ШТУДЫЯ, ПОШУК, ТВОР

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Навукова-педагагічная школа жывапісу сфарміравалася ў нашай Акадэміі дзякуючы намаганням народных мастакоў Віталя Цвіркі, Івана Ахрэмчыка, Валянціна Волкава. Побач з імі працавалі выкладчыкі, якія прыехалі з розных куткоў Савецкага Саюза, — народны мастак Беларусі Аскар Марыкс, а таксама нядаўнія выпускнікі розных мастацкіх устаноў — Май Данцыг, Гаўрыіл Вашчанка, Уладзімір Стальмашонак, Іван Стасевіч, Аляксандр Кішчанка, Уладзімір Пасюкевіч і іншыя. Спалучэнне метадалогій разнастайных мастацкіх школ — маскоўскай, львоўскай, кіеўскай, пецярбургскай — дазволіла выпрацаваць сваю ўласную сістэму выкладання.

Натуральна, што ў яе аснове ляжалі традыцыі акадэмізму савецкага мастацтва пасляваеннага часу. Але ўжо першыя выпускнікі аддзялення жывапісу — Барыс Няпомняшчы, Барыс Аракчэеў, Віктар Грамыка, Леанід Шчамялёў, Мікалай Залозны, Іван Рэй, Фёдар Бараноўскі, Віктар Пратасеня, Аляксандр Семілетаў і іншыя — сталі творцамі са сваёй адметнай мастацкай мовай. Кіраўнікамі іх дыпломных работ былі Валянцін Волкаў і Віталь Цвірка, мастакі супрацьлеглыя па сваіх творчых канцэпцыях. Адзін — прадстаўнік акадэмічнага кірунку, другі — прыхільнік наватарства, тэхнічнага і каларыстычнага эксперымента.

У 1970 -- 1980 гады загадчыкам кафедры быў Пётр Крохалеў. Ён надаваў вялікую ўвагу вывучэнню кампазіцыі, і менавіта пры ім ствараліся шматфігурныя, прасторавыя, складаныя па сваёй структуры дыпломныя работы. У розны час на кафедры выкладалі адметныя творчыя асобы — выпускнік батальнага класа маскоўскага Інстытута імя Рэпіна Аляксандр Мазалёў, Віктар Сахненка, жывапіс якога нагадваў творы Анры Маціса, а таксама Натан Воранаў, Уладзімір Сухаверхаў, Павел Масленікаў...

У аснове нашай мастацкай школы жывапісу ляжыць штудыя. Слова мае шырокую панараму тлумачэнняў, гэта — і асаблівая творчая ўстаноўка, і метад, звязаны з даследаваннем, назіраннем за прадметам, з’явай, натурай, чалавекам. І такая штудыя адбывалася не толькі ў майстэрні, але і па-за яе межамі — на пленэрнай практыцы. Адна з задач, якія ставіліся пры навучанні і падчас практыкі, — даследаваць нацыянальны тыпаж. Маладыя мастакі прыязджалі на радзіму выдатных дзеячаў культуры Беларусі, назіралі, як там гадуюць дзяцей, як ставяцца да старых, у чым адметнасць людзей розных заняткаў. Яркія дасягненні нашага жывапісу звязаны з тым часам, калі штудыя была надзвычай аб’ёмнай. Гэта, напрыклад, творы Барыса Аракчэева, Пятра Свентахоўскага, Генадзя Ціхановіча, Уладзіміра Гоманава, Аляксандра Семілетава, Юрыя Піскуна, Фелікса Янушкевіча, Уладзіміра Кожуха, Рыгора Таболіча, Віктара Дубравы, Сяргея Асапрылкі.

