ЛЮДЗІ І СТУЖКІ

№ 1 (310) 01.01.2009 - 28.02.2009 г

«Кіно вышэй за мастацтва, кінематограф — гэта не жыццё і ніяк не можа існаваць як “адлюстраванне жыцця”. Гэта асобная форма быцця, паміж Богам і чалавекам...» Так фармулюе ўласны творчы маніфест расійскі рэжысёр Аляксандр Сакураў, госць Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», які праходзіў з 15 па 22 лістапада.

Элегічны і філасафічны Сакураў

Гэты творца займае асаблівае месца ў кінематаграфічным асяроддзі. Гісторык па першай адукацыі і рэжысёр-дакументаліст па другой, ён стаў вядомым у перабудовачны час. У 1987 годзе яго мастацкія стужкі «Самотны голас чалавека» і «Журботная бяздушнасць», пастаўленыя ў канцы 1970-х, а таксама шэсць дакументальных фільмаў і некалькі ігравых кароткаметражак былі «рэабілітаваны» намаганнямі Саюза кінематаграфістаў. З гэтага часу пачаўся «попыт на Сакурава». Сёння піцерскі рэжысёр мае прызы ці не ўсіх галоўных еўрапейскіх кінафестываляў, ён ушанаваны шматлікімі дзяржаўнымі і грамадскімі ўзнагародамі. Рэтраспектыўныя паказы стужак Сакурава арганізуюць і на радзіме, і ў далёкім замежжы, дзе ён мае статус «расійскага кінагуру» — другога пасля Таркоўскага карыфея экрана. У 1995 годзе па рашэнні Еўрапейскай кінаакадэміі Аляксандр Сакураў быў залічаны ў элітную кагорту ста лепшых рэжысёраў свету.

Чатыры апошнія мастацкія фільмы творцы дэманстраваліся ў праграмах «Лістапада». Тры былі адзначаны ўзнагародамі: у 1999 годзе журы кінематаграфістаў прысудзіла прыз «Малоху» як лепшаму фільму; на «Лістападзе-2001» прыз атрымаў Леанід Мазгавой за ролю ў стужцы «Цялец»; на «Лістападзе-2005» журы кінапрэсы назвала стужку «Сонца» лепшай пазаконкурснай карцінай. На тых чатырох паказах Сакураў прысутнічаў на мінскім фестывалі, так бы мовіць, у ценю сваіх стужак, а на «Лістападзе-2008» — уласнай персонай.

На прэс-канферэнцыі Аляксандр Сакураў зусім не нагадваў кінамесію, у ранг якога яго ўзвялі апантаныя прыхільнікі. Гаварыў глухаватым нягучным голасам. У яго лексіцы адсутнічала «я», а прысутнічалі «мы», «наш». На ўсе пытанні адказваў роўна, шчыра — нават на тыя, што называюць «нязручнымі». На твары, усім абліччы ляжала пячатка стомленасці — відаць, вынік усёпаглынальнай працы над новым творам — «Доктарам Фаўстусам».

Пасля сустрэч і паказу фільмаў Аляксандра Сакурава гледачы (пераважна маладыя) выходзілі ў задуменні, хоць, напэўна, не ўсім зразумелы метафарызм, падтэкст яго стужак. Расійскі кінематаграфіст вызначае свае творчыя эксперыменты як «стварэнне элегій» (падчас майстар-класа дэманстраваліся дакументальная стужка «Усходняя элегія» і мастацкая «Маці і сын»). Паводле яго адчування, мастацтва — гэта «працяглая элегія з мноствам разнастайных граняў». З другога боку, Аляксандр Сакураў імкнецца ісці па слядах шэкспіраўскай традыцыі, ствараючы монастужкі аб людзях на вяршыні ўлады, якія паўплывалі на лёс гісторыі ХХ стагоддзя.

