НАКАНАВАНАЕ ЛЁСАМ

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

Народны мастак Беларусі, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Васіль Шаранговіч сваё 70-годдзе адзначыў персанальнай выставай у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

Прадстаўленыя ў экспазіцыі графічныя лісты, акварэлі, малюнкі майстра розных гадоў стварэння пранізвае любоў — шчымлівая ў адносінах да вяскоўцаў, чыё штодзённае існаванне напоўнена цяжкой працай і жыватворным гумарам; ганарлівая, калі гаворка ідзе аб ідэалах, памкненнях, узнёслым і трагічным жыцці змагароў і асветнікаў нашай зямлі. Прывабліваюць у ягоных работах адчуванне моцнага, жыццесцвярджальнага творчага духу беларусаў, а яшчэ — уменне ў паўсядзённым убачыць хараство і заўсёдная святочная вера ў новы, лепшы дзень.
Прапануем чытачу некалькі ўрыўкаў з успамінаў мастака аб пачатку яго творчага шляху.

Чалавечае жыццё — як адкрытая кніга, што прачытанай да канца ніколі не бывае. Нараджэнне чалавека абяцае яму доўгае плаванне па невядомым акіяне, дзе яго будуць падсцерагаць шчасце і гора, удачы і падзенні, трагедыі і камедыі, захапленні і расчараванні, крутыя віражы і ціхія завадзі, ды і многае іншае, што давядзецца спазнаць і перажыць. Часу ж прыплыцця ў канцавую гавань ніхто ніколі не ведаў, і гэта правільна. Бо калі б чалавек ведаў наперад свой лёс, то можа некаму і не захацелася б ісці тым шляхам, які яму наканаваны.

Калі ў мяне пытаюцца, як я пачаў маляваць, адказваю, што ў гады вайны (напэўна, у канцы 1943-га ці ў пачатку 1944-га) партызан падарыў мне аловак з зялёным грыфелем. Я наогул аловак тады ўбачыў упершыню. Мне паказалі, як ён піша і як трэба яго нажом вастрыць.

Паперы, вядома, не было, дый адкуль ёй быць. Але ў сенцах стаяла шафа, зробленая бацькам яшчэ за польскім часам. Шафа драўляная, філянговая, як у нас гаварылі. Звонку яна была пакрытая чырванавата-карычневай фарбай, а дзверцы ўнутры — чыстыя, светлага колеру габляванага дрэва. Мне падалося гэта прыдатным матэрыялам для малявання. І вось, калі дома ні бацькоў, ні дзеда з бабкай не было, я размаляваў гэтыя дзверцы шафы. Прычым не проста нешта накрэмзаў, а па дзіцячых паняццях увасобіў голых мужыкоў, якіх бачыў у нашай лазні. Дзверцы зачыніў, але праз нейкі час маё «майстэрства» выявілася, і я атрымаў такую лупцоўку, што надоўга расхацелася займацца гэтай справай.

У годзе 1948-м, калі я быў у трэцім класе, бацька прывёз з Мядзела каробачку каляровых алоўкаў (іх там было 6 штук) і трохі паперы. Праўда, у школе нам к гэтаму часу ўжо выдавалі сшыткі, але яны былі або ў клетку, або ў косую лінейку. А тут папера зусім чыстая. Дарэчы, трапяткія адносіны да белай паперы, якая дагэтуль выклікае ў мяне асаблівае пачуццё, узніклі ў маёй душы менавіта тады.

Мама знайшла вольную хвіліну і намалявала карцінку. Я яе запомніў на ўсё жыццё: пянёк, на ім сядзіць птушка, побач елачка, унізе розныя кветкі і грыбкі. Я быў так уражаны, што мне захацелася таксама навучыцца маляваць, але думалася, што гэтак прыгожа ў мяне ніколі не атрымаецца. З тых пянёчка і птушачкі, якіх дасюль успамінаю са шчымлівай настальгіяй, маё паўсядзённае існаванне пайшло ў зусім іншым накірунку.

