Хто ён, перадавік сучаснасці?

№ 6 (279) 01.06.2006 - 01.01.2005 г

Што ёсць прадмет мастацтва? Сам чалавек, яго перажыванні, светаадчуванне. Гэта аксіёма выяўленчага мастацтва, якая не залежыць ад таго, ці прысутнічае на палатне альбо ў графічным лісце непасрэдна сама выява чалавека.

У.Тоўсцік. Мелодыя ночы. Алей. 2006. 
У.Тоўсцік. Мелодыя ночы. Алей. 2006.

ШТО ЁСЦЬ ПРАДМЕТ МАСТАЦТВА? Сам чалавек, яго перажыванні, светаадчуванне. Гэта аксіёма выяўленчага мастацтва, якая не залежыць ад таго, ці прысутнічае на палатне альбо ў графічным лісце непасрэдна сама выява чалавека. Чалавек — гэта і тэма, і змест мастацтва. Нават калі гаворка ідзе пра пейзаж, нацюрморт, дзе абавязкова адчуваюцца эмацыянальныя імпульсы і думкі аўтара-стваральніка. Чалавечымі эмоцыямі насычаны і творы абстрактнага характару. Праўда, беларускае мастацтва грунтуецца пераважна на рэальнай аснове, школа авангарду адсутнічае з пэўных гістарычных прычын. Асноўная тэндэнцыя нашага мастацтва — фігуратыўная, нягледзячы на тое, што паспяхова працуе шэраг творцаў, якія спавядаюць абстрактны накірунак.

Іншая справа, што выяўленчае мастацтва, як і пісьменства, мае свой алфавіт. Літара — гэта знак, які абазначае нейкі гук і з’яўляецца складнікам слова. Ёсць такія «літары» і ў мастацтве — гэта пляма, рытм, лінія, спалучэнне колераў, святла і ценю... Калі ў фігуратыўным творы парушана мастацкая грамата, праца не выбудоўваецца па кампазіцыі, рытме, колеры, гуку. Абстрактны твор пры адсутнасці мастацкай мовы таксама аказваецца няўдалым. Гэтак жа і ў музыцы: ёсць «папсовыя» мелодыі, ёсць класічныя, але і тое, і тое — музыка, якая складаецца з сямі нот. Таму, на мой погляд, памылка, калі мастацтва пачынаюць ацэньваць толькі па ранжыры сюжэта, без візуальнай граматы.

Чалавек, як важкая частка мастацкага твора, можа займаць у ім розныя месцы. У партрэце чалавек — галоўная дзейная асоба, на якой сканцэнтравана ўся ўвага; у сюжэтна-гістарычнай ці тэматычнай кампазіцыі — састаўная частка, што становіцца грунтам для розных мастацкіх асацыяцый. Што такое кампазіцыя? Гэта і размяшчэнне прадметаў і рэчаў у пэўным парадку, з вылучэннем ці адсоўваннем на другі план. Калі на тэатральную сцэну выходзяць семнаццаць акцёраў і ўсе яны аднолькава асветлены, гэта ўжо не кампазіцыя. Гэта яе адсутнасць. Калі акцэнт ставіцца на галоўным героі святлом, гукам, дэкарацыяй, калі ёсць асноўны і падначалены элемент, гэта закон мастацтва. У музыцы гэта асноўная мелодыя і акампанемент. У выяўленчым шэрагу гэта герой і стафаж. Калі не звяртаць увагі на гэтыя прынцыпы, атрымліваецца проста бухгалтарская ведамасць з пералікам дзейных асоб, а не выбудоўванне канструкцыі, канцэпцыі на аснове таго што бачыш і разумееш.

Бывае, пытаюцца, ці малюе сённяшні творца свайго сучасніка і хто ён, гэты сучаснік. Мастак не можа не маляваць чалавека, які жыве ў адзін час з ім. Некалі ў савецкія часы быў папулярны вобраз перадавіка эпохі сацыялізму, але быў некалі і «перадавік» эпохі Адраджэння. Згадаю класічны сюжэт «Пакланенне вешчуноў». На карціне Бенаца Гацолі праз выбудаваную мастаком уяўную сцэну рухаюцца вешчуны, само дзеянне — нараджэнне Хрыста — не паказана. Затое намаляваны вобразы сучаснікаў аўтара, іх пазнавальныя партрэтныя выявы. Мастак біблейскі сюжэт трактаваў з гледзішча сваёй эпохі. Для мяне сучаснікі — тое кола людзей, з якімі я сябрую, якія заўжды побач, калегі, сям’я, знаёмцы. Чалавек жыве ў сваім часе, і тыя, з кім ён мае кантакты і зносіны, ёсць яго сучаснікі. Нельга жыць у свеце і быць ад яго вольным, нават калі мастак піша гістарычны сюжэт, ён усё роўна грунтуецца на выяўленні вобразаў сучаснікаў.

Безумоўна, творца заўжды фіксуе свой час. Гэта бачна асабліва яскрава, калі мастак намацвае нерв адчування сённяшняй гісторыі ў сённяшнім дні альбо трактуе гістарычны сюжэт. «Апошні дзень Пампеі» Карл Брулоў пісаў у першай палове ХІХ ст., пісаў антыку, убачаную вачамі чалавека свайго часу. Семірадскі распрацоўваў падобны сюжэт ужо ў канцы ХІХ ст. Гэта таксама антычнасць, але з іншымі акцэнтамі, бо яна пераасэнсавана чалавекам іншай эпохі. Гэта непазбежна, таму што гісторыя такая ж непрадказальная, як і будучыня.

Сёння мы жывем у свеце, насычаным інфармацыяй, камп’ютэрнымі тэхналогіямі і кліпавым бачаннем. Усё гэта накладвае адбітак на погляды маладога пакалення мастакоў. Сучасныя тэхналогіі зацягваюць моладзь у іншы свет, у іншыя вымярэнні, адказваюць новыя тэмы і аб’екты мастацкага даследавання. Сёння заходнія мастакі амаль не пішуць карцін, займаюцца інсталяцыямі, відэа-артам і г.д. Выяўленчае мастацтва відавочна раздзяляецца, разгаліноўваецца. Але, магчыма, наступіць той момант, калі гэтыя разгалінаванні нехта сцэментуе ў адно і адбудзецца новая з’ява новага мастацтва. Але і ў ёй, думаю, на першым месцы будзе чалавек, няхай не ў ролі асноўнага героя твора, але перададзены праз уласныя аўтарскія эмоцыі і перажыванні. Сусветнае мастацтва развіваецца па прынцыпе: калі моцна надакучыць адно, адбываецца рэзкі паварот да іншага. Пры адмове ад фігуратыўнасці, візуальнасці актуалізуецца прыхільнасць грамадства да вопытаў Густава Клімта і Альфонса Мухі. Але хто можа з упэўненасцю сцвярджаць, што праз сто гадоў грамадства не звернецца да творчай спадчыны Эль Грэка і класічнай пазнавальнай і прыгожай выявы чалавечай асобы?

УЛАДЗІМІР ТОЎСЦІК