ДЭКАРАЦЫЯ ЯК ЭКВІВАЛЕНТ ДУМАК

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Творчы лёс аднаго з самых запатрабаваных сёння мастакоў тэатра, Алесі Снапок-Сарокінай, многім можа падацца ўзорным. У 2000 годзе скончыла аддзяленне сцэнаграфіі ў Акадэміі мастацтваў на курсе Барыса Герлавана. Паміж уваходжаннем у прафесію, самасцвярджэннем і хуткім поспехам зусім не засталося зазору. Здаецца, у яе атрымалася ўсё і адразу.

 /i/content/pi/mast/15/305/23.jpg
 "Сымон-музыка" паводле Якуба Коласа. Макет дэкарацыі. Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы. 2005.
Выдатна абаранілася дыпломным спектаклем «Рычард ІІІ» Уільяма Шэкспіра. Сваёй работай выклікала такое моцнае ўражанне, што неўзабаве атрымала рэкамендацыю на ўступленне ў Саюз мастакоў. Паспяхова дэбютавала на купалаўскай сцэне спектаклем «Тут жывуць людзі». Там жа аформіла «Каварства і каханне», «К’ёджаўскія перабрэхі». Урэшце, запрашэнні на пастаноўкі пасыпаліся адно за адным.

Маладым мастакам такія крутыя творчыя віражы не заўсёды падуладныя. Нават пры наяўнасці яркага таленту атрымоўваецца не ва ўсіх. Хоць, вядома ж, Алесі Снапок-Сарокінай шмат у чым пашанцавала. На момант заканчэння ёю Акадэміі мастацтваў патрэба тэатраў у сцэнографах была не меншай, а можа, нават і большай, чым у рэжысёрах. Да таго ж свежае вобразнае мысленне і мастакоўская смеласць Снапок-Сарокінай удала спалучыліся з моцным характарам, уменнем адстойваць свае ідэі, здатнасцю вырашаць тэхнічныя пытанні і здольнасцю кіраваць вытворчымі цэхамі. Пасля ўдалага дэбюту на малой купалаўскай сцэне Алеся ўпэўнена выйшла на вялікую — прадэманстраваўшы ў «К’ёджаўскіх перабрэхах» недзявочыя размах і спрытнасць. Усё рабілася весела, з захапленнем. Уражвалі адчуванне камедыйнай прыроды п’есы, пільная ўвага да эпохі з яе адметнымі асаблівасцямі, паглыбленне ў прапанаваныя абставіны, падмацаванае яркім сцэнаграфічным вобразам. У адмысловай кампазіцыі спалучаліся колер, святло, касцюмы і дэкарацыі. Алеся Снапок-Сарокіна адкрывала для сябе купалаўскія падмосткі, асвойваючы іх магчымую глыбіню і вышыню. Яна адразу пачала працаваць з усёй сцэнічнай прасторай, вылучаючы візуальныя эфекты прыдатнымі сродкамі. Адштурхнуўшыся ад матэрыялізаванай вонкавай ідэі, пераходзіла да гульні з дэталямі. У «К’ёджаўскіх перабрэхах» прастору сцэны перарэзвала велізарная рыбіна, якая зіхацела цёмна-сіняй луской. Моцны дэкарацыйны элемент удала спалучаў вобразную і прыкладную функцыі. Штуршок для фантазіі быў уражальны. Нароўні з паэзіяй у афармленні прысутнічала далікатная мера іроніі, якая абумоўлівала вольную гульню з рэчамі і абліччамі персанажаў.

Работа сцэнографа-пастаноўшчыка даўно не абмяжоўваецца дэкарацыйна-афарміцельскімі задачамі. Часцей за ўсё тэатральны мастак — паўнавартасны сааўтар спектакля поруч з рэжысёрам. А часам, здараецца, і «перайграе» апошняга, прапануе не толькі вобразнае, але і канцэптуальнае вырашэнне. Або наўпрост удзельнічае ў трактоўцы драматургічнага твора. Для Алесі Снапок-Сарокінай саюз рэжысёр — сцэнограф мае першаснае значэнне. І хоць, працуючы над п’есай, яна штораз старанна назапашвае інфармацыю, падрабязна і глыбока даследуе гісторыю пытання, ды толькі ўсё роўна лічыць, што галоўны ў тэатры — рэжысёр. Любіць паўтараць, што добрыя дэкарацыі кепскі спектакль не выратуюць. Ёй цікава не проста «абстаўляць рэмаркі», а шукаць у дэкарацыях сэнс. Важна, каб афармленне абавязкова падкрэслівала галоўную ідэю спектакля, працавала на агульную канцэпцыю і яе развіццё.

Спіс пастановак у творчым актыве Алесі Снапок-Сарокінай сягнуў за другі дзесятак. Сярод найбольш вядомых спектакляў у яе афармленні — «Понцій Пілат» і «Жанчыны Бергмана» ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, «Яна і Я», «Вераб’іная ноч» у Магілёўскім абласным драматычным тэатры, «Шчаўкунчык» у ТЮГу, «Сымон-музыка» ў Купалаўскім. Праца з Мікалаем Пінігіным прынесла асаблівае творчае задавальненне. Апрача іншага, Алеся Снапок-Сарокіна выкладае працу рэжысёра з мастаком на кафедры рэжысуры ў Акадэміі мастацтваў.

Для студэнтаў у яе існуюць асаблівыя правілы, кіруючыся якімі, абавязкова варта абудзіць фантазію, не трапляць пад прэсінг, адчуваць дыханне рэчаіснасці. А яшчэ яна любіць паўтараць: «Мастак тэатра — гэта чалавек, які слухае: рэжысёра, сябе, увесь свет».

Людміла грамыка