Мама асабліва любіла маляваць кветкі і птушак, з жывёл — зайчыкаў і вавёрак. Я імкнуўся паўтарыць. Не выходзіла, я плакаў, злаваўся. Мама супакойвала, зноў паказвала, нават маёй рукой вадзіла. І я ўпарта зноў і зноў рабіў спробы (відаць, настойлівасць у мяне была ўжо змалку). Маляванне захапіла мяне. Але самы вялікі паварот у маёй свядомасці адбыўся крыху пазней.

У нашай вёсцы жылі дырэктар Занеўскай школы Іван Берняковіч і яго жонка Валянціна — таксама настаўніца. Раптам у хаце Берняковічаў на сценах з’явіліся дзве карціны самадзейнага праезджага мастака. Напісаны яны былі на суравым палатне, вялікія па памеры, без рам, накшталт паласаў або дываноў. На адной была выява замка з жар-птушкамі, а другую я запомніў, бо яна мне вельмі спадабалася. То былі «Паляўнічыя на прывале» паводле Пярова. Мне гэтая работа здалася цудам: так зрабіць, такі сюжэт намаляваць, думалася мне, мог толькі незвычайны мастак. Можна ўявіць сабе сёння, якой вартасці была тая копія! Але ўсё ўспрымаецца адпаведна нашым ведам і паняццям.

Калі я быў ужо ў шостым класе, бацька (хоць ён, шчыра кажучы, не надта ўхваляў маё захапленне) сказаў мне аднойчы, што бачыў у мядзельскай чайной дзве вялікія карціны мясцовага мастака. Было гэта якраз зімою, і я наважыўся пайсці ў наш райцэнтр, каб паглядзець тыя карціны. Ведаючы, што з дому проста так не адпусцяць, я ў нядзелю ціхенька выйшаў з хаты, мінуў амшару, а далей праз Зані, Юдкі, Навасёлкі лесам патупаў у Мядзел. Дарогу ведаў, бо ўлетку хадзіў туды на піянерскі злёт. Ішоў 13 кіламетраў. Але цяпер усё занесена, трэба мясіць снежную цаліну, бо не часта зімою хто-небудзь ездзіў у той Мядзел. Тым не менш — дайшоў. Знаходжу чайную, адчыняю дзверы і тут жа бачу карціну: на палатне намаляваны тры асілкі на конях. Толькі потым з «Огонька» я даведаўся, што гэта копія з карціны Васняцова «Тры волаты». Я быў упэўнены, што мне такога ніколі не зрабіць. Побач вісеў нацюрморт з усялякай, дзіўнай для мяне, садавіной і кветкамі, што здаліся жывымі, так дэталёва яны былі выпісаны (гэта была копія з твора Хруцкага). Я доўга не мог адарвацца ад карцін. Наведвальнікі чайной са здзіўленнем глядзелі на аслупянелага хлопца, а начальніца ці, можа, афіцыянтка наогул папрасіла мяне пакінуць памяшканне — я ж нічога не купляў, а толькі людзям замінаў.

З чайной я сумна паплёўся дахаты. Зімні дзень кароткі, пачало змяркацца. Зноў трэба будзе мясіць гурбы снегу, добра хоць мае сляды засталіся. Хутка зусім сцямнела. Абапал дарогі змрочны лес. Я адзін, наўкол маўклівыя дрэвы, фантастычна-таямнічыя кусты з вусцішнымі сілуэтамі на фоне белага, як пух, снегу. Страшна: каб жа ваўкі не напалі! А ў душы не знікае надзвычайнае ўражанне ад убачанага сёння. І так маркотна, што ніколі я не здолею намаляваць хоць нешта падобнае…

Дома я, узлезшы на печ, пасля доўгіх разваг рашыў, што буду працаваць як пчала, каб змагчы намаляваць чалавека, каня, карову так, як гэта было на карцінках, якія бачыў. Тады я не думаў пра нейкую там творчасць — проста хацеў намаляваць каня гэтак жа добра, як бацька ўмеў яго падкаваць.