Ні паклоннікі гэтага майстра, ні апаненты ніяк не прывыкнуць да яго творчай разнастайнасці. Кожны раз Сакураў іншы. Здаецца, толькі дзве сюжэтныя лініі ў яго фільмах нязменныя. Першая — перадача энергіі любімай істоце. Другая — перамога д’ябла або Бога ў душы чалавека. «Доктар Фаўстус» Томаса Мана, экранізацыяй якога цяпер займаецца рэжысёр, якраз пра апошняе.

За кулісамі

Мінскі міжнародны кінафестываль (ММКФ) «Лістапад» — значная культурная падзея ў нашай краіне. Не часта ў сталіцы можна за тыдзень паглядзець пару дзесяткаў адборных фільмаў, кожны з якіх — мастацкая з’ява. Праўда, год на год не прыходзіцца. У «лістападаўскі» конкурс трапляюць толькі тыя стужкі, якія здолелі здабыць мясцовыя кінапракатчыкі, прадставілі пасольствы або культурныя прадстаўніцтвы замежных краін, а таксама — фільмы асобных прадзюсераў або рэжысёраў, што прыхільна ставяцца да Беларусі і да самога фестывалю (часцей за ўсё — з Расіі, Цэнтральнай Азіі, Польшчы, Сербіі, Балгарыі). За пятнаццацігадовую гісторыю «Лістапада» яго конкурсныя калекцыі бывалі і экстракласа, як у 2006 і 2007 гадах, і з куды больш нізкім мастацкім патэнцыялам (асабліва ў 1990-я, калі палову праграмы займалі расійскія стужкі, а палову — фільмы іншых краін былога СССР). Інтэграцыя ММКФ у еўрапейскі, а потым і ў сусветны кінематаграфічны кантэкст пачалася з 2001 года. Фестываль паступова пашыраў геаграфію краін-удзельніц. На апошніх двух «Лістападах» дэманстраваліся мастацкія, дакументальныя і тэлевізійныя стужкі больш чым сарака дзяржаў. Плюралістычнасць адбору на ММКФ — яго станоўчая рыса, хоць пэўныя крытэрыі, безумоўна, прысутнічаюць. Не трапляюць на конкурс фільмы з элементамі гвалту, ненарматыўнай лексікай, аголенымі акцёрамі ў кадры. Часам з пурытанскіх меркаванняў адхіляюцца і таленавітыя стужкі — з занадта шырока, на думку арганізатараў, адчыненымі дзвярамі ў спальню. Пытанне гэта няпростае, і кожны выпадак павінен разглядацца асобна. Прынамсі, фестываль шмат страціў, калі ў 2007 годзе адмовіўся ад фільма «Заклінанне граху» вядомага літоўскага рэжысёра Альгімантаса Пуйпы, а гэтым разам — ад карціны «Восеньскі баль» эстонца Вейка Ыунпуу. Абедзве стужкі атрымалі Гран-пры на Адкрытым фестывалі кіно краін СНД і Балтыі «Кінашок» у Анапе і маюць «шлейф» прызоў іншых сусветных кінафорумаў. Пуйпа на прыкладзе жыцця суайчыннікаў даследуе праблему дэперсаналізацыі асобы, а ў Ыунпуу шэсць персанажаў з розных сацыяльных пластоў іграюць гісторыі адчужэння. Дзякуючы гэтым і некалькім іншым фільмам прыбалтыйскае кіно рэзка ўзняло свой аўтарытэт у кінематаграфічным свеце. Разам з глыбокім пранікненнем у душу чалавека яно выявіла крызіс асобы ва ўмовах усеагульнага прагматызму і непрыстасаванасці індывідуума да існавання ў новай — капіталістычнай — фармацыі. Лепшыя балтыйскія стужкі апошніх гадоў звернуты да традыцыі вялікага італьянскага рэжысёра Мікеланджэла Антаніёні — мастацкага даследавання некамунікабельнасці.

