АД ТОЛІ ДА ЛОТМАНА

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

Дакументальны конкурс на Мінскім міжнародным кінафестывалі праводзіўся другі год запар. На жаль, сярод шматлікіх падзей «Лістапада» неігравыя паказы амаль згубіліся. СМІ ў сваіх рэпартажах асноўнае месца аддавалі ігравому конкурсу ў кінатэатры «Кастрычнік», а дакументальныя сеансы ў невялічкай, на паўсотні чалавек, падземнай зале «Цэнтр-відэа» зноў засталіся па-за ўвагай.

Безумоўна, усе мяккія і вельмі зручныя фатэлі на трэцім, ніжэйшым, узроўні гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Сталіца» былі занятыя, але большую частку гледачоў «лістападаўскай» дакументалістыкі складалі міжнароднае журы, рэжысёры-ўдзельнікі і студэнты адпаведных спецыяльнасцей. Адбываліся паказы ў не самы зручны — ранішні і дзённы — час, таму тых вельмі нешматлікіх не звязаных з кіно наведвальнікаў, якія ўсё ж прысутнічалі на праглядах, можна лічыць сапраўднымі фанатамі неігравога кінамастацтва. Зрэшты, не варта засмучаць чытача пералікам складанасцей, што суправаджалі дакументальную частку «Лістапада»: усе яны кампенсаваліся найвысокім узроўнем саміх стужак. Такой якасці праграмы мог бы пазайздросціць самы прэстыжны міжнародны кінафорум.

«Нефарматны» дакумент

Дакументальнае кіно, як ні дзіўна гэта гучыць, на сённяшні дзень — выміраючы від мастацтва. Сусветная дакументалістыка ўжо шмат гадоў існуе пад вялікім уплывам тэлебачання. Вядучыя эксперты са скрухай адзначаюць, што ва ўсім свеце, за выключэннем лічаных краін (у асноўным постсавецкіх і некалькіх іншых), рэжысёры скарыліся тэлевізійнаму фармату. Гэта цалкам заканамерна, бо «малы экран» стаў асноўным заказчыкам працы ў неігравікоў. Таму стужкі перанасычаны «гаворачымі галовамі», інтэрв’ю, закадравым тэкстам — наогул, прыёмамі, якімі карыстаюцца журналісты. Гэта тычыцца і тых рэдкіх фільмаў, накшталт твораў скандальна вядомага амерыканскага кінапубліцыста Майкла Мура, якія ўсё-такі трапляюць на вялікі экран. Такая тэндэнцыя была заўважная і на «Лістападзе-2008».

Прыз «За лепшы фільм» міжнароднага журы, якое ўзначальваў карыфей савецкай і расійскай кінадакументалістыкі, стваральнік і нязменны кіраўнік санкт-пецярбургскага фестывалю «Message To Man» («Пасланне да чалавека») Міхаіл Літвякоў, атрымаў «Спіс Кісялёва» Юрыя Малюгіна (Расія). Працяглая (на 52 хвіліны) карціна апавядае пра ўнікальны выпадак часоў Другой сусветнай вайны: беларускі партызан Мікалай Кісялёў выратаваў ад смерці 218 яўрэяў з вёскі Даўгінава, вывеўшы іх праз лінію фронту на «вялікую зямлю». Ёсць безумоўныя падставы назваць гэтую стужку тэлевізійнай, бо ўсё ў ёй адпавядае патрабаванням сучаснага тэлепаказу — і стандартная працягласць, і пэўная колькасць субяседнікаў у кадры, і хроніка, якую рэжысёр выкарыстаў у якасці фону для дыктарскага каментарыя. Рашэнне аддаць галоўную ўзнагароду менавіта гэтай рабоце — даволі спрэчнае. Пэўны ўплыў на журы мог зрабіць яе высокі эмацыйны напал. Як гістарычны дакумент, як журналісцкае расследаванне «Спіс Кісялёва» ўяўляе вялікую цікавасць. Але нават сярод конкурсных фільмаў, зробленых спецыяльна для тэлебачання, расійская стужка была не самай дасканалай.

Эстонскі «Свет Лотмана» Агнэ Нэлка таксама мае рысы тэлевізійнага фільма. Гэта кароткая біяграфія сусветна вядомага навукоўца Юрыя Лотмана, які большую частку жыцця працаваў у знакамітым універсітэце старажытнага Тарту. «Свет Лотмана» пабудаваны на адпаведнай хроніцы і анімацыйных устаўках, якія чаргуюцца з кароткімі інтэрв’ю, узятымі ў супрацоўнікаў і родных, і запісамі тэлевізійных выступаў філолага-рэвалюцыянера. Незвычайны падыход аўтараў стужкі да свайго героя: асобу Лотмана, унікальны, ні на што не падобны свет яго жыцця, думак і адкрыццяў яны паказалі… у гумарыстычным стылі. Сам Лотман паўстае не толькі як персанаж хронікі ці тэлевізійны лектар — постаць навукоўца нечакана з’яўляецца ў выглядзе анімацыйнага персанажа побач з постацямі знакавых персон яго часу, калег і дзяржаўных дзеячаў. Стужка Агнэ Нэлка атрымала на «Лістападзе» прыз за лепшую рэжысуру. «Свет Лотмана» — сапраўдны майстар-клас для тых дакументалістаў, якія працуюць у сферы навукова-папулярнага кіно, надзвычай запатрабаванага сёння на адпаведных каналах (кшталту «Discovery»). Гэта добры прыклад захапляльнага, пазбаўленага пафасу і вельмі карыснага для прапаганды навуковых ідэй відовішча.