Маленства скончылася разам з заканчэннем Занеўскай сямігодкі. Наступіў час, калі ўжо трэба рабіць нейкі выбар, думаць аб будучыні. Жыццё было цяжкае, і практычна ўсе вясковыя дзеці пасля заканчэння сямі класаў заставаліся на гаспадарцы. Мае ж бацькі вельмі хацелі, каб я вучыўся далей. Я адзіны з нашай школы і ўсёй акругі пайшоў у восьмы клас. Бацькам для гэтага давялося зняць мне пакойчык у Мядзеле. Трэба было і хоць нешта класці ў торбу штотыдзень. У школе ў асноўным вучыліся самі мядзельчукі і дзеці з навакольных вёсак, якія маглі хадзіць на заняткі з дому. Такіх, як я, з далёкіх вёсак, амаль што не было.

...Памятаю, як неяк на перапынку зайшоў да нас настаўнік — высокі, дужы, з чорнай грывай валасоў (у нашым класе ён не выкладаў). Аб'явіў, што стварае гурток па маляванні і ахвотныя могуць запісацца. З нашага 8-га «Б» запісаўся толькі я.

На першыя заняткі з усёй школы сабралося чалавек дваццаць. Настаўнік, Генадзь Астроўскі, паставіў пасярэдзіне пакоя гліняны жбан, і мы, пасеўшы вакол, пачалі маляваць. Раней я ў асноўным капіраваў рэпрадукцыі або сам нешта прыдумваў — усур’ёз з натуры не маляваў ніколі, ды яшчэ графітным алоўкам. Я так «вырабіў» форму, што жбан, здавалася, аж звінеў. Мне гэтак тады падалося, ды і настаўнік пахваліў.

На наступныя заняткі не прыйшло і трэці вучняў, а неўзабаве застаўся я адзін. У мяне ж з'явіўся такі новы запал да малявання, што ўжо ні аб чым іншым і думаць не мог.

...Заканчваўся 1953-54 навучальны год. Астроўскі стаў настройваць мяне на паступленне ў Мінскае мастацкае вучылішча, маўляў, я ўжо добра падрыхтаваны і здольны стаць студэнтам. Было страшна: такі вялікі горад! (Да таго я адзін раз трошкі бачыў Маладзечна, якое мяне на доўгія гады ўразіла.) І як я паеду ў Мінск, калі ў бацькоў няма грошай? Пятнаццацігадоваму вясковаму хлапчуку складана адважыцца на такі рызыкоўны крок, акунуцца ў іншы, невядомы свет. Астроўскі сказаў, што паедзе ў Мінск са мной. І, сабраўшы малюнкі, мы першым ранішнім аўтобусам рушылі ў Мінск — з разлікам увечары вярнуцца ў Мядзел.

Апынуўшыся ў Мінску, я, напэўна, выглядаў, як «дзядзька ў Вільні» з «Новай зямлі» Коласа. У нейкага вайскоўца бацька купіў мне сінія галіфэ і зялёны фрэнч навырост, апроч таго, на мне былі вышываная льняная кашуля і нашмальцаваныя дзёгцем боты. Выгляд для сталічнага горада надзвычай экзатычны, але пра тое ніводзін з нас не думаў.

Усё там здавалася дзіўным, шмат што незразумелым: мноства машын, велізарныя дамы, асабліва Оперны тэатр, куды мы ў першую чаргу прыехалі, бо там у той час месцілася Мінскае мастацкае вучылішча. Туды і былі пададзены дакументы. Ад Опернага тэатра падаліся ў Траецкае прадмесце. Абышоўшы старыя завулкі, падняліся на гару і апынуліся на плошчы Свабоды. Менавіта там, у былым бернардзінскім мужчынскім кляштары, знаходзілася тады карцінная галерэя, і гэта была асноўная мэта нашага падарожжа па горадзе.

Мы падыходзілі да палотнаў блізка, амаль утыкаючыся ў іх носам, глядзелі здалёк. Але калі я захацеў дакрануцца пальцам, то ледзьве не атрымаў па руках ад музейнай наглядчыцы.

