ПРАВОБРАЗЫ РЭЧАЎ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Выкладчык кафедры жывапісу Уладзімір Клімушка ўпершыню звярнуў на сябе ўвагу на выставах сучаснымі пошукамі ў традыцыйным жанры нацюрморта. Сёння тыя работы — толькі этап яго развіцця: творчы шлях мастака пралягае ў напрамку новым і нечаканым.

Яшчэ ў Мінскім мастацкім вучылішчы Уладзімір Клімушка вызначыў для сябе вельмі канкрэтную мэту: стаць жывапісцам, які працуе ў гістарычнай тэматыцы. Але на апошнім курсе фармальную кампазіцыю стала выкладаць Ала Блізнюк, яна ж захапіла навучэнцаў творчасцю Гюнтэра Юкера. Малады чалавек усвядоміў, што паміж ім і Сурыкавым ляжыць велізарнае поле эксперымента. У студэнцкія гады Уладзімір Клімушка актыўна працуе над шматфігурнымі кампазіцыямі на гістарычныя, рэлігійныя, міфалагічныя тэмы, знаходзіць уласную «формулу» пейзажа, але адначасова з’яўляюцца работы, у якіх ён увасабляе свае ўнутраныя станы і адчуванні. Неўзабаве цалкам нечакана для сябе звяртаецца да нацюрморта.

Зрэшты, ёсць для гэтага звароту і цалкам зразумелая падстава: у гімназіі-каледжы, дзе Клімушка па заканчэнні асістэнтуры працуе выкладчыкам, ён раптам адкрывае, што абсалютна не ўмее ставіць для студэнтаў нацюрморты. Натуральна, пачынае вывучаць законы іх кампаноўкі і... захапляецца. Так ён прыходзіць да рэчаў сакральных і адначасова глыбока асабістых — да сваіх «візантыйскіх» нацюрмортаў. Сапраўдных такіх твораў не захавалася, толькі паасобныя выявы прадметаў. Але жывапісец натхняецца словамі даследчыка візантыйскага мастацтва Віктара Лазарава: «Для візантыйца сусвет распадаецца на два рэзка адасобленыя светы: свет пачуццёвы і свет духоўны. Першым і насамрэч існым быў свет духоўны, у якім панавала поўная гармонія. Тут кожны матэрыяльны прадмет знаходзіў свой ідэальны правобраз, свае ідэі...» Гэтая ідэя правобразаў матэрыяльных рэчаў і ляжыць у аснове мастацкага светапогляду Уладзіміра Клімушкі. Візантыйская стылістыка лёгка пераводзіцца ў прастору сучаснага жывапісу, спрыяе выразнай архітэктоніцы сімвалічнай пабудовы: адваротная перспектыва, знакавасць колеру, абагульненне форм.

Сучасныя майстры нацюрморта часта захоўваюць унутраную сувязь з гістарычнай традыцыяй. Самастойным жанрам нацюрморт стаў у галандскім мастацтве ХVІІ стагоддзя, і выяўленыя на палатне прадметы ўтрымлівалі ў сабе прыхаваныя алегорыі (напрыклад, хуткаплыннасці жыцця) ці алюзіі на рэлігійныя сімвалы. Знаёмыя рэчы надзяляліся глыбіннымі сэнсамі. На сённяшні погляд, гэты жанр балансуе паміж эксперыментам і пераасэнсаванай культурнай спадчынай. У творах Клімушкі яго межы становяцца няпэўнымі.

У аснове нацюрмортаў Уладзіміра Клімушкі — не кампазіцыйна выверанае размяшчэнне рэчаў, а структура, якая дэталізуецца асобнымі прадметамі. Такія творы можна ўспрымаць як краявіды, некаторыя з іх абстрагуюцца да геаметрычных элементаў. Актуальная тэма яго работ — вежы. Але вежа — гэта і сакральны стол з кубкам на яго краі.

Жывапіс Уладзіміра Клімушкі інтуітыўны і дакладны. Празрыстасць і фактурнасць паверхні, лёгкасць і важкасць фарбы, логіка колеравых плям, уведзеных у геаметрычна акрэсленую структуру, — усё гэта стварае тонкую раўнавагу паміж пачуццём і ідэяй, паміж матэрыяльнасцю рэчы і яе ідэальным правобразам. Настаўнікам Уладзіміра ў Акадэміі быў выдатны каларыст Алег Маціевіч, які навучыў яго разумець колер: сімвалічна — як носьбіта ідэі ці выразніка патаемнага адчування і дэкаратыўна — як структурны элемент кампазіцыі. Апошнім часам у творах мастака з’яўляецца золата, яно адрывае ад фону «выбраныя» прадметы, падкрэсліваючы такім чынам умоўнасць і шматпланавасць прасторы палатна.

Уладзімір Клімушка шмат працуе амаль над кожнай сваёй кампазіцыяй, перапісвае яе і ўдакладняе. У выніку твор захоўвае характар выпадковасці, дынаміку і энергію нараджэння вобраза. І гэта — пошук не жывапіснай формулы, а адэкватнасці: часу, у якім жыве мастак, унутранаму стану, які імкнецца сябе выявіць з дакладнасцю непарушнага факта.

Алеся БЕЛЯВЕЦ