Наша школа жывапісу — навукова-педагагічная. Некаторыя выпускнікі мастацкага факультэта займаюцца навуковай дзейнасцю. Тут працаваў кандыдат мастацтвазнаўства народны мастак Беларусі Павел Масленікаў. Кафедру жывапісу скончылі доктар навук Леанід Дробаў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Георгій Паплаўскі, Галіна Горава, якая летась абараніла кандыдацкую дысертацыю па праблематыцы каларызму. Жывапіс становіцца аб’ектам навуковага даследавання і прафесійнага вывучэння, вызначае складанасць тых праблем, якія ўзнікаюць у мастацтве. Па тэматыцы, якую закранае жывапіс, можна прасачыць за падзеямі ў культуры, у палітыцы, у эканоміцы...

Вельмі важным структурным элементам сучаснай культуры Беларусі з’яўляецца сюжэтна-тэматычны твор. Хоць гэты тэрмін прыйшоў з савецкай эстэтыкі і звязаны з тагачаснай ідэалогіяй, ён, мяркую, варты рэабілітацыі: згадаем, што еўрапейскае мастацтва прайшло этап, звязаны з актыўным развіццём сюжэтна-тэматычнай карціны, мае ў гэтай сферы свае безумоўныя дасягненні. Напрыклад, творы польскага класіка Яна Матэйкі. А ці шмат у беларускім жывапісе работ такога маштабу, прысвечаных нашай гісторыі? Многія, праўда, сцвярджаюць, што сёння мастацкая думка знаходзіцца на зусім іншым узроўні свайго развіцця, але сучаснасць не ўвасабляецца толькі медыяформамі. Немагчыма пераскокваць нейкія этапы, прапускаючы цэлыя фазы эвалюцыі. Мы маем патрэбу ў эстэтычным асяроддзі, насычаным не толькі прыгожымі нацюрмортамі і пейзажамі, але і апісальнымі, ілюстрацыйнымі творамі.

Сёння выкладчыкі кафедры імкнуцца зберагчы лепшыя традыцыі нашай школы. Каб не знізіўся ўзровень падрыхтоўкі мастака, неабходна захаваць гістарычна апрабаваны тэрмін навучання, яго індывідуальны характар, прынцыпы выкладання ў межах рэцэпцыі акадэмічных каштоўнасцей. Узначальвае кафедру народны мастак Беларусі Май Данцыг. Актыўна творча працуюць выкладчыкі Алесь Ксяндзоў, Уладзімір Клімушка, Віталь Герасімаў, Уладзімір Уродніч, Юрый Крупянкоў. Калектыў складаецца з прадстаўнікоў розных пакаленняў, прыхільнікаў розных метадалогій выкладання і эстэтычных прыярытэтаў. У гэтым віры павінна нараджацца штосьці адметнае, непадобнае на выпускі іншых мастацкіх школ. Таму так важна знайсці свае падыходы да навучання, заснаваныя на сінтэзе сур’ёзнага акадэмізму і цікавасці да сваіх уласных каранёў і гісторыі, і, безумоўна, неабходна пры гэтым улічваць схільнасць моладзі да эксперымента.

Сучасны жывапіс — традыцыя, якая ўтрымлівае і поле для творчых пошукаў. Імёны выпускнікоў кафедры Кацярыны Сумаравай, Таццяны Кандраценка, Веры Асядоўскай, Алены Івановай, Вольгі Лузан, Юрыя Крупянкова, Уладзіміра Зленкі і іншых перспектыўных маладых майстроў даюць надзею на далейшае развіццё пазіцый школы.

Дасягненні беларускага жывапісу відавочныя, яны сталі не толькі прадметам цікавасці айчынных даследчыкаў, але і аб’ектам прафесійнай увагі замежных экспертаў. Нашы творцы валодаюць багатай палітрай мастацкіх сродкаў, іх талент атрымаў прызнанне і на Радзіме, і за яе межамі. Лёс раскідаў выпускнікоў кафедры па розных краінах. Але тая адукацыя, якую яны атрымалі, дазваляе ім упэўнена адчуваць сябе ў любых варунках. Творы нашых мастакоў пастаянна экспануюцца ў самых прэстыжных выставачных залах планеты, што яшчэ раз пацвярджае іх вялікі эстэтычны патэнцыял.

 Міхал баразна