індывідуальным творчым почыркам. Сённяшнія навучэнцы актыўна цікавяцца новымі мастацкімі плынямі і прыярытэтамі, імкнуцца да свабоднага валодання ўласцівасцямі розных матэрыялаў, тэхналогіямі апрацоўкі паверхні, шукаюць і знаходзяць баланс паміж вонкавай дасканаласцю і пачуццёвасцю ў падыходзе да ўвасаблення тэматыкі.

Праграма навучання распрацавана так, што дазваляе студэнтам азнаёміцца са станковай, манументальнай, манументальна-дэкаратыўнай скульптурай, дробнай пластыкай, медальерным мастацтвам. Аднак традыцыйныя методыкі змяняюцца пад уплывам тэндэнцый сённяшняга часу. Так, практычныя заняткі дазваляюць творчы эксперымент. Уведзены курс фармальнай кампазіцыі — будучыя мастакі рашаюць задачы на статыку, дынаміку, раўнавагу як у рэальным, так і ў фармальным пластычным выяўленні. Тэмы работ звязаны пераважна з нацыянальнай культурай, эпасам, міфалогіяй, уяўляюць сабой сплаў традыцый і сучаснасці. Акрамя партрэтаў, фігур, станковых кампазіцый, якія выконваюцца для інтэр’ераў і экстэр’ераў, студэнты вывучаюць плакеткі і медалі, рэльефы (у тым ліку фрызы, мемарыяльныя дошкі), паркавую пластыку і фантаны. Для манументальнай і гарадской скульптуры надзвычай важнай з’яўляецца ўзаемасувязь з архітэктурным асяроддзем. Выкладаць гэты прадмет запрошаны на кафедру вядомы дойлід, лаўрэат Ленінскай прэміі Юрый Градаў, адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Найважнейшы складнік навучання маладых скульптараў — праца ў матэрыяле. Мінулі часы, калі нават у дыпломных работах пераважаў гіпс, творы ў дрэве і мармуры былі нешматлікімі, а ліццё ў сілуміне альбо бронзе практычна адсутнічала. Сёння студэнты на практыцы знаёмяцца з шамотам, тэракотай, мармурам, гранітам, разьбой па дрэве, выкалаткай металу, чаканкай, зварным жалезам… Займаюцца фармоўкай і ліццём. На старшых курсах яны ўжо могуць спалучаць атрыманыя прафесійныя навыкі з асаблівасцямі ўласнай мастацкай інтуіцыі, каб перадаць складаны кантэкст твора, багацце яго сэнсавых адценняў і варыянтаў прачытання. Ухваляецца ўдзел ў выставах, унутрывузаўскіх канферэнцыях. Сапраўднымі падзеямі робяцца адкрытыя прагляды пасля заканчэння зімовай і летняй сесій.

Цягам апошняга дзесяцігоддзя свайго кшталту часткай навучальнай праграмы сталіся студэнцкія пленэры па скульптуры: рэспубліканскія ў Верцялішках (Гродзенская вобласць) і міжнародныя ў Еўпаторыі (Украіна). Гэта дазваляе не толькі творча рэалізоўвацца, але і назапашваць неабходны досвед. Лепшых выхаванцаў кафедра накіроўвала на міжнародны сімпозіум па дрэве ў Вроцлаве (Польшча), а таксама ў Гомель, дзе яны ўпрыгожылі паркавай пластыкай скверы Савецкага раёна. Некалькі разоў студэнты ездзілі на «лядовыя» фестывалі ў Мурманску, прывезлі адтуль шматлікія прызы і гран-пры.

Амаль пяцьдзесят гадоў таму ў тэатральна-мастацкім інстытуце адбыўся першы выпуск кваліфікаваных майстроў разца… Паўвека для гісторыі — імгненне. А вось даследчыкі могуць ужо падводзіць вынікі. Абсалютная большасць скульптараў, што сёння працуюць у Беларусі, сваю мастацкую адукацыю атрымалі менавіта тут. Галоўным жа плёнам дзейнасці кафедры хачу назваць беражлівае захаванне рэалістычных традыцый айчыннай школы пластыкі. Безумоўна высокі прафесійны ўзровень большасці дыпломных работ не адмаўляе магчымасці далейшага самастойнага развіцця скульптара, але асновы творчасці закладваюцца ў сценах Акадэміі. Менавіта тут вучаць максімальна дакладна і поўна даносіць да гледача вобраз, а пластычныя ўласцівасці матэрыялу і дэкаратыўнасць рашэння падначальваць сваёй задуме. Гэта вельмі важна для самавызначэння маладога мастака, бо дапаможа яму не разгубіцца ў патоку супрацьлеглых мастацкіх тэндэнцый — апавядальных, натуралістычных, рэмейкавых, фармальных... На стыку традыцыйнага акадэмічнага бачання і выкарыстання сучасных еўрапейскіх навацый нараджаецца самабытная пластыка і мова сучаснай беларускай скульптуры.

Работы выкладчыкаў і выпускнікоў кафедры вядомыя далёка за межамі краіны.

Беларуская дзяржава мае патрэбу ў таленавітых творцах, якія ўвасобяць працоўныя дасягненні і гераічныя ўчынкі папярэдніх пакаленняў. Адкрываецца новы погляд на гісторыю. Каб заявіць пра сябе ў свеце, мастацтву Беларусі трэба звярнуцца да вытокаў, раздзяліць з народам яго пачуцці і думкі. Такія задачы стаяць сёння і перад навучэнцамі кафедры скульптуры.

Валерый КАЛЯСІНСКІ