Працягваючы гаворку пра кіно краін Балтыі, варта адзначыць эстонскі фільм «Клас», што надзвычай удала патрапіў у конкурсную праграму фестывалю дзіцячых і юнацкіх стужак «Лістападзік-2008», які праходзіў паралельна «даросламу» «Лістападу». Стужка Ільмара Раага аб праблемах школьнай моладзі ў роўнай ступені адрасавана тынэйджэрам і дарослым, яна можа даць моцны імпульс для сямейных і школьных дыскусій. «Клас» узрушвае гледачоў розных краін, бо ў ім закрануты болевыя кропкі і маральныя праблемы, характэрныя не толькі для эстонцаў. Фільм атрымаў еўрапейскі рэзананс, узнагароды на МКФ у Карлавых Варах і Варшаве, а таксама вылучаны на вышэйшую прэмію Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар».

Паўтара дзесяцігоддзя «Лістапад» існаваў на падтрымцы дзяржавы і энергіі энтузіястаў. Першая забяспечвала фінансавую і арганізацыйную дапамогу. Другія — у асноўным маладыя прыхільнікі кіно — рабілі паўсядзённыя справы. Але і ў гэты раз было відаць, што Фестывальная дырэкцыя, якая да 2007 года знаходзілася ў структуры Беларускага саюза кінематаграфістаў, перагружана (многія людзі ў штабе фестывалю працуюць за «дзякуй»): падрыхтоўка пачынаецца са спазненнем і апошнія тыдні ідзе ў абстаноўцы аўралу. Словам, наспеў час стварыць невялікую арганізацыйную групу, якая б займалася «Лістападам» на працягу года. Так прынята на ўсіх фестывалях, што маюць статус міжнародных.

Не шкодзіла б падкарэкціраваць і рэгламент. Фестывальная праграма «Лістапада» зараз перанасычана. За шэсць дзён жyры мусіць праглядзець 20 поўнаметражных фільмаў. Для параўнання: расійскі «Кінатаўр» у Сочы ўключае ў галоўную праграму 13 стужак і працягваецца 9 дзён, «параметры» Маскоўскага МКФ — 18 стужак, 10 дзён, «Залатога Віцязя» — 17 стужак, 10 дзён. Арыентацыя на вышэйшую мастацкую якасць, а не толькі на колькасць, дадала б плюсы «Лістападу».

Кляновае лісце пераможцаў

Так ці іначай, лістападаўскі вецер данёс да нас тэндэнцыі, што пануюць цяпер у сусветным кіно. Паказ фаварыта Канскага МКФ — «Паміж сцен» Ларана Кантэ пра расавыя праблемы ў Францыі — скончыўся ў беларускай сталіцы якраз перад пачаткам «Лістапада». Але сацыяльную вастрыню, заяўленую ў гэтым фільме, нечакана падхапіла стужка амерыканскага рэжысёра Рычарда Лагравенса «Пісьменнікі свабоды» з конкурснай праграмы ММКФ. Аб’ядноўвае дзве карціны славуты «Дзённік Ганны Франк», з дапамогай якога і ў першым, і ў другім фільме педагог імкнецца дастукацца да некантактных душ юных выхаванцаў.

Калі Кантэ будуе фабулу на дыялогах-імправізацыях сапраўднага настаўніка Франсуа Бегадо з сапраўднымі цемнаскурымі школьнікамі і іх бацькамі, то Лагравенс робіць цалкам акцёрскі фільм, запрасіўшы на ролі вучняў прафесійных юнакоў-выканаўцаў з розных эмігранцкіх колаў: камбаджыйцаў, індусаў, перуанцаў, мексіканцаў, кітайцаў, індзейцаў з амерыканскіх рэзервацый і г.д. Ідэя фільма — у тым, што пераадолець міжнацыянальную нянавісць і навучыць юных максімалістаў талерантнасці магчыма, але такі сацыяльны інстытут, як адукацыя, павінен змяніцца, выглядаць адпаведна часу. Настаўніца Эрын Груэл адна супрацьстаіць кансерватыўнай адміністрацыйнай машыне, паступова пераконвае розных па характарах старшакласнікаў у тым, што яны самі мусяць займацца сваім лёсам. Эрын папрасіла вучняў весці дзённікі, запісваючы думкі, учынкі, змены настрояў, адносіны да іншых людзей. Потым персанальныя споведзі былі апублікаваны — з надзеяй яшчэ каго-небудзь скіраваць на шлях грамадзянскай адказнасці і асабістага самаўдасканальвання.