Пасля галерэі мы накіраваліся ў салон-магазін, які і сёння знаходзіцца на ранейшым месцы. У салоне было шмат карцін мастакоў таго часу, і гэта таксама выклікала нашу вялікую цікавасць, мы доўга іх разглядалі. Генадзь Астроўскі выказаў сваё ўражанне ад убачанага, заявіўшы, што сучасныя мастакі развучыліся пісаць (у галерэі мы бачылі гладкае, дэталёвае пісьмо, а тут каравае, грубае, абагульненае, шматслаёвае). З характэрнымі для яго крытычнасцю і рэзкасцю ён зрабіў выснову, што, напэўна, мастакам не шкада фарбаў — відаць, багатыя на іх.

На гэтым наведанне Мінска скончылася. Білеты былі куплены загадзя, і мы паехалі назад у Мядзел. Пераначаваўшы ў настаўніка, поўны ўражанняў, раніцой я пешшу пашыбаваў у свае Качаны.

І пакуль ішоў, душу агортваў смутак, бо ясна зразумеў, як усё няпроста, як трэба будзе вылузвацца са скуры, каб стаць студэнтам і скіраваць жыццё па новых, яшчэ невядомых мне рэйках.

І вось пачаліся ўступныя экзамены. Першы іспыт — малюнак гіпсавай архітэктурнай разеткі. Я маляваў, як мог, а гэта значыць — гладзенька тушаваў, старанна перадаючы святлацені. У час перапынкаў хадзіў па радах: зала вялікая, і лёгка назіраць, як малююць астатнія. І што ж? Я вельмі акуратна тушую, не дапускаючы ніякіх вольнасцей, а яны ўсе малююць штрыхом! Ды я ніколі і не бачыў такой тэхнікі, і цяпер уважліва вывучаў, як тое робяць іншыя паступаючыя.

Другі малюнак пачаў штрыхаваць, арыентуючыся на гэтых самых «іншых». Здалося, што атрымоўваецца не горш, чым у астатніх. Але раптам у пакой увайшоў дырэктар Іван Краснеўскі з нейкім мажным, з чорнымі вусамі, дзядзькам. Праходзячы, яны прыпыніліся за маёй спінай, і той невядомы мне дзядзька (а гэта быў Альгерд Малішэўскі) сказаў дырэктару: «Во, хлопец сена-салому робіць». Пачуўшы гэтыя словы, я адразу сцяміў, што ў мяне нешта не так выходзіць. Калі яны адышліся, кінуўся глядзець малюнкі іншых прэтэндэнтаў, і мне зноў падалося, што ў мяне атрымліваецца гэтак жа, як і ў іх. Але трывога не пакідала душу...

Я адпачатку чамусьці быў упэўнены, што мяне не прымуць. У рэшце рэшт так яно і выйшла — я атрымаў паведамленне, што не прайшоў па конкурсе.

Калі вы думаеце, што мяне гэта надта засмуціла, дык памыляецеся. Рукі ў мяне не апусціліся. Наадварот, я ўпэўніўся, што змагу паступіць у вучылішча, толькі трэба шмат працаваць. З’явіўся ўнутраны ўздым, і менавіта пасля праваленых экзаменаў у вучылішча я адчуў, што з выбранай жыццёвай дарогі ніколі не збочу: абавязкова стану мастаком. І апантана накінуўся на работу з натуры.

Неяк незаўважна — у турботах, у пастаяннай працы над малюнкамі і акварэльнымі эцюдамі — скончыўся навучальны год, і я зноў падаў дакументы ў Мінскае мастацкае вучылішча. За год я многаму навучыўся, шмат што зразумеў. У выніку экзаменацыйная камісія выставіла мне за ўсе работы «пяцёркі».

...Гэта быў нялёгкі перыяд самасцвярджэння. Нягледзячы на поспехі ў вучобе, камунікабельнасць і бесканфліктнасць, я адчуваў сябе ўсё роўна чалавекам «другога гатунку» — мовай, звычкамі, манерамі па-ранейшаму быў тым самым вясковым мужыком. Але — «Я мужык, а гонар маю»… Гэтыя словы Якуба Коласа я назаўжды захаваў у душы і пранёс праз нягоды і выпрабаванні лёсу.

