КSIONDZ І ЯГО АД КРЫЦ ЦІ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Мастак Алесь Ксяндзоў скончыў факультэт манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Сёння ён выкладае на кафедры жывапісу Акадэміі мастацтваў, а ў сваёй творчай біяграфіі перажывае нечаканыя метамарфозы.

У перыяд вучнёўства ўплывы настаўнікаў на Ксяндзова былі відавочныя, аднак ён вызваліўся ад іх хутка і мэтанакіравана. Скончыўшы манументальна-дэкаратыўнае аддзяленне, вырашыў, тым не менш, займацца станковым жывапісам, працаваць «у цішы майстэрні». Незалежны і няўрымслівы ў жыцці, становіцца такім і ў творчасці. Ксяндзоў дынамічна мяняецца — разам з часам (грамадскія ўзрушэнні пакідаюць свой выразны адбітак) і паралельна ўнутранаму развіццю. Але яго натура выяўляе сябе ў любым новым творы, асноўныя стылістычныя прыёмы і прынцыпы арганізацыі жывапіснага палатна, як і ідэалы, перажываюць толькі нязначныя змены. Дасведчанасць у сферы манументальнага мастацтва дазволіла яму трактаваць карціну надзвычай шырока, адыходзіць ад класічных катэгорый, кшталту: вартая ўвагі тэма, ураўнаважаная кампазіцыя, «паўнацэнны» каларыт. З вольнага абыходжання з гэтымі відавызначальнымі параметрамі і пачынаецца ўласны жывапіс Алеся Ксяндзова. Яго стылістыка канца 80-х — пачатку 90-х — дзесьці паміж жывапісам, графікай і... графіці. Як, напрыклад, «Белая сцяна, або Аптымізм»: проста сцяна з пракрэсленымі рыскамі — і гэта не ўвасабленне хаосу, а нараджэнне новай сістэмы каардынат.

Мастак шчыра шкадуе, што на кафедры жывапісу не выкладаецца фармальная кампазіцыя (як у манументальшчыкаў). Гэта ж так важна для жывапісца: умець перадаваць дынаміку і статыку толькі размяшчэннем плям, ведаць спосабы арганізацыі плоскасці. У пэўны перыяд сваёй творчасці Алесь Ксяндзоў падыходзіць да мяжы, дзе пазнавальнасць форм становіцца няважнай, настолькі пераканальна вядуць свой аповед пляма і лінія, рух і раўнавага. Хай па сюжэце, па назве гэта — «Хлопчык з птушкай», але такія ж важныя элементы карціны — цень і паласа святла. Яны не проста кампазіцыйна «трымаюць» плоскасць, а ствараюць псіхалагічна тонкі баланс нашага ўспрымання адлюстраванага. Пішучы тую «серыю з хлопчыкам» (пачатак 90-х гадоў), мастак перажываў свайго кшталту крызіс — зачыняўся ў майстэрні і працаваў, не выходзячы па некалькі дзён. Жыццёвыя ўражанні ён пераплавіў у ёмісты вобраз — не мастацкім абагульненнем рэальнага, а той унутранай трансфармацыяй, калі пачуцці пакідаюць настолькі моцны след у душы, што здольныя ператварацца ў феномены псіхічнага жыцця, а дзякуючы майстэрству і свабоднаму даследаванню — набываць пераканальнае ўвасабленне. «Я — даследчык, нейкая аналітычная машына. Бо збіраю інфармацыю з розных крыніц, часам неверагодных. Яна ўся пераплаўляецца, і я быццам раблю нейкае адкрыццё. Найперш для сябе», — гэта ўрывак з інтэрв’ю, якое Алесь Ксяндзоў даў у 1991 годзе.

Істотную формаўтваральную ролю ў яго жывапісе іграе лінія. Яе роля — абагульняць. Акрэсліць форму, правесці «лінію душы» — гэтыя функцыі спалучаюцца нават у самым рэалістычным адлюстраванні. У Ксяндзова ж форма — вольная, «лінія душы» — дакладная. Мо таму яго творы так лёгка спыняюць гледача?

Цікава, калі б грамадская сітуацыя склалася іначай, ці стаў бы мастак доўжыць свой дынамічны эксперымент? Сёння ён вяртаецца туды, адкуль прыйшоў: да школы, якую ён засвойваў калісьці, да прынцыпаў рэнесанснага мастацтва. Да сузіральнасці і суладнасці са светам. Але досвед, так бы мовіць, «фармаліста» (паводле колішняй тэрміналогіі) не дазваляе мастаку скаціцца да салоннасці ды саладжавасці, што лёгка зрабіць, калі працуеш у такой тэме, як ню. Вольнасць лініі і віртуознасць тэхнікі вылучаюць творы Алеся Ксяндзова на любой выставе.

Некалі настае ў жыцці мастака такі перыяд, кажа Алесь Ксяндзоў, калі ён прыходзіць у майстэрню, бярэ ў руку пэндзаль і адчувае, што кожны рух мае прадказальны вынік. Але прадчуванне адкрыцця, выпястоўванне яго па крупінках пакідае надзею на штосьці новае, неспадзяванае. Хіба знаходкі і развіццё — не самае цікавае, чаго мы чакаем ад любога творцы?

Алеся Белявец.