Дакументалізм (або тое, што завецца мастацкай публіцыстыкай у ігравым кіно) зноў набыў актуальнасць. Хтосьці з тэарэтыкаў і кінапрактыкаў тлумачыць гэтую тэндэнцыю крызісам сюжэтнай драматургіі, нехта лічыць, што мастацкі водгук на выклікі часу карыстаецца асаблівым попытам у эпоху цягі да відовішчнасці. Так ці інакш, адна з плыняў сусветнага кінапрацэсу выразна акрэслілася на «Лістападзе» — нягледзячы на тое, што «Пісьменнікаў свабоды» журы ніяк не адзначыла. У глядацкім рэйтынгу фільм стаіць на шостым месцы (з дваццаці) з адзнакай 8,79 бала: даволі высокая ацэнка стужцы без меладраматычных і камедыйных рысаў.

Гледачы і міжнароднае журы кінематаграфістаў кардынальна разышліся ў падыходах да містычнай драмы «Маўклівае святло», пастаўленай мексіканскім рэжысёрам Карласам Рэйгадасам. Публіка адвяла ёй шаснаццатае месца (7,16 бала), а прафесіяналы прысудзілі галоўны «Кляновы лісток» за рэжысуру.

Карлас Рэйгадас у кінематографе дзесяць гадоў. Па яго словах, цікавіцца кінамастацтвам пачаў пад уплывам фільмаў Андрэя Таркоўскага. Рэйгадас вывучаў юрыспрудэнцыю ў Мехіка, стажыраваўся ў Лондане, працаваў у ААН. На кінематаграфічнай ніве з’явіўся ў пачатку 2000-х, калі ў Каны запрасілі яго першы фільм «Японія». Праз некалькі гадоў у той жа сусветнай цытадэлі кіно ён разам з сурэжысёрам Амата Аскалантэ ўступіў у канфрантацыю з часткай прафесіяналаў і публікі, якіх шакіравала іх карціна «Бітва на нябёсах». І вось — «Маўклівае святло», другая самастойная стужка Рэйгадаса, якую ўжо залічваюць у ранг шэдэўра. Дзеянне адбываецца ў вёсцы на поўдні Мексікі, дзе жывуць менаніты — нашчадкі пратэстантаў, якія калісьці эмігравалі сюды са Швейцарыі. Менаніты не прызнаюць дасягненняў цывілізацыі, аскетычныя ў побыце, прытрымліваюцца строгіх маральных прынцыпаў (іх рэлігія забараняе шлюбы з іншаверцамі), размаўляюць на архаічнай мове продкаў. І вось у гэты замкнёны свет пранікае нешта сатанінска-спакуслівае, неўтаймоўнае, дысгарманічнае, імя якому — каханне. Пачуцці сямейнага фермера Йохана да гаспадыні кавярні Мірыям маюць цяжкія наступствы. Мужчына ўсведамляе сваю віну, яго набожная душа шукае выйсця, але розум не здольны перамагчы цялесную цягу. Здрада Йохана нясе смерць яго жонцы Марыі. Але трагічную ноту Рэйгадас пераключае ў іншы рэгістр: Мірыям, якая схілілася над нябожчыцай, ахінае яе боскім святлом і вяртае ў зямную прастору. Да ўваскрэслай Марыі цягнецца нябесны прамень...

