У СЦЭНАГРАФІЧНАЙ ІМПЕРЫІ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Бадай што многім цяжка ўявіць народнага мастака Беларусі галоўнага сцэнографа Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Барыса Герлавана ў нейкай іншай іпастасі. Гэта зразумела. На купалаўскія падмосткі ён трапіў у пачатку 1960-х. Інтуітыўная здатнасць мастака асэнсоўваць і фарміраваць сцэнаграфічны вобраз эпохі зрабілася грунтам для стварэння немалой колькасці тэатральных сусветаў.

 /i/content/pi/mast/15/304/22.jpg
 "Ваўкі і авечкі" Аляксандра Астроўскага. Макет дэкарацыі. Гомельскі абласны драматычны тэатр. 2008.
Распрацаваныя і сцэнічна ўвасобленыя ідэі Барыса Герлавана ўражваюць і захапляюць публіку амаль паўстагоддзя. Ён аформіў каля сотні спектакляў на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, а таксама ў іншых тэатрах краіны і за мяжой. Зрэшты, наўрад ці хто іншы на айчынных падмостках так выдатна адчувае дэкарацыйна-прасторавыя магчымасці сцэны і штораз, цягам дзесяцігоддзяў, пацвярджае здольнасць да маштабнага мыслення. Але... існуе яшчэ адзін аспект дзейнасці Барыса Федасеевіча, які, дарэчы, па зразумелых прычынах, доўга не кідаўся ў вочы. Гаворка ідзе пра педагагічную практыку прафесара Герлавана, які на кафедры жывапісу навучае сцэнаграфіі студэнтаў Акадэміі мастацтваў, пачынаючы з 1991 года.

Выпуск за выпускам, год за годам майстра старанна і рупліва перадае вучням уласны прафесійны досвед і практычныя веды. Укладвае ў навучанне душу. Менавіта праз педагагічную працу найбольш раскрылася адметная ўласцівасць Барыса Федасеевіча. Калі шмат гадоў займацца прафесіяй па-за рэгламентаваным магчымымі нормамі «рабочым часам», прафесія становіцца ладам жыцця. А чалавечыя якасці афарбоўваюць прафесійную дзейнасць асобаснай харызмай. Іншымі словамі, Герлаван-педагог і Герлаван-мастак вельмі падобныя, нават неадлучныя ад Барыса Герлавана-чалавека. Мабыць, таму студэнты і былыя вучні звычайна не спяшаюцца раз і назаўсёды развітацца з ім, ступіўшы на дарогу самастойнага жыцця. Прынамсі, у працоўным кабінеце мастака, што знаходзіцца на самым высокім паверсе Купалаўскага тэатра, яны — частыя і жаданыя госці.

У пэўны момант, калі ў тэатрах пачалі афармляць спектаклі выхаванцы Барыса Герлавана, плён ягонай шматгадовай настаўніцкай працы зрабіўся заўважным. Выпеставаныя майстрам сцэнографы напоўнілі тэатр свежымі пастановачнымі ідэямі. Адначасна было зразумела, з якой тэатральна-сцэнаграфічнай імперыі яны родам. Прынамсі, па работах выхаванцаў Барыса Федасеевіча заўсёды бачна, чые яны вучні. Сярод іх Дар’я Волкава, Алеся Снапок-Сарокіна, Андрэй Меранкоў, Вольга Мацкевіч, Ігар Анісенка, Галіна Праўдзіна, Таццяна Сакалоўская. Часам нават здаецца, што патрэбнасць тэатра ў дэкаратарах і сцэнографах неўзабаве будзе здаволена.

Усё, што трывала ўвайшло ў мастакоўскі арсенал Барыса Герлавана ў якасці першацаглінак дэкарацыйнай аўтарскай пабудовы, адлюстроўваецца ў творчым патэнцыяле маладых сцэнографаў. У Барыса Герлавана кожны новы спектакль нібы дапаўняе агульную карціну свету, якую ён узнаўляе цягам цэлага творчага жыцця. Гэтае настойлівае імкненне да пачуццёва-эстэтычнага асэнсавання чалавечага існавання і месца чалавека ў сусветнай прасторы захапляе і ўражвае ягоных вучняў найбольш. Таму і задачы Герлаван-педагог ставіць адпаведныя: развіць у студэнтаў здольнасць да паэтычнага мыслення, здатнасць да філасофскіх абагульненняў, навучыць сцэнаграфічна асэнсоўваць драматургію самых розных жанраў, пазбягаць штучнасці, ведаць значэнне дэталі, быць патрабавальным пры выбары рэчаў для аздаблення сцэнічнай прасторы. І, галоўнае, быць надзвычай прыдзірлівым да ўласнай творчасці, да сябе.

У сваіх сцэнічных пабудовах Барыс Герлаван раз і назаўсёды адмовіўся ад бытавога жыццяпісу. Дрэва, метал, палотны-прасцірадлы, ільняныя ручнікі і абрусы, радно складаюць улюбёную фактуру рэчаў, вызначаюць характар сцэнаграфіі, якая абавязкова падтрымліваецца характарам касцюмаў герояў. Не апошнюю ролю іграе яго імкненне як мага больш рабіць у спектаклі сваімі рукамі... І абавязкова гэтыя творчыя пастулаты паспяхова перадаюцца вучням. Рэальна ўвасабляюцца ў спектаклях маладых беларускіх мастакоў сцэны, на сцэнаграфічных выставах, якіх апошнім часам шмат праходзіць у Беларусі.

Людміла грамыка