КРЭСКІ НА АРКУШЫ ЧАСУ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Вытокі беларускай графікі — у старажытных рукапісных кнігах і першадруках. Фарміраванне ж сучаснай школы пачалося ў 1960-я гады і непасрэдна звязана з адкрыццём адпаведнага аддзялення ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (першы выпуск адбыўся ў 1959 годзе). Гэта дало магутны штуршок развіццю сучаснай нацыянальнай школы графікі.

Арганізатарам і кіраўніком (да 1957 года) графічнага аддзялення і эстампнай майстэрні быў Сямён Герус, які пасля заканчэння Вільнюскага мастацкага інстытута быў запрошаны на пасаду выкладчыка навастворанага мастацкага факультэта. Безумоўна, Герус значна паўплываў на развіццё гэтага віду мастацтва ў рэспубліцы. Як і таленавітыя мастакі, што вярнуліся на радзіму пасля заканчэння інстытутаў у Вільнюсе (Алена Лось), Кіеве (Міхаіл Бельскі), Ленінградзе (Алеся Паслядовіч). Менавіта ў гэты перыяд пачынаецца станаўленне сучаснай школы беларускага эстампа, далейшае развіццё якога будзе непасрэдна звязана з кафедрай графікі і педагагічнай дзейнасцю Васіля Шаранговіча, Уладзіміра Савіча і іншых выкладчыкаў. Сёння важна вызначыць характэрныя тэндэнцыі гэтага шляху, паступовую змену эстэтычных прыярытэтаў. Так, ілюстратыўна-канстатуючую графіку 1950-х гадоў змяняюць эмацыянальна-выразныя творы 1960-х. Аскетычнасць светаўспрымання, лаканізм выяўленчых сродкаў ураўнаважваюцца тонкім пранікненнем ва ўнутраны свет героя, вобразы напаўняюцца лірычнасцю гучання.

Актыўнаму развіццю станковай графікі паспрыяла адкрыццё ў 1961 годзе эстампнай друкарні пры Мастацкім фондзе. Спачатку адбываецца ўздым лінарыту, потым увага мастакоў засяроджваецца на літаграфіі і крыху пазней — на афорце.

У 1960-я гады графіка перажывае перыяд свайго станаўлення, кшталтавання самабытных рыс. У пэўнай ступені на яе ўплывае літоўскі эстамп. Услед за суседзямі нашы графікі звяртаюцца да народнай культуры, да творчага яе пераасэнсавання. Тры жанчыны — Алеся Паслядовiч, Алена Лось i Наталля Паплаўская сфармавалі цэлую плынь, у аснове эстэтыкі якой — па-новаму зразуметыя этнічная спецыфіка, этнаграфічная спадчына. Неўзабаве да iх далучылiся Георгій Паплаўскi, Арлен Кашкурэвiч, Васіль Шаранговiч, крыху пазней — Уладзімір Савiч, Мікола Селяшчук, Валерый Славук i яшчэ дзесяткi выпускнiкоў тэатральна-мастацкага iнстытута. У 1970-я гады ў графіку прыходзіць новае пакаленне. Прыхільнасць да нацыянальнай мастацкай традыцыі, цікавасць да беларускай літаратуры становяцца яго характэрнымі рысамі. Ілюстраванне вершаў, раманаў, апавяданняў, асабліва ў пачатку 1970-х, было адной з нешматлікіх магчымасцей асэнсавання нацыянальнай тэмы без абвінавачання ў нацыяналізме. Паступова з’явілася вялікая колькасць станковых серый і цыклаў, натхнёных кнігамі айчынных пісьменнікаў. Для многіх творцаў шлях да гісторыі свайго народа ляжаў праз літаратуру.

Сучаснае мастацкае жыццё вызначаецца сінкрэтычнасцю. Для сённяшняй графікі характэрны рознастылёвасць, адначасовае ўжыванне класічных і наватарскіх графічных прыёмаў — часам немагчыма даць гэтаму жанру ўстойлівае вызначэнне, якое б ахапіла ўсе яго рысы. Можна вылучыць цэлы шэраг твораў, у якіх канкрэтны вобраз, уласцівы традыцыйнай графіцы, аўтары замяняюць знакавымі формамі. Гэта могуць быць розныя фактурныя паверхні (работы Уладзіміра Савіча, Ігара Баранава) або ярка выяўлены сімвалічны змест (Уладзімір Вішнеўскі, Таццяна Радзівілка, Таццяна Сіплевіч, Канстанцін Селіханаў). Мастак не дае разгадкі, уяўленне і думка гледача працуюць тут самастойна. Спалучэнне нерэальнага і празаічна-звычнага характэрна для твораў Паўла Татарнікава. Мастак арганічна спалучае акадэмічную выштукаванасць з умоўна-дэкаратыўным характарам графічнай паверхні, дакументальнасць выяўлення з вольным палётам фантазіі. Сінтэз распрацаванай формы з элементамі ўмоўнасці характэрны і для графічных аркушаў Яўгеніі Ліс. Уяўленні графіка пра сутнасць часу ўвасабляюцца ў насычаных метафарамі і сімваламі вобразах. Пад уплывам народнай творчасці мастак злучае ў адно цэлае рацыянальную выверанасць кампазіцыйнай структуры са спантаннай манерай фарміравання графічнай паверхні.