У мастацкай інтэрпрэтацыі Карласа Рэйгадаса гэтая гісторыя набывае рысы містычная і адначасова рэалістычная. Як уздзейнічае гэты фільм — нельга выказаць словамі. Адзінае, што паддаецца вербальнай фіксацыі, гэта рытміка карціны — павольная, гіпнатычная. Пейзажны жывапіс — дзівосныя краявіды цэнтральна-амерыканскіх ландшафтаў — зняты аператарам Алексісам Забэ так, нібыта ён падгледзеў яго ў вечнасці. Карлас Рэйгадас выступіў у «Маўклівым святле» і як гісторык-этнограф, занатаваўшы на плёнцы звычаі, побыт, абліччы ўнікальнай групы людзей, якая, відаць, з цягам часу знікне з планеты.

На першае месца ў конкурсе ММКФ глядацкі выбар паставіў рэтрамеладраму расіяніна Станіслава Гаварухіна «Пасажырка» (Гран-пры «Золата “Лістапада”»; 9,31 бала). Яна падаецца стужкай, зробленай прафесійнай рукой, але без мастацкага натхнення. Аповесць пра тое, як да ног прывабнай дамы схілілася ці не ўся афіцэрская кагорта рускага кліпера «Смелы», зроблена па канонах жаночых раманаў, якія звычайна чытаюць на ноч. Інтрыга: ці застрэляць адзін аднаго на дуэлі гарачыя жарабцы, якія спаборнічаюць за прыхільнасць прыгожай спадарожніцы? Або: чым скончыцца раман служанкі Анюты з бойкім матросам, памкненні якога вельмі празрыстыя? Рэжысёр не абцяжарвае персанажаў дэталёвымі партрэтнымі характарыстыкамі, задаволіўшыся агульнымі контурамі: капітан — строгі бацька афіцэрам, мічманам і гардэмарынам у белых кіцелях, боцман — мужыцкая грубасць і нязграбнасць і г.д. Станіслаў Гаварухін зрабіў няроўны фільм. Стужка «Не хлебам адзіным», якая атрымала такі ж глядацкі Гран-пры на «Лістападзе-2005», куды больш змястоўная і грунтоўная па ўсіх кінематаграфічных параметрах.

Другі радок рэйтынгу («Срэбра “Лістапада”»; 9,17 бала) заняла карціна Крысціяна Немеску «Мары пра Каліфорнію». Нарэшце і да беларускіх гледачоў дакацілася румынская «Новая хваля», імёны прадстаўнікоў якой ужо некалькі гадоў на вуснах кінематаграфічнага асяроддзя. Прафесійнае журы таксама заўважыла фільм Немеску і адзначыла прызам выканаўца адной з роляў Развана Васілеску. «Мары пра Каліфорнію» — гэта кактэйль з іранічнага «сцёбу» над падзеямі на Балканах у 1999 годзе, калі частка румынскага грамадства жыла пад лозунгам «Амерыканцы, каціцеся назад у сваю Амерыку!», а рэшта насельніцтва імкліва набывала псіхалогію ўтрыманцаў.

Трэці глядацкі прыз («Бронза “Лістапада”»; 9,15 бала) застаўся ў нас. Яго атрымаў Іван Паўлаў, рэжысёр камедыі «На спіне ў чорнага ката» («Беларусьфільм»). Можна адзначыць, што гэта ўжо не першая наша «бронза» на ММКФ.

