У ЛЮСТЭРКУ МІФА

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Скончыўшы мастацкі факультэт Акадэміі, Таццяна Сіплевіч вярнулася працаваць на кафедру графікі. Сёння яна сама выкладае студэнтам — працу ў матэрыяле, жывапіс, кампазіцыю і экслібрыс.

 /i/content/pi/mast/15/299/16-1.jpg
  Новае жыццё старога дома. Літаграфія. 2007.
Дыпломная работа Таццяны Сіплевіч мела назву «Год. Рытуал. Міф». Згарманізаваная і стрыманая па каларыце, яна — пра лад жыцця нашых продкаў, пра іх уяўленні і вераванні. А яшчэ пра тое, як успрымае гэты свет сучасны чалавек. Гэтыя тэмы — міфа, рытуалу — застаюцца сярод асноўных у яе творчасці, але перажываюць істотныя трансфармацыі. У ранніх яе работах асновай вобразнага строю аркушаў з’яўляюцца старажытныя сімвалы і знакі. Паступова яе графіка становіцца больш вольнай, як напрыклад, «Міфічны краявід» — свайго кшталту свабодная гульня асацыяцый. У гэтую графічную плоскасць пранікае імаверны свет камп’ютэрных вобразаў. Са складаных мастакоўскіх разваг, перажыванняў і сувязей ідэй паўстаюць новыя знакі, знакі яе ўласнай прасторы. Увогуле, у гэтых графічных аркушах сумяшчальнае ўсё, тут архаічны светапогляд і віртуальная рэчаіснасць, прапушчаныя праз мастакоўскую інтэрпрэтацыю, набываюць нечаканыя кропкі перасячэння. «Мне нецікава паказваць некалі ўжо бачанае, — кажа Таццяна, — я адкрываю, прыдумваю тое, што ўбачыць немагчыма. Напрыклад, як можна перадаць паняцце “золка”? Як яго ўвасобіць — не ранішні краявід, а — непасрэдна сам сэнс гэтага слова? Ці “Ладдзя роспачы”. Чаму яна павінна мець форму карабля? Кожны чалавек разумее гэты сімвал па-свойму». Жаночыя постаці ў яе работах могуць быць неаддзельнымі ад дрэў, дэталі ландшафту далёка адыходзяць ад сваіх рэальных аналагаў, выбудоўваюцца ў складаныя структуры паводле ўласнай логікі. Увогуле, гэты баланс паміж знакам і асацыяцыяй, ці, шырэй, паміж думкай і інтуіцыяй, — самая загадкавая і тонкая частка вобразнага ладу яе работ, менавіта ён стварае іх энергетычна напружаную аўру.

Важкую ролю ў творчасці Таццяны Сіплевіч іграе эксперымент. Мастачка працуе ў традыцыйных графічных тэхніках, але захапляецца і новымі — напрыклад, фотапалімерам, валодае камп’ютэрнымі праграмамі і збіраецца працягваць пошукі, спалучаючы класічныя і сучасныя тэхналогіі. Насамрэч мяжа паміж віртуальным светам экраннай выявы і вобразамі міфалагічнай свядомасці пранікальная, тут ёсць моманты судакранання. Прынамсі, гэта вельмі выразна адчуваеш, разглядаючы апошнія творы Таццяны Сіплевіч. Міф, які ўтрымлівае ў сабе такі магутны мастацкі патэнцыял, — таксама своеасаблівы віртуальны свет. Нечаканыя эфекты сумяшчэння розных тэхнік, гульня фактур і тонавых градацый, тонкія нюансы колеру — такія рэчы здольныя ацаніць не толькі знаўцы; гарманічная стрыманасць яе твораў, адметная логіка развіцця вобразаў змушаюць засяроджана ўглядацца і спрабаваць зразумець сутнасць увасобленага і адкрытага мастаком. Таццяна Сіплевіч працуе і ў малых формах графікі, дзе нюансы стварэння вобразна яшчэ больш складаныя, а мастакоўскія адкрыцці — тонкія, амаль няўлоўныя.

/i/content/pi/mast/15/299/16-2.jpg 
 Міфічны краявід. Каляровая літаграфія. 1997.
2007-ы — год нараджэння серыі «Новае жыццё старога дома». Знаёмыя мастачцы з дзяцінства, але функцыянальна ўжо непатрэбныя рэчы з вясковай хаты становяцца сімваламі, пазначаюць прастору, якая знікае і пераствараецца наноў. Апусцелы дом дзядоў працягвае сваё жыццё ў свядомасці, становіцца духоўным прыстанкам і апірышчам. А стары, ужо неўжывальны сякач — формай, праз якую можна растлумачыць сусвет. Асабістая інфармацыя, уласныя адносіны і перажыванні кадзіруюцца праз гэтыя прадметы побыту, дэталі архітэктуры, праз фактурны малюнак страхі напаўразбуранага хлява, праз чорны прастакутнік увахода...

Вобразны свет Таццяны Сіплевіч глыбокі, шматстайны і складаны. Але тыя веды, якія мастачка атрымала на кафедры графікі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дазваляюць ёй упэўнена ісці няпростым шляхам адкрыццяў.

Алеся БЕЛЯВЕЦ