Сённяшняя мастацкая панарама страціла сваю былую жанравую аднамернасць, аднак і для ўспрымання, і для аналізу сучаснай графікі не абысціся без адпаведных мадэляў. Гістарычны, батальны, міфалагічны жанры, пейзаж, партрэт знаходзяць сваё адлюстраванне ў творчасці Арлена Кашкурэвіча, Міхася Басалыгі, Андрэя Басалыгі і многіх іншых мастакоў.

Колер стаў адным з асноўных сродкаў мастацкай выразнасці (асабліва ў творах Паўла Татарнікава, Вольгi Нiкiшынай, Юрыя Алiсевiча, Тамары Шэлест, Алены Шычко, Ганны Цiханавай) — прычым не толькі ў шматколерных адбітках. Трэба заўважыць, што сёння практычна не з’яўляецца чорна-белых работ.

Прынцыпы народнай творчасці становяцца асновай вобразнай сістэмы літаграфій Алены Нядзелькі. Традыцыі фальклору ўтрымліваюць у сабе магутны патэнцыял, рытміка-пластычныя дэкаратыўныя асновы архаічных форм, шчырасць і непасрэднасць светаўспрымання даюць магчымасць наблізіцца да новых мастацкіх абагульненняў і ўрэшце дапамагаюць творцам выяўляць своеасаблівасць сённяшняй рэчаіснасці.

На вельмі высокім тэхнічным узроўні знаходзіцца сучасны эстамп. Яго развіццё не прыпыняецца, нягледзячы на тое, што многія мастакі ўсе радзей звяртаюцца да друкаванай графікі, часцей ужываючы змешаную тэхніку. Нашы графікі ўдзельнічаюць — і перамагаюць — у шматлікіх міжнародных конкурсах. Вялікая ўвага надаецца якасці друку. Колер і фактура паверхні паперы, тып фарбы, нават край аркуша — прадметы пільнай цікавасці гравёраў і друкароў. Таксама разнастайнымі становяцца памеры і геаметрычныя формы саміх літаграфскіх камянёў, з якіх робяцца адбіткі. Выдатным прыкладам гэтай тэндэнцыі з’яўляецца серыя «Вежы і масты» (2001) Паўла Татарнікава. Мастакі пачынаюць шырока карыстацца разнастайнымі тэхнічнымі сродкамі. Так, пры каляровым друку ўжываецца розная зярністасць паверхні камянёў (дробны, сярэдні, буйны карашок) у адной працы, розныя магчымасці друкарскіх станкоў. Зрэдку мастакі друкуюць свае творы самастойна, але гэта вельмі складаны працэс, што патрабуе спецыяльных ведаў, вопыту і абсталявання. Большая частка адбіткаў выканана Дзмітрыем Малатковым, які працуе ў Творчых эстампных майстэрнях пры Саюзе мастакоў Беларусі. Пацвярджэннем высокага прафесійнага ўзроўню яго работы з’яўляецца паспяховы ўдзел нашых графікаў у міжнародных выстаўках і конкурсах, дзе да якасці друку прад’яўляюцца вельмі сур’ёзныя патрабаванні.

Роля, якую адыгрываюць у беларускім мастацтве кафедра графікі і яе выкладчыкі Уладзімір Савіч, Уладзімір Вішнеўскі, Валерый Славук, Юрый Хілько, Валянціна Сідарава, надзвычай важная. Дзякуючы іх дзейнасці захоўваюцца традыцыі і самабытнасць гэтага віду мастацтва, а галоўнае — адбываецца яго актыўнае развіццё. Творы ўзбагачаюцца новымі знаходкамі ў перадачы сённяшніх рэалій жыцця. Такім чынам фарміраванне нацыянальнай школы ідзе ў рэчышчы пошуку і кшталтавання адметнай пластычнай мовы.

Вольга БАСАЛЫГА