Традыцыі і сучаснасць

Прыз «За вернасць традыцыям у дакументальным кіно» атрымаў ізраільскі фільм «Толя», відаць, самы цікавы ў конкурснай праграме «Лістапада-2008». Прыемна, што аўтар «Толі», рэжысёр Радзівон Бродскі, прысутнічаў на фестывалі і асабіста прыняў узнагароду. Вельмі цяжка, дарэчы, назваць яго стужку традыцыйнай, хоць у ёй, безумоўна, выкарыстаны досвед папярэдніх пакаленняў дакументалістаў, асабліва савецкіх. Гэта не дзіўна, бо Радзівон Бродскі нарадзіўся ў СССР і цудоўна размаўляе па-руску. Веданне рускай мовы вельмі дапамагло яму падчас працы над стужкай, бо галоўны герой, той самы Толя, прыехаў у Ізраіль са Слуцка і ўладкаваўся на нейкую будоўлю ў Іерусаліме. Фільм доўжыцца ўсяго дзесяць хвілін, і падрабязнасці працы беларускага гастарбайтэра, як і акалічнасці жыцця яго калег, застаюцца за кадрам. Рэжысёр вельмі ўдумліва падышоў да матэрыялу, пакінуўшы толькі асноўнае, у выніку чаго атрымаўся шчымлівы аповед не столькі пра гэтага канкрэтнага героя, колькі пра яго настальгію.

Стужка пачынаецца з расказу Толі аб родных мясцінах, вуліцы ў Слуцку, дзе ён жыве. Вельмі рухавы і нейкі недарэчны хударлявы мужчына з тыповымі «песняроўскімі» вусамі пад агульны рогат залы круціцца пад жорсткімі промнямі палесцінскага сонца і занадта эмацыйна паказвае, дзе ў яго на вуліцы крама, як выглядае лесвіца, якія дзверы ў доме, нарэшце гучна імітуе званок сваёй кватэры. Наступны дзень — восьмае сакавіка: Толя разам з іншымі будаўнікамі ідзе да тэлефона-аўтамата павіншаваць жонку. Але колькі ён ні сіліцца выказаць далёкай «палавіне» словы любові і пяшчоты, у яго нічога не атрымліваецца: якраз гэтай ноччу ў Толі выпалі зубы з верхняй сківіцы, і ўсё, што ён хоча сказаць, ператвараецца ў нейкае незразумелае шыпенне. Толя намагаецца перадаць сваё віншаванне праз калегу. Той тэлефануе Толевай жонцы, яна рыдае. Нарэшце будаўнік са Слуцка зноў сам бярэ трубку. Пасля марных спроб нешта сказаць — пачынае... мяўкаць, відаць, нагадваючы нейкі рамантычны эпізод сумеснага жыцця. Жонка раптам пазнае мужа — катарсіс ад гэтай сцэны можна параўнаць з уражаннямі ад самай лепшай меладрамы.

Заяўка на будучыню

Што да айчынных удзельнікаў, дык спецыяльным прызам «Мова кіно — мова ўзаемаразумення» была ўзнагароджана стужка Міхаіла Жданоўскага «Ва ўсе дні». Гэта не першая і, пэўна, не апошняя ўзнагарода міжнароднага ўзроўню фільму нашага выдатнага рэжысёра («Мастацтва» пісала аб ім у нумары 10 за 2008 год). А вось «Заяўка на акрэдытацыю» Сяргея Кацьера была адзначана ўпершыню менавіта на «Лістападзе-2008». Сяргей Кацьер вядомы больш як аўтар і шматгадовы вядучы перадачы «Тэлевізійны дом кіно». У сваім невялічкім жартаўлівым фільме ён паказвае адваротны бок сочынскага кінафестывалю «Кінатаўр». Герой «Заяўкі на акрэдытацыю» — маскоўскі рэпарцёр, які ніяк не можа атрымаць запаветны пропуск у кінематаграфічны рай і ўсе дні фестывалю праводзіць у блуканнях ад адной афіцыйнай асобы прэс-службы да іншай. Стужка атрымала на ММКФ спецыяльны прыз «Магія кіно» і, падаецца, нездарма. Менавіта ў карціне Сяргея Кацьера адчуваецца тая славутая «кінагенія», да якой імкнуцца рэжысёры з усіх краін свету і якой можна дасягнуць толькі маючы адпаведны талент і натхненне.

Акрамя конкурсу, былі ў дакументальнай праграме «Лістапада-2008» іншыя вельмі цікавыя падзеі — кшталту сустрэчы з французскім рэжысёрам Аленам Флешэрам і беларускай прэм’еры фільма Сяргея Лазніцы «Прадстаўленне».

Напрыканцы застаецца выказаць шчырыя спадзяванні на тое, што неігравая частка Мінскага міжнароднага будзе развівацца і надалей, а галоўнае — абавязкова выйдзе на шырокага гледача.

Антон СІДАРЭНКА