ГРУНТ І ТРАДЫЦЫЯ

№ 2 (311) 01.02.2009 - 28.02.2009 г

Гутарка з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам Рычардам Смольскім

Спецыяльны нумар нашага часопіса прысвечаны мастацкаму факультэту Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Цікавасць да першых крокаў будучых жывапісцаў, графікаў, скульптараў
і манументалістаў невыпадковая. Раней мы ўжо распавядалі аб грунтоўнай падрыхтоўцы ў навучальнай установе акцёраў і рэжысёраў, гаварылі аб выхаванні дызайнераў.
Мастацкі факультэт — самы нешматлікі па колькасці студэнтаў, Але тыя, хто яго скончыў, фарміруюць сёння палітру сучаснага айчыннага мастацтва.

 /i/content/pi/mast/15/296/1-1.jpg

Алеся Скорабагатая. Аўтапартрэт. Папера,
змешаная тэхніка. 2008.

— Выпускнікі факультэта вельмі розныя па сваіх творчых прыярытэтах. Аб’ядноўвае іх вобразнасць выяўленчай мовы, што грунтуецца найперш на класічных відах мастацкай практыкі і вызначаецца любоўю да каларыту, фігуратыўнасці. Тэмы, якія яны закранаюць, паказваюць сутнасць чалавека, яго духоўныя пошукі. І гэта галоўная адметнасць школы, асновы якой закладваюцца ў сценах Акадэміі. Нашы выхаванцы працягваюць традыцыі акадэмічнага майстэрства, але пры гэтым імкнуцца творча пераасэнсоўваць досвед папярэднікаў, больш увагі надаюць пашырэнню вобразнасці твора праз яго знакавасць. З нацыянальнай і гістарычнай тэматыкі вынікаюць сюжэты многіх курсавых і дыпломных работ.Гісторыя мастацкага факультэта, багатая і змястоўная, пачалася ў 1953 годзе. Дагэтуль таленавітая моладзь набывала адукацыю ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве. Адкрыццё ў Мінску вышэйшай навучальнай установы было своечасовым і важным для станаўлення і развіцця айчыннага выяўленчага мастацтва. Ля вытокаў прафесійнай мастацкай адукацыі стаялі знакамітыя майстры Валянцін Волкаў, Аскар Марыкс, Віталь Цвірка, Яўген Чамадураў, Павел Масленікаў, Андрэй Бембель. Сярод колішніх выпускнікоў — 9 народных мастакоў Беларусі, 22 заслужаныя дзеячы мастацтваў. І сёння на факультэце вучыцца лаўрэат Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі Вольга Мельнік. Выдатныя адзнакі атрымліваюць пераможцы Дэльфійскіх гульняў краін — удзельніц СНД у намінацыі «выяўленчае мастацтва» Алеся Скорабагатая і Ганна Конанава.

Уплыў асобы выкладчыка на ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў вельмі вялікі, і гэта датычыцца найперш творчых спецыяльнасцей. Традыцыя вучыцца «ў майстра» мае вельмі даўнія і трывалыя карані. Хто сёння на факультэце перадае свой вопыт будучым мастакам?