Жывапіс алеем на другім курсе пачалі з нацюрмортаў. Для аднаго з іх асноўнай драпіроўкай стала маміна чорна-аранжавая посцілка. А падрамнік з палатном я ўзяў памерам па большым боку каля метра. Як папакутаваў я над гэтым нацюрмортам, не маючы аніякага вопыту! Але ніколі не любіў, каб за мяне рабіў нешта хто-небудзь іншы, — толькі сам. Памятаю, Леў Лейтман, убачыўшы мае няўмелыя намаганні, падышоў, узяў пэндзаль і палітру і пачаў пісаць нейкую частку. Калі скончыў і перадаў мне палітру, я ў яго прысутнасці ўзяў мастыхін і моўчкі зняў усё тое, што напісаў выкладчык. Лейтман, нічога не сказаўшы, адышоў. Потым ён яшчэ раз паспрабаваў дапамагчы мне, але я паўтарыў свой дэмарш. Пасля гэтага на працягу двух гадоў, якія выкладаў у нас, ён ні разу не ўзяў у мяне пэндзля, а толькі раіў і падказваў. Зразумеў, што да ўсяго я хачу дайсці сам.

І ў далейшым я ніколі і нікому не дазваляў умешвацца ў сваю працу, ці гэта быў жывапіс, ці малюнак, гравюра або афорт. Але глядзець, як робяць іншыя, вывучаць, калі ў каго-небудзь атрымалася нешта слушнае, і вучыцца ў іх — гэта я любіў.

У 1959-м, пасля заканчэння чацвёртага курса, мы ўпершыню за гады вучобы паехалі сваёй групай на летнюю практыку. Там, у маляўнічых вілейскіх мясцінах, я па-сапраўднаму захапіўся акварэльным жывапісам. Алейныя фарбы і палатно — дэфіцыт, а тут папера, адной каробачкі акварэлі хапала на сотню эцюдаў. І ўвогуле акварэльны жывапіс мне лёг на душу. Калі некаторым студэнтам гэта цяжка давалася, то ў мяне работа акварэллю пайшла лёгка, без аніякіх унутраных намаганняў.

...Хутка надышла вясна, а з ёю і пачатак працы над дыпломам. У многім лёсавызначальнай аказалася для мяне гэтая вясна 1960 года. Эскізы да дыпломнай работы рабіліся з самага пачатку апошняга курса. Я выбраў тэму «Пасля сходу». Наш Занеўскі калгасны клуб. Змяркаецца, у хатах запальваюцца лямпы. Мужыкі, бабы, дзяўчаты і хлопцы выходзяць з клуба. Удалечыні відаць хату старшыні калгаса, а за ёю наша тарфяное дзягілеўскае балота. Такую тэму я ўзяў, у першую чаргу, дзеля таго, каб паказаць нашых сялян. Усе персанажы дыпломнай працы маюць партрэтнае падабенства. У тым клубе я шмат разоў бываў на танцах. Колькі полек і вальсаў станцаваў!

А цяпер, калі бываю ў родных мясцінах, на душы становіцца бязрадасна, бо няма той хаты старшыні калгаса. Сам клуб хоць і стаіць, але няма моладзі. Сапраўды, усё тое мінулае канула ў Лету.

Вучылішчная дыпломная работа вісіць у маёй майстэрні па сённяшні дзень. Яна сагравае мяне сваёй непасрэднасцю, а галоўнае, будзіць успамін пра малую радзіму, пра юнацкія гады, пра той час, які ўжо не вярнуць.

Мая дыпломная работа была ацэнена на «выдатна». Здадзены дзяржаўныя экзамены. Пройдзены важны этап у маім жыцці, і пройдзены годна. Наперадзе былі тэатральна-мастацкі інстытут, атрыманне дыплома і выбар далейшага шляху ў мастацтве...

Васіль ШАРАНГОВІЧ