ВУГЛЫ І РОСЧЫРКІ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Раман Сустаў — адзін з найбольш яркіх выпускнікоў кафедры графікі 2001 года. Дыпломная работа — макет і шэсць ілюстрацый да кнігі «Залаты гаршчок» Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана — ярка выявіла індывідуальныя асаблівасці творчага почырку маладога мастака.

 /i/content/pi/mast/15/300/17-1.jpg
Саламандра. Лінагравюра. 2001. З дыпломнай работы.
Раман Сустаў выканаў ілюстрацыі ў тэхніцы чорнай шрыфтавой лінагравюры, якая сярод студэнтаў ужо шмат гадоў не карысталася асаблівай папулярнасцю з-за сваёй складанасці і працаёмкасці. Аднак менавіта лінагравюра дае творцу адметныя сродкі выразнасці, хоць і патрабуе пры гэтым найвысокай сканцэнтраванасці: тут няма шляху назад, магчымасці перарабіць няўдалы штрых.

На чорным фоне лістоў заварожваюць спляценні мноства ліній. З іх нечакана ўтвараюцца амаль фантастычныя постаці, напаўрэальныя саламандры, абрысы старадаўніх жаночых строяў, вежы сярэднявечных гарадоў. Работы вылучаюцца яскравым графічным майстэрствам і дакладным пачуццём балансу элементаў кампазіцыі — як у адным лісце, так і цалкам у серыі. Уяўленню мастака не замінае абмежаванасць ягонай гамы двума колерамі — белым і чорным. Ілюстрацыі Сустава да «Залатога гаршка» не маюць апісальнага характару, яны пабудаваны не на дакладным узнаўленні зместу, але на аўтарскіх фантазіях, навеяных прачытанай навелай. Усё гэта сведчыць пра глыбіню светаадчування мастака, які надае тэксту новае вымярэнне, прыўносіць уласны погляд на літаратурны матэрыял. Вытанчаныя сілуэты, прыхільнасць да дэкаратыўных дэталей, дакладных штрыхоў падкрэсліваюць своеасаблівасць яго твораў і прыводзяць на памяць высокія традыцыі еўрапейскай кніжнай ілюстрацыі.

Сёння Раман Сустаў займаецца пераважна афортам. «Бярэш асобную тэхніку і знаходзіш у ёй бясконцасць», — гаворыць мастак. Яго творам уласцівы яркі аўтарскі почырк, сугучнасць пластыкі, вастрыня кампазіцыйнага вырашэння. Ён віртуозна працуе са святлом і ценем, рухам і прасторай. Тыповыя «сустаўскія» вострыя росчыркі і вуглы, дакладна выяўленыя дробныя дэталі, кожная з якіх мае самастойную каштоўнасць, складаныя перапляценні фігур, часта ўтвораных з мноства незвычайных звяркоў, пялёсткаў і штрыхоў, сведчаць аб прадуманасці кожнай работы і багатым свеце мастакоўскіх фантазій.

Здараюцца ў Рамана Сустава і цікавыя творчыя эксперыменты. Напрыклад, восем літаграфій, падрыхтаваных да аднаго з міжнародных тэматычных праектаў «Вокны горада». Кожны адбітак складзены са шматлікіх невялікіх квадратаў, выкананых у нехарактэрнай для аўтара манеры: простыя, часам нават контурныя, яны зроблены адным росчыркам, на адным дыханні. Таксама мастак спрабаваў свае сілы ў тэхніцы грызайль, у сухой іголцы па пластыку, якая дае пры адбітку неспадзяваную мяккасць ліній і фону на паперы, займаўся знакамі, лагатыпамі, экслібрысамі і іншымі формамі малой графікі.

Яшчэ студэнтам Раман Сустаў удзельнічаў у многіх мастацкіх выставах і конкурсах у Беларусі і за яе межамі, атрымліваў шматлікія прызы і дыпломы. Ён аздобіў шэраг выданняў, быў узнагароджаны дыпломамі конкурсу «Мастак і кніга» («Маладая надзея», 1998; «Залаты дубль», 1999; Гран-пры, 2002). Летась, пасля доўгага перапынку, аформіў кнігу фэнтэзі беларускага аўтара Валянціна Маслякова, якая зараз рыхтуецца да друку. У шасцітомніку, аб’яднаным агульнай вокладкай, усе ілюстрацыі зроблены на камп’ютэры. Гэта яшчэ адна грань таленту Рамана Сустава, які ў 2004 — 2006 гадах распрацоўваў камп’ютэрныя гульні.      

 /i/content/pi/mast/15/300/17-2.jpg
 Сон дракона. Акварэль. 2004.

Кожны мастак улічвае і ўключае ў творчы працэс спецыфіку сваіх узаемаадносін з навакольным светам, які ён перайначвае з дапамогай уласнага пачуццёвага ўспрымання. І тут мастацкі вобраз не проста інструмент для капіравання аб’ектаў, а спосаб кадзіравання сваіх перажыванняў. Графіка — гэта мастацтва асабістага бачання, і такое бачанне ў вышэйшай ступені ўласцівае Раману Суставу.

Кацярына кенігсберг