— Безумоўна, студэнту важна абапірацца на досвед настаўніка, які ўжо адбыўся як яркі, неардынарны прафесійны творца. І менавіта мастацкі факультэт найбольш багаты на вядомых асоб, сярод якіх ёсць народныя мастакі, заслужаныя дзеячы мастацтваў, лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі, прафесары. Дэкан факультэта Уладзімір Уродніч мае вялікі вопыт кіравання, набыты ў апараце Міністэрства культуры. Кафедру графікі да нядаўняга часу ўзначальваў Уладзімір Савіч, які год таму быў абраны старшынёй Саюза мастакоў. Яго пераемнікам стаў Юрый Хілько. Самая тытулаваная — кафедра жывапісу. Ёю загадвае народны мастак Май Данцыг, тэатральна-дэкарацыйны жывапіс выкладае народны мастак Барыс Герлаван. У 2008 годзе быў набраны першы курс будучых мастакоў кіно, падрыхтоўкай якіх займаецца Дзмітрый Мохаў. Аўтарытэтнай з’яўляецца і кафедра манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, на чале якой стаіць Уладзімір Зінкевіч. Дарэчы, тут з мінулага года пачалі рыхтаваць рэстаўратараў, недахоп якіх пакуль адчуваецца вельмі востра ва ўсіх мастацкіх музеях Беларусі. Паспяхова кіруе кафедрай скульптуры Уладзімір Слабодчыкаў. Кафедру малюнка, якая з’яўляецца адной з найбольш важных для станаўлення класічнай акадэмічнай школы, узначальвае Уладзімір Тоўсцік. На факультэце выкладаюць многія вядомыя мастакі — Валерый Славук, Уладзімір Вішнеўскі, Анатоль Арцімовіч, Аляксандр Дранец, Мікалай Кірэеў, Віталь Герасімаў, Віктар Альшэўскі, Аляксандр Ксяндзоў, Аляксандр Фінскі… Выкладчыкі факультэта — аўтарытэтныя асобы, актыўныя майстры, якія шмат і паспяхова выстаўляюцца ў нас і за мяжой.

Досыць доўга мастацкі факультэт быў — праз адзіныя праграмы — вельмі шчыльна звязаны з расійскімі навучальнымі ўстановамі такога ж накірунку. Сёння беларуская Акадэмія супрацоўнічае і з заходнееўрапейскімі мастацкімі школамі. Як змяняе гэта светаўспрыманне, стылістыку работ вашых студэнтаў?

— Быў час, калі мы актыўна абменьваліся вопытам з расійскімі мастацкімі інстытутамі, пасылалі студэнтаў на практыку ў Маскву і Ленінград, праводзілі сумесныя выставы лепшых дыпломных работ, працавалі па аднолькавых праграмах. Аднак паступова нашы выпускнікі сталі вылучацца адметнай пластыкай, стылістыкай твораў, што вынікала з гісторыі, традыцый краіны, ментальнасці народа. Фарміравалася арыгінальная мастацкая школа з вобразнай выяўленчай мовай, з імкненнем да даследчыцкага засваення, інтэлектуальнага спазнання жыцця. У яе аснове — філасофскае, аналітычнае асэнсаванне рэчаіснасці, стварэнне абагульненай і сімвалічнай карціны. У пачатку 1990-х мы разам з Мюнстэрскай і Варшаўскай акадэміямі мастацтваў, Сент-Эцьенскай вышэйшай школай дызайну пачалі праводзіць сумесныя акцыі, абменныя выставы. Гэта выдатная магчымасць супаставіць погляды на шляхі развіцця творчасці, паказаць нашым студэнтам, што выяўленчае мастацтва — разнастайнае, шматпалярнае. Але кожная з’ява мае і свае негатыўныя бакі. Жорсткая рыначная канкурэнцыя, наступ мас-культуры не лепшым чынам адбіваюцца на эстэтычным светаўспрыманні маладых творцаў. І ў сценах Акадэміі выкладчыкі часам выяўляюць небяспечныя тэндэнцыі, з трывогай заўважаюць, што студэнты цураюцца вялікіх тэматычных сюжэтных палотнаў, аддаючы перавагу тым жанрам, якія лёгка прадаюцца і падабаюцца публіцы. Тым не менш, я аптымістычна ацэньваю сітуацыю, бо дзяржава падтрымлівае выяўленчае мастацтва, закупляючы змястоўныя, глыбокія, цікавыя па тэматыцы, а не проста яркія па форме творы.