У фільме «На спіне ў чорнага ката» заўважнае жаданне «Беларусьфільма» ісці на кантакт з гледачом і закласці ў экранную гісторыю пасланне дабрыні і міласэрнасці. Некалькі эпізодаў сапраўды смешныя, ёсць выразныя акцёрскія работы другога і эпізадычнага планаў, напрыклад, Вольгі Клебановіч (пільная жонка дзеда Сані) або Веры Кавалеравай (суседка-«сарока»). Аднак фільм пакідае ўражанне мастацкага паўфабрыкату, бо рэжысёр не распрацаваў характары, не пабудаваў драматургічныя лініі, асабліва містычную, звязаную з чараўнікамі ў выкананні Веры Паляковай і Аляксандра Дзянісава. Сцэны неверагодных прыгод персанажаў-дзядоў у спакушальным мегаполісе, калі тыя не ведаюць, як распарадзіцца буйным латарэйным выйгрышам, адсвечваюць рэкламным глянцам, што вельмі адчуваецца ў супастаўленні з вясковымі пейзажамі. Дарэчы, сельская фактура цікава знята аператарам Андрэем Герасімчыкам.

Калі зазірнуць у водгукі гледачоў у інтэрнэце, дык там далёка да аднадушнага ўхвалення беларускага фільма: спектр балаў, выстаўленых карыстальнікамі, — ад 1 да 10, агульная ацэнка — 2,8 (на «Лістападзе», мяркуючы па інтэгральным выніку, — суцэльныя 10 і 9). Цікавыя і каментарыі гледачоў: ад іранічных да абараняльных, ад «сорамна» да «цярпіма». Адна глядачка пакінула і такі водгук: «Мне фільм спадабаўся. Ён, прынамсі, не пра вайну, і ўжо гэта добра... Пастаўлю 10. Буду патрыёткай».

А як ішоў фільм у пракаце? На першае лістапада 2008 года — за чатыры месяцы — у Мінску «На спіне ў чорнага ката» паглядзела крыху больш за сем тысяч гледачоў (што вельмі мала для такога горада). Безумоўна, паказчык сапсавала заўчасная дэманстрацыя па тэлебачанні, але тое, што ажыятажу не назіралася, — факт. Такім чынам, нам ёсць з чым супаставіць «лістападаўскі» рэйтынг стужкі Івана Паўлава. Напэўна, на паказе ў фестывальным кінатэатры «Кастрычнік» прысутнічала больш лагодная да беларускага кіно аўдыторыя.

Прыз журы кінапрэсы — «Фільму як з’яве мастацтва» — атрымала стужка «О’Хортан» нарвежскага рэжысёра Бента Хамера (зроблена ў капрадукцыі з Германіяй і Францыяй). Камедыйнай інтанацыяй яна нагадвае конкурсную чэшскую карціну «Шклатара» Яна Сверака. Персанажы абодвух фільмаў — пенсіянеры, у якіх, канешне ж, ёсць спецыфічныя для іх узросту праблемы.

На жаль, сярод конкурсных расійскіх карцін гэтым разам не аказалася такіх, што сталі адкрыццямі «Лістапада», — як, зрэшты, і сярод фільмаў іншых краін былога СССР.

А вось бельгійскі «Масква, Бельгія» (рэжысёр Крыстаф ван Рампай; прыз за лепшую жаночую ролю актрысе Барбары Сараф’ян), польскі «Запаведнік» (рэжысёр Лукаш Палкоўскі; прыз за лепшы дэбют імя Віктара Турава), ізраільскі «Візіт аркестра» (рэжысёр Эран Калірын; дыплом за лепшы сцэнарый), англійскі «Кантроль» (рэжысёр Антон Карбайн; дыпломы за лепшы акцёрскі ансамбль і лепшае гука-музычнае вырашэнне), балгарскі «Дзіфт» (рэжысёр Явар Гырдзеў; застаўся без узнагароды) — вельмі ўпрыгожылі «Лістапад» інтэлектуалізмам, свежымі жанравымі мадыфікацыямі, уменнем у традыцыйным сюжэце знайсці новыя павароты. Як не хапае ўсяго гэтага звыкламу рэпертуару нашых кінатэатраў!

Дай бог, каб праграмы наступных «Лістападаў» вызначалі менавіта такія стужкі.

Ала БАБКОВА