Адукацыя на факультэце мае акадэмічны характар: у праграме навучання шмат гадзін адведзена вучэбным пастаноўкам, малюнку натуры. Аднак схавацца ад сучасных тэндэнцый немагчыма, многія студэнты ў самастойных работах фармалізуюць кампазіцыю, сумяшчаюць розныя пластычныя прыёмы, запазычанні і рэмінісцэнцыі…

— Акадэмія не можа акружыць сябе нейкай штучнай сцяной. Але школа заўжды з’яўляецца кансерватыўнай. Задача навучальнай установы — выхаваць сапраўднага прафесіянала, здольнага зрабіць дасканалы па кампазіцыі, колеру твор. А ўжо якім шляхам пойдзе яго далейшае развіццё — справа самой асобы.

Які лёс выпускнікоў мастацкага факультэта?

— Раней выпускнікоў факультэта мы накіроўвалі ў Саюз мастакоў, аднак такое размеркаванне было ўмоўным, бо не давала маладым творцам магчымасці атрымаць неабходныя сацыяльныя гарантыі і належны заробак. Вырашыць гэтую праблему дапамаглі Аляксандр Косінец, які на той час быў віцэ-прэм’ерам краіны, і міністр культуры Уладзімір Матвейчук. У дыпломах, якія атрымліваюць выпускнікі, акрамя прафесіі «мастак», стала пазначацца новая кваліфікацыя — «выкладчык выяўленчых мастацтваў». Адпаведныя змены былі ўнесены ў адукацыйныя планы і стандарты. Мы адваявалі праграму шасцігадовага навучання. І вось вынік: у 2008 годзе на 19 выпускнікоў мы мелі 40 заявак ад абласных упраўленняў культуры з прапановамі выкладаць у мастацкіх вучылішчах і спецыялізаваных школах. Пяць лепшых дыпломнікаў па дамове з Саюзам мастакоў накіравалі на працу ў Мінскі мастацка-вытворчы камбінат. Ёсць таксама магчымасць працягнуць навучанне ў майстэрнях, якімі кіруе народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі. Заўважу, што Беларусь — адзіная на ўсёй постсавецкай прасторы краіна, якая турбуецца аб далейшым лёсе маладых мастакоў. Для сацыяльнага статуса, актыўнай творчасці выпускніка вельмі важна, каб ён адчуваў сваю запатрабаванасць і ўвагу з боку дзяржавы.

 /i/content/pi/mast/15/296/1-2.jpg
 Ганна Балуха. Праект помніка Уршулі Радзівіл. 2008. Дыпломная работа.
Абароны дыпломаў засведчылі, што многія з прадстаўленых прац маюць вельмі высокі прафесійны ўзровень. Аднак у адрозненне ад работ мастакоў-станкавістаў, творы манументалістаў і скульптараў патрабуюць увасаблення на аб’ектах. Якія намаганні прыкладвае Акадэмія для вырашэння гэтай праблемы?

— Апошнія гады большасць маладых манументалістаў робяць роспісы, мазаікі ў бальніцах, грамадскіх установах, а таксама ў новым будынку студэнцкага інтэрната. Шырокае поле дзейнасці маюць і скульптары. Мы спадзяемся, што помнік Уршулі Радзівіл, мадэль якога зрабіла мінулагодняя выпускніца Ганна Балуха, у бліжэйшы час будзе адліты і ўстаноўлены ў Нясвіжы. У гэтым актыўна спрыяе губернатар Мінскай вобласці Леанід Крупец. Мы будзем аздабляць дыпломнымі работамі і наш акадэмічны дворык. Адкрыта новая мастацкая галерэя, дзе студэнты разам з выкладчыкамі маюць магчымасць паказваць вучэбныя і самастойныя работы, прэзентаваць узровень набытага ў сценах установы майстэрства. Грунтуючыся на класічных традыцыях, мастацкі факультэт адчувае павевы часу і адгукаецца на іх, рыхтуе запатрабаваных у грамадстве спецыялістаў і адначасова цікавых творцаў.

Наталля ШАРАНГОВІЧ